Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліквідацыю цэнтру рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў у Мазыры, супраць якой змагаліся бацькі, адклалі


Цэнтар мэдычнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў «Радуга»
Цэнтар мэдычнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў «Радуга»

Дату ліквідацыі Цэнтру перанесьлі з 1 ліпеня на 1 кастрычніка, вынікае з рашэньня Мазырскага райвыканкаму № 992, паведамляе праваабарончы сайт «Гомельская Вясна».

Супраць рашэньня ўладаў закрыць унікальны для рэгіёну цэнтар выступалі бацькі, іх дзеці і грамадзкасьць: пісалі калектыўныя звароты ў дзяржаўныя інстанцыі, стварылі пэтыцыю ў абарону цэнтру, якая сабрала амаль 17 тысяч подпісаў, зьбіралі подпісы сярод жыхароў гораду, зладзілі шэраг акцый у падтрымку цэнтру. У межах інтэрнэт-флэшмобу з заклікам не закрываць цэнтар дзеці-інваліды зьвярталіся наўпрост да Аляксандра Лукашэнкі.

«Калі бацькі дзяцей з асаблівасьцямі вядуць вялікую барацьбу па захаваньні ў Мазыры гэтага ўнікальнага Цэнтру, радуесься любой, няхай нават прамежкавай перамозе. Перанос даты яго ліквідацыі на час выбараў — добры пачатак! Як мінімум, дзеці-інваліды пачнуць новы навучальны год у роднай ім установе», — пракамэнтаваў рашэньне гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка.

Два розныя дакумэнты наконт аднаго цэнтру

Дана Блізьнец, дачка якой наведвае цэнтар, паведаміла Свабодзе, што 27 траўня бацькі атрымалі адказ з Гомельскага аблвыканкаму, што цэнтар «Радуга» працягне сваё функцыянаваньне. У адказе гаворыцца, што Гомельскі аблвыканкам «прыйшоў да высновы аб неабходнасьці працягу функцыянаваньня цэнтру».

«У гэты ж дзень мы атрымалі адказ з Мазырскага райвыканкаму, што ягоным рашэньнем ліквідацыя «Радугі» працягнутая да кастрычніка. Два абсалютна розныя дакумэнты! Да гэтага мы атрымалі адказ зь Міністэрства працы пра тое, што цэнтар працягне сваю дзейнасьць — са спасылкай на аблвыканкам. Я напісала скаргу ў аблвыканкам і прыклала адказ з райвыканкаму — бо каму верыць?» — пракамэнтавала сытуацыю Дана Блізьнец.

Паводле яе слоў, бацькам дзяцей-інвалідаў паабяцалі, што на наступным тыдні зь імі сустрэнецца старшыня аблвыканкаму Генадзь Салавей.

Чыноўнікі Мазырскага райвыканкаму і Гомельскага аблвыканкаму, на чые тэлефоны Свабода зьвярталася па камэнтар, пакуль недаступныя.

Леанід Судаленка заяўляе, што пакуль рашэньне аб ліквідацыі не адменена, бацькі будуць працягваць выкарыстоўваць кампанію ў інтарэсах яго захаваньня.

Намесьнік старшыні Мазырскага райвыканкаму Фелікс Галюк адмовіўся камэнтаваць Свабодзе сытуацыю з цэнтрам «Радуга». «Я ўсё патлумачу бацькам выхаванцаў і супрацоўнікам цэнтру», — сказаў Фелікс Галюк.

Унікальны для рэгіёну цэнтар рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў «Радуга» адкрыўся ў 1995 годзе пры спонсарскай падтрымцы нямецкіх дабрачынных фондаў і Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Нямецкія фонды дапамаглі маладым інвалідам з унікальным абсталяваньнем — адмысловымі прыладамі і трэнажорамі, якія дазваляюць праходзіць паўнавартасную мэдычную рэабілітацыю.

Пацыенты «Радугі» знаходзяцца тут ад 7 да 17 гадзіны, маюць магчымасьць як праходзіць рэабілітацыю, так і вучыцца, займацца з псыхолягамі, лягапэдамі, удзельнічаць у працы гурткоў. Ніводзін райцэнтар Гомельскай вобласьці ня мае такой установы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG