Аляксандар Лукашэнка 3 чэрвеня выслухаў прапановы аб новым складзе ўраду. На сустрэчы былі старшыня Савета Рэспублікі Натальля Качанава, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сяргеенка і дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў.
Як перадае прэс-служба Лукашэнкі, Лукашэнка сказаў, што хацеў бы параіцца з гэтымі людзьмі перад прызначэньнем новага складу ўраду.
«Чакаць, што тут рэвалюцыя адбудзецца пры зьмене ўраду, ня трэба... Я ўжо казаў пра гэта, і даручэньні такія даваў, вы ўсе займаліся гэтымі пытаньнямі, — казаў Лукашэнка. — Калі прагучала мая заява, што заўсёды напярэдадні выбараў дзейны прэзыдэнт вызначаў урад загадзя, каб людзі, галасуючы за або супраць, разумелі, хто будзе займацца вырашэньнем іхных надзённых пытаньняў, зьвязаных зь іхным жыцьцём, сацыяльна-эканамічным разьвіцьцём нашай дзяржавы».
Хто будзе ў новым складзе ўраду, Лукашэнка не сказаў, але адзначыў, што заменяць тых, «хто сёньня з такімі аб'ёмамі ў гэты крызісны пэрыяд ня можа справіцца».
Ён дадаў, што задумаў зьмену ўраду «даўно, мо недзе паўгода таму». Яшчэ тады мяняліся міністры, бо «проста праз хваробу, зь іншых прычын людзі ішлі на менш аб'ёмную працу».