Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што дарылі Лукашэнка і кіраўнікі беларускага ўраду ўкраінскім калегам


Апошнім часам паміж Кіевам і Менскам няма значных міжурадавых візытаў. Афіцыйным уладам краін не да таго: Украіна змагаецца з расейскай агрэсіяй на Данбасе, Беларусь перажывае эканамічны крызіс і да таго ж мае спрэчкі з трэцім бокам — Расеяй. Між тым Беларусь і Ўкраіна сёлета адзначылі 25 гадоў дыпляматычных адносін, нязьменным атрыбутам якіх былі візыты і афіцыйныя падарункі.

Першыя асобы розных дзяржаў пачалі абменьвацца падарункамі задоўга да нашых часоў, калі яшчэ ня быў распрацаваны дыпляматычны пратакол і этыкет, які цяпер ужо вызначае пэўныя парамэтры VIP-сувэніраў. Адпаведна пратаколу яны павінны быць нэўтральнымі або перадаваць нацыянальны калярыт краіны. Але экспэрты часта адзначаюць у падарунках пэўны сымбалізм. Яшчэ са старажытных часоў валадары выкарыстоўвалі падарункі, каб задобрыць свайго партнэра на перамовах, выказаць яму павагу, або, наадварот, абразіць ці напалохаць. Які сымбалізм прысутны ў беларускіх падарунках першым асобам Украіны, Свабода высьвятляла ў кіеўскіх музэях.

У запасьніках можа быць больш за 100 падарункаў

За ўвесь час двухбаковых беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў на ўзроўні прэзыдэнтаў адбылося больш як 30 афіцыйных сустрэч, на ўзроўні кіраўнікоў урадаў і міністраў замежных спраў — больш як 20, і на парлямэнцкім — больш за 10. Зыходзячы з гэтай статыстыкі і адштурхоўваючыся ад дыпляматычнага пратаколу, вышэйшыя адказныя асобы Ўкраіны ды Беларусі маглі абмяняцца больш як 100 падарункамі. Аднак у фондах, прынамсі ўкраінскіх, іх няшмат: тры падарункі ад прадстаўнікоў ураду Беларусі захоўваюцца ў Музэі гісторыі ўрадаў Украіны і 7 — у Фондзе прэзыдэнтаў Украіны, які створаны ў Нацыянальнай бібліятэцы Ўкраіны імя Вярнадзкага.

Дэкаратыўныя талеркі ды карціны

Беларускія чыноўнікі прытрымліваюцца пратаколу — для падарункаў сваім украінскім калегам яны часьцей абіраюць карціны, нацыянальныя вырабы і дэкаратыўныя талеркі, на якіх адлюстраваныя гістарычныя мясьціны Беларусі.

Такую талерку атрымаў на памяць Віктар Януковіч
Такую талерку атрымаў на памяць Віктар Януковіч

У розныя гады па аднолькавай дэкаратыўнай талерцы зь дзяржаўнай сымболікай Беларусі атрымалі: віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Генадзь Зубко — ад прэм’ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова ў 2016 годзе, і прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч — ад Аляксандра Лукашэнкі ў 2013 годзе. Штопраўды, надпісы на талерцы выкананыя на расейскай мове.

Падарунак Дзьмітрыя Кацярыніча Генадзю Зубкову
Падарунак Дзьмітрыя Кацярыніча Генадзю Зубкову

Ва ўрадавым фондзе прадстаўленыя падарункі толькі апошніх гадоў. У траўні 2015 году генэральны дырэктар ААТ «Менскі аўтамабільны завод» Дзьмітры Кацярыніч падарыў украінскаму віцэ-прэм’еру Генадзю Зубку мэталічную гравюру, адначасова задэкляраваўшы гатоўнасьць ня толькі пастаўляць ва Ўкраіну грузавікі, але і арганізаваць супольную вытворчасьць.

Карціна на паляўнічую тэматыку ад Андрэя Кабякова
Карціна на паляўнічую тэматыку ад Андрэя Кабякова

2015 годам датаваная і карціна, выкананая на дрэве, зь сюжэтам на паляўнічую тэматыку — воўк нясе ў зубах зайца. Такі падарунак ад кіраўніка беларускага ўраду Андрэя Кабякова таксама атрымаў віцэ-прэм’ер Генадзь Зубко, верагодна, падчас ягонай паездкі ў Менск на пасяджэньне супольнай беларуска-ўкраінскай міжурадавай камісіі ў пытаньнях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Тады бакі, мяркуючы па афіцыйных паведамленьнях украінскага ўраду, дамовіліся пра магчымую фінансавую дапамогу Беларусі ўкраінскім вытворцам сельскагаспадарчай тэхнікі.

Уладзімер Татарэнка праводзіць экскурсію ў Музэі гісторыі ўрадаў Украіны
Уладзімер Татарэнка праводзіць экскурсію ў Музэі гісторыі ўрадаў Украіны

«У нас ёсьць падарункі, якія атрымлівалі прэм’еры Азараў, Еханураў, Яцанюк. Але, на жаль, беларускіх няшмат. Наагул, сувэніры — толькі невялікая частка нашай агульнай экспазыцыі, якая распавядае пра гісторыю ўрадаў Украіны, якія існавалі з 1917 году, з часоў Украінскай народнай рэспублікі да цяперашняга часу», — кажа загадчык сэктару па пытаньнях гісторыі ўрадаў Украіны сакратарыяту Кабінэту міністраў Уладзімер Татарэнка. Паводле яго, найбольш актыўна фонды музэю пачалі папаўняцца экспанатамі-падарункамі толькі ў часе прэм’ерства Арсенія Яцанюка, які патрабаваў ад сваіх падначаленых абавязкова перадаваць сюды падарункі, атрыманыя падчас афіцыйных ды працоўных візытаў.

«Беларусачка» для Юшчанкі ды вышыванка для Кучмы

Летась у жніўні з нагоды 25-годзьдзя незалежнасьці Ўкраіны Аляксандар Лукашэнка перадаў свайму ўкраінскаму калегу Пятру Парашэнку слуцкі пояс. Пакуль, праўда, дзе ён — невядома, але паводле заканадаўства ўсе прэзыдэнцкія падарункі перадаюцца ў Фонд прэзыдэнтаў Украіны.

Аляксандар Лукашэнка падарыў Леаніду Кучму вышыванку
Аляксандар Лукашэнка падарыў Леаніду Кучму вышыванку

Галоўнымі ж беларускімі экспанатамі тут пакуль застаюцца вышыванка, падараваная беларускім прэзыдэнтам Леаніду Кучму, і лялька (вышынёй больш як адзін мэтар) — прэзыдэнту Віктару Юшчанку. Дакладных дат, калі былі зробленыя гэтыя падарункі, супрацоўнікі фонду ня ведаюць.

Падарунак Аляксандра Лукашэнкі Віктару Юшчанку
Падарунак Аляксандра Лукашэнкі Віктару Юшчанку

Магчыма, ляльку Аляксандар Лукашэнка падарыў Віктару Юшчанку ў 2009 годзе падчас свайго афіцыйнага візыту ў Кіеў, якраз напярэдадні чарговай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ва Ўкраіне. Украінскія журналісты тады пабачылі ў гэтым сувэніры палітычны падтэкст — маўляў, такім чынам Лукашэнка выказаў падтрымку лідэрцы партыі «Бацькаўшчына». Паводле іх, пра гэта наўпрост сьведчыў каравай, які лялька трымае ў руках — ён нагадвае прычоску, якая стала візытоўкай Юліі Цімашэнкі. Тады ж Аляксандар Лукашэнка сустракаўся і зь ёй. «У вас вельмі цяжкія часы, на бедную жанчыну навалілася столькі праблем — яна адна сярод мужыкоў ваюе. Я не магу вас павіншаваць з тым, што адбываецца, я проста жадаю, каб вы цэлыя і здаровыя выйшлі з гэтага пабоішча», — сказаў тады Аляксандар Лукашэнка Юліі Цімашэнцы.

Дырэктарка Фонду прэзыдэнтаў Украіны Людміла Галаган
Дырэктарка Фонду прэзыдэнтаў Украіны Людміла Галаган

«Падарункі першым асобам адлюстроўваюць менавіта міждзяржаўныя дачыненьні. Нейкіх намёкаў у падарунках мы не заўважалі і не вывучалі адмыслова магчымае сымбалічнае іх значэньне. У асноўным гэта адлюстраваньне менавіта міждзяржаўных адносін», — кажа дырэктарка Фонду прэзыдэнтаў Украіны Людміла Галаган.

Кампазыцыя «Белая Русь»
Кампазыцыя «Белая Русь»

Але лялька — не адзіны сувэнір Аляксандра Лукашэнкі для Віктара Юшчанкі. Падчас адной з сустрэч ён падарыў кампазыцыю «Белая Русь», на якой выбіты надпіс па-беларуску: «Дзе пачатак пачаткаў сэнсу жыцьця і пачуцьця сьвятога — радзіма».

На ваўняным дыване — партрэты кіраўнікоў дзяржаў СНД
На ваўняным дыване — партрэты кіраўнікоў дзяржаў СНД

Экспазыцыйную залю прэзыдэнцкіх падарункаў у Нацыянальнай бібліятэцы імя Вярнадзкага ўпрыгожвае вялікі дыван з партрэтамі кіраўнікоў дзяржаў СНД, у тым ліку і Аляксандра Лукашэнкі. «Гэты дыван падарыў Леаніду Кучму прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон. Мяркуем, на дзесяцігодзьдзе стварэньня СНД», — сказала Людміла Галаган.

Карціну-аплікацыю «Менск» Леаніду Кучму падарыў Аляксандар Вайтовіч
Карціну-аплікацыю «Менск» Леаніду Кучму падарыў Аляксандар Вайтовіч

Іншыя беларускія экспанаты фонду — падарунак Леаніду Кучму ад старшыні Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Вайтовіча (сакавік 2003 году) ды карціна «Плошча Незалежнасьці» беларускага мастака Вадзіма Шафранскага — падарунак прэм’ера Ўладзімера Ярмошына Леаніду Кучму (2000 або 2001 год).

«Плошча незалежнасьці», праца беларускага мастака Вадзіма Шафранскага
«Плошча незалежнасьці», праца беларускага мастака Вадзіма Шафранскага

«Кожны падарунак зь іншай краіны ўнікальны і цікавы, бо яны знаёмяць з культурай, паказваюць нейкую асаблівую культурную каштоўнасьць краіны ці проста славутасьці той краіны, зь якой яны падораны. Часта пры выбары падарункаў улічваюцца захапленьні або асаблівасьці прэзыдэнтаў. Напрыклад, Леаніду Кучму шмат дарылі сувэніраў на касьмічную тэматыку, бо ён быў датычны да гэтай галіны. Віктару Юшчанку шмат дарылі прадметаў народных промыслаў, таму што ён гэтым захапляўся. Віктару Януковічу часьцей дарылі пісьмовыя прылады або нешта на рэлігійную тэматыку, а Пятру Парашэнку — ужо ў асноўным сымбалічныя падарункі, якімі яму спрабуюць сказаць пра неабходнасьць абʼядноўваць краіну, або на вайсковую тэматыку», — кажа малодшы навуковы супрацоўнік Фонду прэзыдэнтаў Украіны Андрэй Кушэрскі.

Супрацоўнік Фонду прэзыдэнтаў Украіны Андрэй Кушэрскі распавядае пра прэзыдэнцкія падарункі
Супрацоўнік Фонду прэзыдэнтаў Украіны Андрэй Кушэрскі распавядае пра прэзыдэнцкія падарункі

«Залаты» танк Парашэнкі

Пасьля Рэвалюцыі годнасьці ва Ўкраіне ў 2014 годзе грамадзкасьць была ўзрушаная колькасьцю «залатых» прадметаў і падарункаў, знойдзеных у рэзыдэнцыях былога кіраўніцтва — прэзыдэнта Віктара Януковіча і генэральнага пракурора Віктара Пшонкі — залатыя батоны, крыжы, іконы. Гэты трэнд, ужо з іроніяй, падтрымліваецца і ў падарунках цяперашняму прэзыдэнту. Падчас наведваньня навучальнага цэнтру Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны ў Новых Пятрыўцах, што непадалёк ад рэзыдэнцыі Віктара Януковіча «Межыгор’е», Пятру Парашэнку падарылі «залаты» макет танка «Т-72» — ён таксама перададзены ў Фонд прэзыдэнтаў Украіны.

«Залаты» танк Пятра Парашэнкі
«Залаты» танк Пятра Парашэнкі

Нацыянальнае заканадаўства Ўкраіны па прадухіленьні карупцыі істотна абмяжоўвае «падарункавыя магчымасьці» прадстаўнікоў улады. Ім дазваляецца атрымліваць падарункі, калі іх кошт не перавышае адну мінімальную заработную плату, устаноўленую на дзень прыняцьця падарунка (цяпер гэта 3200 грыўняў, афіцыйны курс: 1 даляр — 27,04 грыўні), а сукупны кошт такіх падарункаў, атрыманых ад адной асобы або групы асоб на працягу году, не павінен перавышаць двух пражытковых мінімумаў — цяпер гэта 3 тысячы 88 грыўняў. А ўсе падарункі, атрыманыя падчас афіцыйных сустрэч і візытаў, лічацца дзяржаўнай уласнасьцю і павінны перадавацца на захаваньне ў адпаведныя музэі ці фонды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG