Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Міхась Міцкевіч, сын Якуба Коласа, вучоны, пэдагог, аўтар эпіграм


Міхась Міцкевіч, 2014 год
Міхась Міцкевіч, 2014 год

27 траўня ня стала Міхася Міцкевіча, малодшага сына і зьберагальніка спадчыны і памяці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

У Міхася Міцкевіча засталіся дачка Марыя, унукі, праўнукі. Разьвітаюцца зь ім 29 траўня аб 11-й гадзіне ў Менскім крэматорыі. Ягоны прах пазьней пахаваюць на Вайсковых могілках у Менску, дзе знайшлі спачын ягоныя бацькі і брат Даніла.

Нарадзіўся Міхась Міцкевіч 31 студзеня 1926 года ў Менску. Да вайны скончыў тут 8 клясаў, а сярэднюю школу — у Ташкенце. Вучыўся ў Варонескім авіяцыйным інстытуце, Маскоўскім авіяцыйным інстытуце, у 1949 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут і з таго часу працаваў у Фізыка-тэхнічным інстытуце Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Ён быў выбітным навукоўцам, доктарам тэхнічных навук, ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР. Прырода надзяліла яго рознымі талентамі — ён пісаў кнігі, сур’ёзна захапляўся фатаграфіяй, быў майстрам спорту па стэндавай стральбе.

Міхася Міцкевіча ў інтэрвію Свабодзе згадваюць ягоныя сябры.

Вынаходнік у мэталюргіі

Літаратар і крытык Міхась Скобла сябраваў з малодшым сынам Якуба Коласа. Узгадвае, як летась у свае 93 гады Міхась Міцкевіч чытаў яму па памяці «Сымона-музыку» і «Новую зямлю» і радаваўся, што ці ня ўсе ягоныя нашчадкі — коласазнаўцы: дачка Марыя, унучка Васіліна, пляменьніца Вера.

Міхась Скобла
Міхась Скобла

«Міхася Міцкевіча многія ведаюць як сына вялікага песьняра Якуба Коласа. А ён быў выдатным навукоўцам у галіне апрацоўкі мэталаў, доктарам тэхнічных навук, на яго рахунку звыш 30 вынаходак. А яшчэ Міхась Канстанцінавіч пакінуў па сабе выдатныя кнігі: «Ліст наўздагон», «Апалены золак», ён укладальнік кнігі «Якуб Колас. У думках, у сэрцы, у песьнях».

Аўтар трапных эпіграм

У кнізе «Пад бацькоўскім дахам», апрача цікавых успамінаў, можна знайсьці і трапныя эпіграмы. Накшталт гэтай, якою аўтар кальнуў аднаго народнага пісьменьніка: «У студню, дзед, хто б ні прасіў цябе, — ня плюй і не пагань струмень вадзіцы чыстай і халоднай, каб не казаў пасьля ні сын, ні ўнучак родны, што дзед ягоны быў халуй — ці то заслужаны, ці то народны», — расказвае Міхась Скобла.

Міхась Міцкевіч каля помніка Якубу Коласу, 2011 год
Міхась Міцкевіч каля помніка Якубу Коласу, 2011 год

Таксама Міхась Скобла ўзгадаў Дзень беларускага пісьменства і друку ў Ганцавічах у 2011 годзе. Там адкрывалі помнік Якубу Коласу, які ў маладосьці настаўнічаў непадалёк у вёсцы Люсіна.

«Мясцовыя чыноўнікі прадэманстравалі непрыхаванае хамства. Прысутнаму на ўрачыстасьці сыну народнага песьняра Міхасю Канстанцінавічу Міцкевічу не далі слова. Інтэлігентны і стрыманы чалавек, ён ня стаў тое слова прасіць ці патрабаваць.

Мы адышлі ўбок, і ён прачытаў мне адну эпіграму — дарэчы, эпіграмы Міхась Міцкевіч пісаў на дзьвюх мовах. Гэтая была прысьвечаная, па словах аўтара, унуку-неслуху:

«Рождаются нечасто гении
На протяжении веков.
Бывают чаще огорчения —
Рождают бабы дураков.

Идут на смену поколений
Трудяги, умники, бомжи.
Явился Саша — чем не гений?
Возможно. Только гений лжи».

Дэмакратычны суразмоўца і пэдагог

Паэт Леанід Дранько-Майсюк кажа, што калі сьвет пакідаюць такія людзі, вельмі востра і балюча адчуваецца нястача дабрыні.

Леанід Дранько-Майсюк
Леанід Дранько-Майсюк

«Безь ніякага патасу, без паэтычных мэтафар скажу, што гэта быў незвычайна добры чалавек. На зямлі так мала добрых людзей і наагул дабрыні. Спадар Міхась пражыў вялікае жыцьцё, у нашай культурнай прасторы ягоная роля была значная. Ён умеў прыгожа выступіць са сцэны, яму было што сказаць людзям, ён быў зразумелы, ясны, зь ім было ўтульна, цёпла.

Нягледзячы на сталы век, Міхась Канстанцінавіч ніколі над субяседнікам не ўзвышаў ні свой жыцьцёвы досьвед, ні свой талент, ні сваё паходжаньне — што ён з такой слаўнай сям’і. Ён быў роўны з роўнымі. І дэмакратызм ягоных паводзін зачароўваў».

Леанід Дранько-Майсюк кажа, што Міхась Міцкевіч быў таленавітым пэдагогам, які вучыў ня словамі, афарызмамі, павучаньнямі, а сваімі інтэлігентнымі паводзінамі. Яму быў уласьцівы і талент літаратурнага крытыка, кажа Дранько-Майсюк:

«Ён заўсёды ўмеў сказаць добрыя словы пра чалавека. Але ён быў і крытычны — калі спадар Міхась выказваў заўвагі па пэўным літаратурным творы, яны былі вельмі аб’ектыўныя, дакладныя і трапныя. Так што і талент літаратурнага крытыка быў яму ўласьцівы.

Калі мы гаворым пра зорак нацыянальнай культуры, пра яго можна сказаць, што менавіта ад яго ішло гэтае нябеснае сьвятло».

Тры гады змагаўся з ракам

Паэт Уладзімер Някляеў, які сябраваў з сынам Якуба Коласа, кажа, што тры апошнія гады Міхась Канстанцінавіч змагаўся зь цяжкай анкалягічнай хваробай. А так бы яшчэ жыў — сэрца было моцнае, памяць і розум — геніяльныя, кажа Някляеў:

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

«Ёсьць такая банальная расхадная фраза: „Я быў шчасьлівы, што ведаў яго“. Але ёсьць моманты ў жыцьці, калі гэтая фраза не расхадная і не банальная. Я шчасьлівы, што ведаў Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча.

У ім я ўбачыў тое жывое — не літаратурнае, што было ў вершах і прозе ягонага бацькі Якуба Коласа ці Кузьмы Чорнага, а менавіта жывое — цяперашняе, сёньняшняе, беларускае, карэннае, якое зьнікае. Прычыны зьнікненьня ўсім вядомыя і зразумелыя, але гэта не зьмяншае болю па тым, што зьнікае.

І вось зьнік і ён, таленавіты, мудры, шчодры, неверагодна добры і годны нашчадак Якуба Коласа. Праўда, не зусім зьнік — памяць пра яго застанецца, ва ўсялякім выпадку ў тых, хто яго ведаў, як і памяць пра ягонага бацьку. Але адсутнасьць жывога, беларускага, — гэта самае страшнае, што на сёньняшні дзень ёсьць», — мяркуе Ўладзімер Някляеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG