Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра джазмэна Эдзі Рознэра, які зрабіў зь Беларусі джазавую рэспубліку


Эдзі Рознэр
Эдзі Рознэр

26 траўня споўнілася б 110 гадоў джазаваму музыку, заслужанаму артысту Беларусі Эдзі Рознэру. Свабода сабрала 10 цікавых фактаў пра яго.

Яго жыцьцё — гэта вечныя ўцёкі. Нарадзіўся ў Бэрліне, але з прыходам нацыстаў перабіраецца ў Польшчу, дзе становіцца міжнароднай зоркай і спаборнічае з самім Армстрангам за званьне найлепшага трубача. У 1939-м, з пачаткам вайны, ізноў уцёкі — гэтым разам у СССР. З 1940 году ён кіраўнік Дзяржаўнага джаз-аркестру БССР. І на кароткі час дзякуючы яму Менск становіцца галоўнай джазавай рэспублікай у СССР.

Пасьля вайны спрабуе ўцячы ў Польшчу, але яго арыштоўваюць, і да 1954 году Рознэр адбывае зьняволеньне ў лягерах. Затым, пасьля працяглага жыцьця ў Маскве, Рознэр пераяжджае ў Гомель, а праз год апынаецца ў Заходнім Бэрліне.

Яго творчасьць ня раз была пад забаронай, хоць ёю захапляліся Панамарэнка і Сталін, яго кружэлкі выдаваліся вялікімі накладамі, а затым (пасьля арышту і фінальнага ад’езду на Захад) зьнішчаліся.

1. Яго менскі аркестар адзіны ў СССР іграў сапраўдны джаз

«На ўсёй тэрыторыі СССР у той час было скажонае паняцьце джазу. Так называўся абсалютна любы аркестрык. А калі сказаць па шчырасьці, джазу ў іх музыцы амаль і не было. Аркестар Эдзі Рознэра быў выключэньнем — ён складаўся зь немцаў-уцекачоў, якія ўмелі граць сьвінг, якія вырасьлі на гэтай культуры. Гэты аркестар стаў узорным для некалькіх пакаленьняў джазмэнаў. Яны гралі і клясычныя джазавыя мэлёдыі, аднак прыдумлялі да іх новыя тэксты — каб прапусьціла цэнзура. Мяркую, што Ўцёсаў пераняў гэты прыём менавіта ў Рознэра, бо палова гітоў Уцёсава, найбольш блізкія да джазу, — гэта пераклады заходніх кампазыцый», — расказвае музычны крытык Зьміцер Падбярэскі.

2. Менскі калектыў Рознэра клаў на лапаткі маскоўскіх зорак

«Канцэрты аркестра Эдзі Рознэра ў Белдзяржфілярмоніі (памяшканьне клюбу імя Сталіна, сёньня будынак кінатэатру „Перамога“), якія адбыліся 16–18 красавіка 1940 году, сталі сэнсацыяй сэзону. Перад імі пабляклі і восеньскія канцэрты Леаніда Ўцёсава, і студзеньскія гастролі ў Менску джаз-аркестру Якава Скамароўскага з Клаўдзіяй Шульжэнкай, якая толькі-толькі стала ляўрэатам Першага конкурсу артыстаў эстрады. Горад быў ашаломлены» (Якаў Басін, «Jazz-квадрат», 1997).

3. Першы пры Сталіну ўвёў у джазавы аркестар кардэбалет

«Кардэбалет у канцэртах джаз-аркестраў — рэч зусім нябачаная для даваеннай савецкай эстрады. Расказваюць, што калі адзін з чыноўнікаў Камітэту па справах мастацтва... сказаў Рознэру, што ён гэта ўжо бачыў у Парыжы, той адказаў: «Вось і добра, дайце цяпер і іншым паглядзець» (Якаў Басін, «Jazz-квадрат», 1997).

4. Ягоны калектыў меў у сталінскія часы ўласны цягнік

Беларускі кіраўнік Панамарэнка быў аматарам джазу. Пры ягонай апецы і спрыяньні Рознэр узначаліў новы вялікі джаз-аркестар, які неўзабаве атрымаў статус Дзяржаўнага джазу БССР. Аркестар Рознэра атрымаў спэцыяльны цягнік для гастроляў, які практычна стаў яму домам.

5. Луі Армстранг частаваў яго марыхуанай

«...Эдзі паказваў... фатаграфію, дзе ён у абдымку з Армстрангам. Рознэр вельмі ганарыўся гэтым знаёмствам, шмат расказваў... пра іхны супольны выступ недзе ў Скандынавіі. Армстранг, казаў Эдзі, пакурваў марыхуану, і калі хто яму падабаўся, ён тут жа прапаноўваў пакурыць разам. Рознэра ён называў „мой белы братка“ і ставіўся да яго цёпла» (Мікалай Левіноўскі, «Новое русское слово», 1996, jazz.ru).

6. Пасьля ІІ сусьветнай хацеў уцячы на Захад, а трапіў у лягер

У 1946 годзе ў сувязі з разгорнутай у СССР крытыкай джазу Эдзі Рознэр разам з жонкай — габрэйскай актрысай Рутай Камінскай — і дачкой імкнецца напаўлегальна вярнуцца ў не да канца саветызаваную Польшчу... куды вярталіся эшалёны зь бежанцамі. Эдзі Рознэра і яго сям’ю з Саюзу не выпускалі, і ён імкнуўся ўцячы. Купілі дакумэнты, пераклеілі фатаздымкі. Ён, Рут ды іх дачка Эрыка павінны былі загубіцца ў эшалёне, але ім не пашанцавала... На Лубянцы яго дапытваў сам Берыя... Эдзі атрымаў 10 гадоў калымскіх лягераў. Рут на 5 гадоў адправілі пад Какчэтаў.

7. У сталінскіх лягерах яму калечылі рукі, а ён ратаваў нямецкіх жаўнераў

«Ён паказаў... пажаўцелыя пазногці на пальцах рук і сказаў, што на допытах яго катавалі — заціскалі пазногці ў ціскі...» (Каміла Кудраўцава. Как я работала в оркестре Эдди Рознера).

У лягеры Рознэр сустрэў палоннага нямецкага жаўнера: «Аказалася, хлопец быў таксама бэрлінец — зямляк!.. Рознэр узяў немца ў свой аркестар. Як удавалася Эдзі падманваць лягернае начальства, выдаючы немца за свайго музыку, невядома. Але вядома, што, вярнуўшыся ў Нямеччыну, немец пісаў Рознэру, што марыў зь ім сустрэцца, лічыў сваім выратавальнікам».

8. Ствараў у Гомелі амэрыканскія шоў

Пасьля вяртаньня зь лягераў Рознэр доўгі час жыў і працаваў у Маскве, але на пачатку 70-х нечакана пераехаў у Гомель. Па словах былога дырэктара Гомельскай філярмоніі Валерыя Радзькіна: «Наша філярмонія ў 70-я гады была багатая... Я прапанаваў Рознэру канцэртную стаўку ў восем рублёў супраць шасьці маскоўскіх. Ён, не вагаючыся, згадзіўся... Рознэр... казаў, што такога прафэсійнага аркестру ў яго яшчэ не было... У Гомлі Рознэр ствараў сапраўдныя амэрыканскія джазавыя шоў» (Павал Міцкевіч. Великий джазмен Эдди Рознер: «Я не кольхозный артист!» // «КП в Белоруссии», 22.05.2008).

9. Перажыў у Гомлі сардэчную драму

«Жарсьцю Рознэр палаў шмат да каго... У Гомлі ў Эдзі Ігнатавіча зьявілася чарговая маладая каханка — зь ягонага аркестру. Але прабыў ён зь ёй нядоўга: дзяўчына кінула Рознэра, пайшоўшы да маладога музыкі. Даведаўшыся пра гэта, Эдзі Ігнатавіч прыйшоў да мяне (Валерыя Радзькіна. — РС) дадому. „Як яна магла! Я ж стары хворы чалавек, чаму яна не пашкадавала мяне! Што мне цяпер рабіць? Я не магу безь яе жыць!“ — з гэтымі словамі ўпаў на канапу... Маэстра быў вельмі ранімы...». (Павал Міцкевіч. Великий джазмен Эдди Рознер: «Я не кольхозный артист!» // «КП в Белоруссии», 22.05.2008).

10. На схіле жыцьця шкадаваў, што эміграваў у СССР, а не ў ЗША

«...у мяне была магчымасьць зрабіць кар’еру ў Галівудзе... Халера ясна пацягнула мяне да бальшавікоў, а яны, пся крэў, аддзячылі мне турмой і Магаданам» (Мікалай Левіноўскі, «Новое русское слово», 1996, jazz.ru).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG