Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

«Вызваляй!» У Кіеве каля беларускай амбасады заклікалі спыніць рэпрэсіі ў Беларусі

У Кіеве каля амбасады Беларусі ва Ўкраіне ўкраінскія і беларускія актывісты правялі акцыю салідарнасьці. Яны заклікалі беларускую ўладу вызваліць усіх палітвязьняў, затрыманых у часе збору подпісаў за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта.

«Адчуваю сябе абражаным», — лідэр J:Морс падтрымаў прапанаваны Бабарыкам рэфэрэндум

Лідэр беларускага рок-гурту J:Морс Уладзімер Пугач на сваёй старонцы ў Фэйсбуку выказаўся ў падтрымку рэфэрэндуму за Канстытуцыю 1994 году, прапанаванага патэнцыйным кандыдатам на прэзыдэнта Віктарам Бабарыкам, які цяпер знаходзіцца ў зьняволеньні ў турме КДБ.

Пасьля абвесткі пра закрыцьцё ля крамы Symbal.by утварылася чарга. АМАП затрымаў пакупнікоў

У чарзе стаялі каля 50 чалавек, затрымалі каля 20.

Тэлевядоўца Кахно пра затрыманьні: «У краіне адбываюцца жахлівыя рэчы»

«Я ўбачыў, як чаргу ў краму symbal.by хапаюць байцы АМАПу і запіхваюць у аўтазак. Я жыву за два кварталы ад гэтага месца. На гэтым відэа ад вас, міліцыя, уцякае сівая бабулька. Вы што?! Вы павінны абараняць людзей, гарантаваць іх бясьпеку. У гэтай чарзе няма злачынцаў. Што вы робіце? Мне брыдка і агідна бачыць тое, што адбываецца.

Калі б мы гулялі там з сынам, нас бы таксама схапілі гэтыя людзі? Нас бы таксама запхнулі ў аўтазак? За намі беглі б гэтыя страшныя людзі ў чорным?»

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША заклікаў Беларусь паважаць грамадзянскія правы

Улады Беларусі зазнаюць усё большы міжнародны ціск у сувязі з затрыманьнямі прынамсі 14 журналістаў, трох зь якіх абвінавацілі за рэпартажы з акцыяў пратэсту супраць кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі на мінулым тыдні. Выказаўся і Дзяржаўны дэпартамэнт Злучаных Штатаў.

Мэдыякарпарацыя Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода атрымала электронны ліст Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША з заклікам да ўраду Беларусі паважаць правы чалавека, дэмакратычныя нормы і выконваць абавязаньні, узятыя на сябе дзяржавай у якасьці ўдзельніцы АБСЭ. Сярод гэтых абавязаньняў — забесьпячэньне свабодных і справядлівых выбараў.

«Свабодныя і справядлівыя выбары — гэта нешта большае, чым падзеі, што адбываюцца ўласна ў дзень галасаваньня. Мы заклікаем урад Беларусі забясьпечыць роўныя ўмовы для ўсіх, хто жадае ўзяць удзел у выбарах, уключна з рэгістрацыяй кандыдатаў, доступам да СМІ ды іншымі аспэктамі кампаніі, — гаворыцца ў лісьце Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, адрасаваным уладам Беларусі. — Павага да фундамэнтальных свабодаў, у тым ліку свабоды мірных сходаў, свабоды слова і свабоды асацыяцыяў, мае вырашальнае значэньне для ўмацаваньня ўзаемадачыненьняў паміж ЗША і Беларусьсю».

Ціск на СМІ ў Беларусі адбываецца адначасова з наступам Лукашэнкі на лідэраў апазыцыі. Пад арыштам галоўныя патэнцыйныя кандыдаты, і гэта, як лічаць назіральнікі, стала найбольшым выклікам Аляксандру Лукашэнку за ўвесь пэрыяд яго кіраваньня.

Мікалай Казлоў: Лукашэнка рыхтуецца не да выбараў, а да вайны з народам

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, які ўдзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі, расказвае, чаму трэба прымусіць зьняцца кандыдатаў-спойлераў, заяўляе, што нягоднікаў у міліцыі абсалютная меншасьць, і раіць, як сябе паводзіць, калі вас затрымліваюць. Інтэрвію тыдня зь Мікалаем Казловым чытайце па спасылцы.

«Не ўкладаюцца ў галаве жорсткасьць і гвалт». Музыкі Naviband хочуць, каб беларусы «прачнуліся іншымі»

Удзельнікі папулярнага дуэту Naviband Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка прэзэнтавалі ў Telegram песьню пад назвай «Іншымі». Яна прысьвечана апошнім падзеям у Беларусі.

«Мы любім нашу краіну, сьпяваем на роднай мове і шчыра верым у сьвятло, сілу і дабро нашых людзей, незалежна ад іх поглядаў! — напісалі музыкі ў сваім Інстаграме. —У нас не ўкладаецца ў галаве жорсткасьць і гвалт да звычайных людзей. Нам робіцца страшна. Маўчаць ўжо немагчыма! Мы прачнемся іншымі!». Цалкам чытайце тут.

Францыя заклікала Беларусь захоўваць свабоду слова і дэманстрацыяў

Міністэрства замежных справаў Францыі заклікала Беларусь выконваць свае міжнародныя абавязаньні і забясьпечыць захаваньне свабоды слова і дэманстрацыяў.

«Турэмнае зьняволеньне двух кандыдатаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, а таксама затрыманьне грамадзян і журналістаў на дэманстрацыях апошніх дзён у іх падтрымку супярэчаць міжнародным абавязаньням Беларусі як удзельніцы Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе», — сказана ў заяве францускага замежнапалітычнага ведамства.

«Час Лукашэнкі скончыўся», — Сьвятлана Алексіевіч пра жорсткія затрыманьні і падтрымку Віктара Бабарыкі

«Мне падабаюцца людзі, якія сёньня выходзяць на вуліцы і якія кажуць уладам, што зь імі так абыходзіцца нельга», — нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч перакананая, што народ прагне сумленных выбараў і падтрымлівае Віктара Бабарыку. Чытайце вялікае інтэрвію зь пісьменьніцай па спасылцы.

З пачатку выбарчай кампаніі больш за 300 чалавек агулам асудзілі на 1568 сутак і 167 000 рублёў штрафаў

Паводле праваабаронцаў «Вясны», з пачатку цяперашняй выбарчай кампаніі 111 чалавек атрымалі агулам 1568 содняў арышту паводле адміністрацыйных артыкулаў, выкарыстаных у мэтах палітычнага перасьледу. 205 чалавек пакараныя штрафамі агульным памерам больш за 167000 рублёў.

Праваабаронцам вядома прынамсі пра 650 адвольных затрыманьняў у пэрыяд з 6 траўня па 23 чэрвеня.

Толькі на акцыях «Ланцуг салідарнасьці» (а таксама перад самімі акцыямі і пасьля), якія праходзілі па ўсёй Беларусі з 18 па 21 чэрвеня, агулам затрымалі больш за 360 чалавек у 19 гарадах Беларусі: Менск (больш за 260 чалавек), Гомель (13), Бабруйск (12), Наваполацак (10), Ганцавічы (10), Барысаў (10), Наваградак (9), Віцебск (7), Магілёў (6 ці болей), Берасьце (6), Рэчыца (3), Ваўкавыск (3), Маладэчна (3), Салігорск (2), Горадня (2), Ворша (2), Сьветлагорск (1), Ліда (1), Слуцак (мінімум 1).

Над часткай затрыманых на акцыях прайшлі 22 і 23 чэрвеня. 8 чалавек атрымалі агулам 90 дзён арышту і як мінімум 78 чалавекам агулам прысудзілі каля 50 500 рублёў штрафаў. На ўдзельнікаў акцыяў працягваюць складаць пратаколы і судзіць іх.

Ці магчыма вярнуць Канстытуцыю 1994 году? Разьбіраемся з экспэртамі

Празь дзень пасьля затрыманьня Віктара Бабарыкі ягоны штаб апублікаваў відэазварот. У ім патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты заклікаў ініцыяваць рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыю. А за ўзор узяць Канстытуцыю 1994 году. Свабода запыталася ў экспэртаў, наколькі рэальна рэалізаваць заклік Віктара Бабарыкі. Чытайце па спасылцы.

Суд не задаволіў скаргу на затрыманьне Бабарыкі

У судзе Цэнтральнага раёну Менску 24 чэрвеня на закрытым паседжаньні разглядалі скаргу адвакатаў на затрыманьне патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, піша Tut.by. Скаргу не задаволілі, адвакаты зьбіраюцца абскардзіць рашэньне ў Менскім гарадзкім судзе. Цалкам чытайце тут.

Ад каго Лукашэнка зьбіраецца бараніць незалежнасьць, калі адносіны з Расеяй паляпшаюцца?

Паляпшэньне адносін паміж Менскам і Масквою разбурае ўсю перадвыбарчую піяраўскую канструкцыю аб пагрозе незалежнасьці з боку Расеі і вобраз Лукашэнкі як абаронцы сувэрэнітэту, разважае аналітык Свабоды Валер Карбалевіч у новым блогу. Чытайце па спасылцы.

Новыя арышты і штрафы. 24 чэрвеня працягнулі судзіць за «ланцугі салідарнасьці». Абнаўляецца

Ад 22 чэрвеня ў Беларусі трываюць суды за акцыі салідарнасьці са зьняволенымі Віктарам Бабарыкам і Сяргеем Ціханоўскім. Сьпіс выракаў 24 чэрвеня прыводзіць праваабарончы цэнтар «Вясна».

Ужо асудзілі:

  • Уладізслаў Труханаў — 15 сутак арышту (суд Цэнтральнага раёну Гомля, судзьдзя Віктар Казачак);
  • Мікалай Алейнік — 15 сутак арышту, ня быў затрыманы ў залі суду (суд Маладэчанскага раёну, судзьдзя Вольга Дубовік, суд адкладалі з панядзелка, калі падсуднаму выклікалі «хуткую дапамогу»);
  • Ала Грэчка — штраф 270 рублёў (суд Цэнтральнага раёну Гомля);
  • Дзьмітры Наўгародскі — штраф 135 рублёў (суд Слонімскага раёну, судзьдзя Аляксандар Ярмолік);
  • Дзьмітры Дэйко — штраф 135 рублёў (суд Слонімскага раёну, судзьдзя Аляксандар Ярмолік);
  • Кацярына Крывушына — штраф 135 рублёў (суд Слонімскага раёну, судзьдзя Аляксандар Ярмолік);
  • Вольга Наўгародская — штраф 108 рублёў (суд Слонімскага раёну, судзьдзя Аляксандар Ярмолік);
  • Аляксандра Вялічка — штраф 108 рублёў (суд Слонімскага раёну, судзьдзя Аляксандар Ярмолік);
  • Ксенія Точаная — штраф 108 рублёў (суд Слонімскага раёну, судзьдзя Аляксандар Ярмолік).

Абнаўляецца тут.

«Калі жадаеш дабра свайму народу, сыдзі!». Экс-журналістка прэзыдэнцкага пулу пра схіл эпохі Лукашэнкі

«У гісторыі не было станоўчага прыкладу, каб празьмернае знаходжаньне ва ўладзе суправаджалася росквітам дзяржавы, прыходам дэмакратыі і ўсеагульным шчасьцем. Калі ты рэальна жадаеш дабра свайму народу і адчуваеш, што выпадаеш з кантэксту сусьветных працэсаў, зрабі, каб людзям стала лепей. Сыдзі!»

Інга Хрушчова, былая тэлепрапагандыстка, разважае пра страчаны беларусамі вотум даверу да Лукашэнкі. Чытайце ў інтэрвію па спасылцы.

Гімнастка Станюта: Дзе падзеўся закон, які нас ахоўвае?!

Гімнастка Меліціна Станюта ў сваім інстаграме абурылася затрыманьнямі каля крамы Symbal.by.

«У дэмакратычных краінах калі грамадзянін не парушае закон — ён пад аховай! А што гэта было ўчора?!?! Стаіш у чарзе ў краму — сядзіш у аўтазаку! Дзе падзеўся закон, які нас ахоўвае?!?!», — напісала Станюта.

«Тое, што яны робяць, — дзіка». Віцябляніна аштрафавалі за «ланцуг салідарнасьці» і будуць судзіць за непадпарадкаваньне міліцыі

За ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» Аляксандра Мацеюка аштрафавалі на 945 рублёў. На судзе ён даведаўся, што на яго склалі яшчэ адзін пратакол — за непадпарадкаваньне міліцыі. Пасьля вызваленьня Аляксандар зьвярнуўся ў судмэдэкспэртызу, каб зьняць пабоі, нанесеныя яму пры затрыманьні. Слуханьне другой справы перанесьлі на некалькі дзён.

Аляксандру 38. Раней ён цікавіўся палітыкай толькі ўскосна, а сёлета актыўна выказвае сваю грамадзянскую пазыцыю. Аляксандар, перадусім, за перамены. «Я ў любой групе, якая хоча годнага жыцьця», — кажа ён. Чытайце гісторыю Аляксандра па спасылцы.

У Гомлі ўсё яшчэ штрафуюць за травеньскія акцыі ў падтрымку Ціханоўскага

Суд Цэнтральнага раёну Гомля разгледзеў пратакол, складзены міліцыяй на Алу Грэчку. Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і пакаралі штрафам — 270 рублёў. Цалкам чытайце па спасылцы.

Ці ня стане парад у Маскве апошнім для Лукашэнкі на пасадзе кіраўніка краіны? Аналіз

Ці ня стане парад апошнім для Лукашэнкі на пасадзе кіраўніка краіны? Ці захаваецца Рэспубліка Беларусь як сувэрэнная дзяржава або Ўладзімір Пуцін даможацца яе «глыбокай інтэграцыі?

Палітычную сытуацыю ў Беларусі ў праграме Расейскай службы Радыё Свабода «Лицом к событию» абмяркоўваюць расейскі журналіст Дзьмітрый Навоша, каардынатар праекту «Эўрапейскі дыялёг» Анатоль Лябедзька, пісьменьнік Уладзімір Някляеў. Вядзе перадачу Міхаіл Сакалоў. Чытайце па спасылцы.

«Вельмі цікавіцца тым, што адбываецца ў краіне». Адвакат убачыўся зь Віктарам Бабарыкам

Адзін з адвакатаў Віктара Бабарыкі Дзьмітры Лаеўскі праз чатыры дні змог убачыцца са сваім падабаронным у КДБ, куды яго выклікалі для працэсуальных дзеяньняў і дзе яму ўдалося крыху пагаварыць з Бабарыкам, паведаміў Tut.by.

«Віктар Дзьмітрыевіч здаровы, вельмі цікавіцца тым, што адбываецца ў краіне. (...) З жыцьцёвага: Віктар Дзьмітрыевіч цяпер плянуе правесьці дэталёвы параўнальны аналіз усіх рэдакцый нашай Канстытуцыі, паколькі ўсё, што адбываецца зь ім, у яшчэ большай ступені ўмацавала яго перакананасьць у важнасьці таго, якая Канстытуцыя павінна быць у аснове заканадаўства.

Датычна лістоў, якія яму пішуць людзі — на жаль, на дадзены момант ён нічога не атрымаў. Мы спадзяемся, што ў гэтым пытаньні ўсё наладзіцца і яму будуць перадаваць лісты», — адзначыў Лаеўскі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG