Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыёмы Гёбэльса», «І гэта саюзная дзяржава». Што ў Расеі пішуць пра высылку журналіста «Первого канала»


Падрыхтоўка да параду ў Менску, 2020 год
Падрыхтоўка да параду ў Менску, 2020 год

Міністэрства замежных спраў Беларусі пазбавіла акрэдытацыі здымачную групу Першага фэдэральнага каналу расейскай тэлевізіі. Журналіст Аляксей Кручынін ужо ў Расеі.

Паводле беларускага замежнапалітычнага ведамства, адпаведная камісія прыняла такое рашэньне 6 траўня. Гэта адбылося пасьля таго, як у навінах тэлеканалу быў паказаны рэпартаж пра сытуацыю з COVID-19 у Беларусі.

Падставай да рашэньня МЗС Беларусі стаў рэпартаж, у якім сьцьвярджалася, што нядаўнія велікодныя службы і рэспубліканскі суботнік прывялі да чарговага выбуху COVID-19.

Увечары ў сераду на Беларускай тэлевізіі паказалі выкрывальніцкі сюжэт пра расейскіх калегаў. У матэрыяле «Первого канала» яны налічылі сем фэйкаў.

Пра гэты скандал пішуць у Расеі.

«Независимая газета»: Менск адкрыў супраць Масквы інфармацыйны фронт

Выданьне піша, што, нягледзячы на тое, што Беларусь абвінаваціла расейскіх журналістаў у дэзынфармацыі наконт эпідэмічнай сытуацыі ў краіне, «выкрывальны сюжэт на беларускай тэлевізіі пра расейскіх калегаў больш падобны на абвінавачаньні ў адрас кіраўніцтва РФ, няздольнага справіцца з эпідэміяй».

«Цікава, што ў 20-хвілінным сюжэце журналісты Беларускай тэлевізіі ня столькі расказвалі пра фэйк Аляксея Кручыніна, колькі пра тое, наколькі дрэнна (у параўнанні зь беларускім) спраўляецца з каранавірусам расейскае кіраўніцтва, а насельніцтва не задаволена дзеяньнямі ўлады».

Супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ «Независимая газета» называе «менскімі прапагандыстамі» і нагадвае, што абвінавачваньні ў адрас расейскіх журналістаў у Беларусі выстаўлялі і раней.

У канцы выданьне нагадала, што афіцыйнай статыстыцы Міністэрства аховы здароўя ня вераць у Беларусі недзяржаўныя СМІ і карыстальнікі сацыяльных сетак.

«Недавер выкліканы маніпуляцыямі з дадзенымі, якія відавочныя. Напрыклад, два дні запар Міністэрства аховы здароўя дае адну і тую ж статыстыку колькасьці зробленых тэстаў. Ці значыць гэта, што іх наогул ня робяць нейкі час, каб не павялічваць колькасьць COVID-пазытыўных? У СМІ раз-пораз зьяўляецца інфармацыя аб памерлых мэдыках — ужо ня менш як 10 чалавек, але афіцыйна гэтых дадзеных Міністэрства аховы здароўя не называе і апошнім часам і зусім не адказвае на пытаньні журналістаў, абмяжоўваючыся кароткай даведкай пра колькасьць заражаных, пратэставаных і памерлых».

Саюз журналістаў Расеі: Захады, якія прымаюцца беларускім бокам, празьмерныя

З заявай наконт пазбаўленьня акрэдытацыі супрацоўнікаў «Первого канала» выступіў і Саюз журналістаў Расеі.

«Яшчэ большае зьдзіўленьне выклікае той факт, што здымачная група „Первого канала“ была пазбаўлена акрэдытацыі ў саюзнай Беларусі», — гаворыцца ў заяве.

Там нагадалі, што «журналістыка — найважнейшае зьвяно паміж уладай і грамадзтвам як у сваіх краінах, так і ў міждзяржаўных зносінах», і параілі скарыстацца беларускаму боку правам на абвяржэньне інфармацыі.

«Мы расцэньваем захады, якія прымаюцца беларускім бокам, як празьмерныя, і заклікаем спыніць ціск на расейскіх журналістаў і пастарацца як мага хутчэй знайсьці шляхі выхаду з гэтай сытуацыі з дапамогай пашыранага дыялёгу салідарнасьці СМІ і журналісцкіх арганізацый нашых краін».

Саюз журналістаў Расеі заявіў, што «заўсёды і пасьлядоўна выступае супраць любых спробаў ціску на СМІ».

Regnum пра дзяржаўныя СМІ ў Беларусі: прыёмы Ёзэфа Гёбэльса

Інфармацыйнае агенцтва Regnum піша, што журналістам «Первого канала» яшчэ пашанцавала, бо, калі б яны былі грамадзянамі Беларусі, то даўно б ужо былі за кратамі.

«У Міністэрства інфармацыі постсавецкай рэспублікі ёсьць спэцыяльна створаная камісія для выяўленьня экстрэмізму ў інфармацыйнай прадукцыі, якая дапамагае Сьледчаму камітэту фабрыкаваць крымінальныя справы. Гэтую камісію ўзначальвае спэцыяліст у бібліятэчнай справе Алена Іванова, а „экспэртамі“ выступаюць супрацоўнікі КДБ, МУС, МНС, таго ж Мінінфарму і іншыя, хто раней не адзначыўся ў экспэртнай дзейнасьці».

Агенцтва абвінаваціла супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ Беларусі ў выкарыстаньні прыёмаў Ёзэфа Гёбельса ў асьвятленьні сытуацыі з каранавірусам у Расеі і дадало, што «расейскія журналісты, у сваю чаргу, не апускаюцца да ўзроўню дзяржагітпрапу Беларусі».

«Аднак напярэдадні параду падчас эпідэміі каранавірусу, фармальна прысьвечанага 75-годзьдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, нічога ганебнага ва ўжываньні такіх напрацовак ня бачыць цяперашні беларускі міністар інфармацыі Аляксандар Карлюкевіч».

«Новая газета»: Лукашэнка заўсёды гуляе для гледача па імі Ўладзімір Пуцін

Днямі вялікі артыкул пра тое, як Беларусь спраўляецца з эпідэміяй каранавірусу, апублікавала «Новая газета». Выданьне раскрытыкавала ігнараваньне Аляксандрам Лукашэнкам небясьпекі, рэкамэндацыяў САЗ і правядзеньне параду, параўнаўшы зь ВІЧ-тэрарыстам, які, ведаючы пра сваю інфэкцыю, заражае іншых.

Аўтарка Ірына Халіп піша, што да нядаўняга часу была надзея, што Аляксандар Лукашэнка прадасьць парад за 60 мільёнаў эўра — менавіта столькі паабяцала даць Беларусі на барацьбу з каранавірусам Эўракамісія.

«Але навошта разьменьвацца на дробязі, калі ў выніку можна атрымаць больш? Калі потым, пасьля параду (а да гэтага часу дададуцца яшчэ і поствялікодныя інфікаваныя), выкласьці на стол рэальныя лічбы, можна прымусіць увесь сьвет здрыгануцца і неадкладна скінуцца на дапамогу Беларусі. Напэўна прагучыць звычайны аргумэнт „Мы за вас за ўсіх на фронце кроў пралівалі і цяпер праліваем“, і сьвет павінен будзе ня толькі здрыгануцца, але яшчэ і засаромецца. А гэта ўжо іншыя лічбы, зусім не бездапаможныя 60 мільёнаў эўра».

Халіп перакананая, што Аляксандр Лукашэнка заўсёды гуляе для гледача па імі Ўладзімір Пуцін.

«І цяпер ягоны бэнэфіс. Пуцін адседжваецца дзесьці ў онлайн-бункеры — Лукашэнка ставіць сьвечку ў царкве, сустракаецца з рабочымі на заводзе і нешта саджае на палях краіны. Пуцін падоўжыў карантын — Лукашэнка правёў суботнік і рыхтуецца да параду. Пуцін перанёс парад — Лукашэнка раіць лячыцца гарэлкай і трактарам. Пуцін збаяўся і „саскочыў“ — Лукашэнка бясстрашна праводзіць нарады ў сябе ў рэзыдэнцыі. Нават супраць лябрадораў Пуціна ў Лукашэнкі цяпер ёсьць белы шпіц.

Вось толькі плата за білеты на гэтае шоў — чалавечыя жыцьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG