Падчас відэастрыму зь пікету для збору подпісаў за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі ў кандыдаты на прэзыдэнта журналіст Свабоды цікавіўся, за што кіраўніка краіны паважаюць ягоныя прыхільнікі. Абсалютная большасьць апытаных адмаўляліся пра гэта гаварыць у нашым жывым эфіры.
Свабода знайшла тых, хто не пабаяўся пра гэта сказаць адкрыта.
«У Беларусі ня трэба праводзіць нейкіх глябальных палітычных і эканамічных рэформаў»
Лізавета Цімашэвіч, студэнтка Міжнароднага ўнівэрсытэту «МІТСО», 18 гадоў
— Чаму вы падтрымліваеце курс Аляксандра Лукашэнкі?
— Лічу, што краінай мусіць кіраваць спрактыкаваны палітык. І перадаваць уладу асобе, якая нават ня мае ўяўленьня, што такое
кіраваньне такой колькасьцю людзей, лічу немэтазгодным. Лукашэнка ўжо зарэкамэндаваў сябе як эфэктыўны адміністратар. За 26 гадоў, пакуль ён ва ўладзе, адбылося сапраўднае станаўленьне сувэрэннай беларускай дзяржавы, якая ўзьнікла практычна «з нуля» пасьля распаду Савецкага Саюзу.
У Беларусі існуюць спэцыяльныя праграмы для падтрымкі таленавітай моладзі, іх ідэй і ініцыятыў, ёсьць магчымасьць атрымаць добрую адукацыю, у тым ліку бясплатна. Гэта таксама заслуга кіраўніка дзяржавы.
— Што, на вашу думку, неабходна зьмяніць у Беларусі?
— У Беларусі ня трэба праводзіць нейкіх глябальных палітычных і эканамічных рэформаў. Але трэба больш увагі ўдзяляць навуковым дасьледаваньням і тэхналёгіям, уважліва сачыць за зьменамі ў сьвеце і пераймаць найлепшыя замежныя практыкі, быць актыўнымі ў прасоўваньні інтарэсаў нашай краіны за мяжой.
Карацей, мой выбар — гэта эвалюцыя з фундамэнту тых дасягненьняў, якія ў нас ужо ёсьць.
— Колькі яшчэ, на вашу думку, Лукашэнка можа кіраваць краінай?
— Ён можа быць прэзыдэнтам яшчэ столькі, колькі яго будуць падтрымліваць грамадзяне нашай краіны, бо выбіраюць менавіта яны. Хачу таксама адзначыць, што сёлета буду ўпершыню галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах і свой голас пляную аддаць на карысьць дасьведчанага лідэра, дзейнага прэзыдэнта.
— Апанэнты ўлады кажуць, што ў Беларусі няма справядлівых выбараў і што галасы ня лічаць. Што вы думаеце пра гэта?
— Я лічу, што гэта спроба дыскрэдытацыі дзейнага прэзыдэнта з боку так званых «альтэрнатыўных кандыдатаў» з мэтай увесьці ў зман тых грамадзян, якія не арыентуюцца ў палітыцы, выбарчым заканадаўстве, ня маюць уяўленьня, што такое выбары і як яны арганізуюцца.
«Не ўяўляю Бабарыку ці якога-небудзь Чэрачня на перамовах з Пуціным»
Ягор Макарэвіч, старшыня Моладзевай палаты пры Менскім гарадзкім Савеце дэпутатаў, 23 гады
— Чаму вы падтрымліваеце курс Аляксандра Лукашэнкі?
— Усе вельмі проста. Мне падабаецца рыторыка і дзеяньні нашага лідэра. Ён чалавек з моцным характарам і сапраўдны патрыёт краіны. У тым, што ён не падвядзе на міжнароднай арэне і скрозь будзе адстойваць інтарэсы Беларусі, я абсалютна ўпэўнены. Такога пра іншых беларускіх палітыкаў я сказаць не магу. Шчыра не ўяўляю, напрыклад, Бабарыку ці якога-небудзь Чэрачня на перамовах з Пуціным.
Камусьці стыль кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі здаецца занадта жорсткім, але відаць, што наш прэзыдэнт — сумленны чалавек, а ня штучны прадукт творчасьці паліттэхнолягаў. Сацыяльная справядлівасьць і нацыянальныя інтарэсы для яго не пусты гук. Прэзыдэнт ніколі ня будзе марыянэткай, і ён гэта ўжо неаднаразова даказаў.
Акрамя таго, я на ўласныя вочы бачу, як разьвіваецца наша краіна, уводзяцца ў дзеяньне новыя аб’екты, лякарні, школы, парадкуюцца беларускія гарады. Неўзабаве запусьцяць трэцюю лінію мэтро ў Менску, грамадзкі транспарт паступова замяняецца на электробусы айчыннай вытворчасьці і г. д. Неаднойчы бываў за мяжой і магу сказаць, што нават краіны Заходняй Эўропы часам саступаюць Беларусі ў пляне ўпарадкаванасьці, ня кажучы ўжо пра СНД.
Таксама важна, што наша краіна мае патэнцыял для рэалізацыі сапраўды маштабных стратэгічных праектаў, такіх як Беларуская АЭС, Парк высокіх тэхналёгіяў ці індустрыяльны парк з Кітаем.
— Што, на вашу думку, неабходна зьмяніць у Беларусі?
— Думаю, трэба больш уважліва паставіцца да праблемаў малога і сярэдняга бізнэсу, прапаноўваць адпаведныя льготы, у тым ліку сямейным прадпрыемствам. Бо такія дробныя ўласьнікі могуць зрабіць сур’езны ўнёсак у эканоміку, упарадкуюць жыцьцё вакол сябе і стануць надзейнай апорай дзяржавы, якая стварае для іх камфортныя ўмовы.
Таксама лічу, што трэба зьвярнуць прыярытэтную ўвагу на жыцьцё ў рэгіёнах, якое далёка не такое камфортнае, як у Менску. Асабліва ва ўсходняй частцы Беларусі.
У той жа час мы бачым, які парадак дня фармуюць нашы апанэнты. Гэта не імкненьне да паступальнага разьвіцьця дзяржавы, а суцэльны дэструктыў, жаданьне ўсё разбурыць, падзяліць, зруйнаваць зь зямлёй. Таму цяпер, як ніколі раней, важна аб’яднацца вакол моцнага лідэра і захаваць краіну.
— Колькі яшчэ, на вашу думку, Лукашэнка можа кіраваць краінай?
— Асобу кіраўніка дзяржавы вызначае народ, у нас у заканадаўстве няма абмежаваньняў на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў. Пакуль Аляксандар Лукашэнка адпавядае жаданьням народу, ён можа перавыбірацца. У Сынгапуры, пра які цяпер часта гавораць, Лі Куан Ю кіраваў амаль 30 гадоў, а фактычна больш за 50, бо пасьля сыходу з пасады прэм’ера ў 1990 годзе ён да 2011 году займаў пасады «старшага міністра», а потым яшчэ і «міністра-настаўніка» ва ўрадзе свайго сына.
— Апанэнты ўлады кажуць, што ў Беларусі няма справядлівых выбараў і што галасы ня лічаць. Што вы думаеце пра гэта?
— Гэта спроба перакласьці з хворай галавы на здаровую. Апанэнты ўлады ўжо шмат гадоў ня могуць прапанаваць Беларусі ўцямнай альтэрнатывы, у іх няма пазытыўнай праграмы, акрамя «Плошчы» і «зьвяржэньня рэжыму». Што яны могуць ведаць пра выбары, калі колькасьць назіральнікаў і ўдзельнікаў камісій ад гэтых сілаў штораз знаходзіцца ў межах статыстычнай памылкі ад агульнай колькасьці?
Прычым так было б, нават калі б Цэнтарвыбаркам уключаў у склад камісій усіх прапанаваных апазыцыяй прэтэндэнтаў. Але кажуць, што яны нават ня могуць правільна аформіць дакумэнты, і я ў гэта ахвотна веру, бо бачыў, як вясной апазыцыя спрабавала арганізаваць нейкі «праймэрыз», але не змаглі палічыць, умоўна, 50 галасоў, заблыталіся і перасварыліся. Між сабой разабрацца гадамі ня могуць, але спрабуюць даваць ацэнку выбарам. Гэта выглядае несур’ёзна.
«Нават на наступны дзень пасьля пахаваньня сваёй маці Лукашэнка накіраваўся зь візытам у Пакістан»
Ганна Занкевіч, вядучы спэцыяліст Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь», 23 гады
— Чаму вы падтрымліваеце курс Аляксандра Лукашэнкі?
— Таму, што ў Беларусі створаныя магчымасьці для разьвіцьця моладзі, ажыцьцяўляецца дзяржаўны курс, скіраваны на падтрымку сям’і і мацярынства. Акрамя таго, у нашай краіне вельмі бясьпечна. Маё дзяцінства, школьная і студэнцкая маладосьць прайшлі ў цалкам спакойных, пазытыўных умовах, за што я ўдзячна дзяржаве і гатова зараз, будучы дыплямаваным спэцыялістам, працаваць на далейшае стабільнае разьвіцьцё нашай Радзімы.
Мне здаецца, што прэзыдэнт вельмі шмат робіць для Беларусі, асабіста ўнікаючы ва ўсе працэсы. Некалі ў прэсе я прачытала, што нават на наступны дзень пасьля пахаваньня сваёй маці Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візытам у Пакістан, па выніках якога былі заключаны выгадныя для Беларусі кантракты. Такая адданасьць народу і інтарэсам дзяржавы сапраўды ўражвае.
— Што, на вашу думку, неабходна зьмяніць у Беларусі?
— Думаю, патрэбны некаторыя эканамічныя рэформы, бо заробкі людзей апошнім часам недастаткова высокія. З другога боку, зрабіць усіх людзей шчасьлівымі немагчыма, а Беларусь ня мае багатых сыравінных рэсурсаў, таму мы можам жыць толькі з таго, што самі зробім і пасьля прадамо. Пры гэтым я лічу, што татальная прыватызацыя, якую часам прапануюць некаторыя палітыкі, гэта зусім ня выхад, бо калі такі працэс праводзіць бескантрольна, беларусы могуць зусім перастаць быць гаспадарамі сваёй краіны, як гэта сёньня адбываецца ва Ўкраіне, дзе ўжо нават рынак зямлі адкрылі дзеля атрыманьня замежных крэдытаў.
— Колькі яшчэ, на вашу думку, Лукашэнка можа кіраваць краінай?
— Сутнасьць нацыянальных інтарэсаў, на мой погляд, заключаецца не ў пастаяннай зьмене ўлады, а ў яе эфэктыўнасьці і легітымнасьці ў вачах грамадзтва. Тая ж Ангела Мэркель кіруе ў Нямеччыне ад пачатку 2000-х гадоў. Тое ж самае Ўладзімір Пуцін у Расеі, які да таго ж зьбіраецца перабірацца на новы тэрмін. У Японіі пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны Лібэральна-дэмакратычная партыя кіравала краінай амаль 40 гадоў. Такіх прэцэдэнтаў вельмі шмат, і нярэдка адсутнасьць палітычнай стабільнасьці і пастаянная зьмена ўлады толькі шкодзяць дзяржаве і грамадзтву. Яркі і зразумелы прыклад — тая ж суседняя Ўкраіна.
— Апанэнты ўлады кажуць, што ў Беларусі няма справядлівых выбараў і што галасы ня лічаць. Што вы думаеце пра гэта?
— Магу сказаць з асабістага досьведу: некалькі разоў была сябрам участковай выбарчай камісіі, і ніякіх фальсыфікацый там не адбывалася. Тыя, хто кідае такія абвінавачаньні, павінны зьвяртацца ў суд і там даказваць сваю пазыцыю. У адваротным выпадку гэта ўсё пустыя плёткі.
«Беларусь — гэта краіна магчымасьцяў для тых, хто не лянуецца працаваць»
Алег Дзікун, дырэктар у інавацыях і інвэстыцыйных праектах прамысловага прадпрыемства, 26 гадоў.
— Чаму вы падтрымліваеце курс Аляксандра Лукашэнкі?
— Пачну з асабістага і адзначу, што маю ўсе магчымасьці для разьвіцьця. Атрымаў бясплатную вышэйшую адукацыю, скончыў магiстратуру, цяпер вучуся ў асьпірантуры, рэалізаваў вельмі шмат карысных і цікавых праектаў у шэрагах БРСМ, а цяпер працую ў галіне інвэстыцый у прамысловасьці і прымяняю атрыманыя веды на практыцы. На маю думку, Беларусь — гэта краіна магчымасьцяў для тых, хто не лянуецца працаваць і імкнецца да новых ведаў.
Мне падабаецца замежнапалітычны курс нашай краіны, дзе Менск ніколі не выступае з агрэсіўных пазыцый, а наадварот, зьяўляецца донарам міру і стабільнасьці ў рэгіёне. Апошнім часам замшэлы стэрэатып пра «апошнюю дыктатуру Эўропы» зьнікае, а вага нашай краіны на міжнароднай арэне, наадварот, расьце.
Вельмі шмат тут зьвязана з асобай Аляксандра Лукашэнкі, які зьяўляецца адным з найбольш спрактыкаваных палітыкаў сучаснага сьвету. Прэзыдэнт вельмі шмат бачыў і перажыў, яго ня проста пахіснуць і зьбіць з панталыку. Нават пандэмія каранавірусу, дзе Беларусь пайшла сваім шляхам, гэта пацьвердзіла. Ужо ўсім відавочна, што ніякай катастрофы не адбылося, але пры гэтым удалося захаваць заробкі людзей, ня ўмешвацца з дурнымі абмежаваньнямі ў іх паўсядзённае жыцьцё.
— Што, на вашу думку, неабходна зьмяніць у Беларусі?
— У першую чаргу патрэбна зьніжэньне ставак банкаўскіх крэдытаў для разьвіцьця айчыннай прамысловасьці. Вельмі часта менавіта празьмерная крэдытная нагрузка проста не дае разьвівацца нашым прадпрыемствам, а будучыня краіны — за тэхналёгіямі і прамысловасьцю.
Таксама патрэбна разьвіцьцё спэцыяльных айчынных фондаў для падтрымкі канструктыўнай грамадзкай дзейнасьці, павышэньне ролі палітычных партый і парлямэнту ў жыцьці краіны.
— Колькі яшчэ, на вашу думку, Лукашэнка можа кіраваць Беларусьсю?
— Гэтае пытаньне рэгулюецца не прыватнай думкай, а выключна Выбарчым кодэксам і воляй народу. Таму не хачу выступаць у ролі зязюлі, якая будзе лічыць гады Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта. Я асабіста яго падтрымліваю і ўпэўнены, што на выбарах у жніўні народ прыме правільнае рашэньне.
— Апанэнты ўлады кажуць, што ў Беларусі няма справядлівых выбараў і што галасы ня лічаць. Што вы думаеце пра гэта?
— Як кажуць у прымаўцы, кепскаму танцору... Я лічу, што ў Беларусі адбываюцца справядлівыя выбары і Аляксандар Лукашэнка не знаходзіўся б столькі гадоў ва ўладзе, калі б яго не падтрымліваў беларускі народ.
«Гэта крыж, які трэба несьці. Нікому такога не пажадаю»
Максім Крупейчанка, прадпрымальнік, старшыня Кастрычніцкай раённай арганізацыі Менска РГА «Белая Русь», памочнік старшыні (грамадзкая пасада) Пастаяннай камісіі заканадаўства і дзяржаўнага будаўніцтва Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу.
— Чаму вы падтрымліваеце курс Аляксандра Лукашэнкі?
— Я падтрымліваю курс Аляксандра Рыгоравіча, бо лічу, што яго палітыка адпавядае пажаданьням большасьці грамадзян Беларусі. У першую чаргу ў нас бясьпечна. Можна сьмела адпусьціць дзіця на вуліцу, не баючыся, што зь ім нешта здарыцца. Па-другое, нягледзячы на крытыку асобна ўзятых людзей, ёсьць магчымасьць зарабіць. Той, хто хоча зарабіць, той можа. Усё залежыць ад нас саміх. Трэба рухацца, разьвівацца, вывучаць замежную мову, інтэгравацца ў міжнародную эканоміку.
— Што, на вашу думку, неабходна зьмяніць у Беларусі?
— Працы шмат, сьвет не стаіць на месцы. Напрыклад, у сфэры прадпрымальніцкай дзейнасьці навесьці парадак у сфэры прымусовага выкананьня судовых пастановаў. На мой погляд, сыстэма паралізаваная і не працуе належным чынам. На аднаго судовага выканаўцу прыпадае парадку 1500 выканаўчых новых спраў на месяц, што паралізуе сыстэму. Ад гэтага пакутуюць ня толькі прадпрымальнікі, якім не вяртаюць грошы даўжнікі, а і неабароненыя слаi насельніцтва, напрыклад маці, якія выхоўваюць дзяцей адны і якім былыя мужы ня плоцяць алімэнтаў.
— Колькі яшчэ, на вашу думку, Лукашэнка можа кіраваць Беларусьсю?
— На мой погляд, столькі, колькі будзе выбіраць народ і колькі сам захоча. Трэба разумець, што альтэрнатывы Аляксандру Рыгоравічу на гэты момант у Беларусі няма. Праца прэзыдэнта — гэта вельмі цяжка; гэта крыж, які трэба несьці. Нікому такога не пажадаю.
— Апанэнты ўлады кажуць, што ў Беларусі няма справядлівых выбараў і што галасы ня лічаць. Што вы думаеце пра гэта?
— Я ніколі не быў чальцом камісій або назіральнікам на выбарах. Апанэнты ўлады хай уключаюцца ў камісіі, хай працуюць, назіраюць і потым робяць высновы. Магу сказаць адно, што жаданьня працаваць у камісіях у парлямэнцкай кампаніі ў апазыцыі я ня бачыў. Я прысутнічаў на паседжаньні адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Менска. З усіх людзей, якія вылучаліся ва ўчастковыя камісіі, гэта больш за 500, не было ні адной заяўкі на ўступленьне ў камісіі ад апазыцыйных сілаў. Мабыць, жаданьня няма ўдзельнічаць у кампаніі.