Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт Сэнату ЗША мае намер вывучыць дакумэнты ў справе Гантэра Байдэна


Джо Байдэн
Джо Байдэн

Узначальваны рэспубліканцамі камітэт Сэнату ЗША па справах унутранай бясьпекі пастанавіў накіраваць позву для расьсьледаваньня дзеяньняў Гантера Байдэна — сына былога віцэ-прэзыдэнта ЗША.

Як адзначае «Голас Амэрыкі», сэнатары прагаласавалі паводле партыйнага прынцыпу. Усе рэспубліканцы рэзалюцыю падтрымалі, усе дэмакраты выказаліся супраць. Гаворка ідзе аб прадстаўленьні дакумэнтаў, якія тычацца работы Байдэна-малодшага ва ўкраінскай газавай кампаніі Burisma. Інфармацыю хочуць атрымаць ад фірмы Blue Star Strategies, якая супрацоўнічала з Burisma.

Прапанова накіраваць позву паходзіла ад кіраўніка Камітэту па справах унутранай бясьпекі і дзяржаўнага кіраваньня Рона Джонсана. «Сэнатару варта было б працаваць звышурочна, каб ратаваць жыцьці амэрыканцаў, аднак замест гэтага ён імкнецца зьберагчы працу прэзыдэнта», — заявіў, маючы на ўвазе Рона Джонсана, Эндру Бэйтс, прэс-сакратар перадвыбарчага штабу Джо Байдэна, які прэтэндуе на намінацыю кандыдатам у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі.

Летась у сьнежні Палата прадстаўнікоў Кангрэсу, кантраляваная дэмакратамі, абвясьціла імпічмэнт прэзыдэнту Дональду Трампу — у рамках расьсьледаваньня інфармацыі пра ціск кіраўніка Белага дому на ўлады Ўкраіны з мэтай дамагчыся аднаўленьня крымінальнай справы па Burisma і сям’і Байдэна. Сэнат пазьней не прызнаў Трампа вінаватым.

Цяпер дэмакраты абвінавачваюць рэспубліканцаў у спробах з дапамогай расьсьледаваньня ў дачыненьні да сямʼі Байдэна дапамагчы Трампу пераабрацца прэзыдэнтам на заплянаваных на лістапад выбарах. Сэнатар Рон Джонсан сказаў на гэта, што члены камітэту ніякім чынам ня ставяць сваёй задачай паўплываць на хаду перадвыбарчай кампаніі.

У сераду на гэтым тыдні ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны частка заканадаўцаў ініцыявала стварэньне камісіі з мэтай расьсьледаваць інфармацыю пра меркаваны ўплыў былога віцэ-прэзыдэнта ЗША Байдэна на экс-прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку. Прычынай сталі апублікаваныя раней дэпутатам Андрэем Дзеркачом аўдыёзапісы тэлефонных размоваў — нібыта з удзелам гэтых двух палітыкаў. Сапраўднасьць запісаў афіцыйна не пацьверджана.

Выбарчы штаб Джо Байдэна назваў агалошаныя запісы працягам намаганьняў Расеі па дыскрэдытацыі амэрыканскага палітыка-дэмакрата. Масква абвінавачаньні ва ўмяшаньні ў выбары ў ЗША і іншых краінах заўсёды адмаўляла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG