Ва Ўкраіне штогод у трэці чацьвер траўня адзначаецца Дзень вышыванкі.
Прэзыдэнцкая сям’я Зяленскіх з нагоды Дня вышыванкі, які адзначаецца 21 траўня, вырашыла зрабіць падарункі лідэрам шэрагу краін сьвету — традыцыйныя ўкраінскія вышытыя сарочкі атрымаюць кіраўнікі ЗША, Нямеччыны, Францыі, Канады, Польшчы, Турэччыны ды іншых краін.
«Прэзыдэнту Лукашэнку таксама адправяць сёньня вышыванку», — паведаміла Свабодзе прэсавая сакратарка ўкраінскага прэзыдэнта Юлія Мэндэль.
У прэсавай службе прэзыдэнта Ўкраіны адзначылі, што ўкраінскія вышыванкі накіроўваюцца кіраўнікам дзяржаў і іхным сужэнцам, а Аляксандар Лукашэнка атрымае толькі адну вышыванку.
Падарунак суправаджаецца лістом, падпісаным Уладзімірам і Аленай Зяленскімі:
«21 траўня ва Ўкраіне адзначаецца Дзень вышыванкі — сьвята, закліканае зьберагчы і шанаваць старажытныя традыцыі нашага народу. Вышыванка — гэта самабытны код нашага этнасу з зашыфраванымі ў арыгінальных арнамэнтах абярэгамі ды сымбалямі. Ад шчырага сэрца хочам падзяліцца з вамі часткай украінскай гісторыі ды аўтэнтыкі».
У прэсавай службе прэзыдэнта Ўкраіны адзначылі, што ўкраінскія вышыванкі накіроўваюцца кіраўнікам дзяржаў і іхным сужэнцам.
Цяпер у Аляксандра Лукашэнкі ўжо як мінімум дзьве ўкраінскія вышыванкі — летась аналягічны падарунак яму зрабіў галоўны рэдактар тэлеканалу «Україна» Юры Сугак, запрошаны на сустрэчу кіраўніком Беларусі разам зь іншымі ўкраінскімі журналістамі.
Ва Ўкраіне штогод у трэці чацьвер траўня адзначаецца Дзень вышыванкі. Гісторыя гэтага сьвята пачалася ў 2006 годзе з ініцыятывы ўкраінскай пісьменьніцы і журналісткі Лесі Варанюк, якая тады вучылася ў Чарнавецкім нацыянальным унівэрсытэце і прапанавала ўсім студэнтам у пэўны дзень надзець вышытыя кашулі ці сукенкі.
За некалькі гадоў асобная ўнівэрсытэцкая акцыя перарасла ва ўсясьветную, а самі вышыванкі сталі ці не найбольш яскравай адметнасьцю міжнароднага сьвету моды.