Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стаміліся баяцца...» Як каранавірус зьмяніў жыцьцё 10-тысячнай Барані


Лякарня гарадзкога пасёлку Барань
Лякарня гарадзкога пасёлку Барань

У Аршанскім раёне пандэміяй каранавірусу ахопленыя 33 паселішчы. Найбольш заражаных у райцэнтры і суседнім зь ім гарадзкім пасёлку Барань. Жыхары гэтага мястэчка расказалі Свабодзе, як зьмяніла пандэмія іхнае жыцьцё.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

За месяц хворых паболела прынамсі ў чатыры разы

Два гады таму ў Барані на заводзе «Тэхніка сувязі» Аляксандар Лукашэнка пабачыў «дохлых пацукоў, мышэй, прэзэрватывы і іншую наркату». У выніку ён адправіў у адстаўку ўсё кіраўніцтва Аршанскага раёну і Дзяржкамваенпраму, якому падпарадкоўваўся завод.

Цяпер Барань чацьвёрты месяц жыве ва ўмовах пандэміі. Яе маштаб вызначыць складана, бо афіцыйных зьвестак пра становішча з каранавірусам няма. З розных крыніцаў вядома, што першы выпадак заражэньня тут зафіксавалі 25 сакавіка. 31-га ў інфэкцыйным аддзяленьні мясцовай бальніцы было чацьвёра пацыентаў з COVID-19.

На вуліцы Барані
На вуліцы Барані

Апошні раз занальны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі паведамляў статыстыку пандэміі па Аршанскім раёне 24 красавіка. Тады было 82 пацьверджаныя выпадкі каранавіруснай інфэкцыі, пяцёх пацыентаў выпісалі зь лякарняў, трое інфікаваных памерлі.

2 чэрвеня галоўны санітарны ўрач Воршы і Аршанскага раёну Сяргей Белы ў інтэрвію «Аршанскай газэце» прызнаў, што на Аршаншчыне пандэміяй ахопленыя 33 паселішчы. Колькасьці інфікаваных ён не назваў, але адзначыў, што за апошні месяц выздаравелі і выпісаныя зь лякарняў больш за 320 чалавек.

10 чэрвеня Сяргей Белы сказаў карэспандэнту Свабоды, што «нічога звышардынарнага ці нечага завышанага ці заніжанага ў пляне захворвальнасьці па Барані няма».

«Усё як і ў сярэднім па вобласьці. Так, захворваньне ёсьць, але ў межах прагназаваных парамэтраў», — сказаў ён.

У Барані
У Барані

Тым часам жыхары Барані, зь якімі Свабодзе ўдалося пагаварыць, перакананыя: улады ўтойваюць статыстыку, каб «ёю не палохаць людзей». Кожны з нашых суразмоўцаў называў сваю лічбу, пачутую ад «інфармаваных знаёмцаў». Яна вагаецца да 50 да 100 чалавек.

«У красавіку хворымі на каранавірус былі перапоўненыя бальніцы ў Воршы і Віцебску. Наша таксама не заставалася без такіх пацыентаў. Горад жа ў нас невялікі, і ўсяго не схаваеш», — кажа журналісту малады мужчына, які назваўся Пятром.

Загадчык бальніцы: «Бачыце, усё спакойна...»

У мясцовай бальніцы лекары ў адмысловай засьцерагальнай вопратцы. Гутарыць з журналістам мэдыкі адмаўляюцца і раяць завітаць да загадчыка Дзяніса Алейнікава. Той таксама негаваркі. Сытуацыю з каранавірусам называе спакойнай, і, каб быць пераканаўчым, паказвае на бальнічны падворак.

Бальніца Барані
Бальніца Барані

«Бачыце, усё спакойна, — кажа ён. — А падрабязную інфармацыю можаце атрымаць у прэсавай службе Віцебскага аблвыканкаму».

На вуліцах Барані ў масках пераважна людзі сталага веку. Носяць іх ад крамы да крамы ссунутымі на падбародзьдзе. Гэтак пра маску не забываеш, прызнаюцца суразмоўцы. Моладзь жа кажа, што «мода на маскі першых месяцаў пандэміі адхлынула», і цяпер іх выкарыстоўваюць толькі ў аўтобусах.

Маска, ссунутая на падбародзьдзе. Сусьветная арганізацыя здароўя не рэкамэндуе так насіць маскі
Маска, ссунутая на падбародзьдзе. Сусьветная арганізацыя здароўя не рэкамэндуе так насіць маскі

«Я мала веру, што маска мяне абароніць, але дзеці наказалі мець яе пры сабе. Я слухаюся, — кажа мясцовая пэнсіянэрка Вольга Назараўна. — Зайшоўшы ў краму, прыкрываю ёю рот і нос».

Аптэкарка: попыт на маскі падае

Па словах жыхароў Барані, у красавіку, калі «сур’ёзна загаварылі пра каранавірус як небясьпеку», вуліцы тут апусьцелі. Старыя баяліся выходзіць з сваіх хат ды кватэр. Заўважна паменела дзяцей у дварах. Але зь цягам часу «адчуваньне небясьпекі прытупілася», і ў гэтым, паводле местачкоўцаў, «заслуга дзяржаўных СМІ, які супакойваюць».

«Пакуль нас не прыцісьне як мае быць, мы ня будзем думаць пра небясьпеку. Натура ў беларуса такая, — кажа пэнсіянэр, які выйшаў да крамы прадаць зеляніну, вырашчаную ў сваім агародзе. — Я ў масцы, бо цэлы дзень даводзіцца зь людзьмі гаварыць. Я ж ня ведаю, хто зь іх здаровы, а хто не».

У аптэку бяз маскі ня ўвойдзеш
У аптэку бяз маскі ня ўвойдзеш

Мужчына кажа, што месяц таму адчуў сябе дужа кепска. Усё цела балела, але да лекара зьвяртацца ня стаў. «Можа, гэта і быў каранавірус», — кажа ён.

У адной з аптэк правізар прызнаецца, што попыт на маскі і дэзынфэкцыйныя сродкі зьменшыўся ў параўнаньні з красавіком, але іх яшчэ купляюць. Яна лічыць: чалавека не прымусіш дбаць пра сваё здароўе.

«Колькі чалавек перахварэлі ў Барані на каранавірус, сказаць не магу, — кажа аптэкарка. — У нас у аптэцы гандаль арганізаваны згодна з санітарна-эпідэміялягічнымі патрабаваньнямі. Мы ў масках, пальчатках».

Звыклыя для Беларусі аб’явы часоў пандэміі
Звыклыя для Беларусі аб’явы часоў пандэміі

«Ужо не абдымаемся, не цалуемся і радзей сталі наведваць старых бацькоў»

Наступныя суразмоўцы цьвердзяць: за два месяцы пандэмія зьмяніла жыцьцё Барані. Людзі пачалі стараніцца адзін аднаго і «кожны вынаходзіць свой карантын». Калі мы самі пра сябе не паклапоцімся, то за нас гэтага ніхто ня зробіць, кажуць дзьве пэнсіянэркі ў масках.

«Мы больш сталі сядзець дома. У публічных месцах навучыліся захоўваць дыстанцыю. Ужо не абдымаемся, не цалуемся і радзей сталі наведваць старых бацькоў, — кажуць яны. — Нам жа зьверху кажуць, што каранавірусу ў Беларусі няма, і шмат хто гэтаму верыць». На разьвітаньне жанчыны дадаюць, што жывуць з каранавірусам, «як у Эўропе», бо там усе ў масках і трымаюцца самаізаляцыі.

«Стаміліся ад страхаў захварэць»

На рынку ў Барані нешматлюдна. Некалькі паветак з гаспадарчымі таварамі, адзежаю. Гандляры, пачуўшы, што журналіст зьбіраецца распытваць іх пра каранавірус, рэагуюць: «Адусюль пра пандэмію. Стаміліся мы ад яе».

Рынак у Барані. Нешматлюдна
Рынак у Барані. Нешматлюдна

«У нашага сына ў Менску выявілі былі каранавірус, — зь неахвотай апавядае адна з гандлярак. — Чатыры тэсты ў яго былі станоўчыя. Месяц у самаізаляцыі прабыў. Перанёс хваробу нармальна, але ў выпісцы каранавірус нават не згадалі. Так у нас лечаць. Меншых дзяцей у школу не пусьцілі. Яны дома вучыліся, а як далей будзе, ніхто ня ведае».

«Усё роўна мы ўсе перахварэем, як бы мы ні хаваліся», — далучаецца да гутаркі яшчэ адна гандлярка.

«Мы раней таксама хадзілі ў масках па вуліцы, а цяпер толькі калі ў краме. У такую сьпёку наагул шкодна быць у масцы, дый стаміліся мы баяцца небясьпекі», — кажа яна.

На вуліцы Барані
На вуліцы Барані

Пра стому ад жыцьця ў небясьпецы кажа і наступны суразмоўца. Малады мужчына заяўляе: яму ўжо пачало падавацца, што каранавірусу няма.

«Апошнія тры тыдні я ўжо перастаў сачыць за сытуацыяй з каранавірусам, — кажа ён, — бо стаміўся ад страхаў. Дый за столькі месяцаў сярод маіх знаёмых хворых на COVID не было. Цяпер іншае непакоіць — выбары. Як думаеце, ці зьменім прэзыдэнта?»

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG