Беларусь на трэцім месцы ў Эўропе па колькасьці новых выяўленых выпадкаў COVID-19.
Прыехаўшы ў Віцебск, я быў гатовы да 14-дзённай самаізаляцыі, але ў гэты ж дзень Чэхію выкрасьлілі са сьпісу краінаў, пасьля якіх трэба знаходзіцца ў кватэры. Прайшоўся па цэнтральнай вуліцы, ад філярмоніі да «сіняга дому», і зрабіў пандэмічны падлік.
У горадзе, які яшчэ зусім нядаўна лічыўся ў Беларусі сталіцай каранавірусу, толькі адзін з 50 быў у масцы.
Прызнацца, калі ўбачыў вось такое стаўленьне саміх віцяблянаў да свайго здароўя, прыгадаў фразу Даўлатава — «Сталін, вядома ж, быў тыран. Але тры мільёны даносаў хто напісаў?».
У перакладзе на сытуацыю з каранавірусам — Аляксандар Рыгоравіч, вядома ж, лічыць пандэмію псыхозам, ну але самі людзі што, ня маюць розуму?
Але паразважаўшы, я зразумеў — што гэта ня так. І самі словы Даўлатава ня больш чым эфэктная фраза.
Бо яшчэ з часоў Эўрыпіда і Сафокла ў чалавеку адсочваецца і добрае, і дрэннае, і за 2,5 тысячы гадоў чалавек не зьмяніўся.
І застаецца нязьменным уплыў тых, хто мае ўладу. І ёсьць грамадзтва пад Нэронам, пад Гітлерам, пад Сталіным. А ёсьць — у часы Чэрчыля, калі ён у парлямэнце абяцаў біць ворага на моры, на зямлі, у паветры, часоў раньняга Гарбачова, калі свабода ўсьведамлялася людзьмі найвышэйшай каштоўнасьцю.
Народ сочыць за сваімі кіраўнікамі. І калі Аляксандру Рыгоравічу так ужо хацелася ўратаваць эканоміку, дык і без карантыну, без спыненьня прадпрыемстваў і бізнэсаў можна было запазьбегчы многіх сьмерцяў і дзясяткаў тысяч інфікаваных.
Для гэтага кіраўнік краіны мусіў зьвярнуцца да насельніцтва (і не аднойчы) з заклікам — насіць маскі, мыць рукі, праціраць іх дызынфэктарамі, устрымацца ад масавых мерапрыемстваў.
Так рабілі кіраўнікі іншых краінаў. Аляксандар Рыгоравіч робіць інакш. Бо, зьвярніся ён з такімі словамі, гэта азначала б, што ёсьць нешта больш моцнае, чым Аляксандар Рыгоравіч — пандэмія. А нічога больш моцнага за Аляксандра Рыгоравіча быць не павінна.
Заклікі мэдыкаў сьцерагчыся перакрэсьліваюцца адным словам усемагутнага — «Псыхоз!»
І вось вынік: сёньня Беларусь — на трэцім месцы ў Эўропе па колькасьці новых выяўленых выпадкаў COVID-19.
Пасьля Вялікай Брытаніі і Расеі. Але тыя краіны нашмат большыя па насельніцтве.
Той выпадак, калі прызавое месца ня радуе.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.