Адмысловае распараджэньне выдаў мясцовы райвыканкам «у сувязі з эпідэмічным становішчам і дзеля мінімізацыі рызыкі распаўсюджваньня на тэрыторыі раёну інфэкцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Дзейнічаць мера будзе да адмены распараджэньня. Кантроль за яго выканьнем даручаны галоўнаму санітарнаму лекару раёну.
На сайце мясцовага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі гаворыцца, што выкарыстоўваньне масак насельніцтвам падчас наведваньня публічных месцаў абавязковае.
Жыхарам раёну рэкамэндавана «пазьбягаць выезду за межы адміністрацыйнай тэрыторыі, за выключэньнем пільнай неабходнасьці».
2 чэрвеня ў кіраўскім цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі карэспандэнту БелаПАН пацьвердзілі, што распараджэньне пра масачны рэжым застаецца дзейным, назваўшы гэта «адной з прафіляктычных мераў». Пры гэтым на пытаньне пра колькасьць хворых там не адказалі.
Кіраўскі раён быў адным зь першых на Магілёўшчыне, дзе выявілі каранавірусную інфэкцыю. 4 красавіка галоўны санітарны ўрач вобласьці Сьвятлана Нячай паведаміла, што на COVID-19 захварэў «працоўны мігрант, які вярнуўся з Масквы».
Цягам наступных двух месяцаў паведамленьняў пра вострую сытуацыю з каранавірусам у раёне не зьяўлялася. Апэратыўна высьветліць, колькі там цяпер заражаных COVID-19, пакуль не ўдаецца. На сайце цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі такой статыстыкі няма.
Раней у Івейскім раёне Менскай вобласьці таксама былі ўвялі масачны рэжым, але празь дзень адмянілі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ