Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings прагназуе рост праблемных актываў беларускіх банкаў


Пазыцыя агенцтва адлюстравана ў камэнтары да рэйтынгавых дзеяньняў у дачыненьні да трох дзяржаўных банкаў, паведамляе БелаПАН.

Агенцтва пацьвердзіла доўгатэрміновыя рэйтынгі «Беларусбанку», Банку разьвіцьця і «Белінвэстбанку» на ўзроўні «B» са стабільным прагнозам.

Прагноз аб рэйтынгах банкаў адпавядае сувэрэннаму рэйтынгу Беларусі. Агенцтва, гаворыцца ў тлумачэньні да рэйтынгаў банкаў, ацэньвае гатоўнасьць дзяржавы аказваць падтрымку дзяржбанкам у выпадку неабходнасьці як высокую.

У той жа час аналітыкі Fitch паказваюць, што «магчымасьці ўладаў даваць такую падтрымку абмежаваныя, асабліва калі падтрымка павінна давацца ў замежнай валюце».

Аналітыкі рэйтынгавага агенцтва таксама зьвяртаюць увагу на даволі складанае апэрацыйнае асяродзьдзе для беларускіх банкаў, «якое, як мы чакаем, пагоршыцца ў 2020 годзе ў выніку наступстваў пандэміі каранавірусу».

«Fitch прагназуе рэзкае запаволеньне беларускай эканомікі ў 2020 годзе (скарачэньне ВУП на 5% у параўнаньні з ростам на 1,2% у 2019 годзе)», — гаворыцца ў камэнтары рэйтынгавага агенцтва.

На думку аналітыкаў Fitch, слабая ўнутраная эканамічная актыўнасьць у Беларусі, звужэньне вонкавага попыту на беларускую прадукцыю разам з ростам абавязаньняў кампаній (з прычыны дэвальвацыі), намінаваных у замежнай валюце, «прывядзе да пагаршэньня якасьці актываў банкаў». За першы квартал актывы беларускіх банкаў, якія не абслугоўваюцца (праблемныя) вырасьлі амаль на траціну, сьведчаць статыстычныя дадзеныя Нацыянальнага банку.

Так, за першы квартал такія актывы банкаў вырасьлі на 32,7% — з 2,73 млрд рублёў на 1 студзеня да 3,62 млрд рублёў на 1 красавіка. Асобна за сакавік актывы банкаў, якія не абслугоўваюцца, павялічыліся на 18,2%. Доля праблемных актываў у актывах, якія зазнаюць крэдытную рызыку, павялічылася з 4,6% на 1 студзеня да 5% на 1 сакавіка і да 5,3% на 1 красавіка.

Статыстычныя дадзеныя Нацбанку сьведчаць, што рост праблемных актываў (у рублёвым вымярэньні) супаў з ростам курсам даляра. За першы квартал, нагадаем, курс даляра ў Беларусі вырас больш як на 23%, у тым ліку ў сакавіку — на 15%.

Прадстаўнікі Нацыянальнага банку раней адзначалі, што праблемныя актывы банкаў намінаваныя ў значнай ступені ў замежнай валюце. Адпаведна, рост курсаў замежных валют вядзе да пераацэнкі і павелічэньня праблемнай запазычанасьці ў рублёвым вымярэньні.

Намесьнік старшыні Нацбанку Дзьмітры Калечыц, выступаючы на пашыраным пасяджэньні праўленьня ў студзені гэтага году, адзначаў, што рэгулятар занепакоены фінансавым становішчам шэрагу карпаратыўных пазычальнікаў.

«У цэлым сэктар нефінансавых арганізацый мае няўстойлівае фінансавае становішча, высокі ўзровень закрэдытаванасьці і хранічны недахоп уласных абаротных сродкаў з прычыны неэфэктыўнага кіраваньня асобнымі прадпрыемствамі», — сказаў Калечыц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG