Няўдалая перадача назвы прывяла да кпінаў у адрас футбольнай каманды, якая гуляе ў чэмпіянаце Беларусі — насуперак пандэміі. Але беларуская мова мае свой традыцыйны альфабэт лацінку, ёй штучная трансьлітарацыя не патрэбная. Пагатоў напярэдадні 100-годзьдзя Слуцкага збройнага чыну.
Сьцісла:
- Слуцкі клюб стаў вядомы у фанацкім сьвеце, які глядзеў трансьляцыі чэмпіянату Беларусі падчас усясьветнага пандэмічнага карантыну, дзякуючы запісанай „па-ангельску“ назьве Slutsk.
- Напісаньне ўтрымлівае абразьлівае ангельскае слова sluts ‘шлёндры’, таму пра клюб і горад уклалі мноства крыўдных мэмаў і карыкатураў.
- Аднак прынятыя ў Беларусі правілы трансьлітарацыі тапонімаў на гэты момант вымагаюць пісаць Sluck, а афіцыйны даведнік тапонімаў Менскай вобласьці — Słuck. Так і на старадаўніх слуцкіх паясах.
- Апошняе напісаньне адпавядае беларускай лацінцы як нацыянальнаму альфабэту. Яе традыцыя паўтысячагадовая, а канчаткова сфармавалася яна ў пачатку 1930-х гадоў.
- Жывое вымаўленьне Слуцак — праява закону мілагучнасьці: цяжкі зьбег зычных падзяляецца галосным. Найбліжэйшым да народнай традыцыі будзе напісаньне лацінкаю Słucak.
- Сёлета 100 гадоў Слуцкаму збройнаму чыну, калі случакі рэальна баранілі незалежнасьць БНР. Напісаньне назвы гораду — частка яго іміджу напярэдадні юбілею і ня толькі.
- У практыцы БФФ назвы клюбаў наагул перадаюць лацінскімі літарамі з расейскай мовы.
У чым праблема
Расейскі тэлеканал „Раша Тудэй“ (RT, як бы глябальны, мае некалькі моўных вэрсіяў і сям-там забаронены за дэзынфармацыю) апублікаваў зьдзеклівы артыкул „‘The Sluts’ nickname? Pornhub shirt sponsor? — The story of FK Slutsk, football's unlikely Belarusian heroes“. Прыблізна гэта азначае: Мянушка „Шлёндры“? Спонсар формы — порнасайт? — Гісторыя ФК „Слуцк“, сумнеўных беларускіх футбольных герояў.
Гэта пра ўскосны вынік самабытнай каранавіруснай палітыкі ўладаў Беларусі, калі футбольны чэмпіянат ішоў толькі ў нас, а таму яго глядзелі згаладалыя фанаты ўсяго сьвету. Назва аднае з камандаў літарамі лацінскага альфабэту выглядала для іх так: SLUTSK.
Назва настолькі захапіла глябальную тарсыду, што зьявіліся групы падтрымкі каманды нават у Аўстраліі. Пра ўсясьветнае гігіканьне шмат пісалі, паўтарацца ня буду.
Невядома, ці зь вяртаньнем да звычайнага футбольнага жыцьця ў сьвеце захаваецца тая цікавасьць. Але пэўны „асадак“ застанецца дакладна.
SLUTS(K)
Выглядае як КПБ(б), для маладзейшых патлумачу, што (б) = „бальшавікоў“. Але тут (К) для вясёлых ангельскамоўных не азначае нічога, а sluts — множны лік ад slut, зьняважлівага слова, якім калісьці звалі неахайную жанчыну, а ў сучаснай брытанскай і амэрыканскай ангельскай яно азначае распусьніцу, шлёндру і астатнія сынонімы на шл- і ня толькі.
Ці сапраўды адбываецца глябальная папулярызацыя гораду празь непрыстойную алюзію?
Па-першае, ангельскамоўныя фанаты клюбу Slutsk вымаўляюць яго назву менавіта як [слатс-к].
Па-другое, як людзям слуцкага паходжаньня з пачуцьцём самапавагі прызнавацца: так, яны з таго самага „прытону“? А як успрымаюць дзяўчаты з фанацкага кола каманды гэтую ангельскамоўную асацыяцыю — няўжо радасна пагаджаюцца?
Напісаньне ж, якое ў сьвеце абрасло анэкдотамі і мэмамі, — усяго толькі вынік грэбаваньня моўнымі правіламі і традыцыяй беларускае мовы.
Chtchoukin vs Shchukin vs Ščukin
У расейскай мове суіснуюць розныя ведамасныя сыстэмы раманізацыі (г. зн. перадачы лацінскімі літарамі) імёнаў і назваў для пошты, для пашпартоў, для авіяцыі — некалькі ГОСТаў з падварыянтамі, зарыентаваныя на розныя заходнія мовы. Паводле аднаго, літара Ц перадаецца як лацінская C, паводле другога — як спалучэньне CZ, паводле іншых — як TS.
А мовы, якія маюць альфабэт на лацінскай аснове, прынялі няпісанае агульнае правіла: імёны і назвы іншай лацінскай графікі пішуцца нязьменна. Не мяняюць назву польскага клюбу „Śląsk“ („Сьлёнск“, Уроцлаў) зь літарамі для мяккага і насавога гукаў ані ў ангельскім, ані ў фінскім тэксьце. Зьберагаюць арыгінальныя літары або, калі праблема са шрыфтамі, замяняюць іх тымі ж літарамі без дадатковых значкоў.
Некаторыя ж мовы маюць або мелі два-тры альфабэты. Сэрбы і чарнагорцы, хоць кажуць пра адданасьць кірыліцы, але вучаць абодва свае альфабэты. Па-азэрбайджанску пісалі арабіцай, лацінкай, у савецкі час з 1930-х гадоў кірыліцай, цяпер ізноў лацінкай. Для такіх моваў штучныя табліцы раманізацыі непатрэбныя, проста бярэцца адпаведная нацыянальная лацінка (сэрбскахарвацкая, азэрбайджанская).
Беларуская мова таксама двухальфабэтная (плюс яшчэ арабіца беларускіх татараў), маем сваю лацінку. А значыць — нам фактычна ня трэба асобнай табліцы раманізацыі.
Адкуль беларуская лацінка
Сярэднявечная лацінская мова прыйшла ў Вялікае Княства ў XIII — пачатку XIV ст.: у канцылярыі караля Міндоўга лацінскімі літарамі пісалі беларускія імёны і назвы. У XVI ст. сталі запісваць беларускія тэксты лацінкай польскага ўзору. У XIX стагодзьдзі адроджанае беларускае пісьменства было цалкам лацінапісьмовае. Газэты „Наша доля“ і „Наша ніва“ перш друкаваліся абодвума альфабэтамі. І надалей у Вільні лацінкай выходзілі пэрыёдыкі, кнігі, першыя правапісныя зводы, у тым ліку „Беларуская граматыка для школ“ Браніслава Тарашкевіча (1918 г.).
Яшчэ ў пачатку XV ст. чэскі рэфарматар і выбітны лінгвіст Ян Гус у працы „Orthographia Bohemica“выклаў канцэпцыю нацыянальнай лацінскай графікі: калі гук адрозьніваецца ад уласна лацінскага, да адпаведнай літары далучаецца пэўны значок.
Беларуская лацінка набліжалася да гэтага ўзору, адначасова аддаляючыся ад польскай. Яна перадае беларускі гукавы склад сыстэмна, паводле Гусавых прынцыпаў. Літары для шыпячых гукаў Č Š Ž — з гачком, для мяккіх зычных Ć Ś Ź Ń — з правай верхняй рыскай, літара для нескладовага Ŭ — з дужкай. Літара Ł з касой рыскай для [л] цьвёрдага, бо ў сярэднявечнай лацінскай мове такога гуку не было. Для [ц] — літара С, якая ў позьняй лаціне так і называлася „цэ“ (а-бэ-цэ — ведае кожны).
Апошні крок да сучаснае беларускае лацінкі зрабіў Ян Станкевіч у 1926 годзе:
Рэформа беларускае лацініцы лёгкая: … астаецца цяпер замяніць польска-нямецкае W лацінскім V, як гэта зрабілі Ліцьвіны й Чэхі. Што V лепшае за W, гэта відавочна: яно займае на палову меней месца. Увядзеньне v канчальна прыдало-б нашай лацініцы беларускі характар.
Першым часопісам для шырокага чытача, які перайшоў на сучасную лацінку ў 1932 годзе, стаў віленскі „Шлях Моладзі“ / „Šlach Moładzi“. У ім друкаваліся, між іншымі, Натальля Арсеньнева, Янка Брыль, Зоська Верас, Янка Журба, Міхась Машара, Максім Танк, Валянцін Таўлай, Алесь Салавей. Да 1939 году бальшыня выдавецтваў і пэрыёдыкаў, якія ўжывалі лацінку, прынялі канчатковы склад яе альфабэту.
Такім чынам, ужо прынамсі 80 гадоў як сучасная лацінка стала агульнапрынятай. Яна разьвівалася натуральна, без умяшаньня чужых уладаў. У падручніках яе ўпарадкавалі аўтарытэтныя мовазнаўцы Антон Лёсік, Ян Станкевіч, Валянтына Пашкевіч.
Чаму ж тады цяпер пішуць „Slutsk“?
У савецкі час лацінку за беларускую графіку не прызнавалі, што і вырашыла ўсе праблемы. Замест раманізацыі беларускіх назваў у БССР трансьлітаравалі іх расейскі „пераклад“ (Mogilev, Korotkevich). Або ў лепшым выпадку бралі для беларускіх напісаньняў расейскія табліцы, якія ўсё ж служаць перадачы расейскіх гукаў, а не беларускіх. Наш фрыкатыўны гук Г (як у слове ага) перадавалі літарай G, якая ў асноўных лацінапісьмовых мовах азначае іншы гук — выбухны (як Г у расейскай мове або ў беларускім слове шваґра).
У незалежнай Беларусі паўстала пытаньне пра нацыянальную сыстэму трансьлітарацыі. Давялося мне ў пачатку 1990-х удзельнічаць у нарадзе ў Лінгвістычным унівэрсытэце. Прадстаўнікі міліцыйнага ведамства — здаецца, у тым ліку Аляксей Бягун, які цяпер кіруе дэпартамэнтам грамадзянства і міграцыі МУС — і „іньязаўцы“ ў адзін голас казалі пра „перадачу імёнаў па-ангельску“, спасылаліся на расейскія ГОСТы, чамусьці на авіяцыйныя стандарты і не хацелі чуць пра беларускую лацінку. Мовазнаўцы з Акадэміі навук і я не змаглі іх пераканаць.
У выніку маем нібыта-ангельскі трансьліт беларускіх імёнаў і прозьвішчаў у пашпартах, — двухсэнсоўны (Razhon гэта Ражон ці Разгон?), чужы цэнтральнаэўрапейскай традыцыі значэньня літараў і дыграфаў (напр. CH у бальшыні лацінапісьмовых моваў нашага рэгіёну чытаецца як Х, а ня Ч, у выніку бываюць недарэчныя і крыўдныя сытуацыі). Апошнюю дзейную вэрсію інструкцыі МУС зацьвердзіла 9 кастрычніка 2008 году.
Затое адбыўся станоўчы зрух у раманізацыі тапонімаў. У 2000 годзе Камітэт зямельных рэсурсаў прыняў да выкананьня Інструкцыю для трансьлітарацыі геаграфічных назваў літарамі лацінскага альфабэту, якая ў нейкі момант цалкам супала з нашай лацінкай — нацыянальным альфабэтам (праўда, інструкцыя арыентуецца на афіцыйны, г. зн. постсавецкі, стандарт правапісу — Сьвержань пішуць ня Śvieržań, а Svieržań). На жаль, інструкцыю патаемна мянялі некалькі разоў і адступілі ад лацінкі ў перадачы мяккага L — незразумела на якой падставе, бо літара Ll у самой лацінскай мове азначае „паўмяккі“, на беларускае вуха мяккі гук. Трэба адрозьніваць лацінку як нацыянальны альфабэт ад афіцыйнай раманізацыі тапонімаў.
У кожным разе цяпер імёны-прозьвішчы афіцыйна перадаюцца лацінскімі літарамі іначай, чым геаграфічныя назвы: Прозьвішча Ждановіч (Zhdanovich) і тапонім Ждановічы (Ždanovičy). Абсурд. І напісаньне „Slutsk“ вынікае з таго самага міліцэйскага трансьліту для імёнаў.
Адкуль пайшла назва Слуцак?
А можа „Slutsk“ — нейкая гістарычная рэканструкцыя? Не. У корані назвы гораду ніколі не было -T-. Яна ад рэчкі Случ, гэта традыцыйная беларуская мадэль: Полацак ад Палаты, Віцебск ад Віцьбы, Друцак ад Друці, Пінск ад Піны. Рэк з назваю Случ у Верхнім Падняпроўі чатыры. Частка мовазнаўцаў лічыць гідронім спрадвечна славянскім: або ўглядаюць у ім корань -луч- — лука, паварот ракі, або праславянскае слова слук ‘вільготны’.
Этымолягі У. Тапароў і А. Трубачоў бачаць у гэтай назьве, як і ў іншых падобных у рэгіёне (Ведрыч, Птыч, Сергуч, Іслач, Сьвіслач) балцкі корань, і сапраўды: на тэрыторыі сучаснай Літвы бачу нямала гідронімаў накшталт Slañkius (бераг з апоўзьнямі) ці Sleñkst-upis (рэчка з парогамі).
Найдаўнейшая форма назвы кірыліцай пісалася СЛУЧЬСКЪ. Літары Ь ды Ъ тут для старажытных кароткіх гукаў, якія даўно зьніклі. У выніку Ч + С зьліліся ў Ц, атрымаўся зьбег -ЦК у канцы слова. Ня самы зручны для вымаўленьня. А славутая мілагучнасьць беларускае мовы — не паэтычная гіпэрбала, а навукова сфармуляваная Ўладзімерам Дубоўкам (паэтам, але і мовазнаўцам) зьява: чаргаваць зычныя з галоснымі, унікаць многіх зьбегаў зычных (напрыклад, двух выбухных або афрыкаты і выбухнога ў канцы слова) і зьбегаў галосных.
Вось жа чарада назваў гарадоў, што паходзяць ад імёнаў рэк, у жывой народнай мове вымаўляецца (а ў тарашкевіцы і пішацца) з устаўным галосным а дзеля зручнасьці й мілагучнасьці: Полацак, Клецак, Друцак, Шацак. Але: у Полацку.
І ў традыцыйным вымаўленьні случакоў назва іхнага гораду гучыць як Слуцак (але ў Слуцку, слуцкі). Гэта зафіксавалі нарматыўныя слоўнікі 1920-х гадоў, школьныя падручнікі, картаграфічныя выданьні.
Аднак русыфікацыйная рэформа беларускага правапісу 1933 году ў БССР уніфікавала напісаньне беларускае назвы з расейскаю.
SŁUCK ці SŁUCAK
Калі трымацца гістарычнай праўды і традыцыі — то ўжываць не трансьліт, а беларускую лацінку. Пагатоў першая ў гісторыі экспартная гандлёвая марка слуцкіх тавараў, тых самых, эўрапейскай славы, у XVIII стагодзьдзі выглядае так:
Тут польскае напісаньне супала зь беларускім. Але завершаную беларускую тоеснасьць дае SŁUCAK. ХХ стагодзьдзе, газэта ідэолягаў БНР „Homan“:
У кароткай і блытанай гісторыі ўпарадкаваньня афіцыйнай трансьлітарацыі беларускіх тапонімаў ёсьць важны момант. Гэта выдадзены ў 2003 годзе нарматыўны даведнік „Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць“ з усім патрэбнымі дзяржаўнымі грыфамі. У ім трансьлітарацыя амаль цалкам супадае з нашай клясычнай лацінкай:
У даведніку, акрамя афіцыйных формаў тапонімаў, ёсьць і „варыянты назваў“ — гэта „...назвы і іх формы, якія сёньня не рэкамэндуюцца ў якасьці нормы, але пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў могуць быць прызнаныя нарматыўнымі“:
Таму форма Слуцак можа калі-небудзь ізноў стаць асноўнаю.
Калі ж трымацца не беларускай нацыянальнай лацінкі, а інструкцыі Камітэту зямельных рэсурсаў узору 2008 году — то там Sluck. Зрэшты, можна лічыць гэта спрошчаным варыянтам напісаньня Słuck для лацінапісьмовых выданьняў, якія ў ХХІ стагодзьдзі маюць праблему з шрыфтамі і ня могуць ужыць цэнтральнаэўрапейскіх літараў з дыякрытычнымі знакамі.
Што такое GUBR і ў якой краіне горад Gorki?
У афіцыйнай беларускай футбольнай прасторы пануе расейскі трансьліт. Сайт Фэдэрацыі футболу мае, акрамя расейскай і беларускай, таксама ангельскую вэрсію. У найвышэйшай лізе там ня толькі Slutsk, але Isloch, Vitebsk, Smolevichi, Mozyr, Gorodeya — усе назвы-тапонімы насуперак закону трансьлітаруюцца з расейскай. Тое самае ў першай і другой лігах: Smorgon, Oshmiany, Ostrovets, Rechitsadrev, Baranovichi, Ivatsevichi... І Gorki, якія ў такім выглядзе нагадваюць месца ссылкі акадэміка Сахарава на Волзе, а не акадэмічны і паўстанцкі горад на ўсходзе Беларусі.
Нетапанімічныя імёны камандаў таксама з расейскай матрыцай: грувасткі Shakhter, Chaika, якая беларускай лацінкай чытаецца як „Хаіка“ (а гэта ж „Чайка“ з Зэльвы, Čajka то бо). Зводнымі братамі выглядаюць Dynamo-Brest і Dinamo-Minsk — ня ведаю, чаму па-рознаму і што перашкаджала напісаць па-беларуску Dynama.
Зь беларускай мовы трансьлітаруюцца (без уліку „ўдалых“ назваў, якія як ні запісвай, будзе аднолькава — Lida, Pinsk) толькі чатыры назвы камандаў — Rukh, Krumkachy, Pershi Region (дзіўная перадача, мабыць, чытаецца „пэрші“) і жаночая Zorka-BSU.
Дарэчы, клюбныя назвы-скароты ў сьвеце не перакладаюць — усе ведаюць нідэрляндзкі ПСВ, польскі ЛКС ці грэцкі ПАОК, а не палітарныя пераклады гэтых іншамоўных абрэвіятураў. Тым ня менш у табліцах БФФ бачым Dinamo-BSUPC — гэта ня хто іншы, як Дынама-БДУФК. У суцэльны тупік ставіць каманда першай лігі GUBR. Нешта з пагонамі? ГУВД, прызабыты „допр“? Пошук не дапамагае, ратуе толькі паралельная турнірная табліца па-беларуску. Гэта каманда ГАБЧ — ‘Гомельскае аддзяленьне Беларускай чыгункі’.
І на клюбных старонках у сеціве і сетках, на прадукцыі для заўзятараў і на матэрыялах саміх ultras тыя ж напісаньні „па-ангельску“, а фактычна па-расейску. Іх давядзецца мяняць — прынамсі калі назва клюбу супадае з назвай гораду ці ракі, то трансьлітараваць апошнюю зь беларускае, а не з расейскае мовы вымагае артыкул 17 Закону аб назвах геаграфічных аб’ектаў. І рабіць гэта паводле інструкцыі Камітэту зямельных рэсурсаў, а то і традыцыйнаю беларускаю лацінкаю: Mazyr, Haradzieja, Nioman, Viciebsk, Isłač, Smalavičy, Rečyca, Astraviec... I Homiel, i Horki, i Mikaševičy z Ivacevičami. І нават — заўзятарам можна — Bieraście.
Zbrojny Čyn Słuččyny
Сёлета ў лістападзе спаўняецца сто гадоў адной з найважнейшых падзеяў барацьбы за незалежнасьць Беларусі. Слуцкі збройны чын (або Слуцкі фронт БНР) 1920 году засьведчыў, што беларусы могуць са зброяй бараніць сваю Рэспубліку ад чужога войска.
І для беларускіх фанатаў клюбу стагодзьдзе Слуцкага фронту БНР — выдатная прычына быць першапраходцамі: памяняць штандары „Slutsk Fans“ і налепкі „Slutsk Ultras“ на недвухсэнсоўныя — больш мужныя і годныя памяці адважных продкаў, з назвай гораду, напісанай па-беларуску Słucak.