Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

«Мы для іх проста «мяса» — опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук адрэагавала на жорсткія затрыманьні

«У мяне праўда ўжо некалькі дзён баліць сэрца, я пастаянна плачу. Бо я ня ведаю, што рабіць у такой сытуацыі, калі ўлады, АМАП, міліцыя абараняюць не народ, а рэжым», — 24 чэрвеня опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук апублікавала ў Фэйсбуку пост з рэакцыяй на затрыманьні каля крамы Symbal.by. Пост пачынаецца словамі «Не магу маўчаць!» і завяршаецца воклічам «Жыве Беларусь!».

У інтэрвію Свабодзе Маргарыта распавяла пра распавядае пра вясковых сваякоў, міліцэйскі гвалт і АМАП, для якога людзі — «проста мяса». Чытайце па спасылцы.

«Я буду насіць вашу цішотку кожны дзень». Акторка Купалаўскага з атачэньня Лукашэнкі адрэагавала на затрыманьні каля Symbal.by

Марта Голубева, акторка Купалаўскага тэатру і экс-салістка «Верасоў» пракамэнтавала ў Інстаграме затрыманьні людзей у чарзе каля крамы Symbal.by 23 чэрвеня.

«Людзей затрымалі за тое, што яны стаялі ў чарзе ў краму. Лю́быя Symbal.by, я буду насіць вашу цішотку кожны дзень. У мяне ёсьць і кубачак», — напісала яна ў сторыс Інстаграм. На фота ў сторыс Марта ў масцы стаіць каля крамы Symbal.by, пад фота падпіс: «страшэнна хочацца купляць беларускае».

Марту Голубеву раней ня раз бачылі ў атачэньні Аляксандра Лукашэнкі. Упершыню яе заўважылі ў кампаніі Лукашэнкі на сьвяточным канцэрце ў гонар Дня незалежнасьці ў 2008 годзе. На знакамітым фота, якое зьявілася ў многіх СМІ, 18-гадовая салістка «Верасоў» танчыла разам з прэзыдэнтам. З таго часу яна стала пэрыядычна зьяўляцца побач з Лукашэнкам на сьвецкіх раўтах і афіцыйных сустрэчах. Далей чытайце па спасылцы.

«Вельмі цікавіцца тым, што адбываецца ў краіне». Адвакат убачыўся зь Віктарам Бабарыкам

Адзін з адвакатаў Віктара Бабарыкі Дзьмітры Лаеўскі праз чатыры дні змог убачыцца са сваім падабаронным у КДБ, куды яго выклікалі для працэсуальных дзеяньняў. Яму ўдалося крыху пагаварыць з Бабарыкам/

Шоўмэн і сьпявак Іван Вабішчэвіч: «Перамены патрэбныя!»

Сьпявак і шоўмэн Іван Вабішчэвіч, вядомы пад псэўданімам Дзядзя Ваня, выказаўся ў сваім інстаграме пра выбарчую кампанію і заклікаў да пераменаў.

Цапкала падаў у ЦВК дакумэнты: «Ня бачым ніводнай прычыны, якая б магла паслужыць падставай для адмовы»

Былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў, былы амбасадар у ЗША Валеры Цапкала 24 чэрвеня падаў у ЦВК дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты.

«Сабралі 220 тысяч, аддалі ў выбаркамы 160 тысяч, — сказаў Цапкала журналістам. — Мы самі правялі рэвізію якасьці сабраных подпісаў... На сёньняшні момант мы ня бачым ніводнай прычыны, якая б магла паслужыць падставай для адмовы ў рэгістрацыі».

Чаму Пазьняк супраць Бабарыкі, а Алексіевіч — за

Ці працуе тэма фашызму ў цяперашнім палітычным канфлікце ў Беларусі? Як апошнім часам зьмянілася стаўленьне беларусаў да Расеі?

Гэтыя тэмы абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Сьцісла

Карбалевіч:

  • Калі беларусы хочуць моцна абразіць нейкага чалавека ці палітычную сілу, то іх называюць «фашысты».
  • Паляпшэньне адносін з Расеяй разбурае ўсю перадвыбарчую піяраўскую канструкцыю пра пагрозу незалежнасьці з боку РФ і вобраз Лукашэнкі як абаронцы сувэрэнітэту.
  • З розных палітычных флянгаў робяцца вялікія намаганьні, каб штучна сканструяваць «руку Масквы».
  • Абвінавачваньне Бабарыкі ў прарасейскасьці ў асяродзьдзі непалітызаваных абыватэляў не працуе. Яны думаюць, маўляў, ну і што, што прарасейскі? Што тут дрэннага?

Цыганкоў:

  • Сёньняшні беларускі палітычны лад акурат мае вельмі шмат паралеляў і падабенстваў з клясычным фашызмам, напрыклад, з італьянскім 30-х гадоў.
  • Выбарчая кампанія паказала, што Масква менш за ўсё жадае мяняць Лукашэнку, дапамагаць нават тым кандыдатам, якіх называюць прарасейскімі.
  • Стаўленьне да Расеі за апошнія месяцы ня стала лепшым.
  • Некаторыя аналітыкі кажуць пра пагрозу страты незалежнасьці, але людзі ўжо не рэагуюць. Масква ўжо не падаецца такой страшнай.

Гэльсынская камісія ЗША: Беларускія ўлады зрабілі свабодныя выбары немагчымымі

У сувязі зь перасьледам палітычных актывістаў і палітыкаў кіраўнік Гэльсынскай камісіі ЗША, кангрэсмэн Элсі Гастынгс зрабіў адмысловую заяву ад імя арганізацыі:

«Кожная дзяржава-удзельніца АБСЭ, уключаючы Беларусь, абавязваецца праводзіць свабодныя і сумленныя выбары. Беларускія ўлады зрабілі гэта немагчымым, арыштоўваючы і запалохваючы кандыдатаў у прэзыдэнты, журналістаў і актывістаў на раньніх этапах агітацыі. Не можа быць свабоднага выбару, калі сыстэма падстроеная пад дзейнага кіраўніка дзяржавы. Я заклікаю прэзыдэнта Лукашэнку загадаць вызваліць тых, хто затрыманы паводле палітычных матываў, і дазволіць рэальную палітычную канкурэнцыю ў Беларусі.

«Вірусу абыякава, што кажа Лукашэнка». Амэрыканскі аналітык пра выбары ў Беларусі

На пытаньні Радыё Свабода пра выбарчую кампанію ў Беларусі адказаў Браян Ўітмар, дырэктар праграмы Расеі вашынгтонскага Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі.

Сьцісла:

  • Сёлетнія выбары — нашмат менш прадказальная і зрэжысэраваная падзея, чым было ў мінулым.
  • Пуцін хацеў бы памяняць Лукашэнку на больш паслухмяную фігуру. Але няма гарантый, што Масква здолее кантраляваць гэты працэс, калі ён пачнецца.
  • Наступствы пандэміі COVID-19 нельга зьмяніць ніякай колькасьцю прапаганды. Гэта праблема, якую пачынаюць усьведамляць аўтарытарныя кіраўнікі і папулісты па ўсім сьвеце, а ня толькі Лукашэнка.

Цалкам чытайце па спасылцы.

Партыя БНФ: Склад участковых камісій не дазваляе правесьці сумленныя выбары

«Склад участковых камісіяў не дазваляе правесьці сумленныя выбары. Даверу гэтаму складу камісіяў няма. Таксама ня можа быць даверу з боку грамадзтва да вынікаў, якія гэтыя камісіі будуць агучваць», — сьцьвярджае ўправа Партыі БНФ у заяве, распаўсюджанай 24 чэрвеня.

«Фармаваньне ўчастковых камісіяў для выбараў прэзыдэнта прайшло антыдэмакратычна і несумленна. Улады беспадстаўна адхілілі кандыдатуры ад дэмакратычных партыяў і грамадзянскай супольнасьці, сфармаваўшы камісіі ў цалкам падкантрольным складзе», — адзначаецца ў заяве. Цалкам чытайце па спасылцы.

«Лічыць галасы давяраюць выключна „вялікай пяцёрцы“ праўладных арганізацыяў», — праваабаронца

Кампанія незалежнага назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заклікае кантраляваць падлік​ галасоў падчас прэзыдэнцкай кампаніі.

«Шукаем назіральнікаў, якія змогуць сачыць за тым, што адбываецца на ўчастках краіны ў асноўны дзень выбараў 9 жніўня і, наколькі мага, на этапе датэрміновага галасаваньня», — гаворыцца ў Telegram-канале праваабарончага цэнтру «Вясна». Удакладняюць, што стаць назіральнікам можа кожны: і хто ўжо мае адпаведны досьвед, і для каго гэта будзе ўпершыню. Ахвотныя возьмуць удзел у навучаньні, пасьля чаго атрымаюць акрэдытацыю на ўчасткі. Падрабязнасьці чытайце па спасылцы.

DDoS-атакі на незалежныя рэсурсы. Міністар анансаваў «абмежаваньні шкоднай інфармацыі»

24 чэрвеня не было доступу да сайту «Радыё Рацыя». Супрацоўнікі таксама ня мелі доступу і да яго сыстэмы адміністраваньня. Наступным днём аналягічная праблема напаткала рэдакцыю газэты «Наша ніва».

Раней новапрызначаны кіраўнік Міністэрства інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі заяўляў, што стратэгія яго ведамства ў інтэрнэце будзе палягаць у тым ліку ў тым, каб «абмежаваць насельніцтва» ад зьвестак, якія наносяць шкоду дзяржаве. Цалкам чытайце па спасылцы.

Лукашэнка: і з Польшчы, і з Расеі ідзе ўмяшаньне ў нашыя выбары і ўнутраныя справы

Ва ўнутраныя справы Беларусі і перадвыбарчую гонку ідзе ўмяшаньне звонку, заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка 25 чэрвеня, прымаючы кадравыя рашэньні. На думку Лукашэнкі, апанэнты ўлады патрабуюць сумленных і прыстойных выбараў, аднак самі паводзяць сябе несумленна, паведамляе БелТА

«Яны што, нас штурхаюць на несумленнасьць такую, як яны сябе паводзяць? Ясна, што там за імі лялькаводы стаяць. Яны і з аднаго, і з другога боку. І ў Польшчы жывуць, і з Расеі падкідваюць. Мы пра гэта з прэзыдэнтам Пуціным пагаворым у бліжэйшы час пры сустрэчы, але гэтая сытуацыя вельмі складаная. Ужываюцца самыя сучасныя фальшывыя тэхналёгіі, ідзе ўмяшаньне з-за мяжы ў нашы выбары, унутраныя справы», — заявіў Лукашэнка. Усе заявы Лукашэнкі чытайце па спасылцы.

Затрымалі адміністратара «РБ головного мозга» Ігара Лосіка. У яго правялі ператрус

Днём 25 чэрвеня папулярны беларускі Telegram-канал «РБ головного мозга» паведаміў аб ператрусе ў кватэры аднаго з адміністратараў — Ігара Лосіка. Праз гадзіну канал паведаміў, што ператрус завяршылі, Лосік затрыманы.

Паводле каналу, на ператрус прыйшлі 9 чалавек, 2 панятыя. Прычына ператрусу невядомая, але праваахоўнікі паказалі ордэр на ператрус, падпісаны пракурорам. На канале адзначаюць, што гэта можа значыць крымінальную справу.

На канал «РБ головного мозга» ў Telegram падпісаныя звыш 165 тысяч карыстальнікаў, у Twitter — больш за 173 тысячы.

Ігар Лосік таксама зьяўляецца фрылансэрам-кансультантам Радыё Свабода ў справах новых мэдыя, быў стыпэндыянтам Вацлава Гаўла.

Караеў: незаконныя вулічныя акцыі добра арганізаваныя, імі кіруюць праз Telegram-каналы і стрым Радыё Свабода

Незаконныя вулічныя акцыі добра арганізаваныя, кіруюцца праз Telegram-каналы, заявіў 25 чэрвеня міністар унутраных спраў Беларусі Юры Караеў, адказваючы ў Палаце прадстаўнікоў на пытаньні дэпутатаў, піша БелТА.

«Людзі, якія хочуць зрабіць вулічную рэвалюцыю, вельмі добра арганізаваныя», — заявіў Караеў і ў якасьці прыкладу прывёў онлайн-трансьляцыю Радыё Свабода зь «Пікету салідарнасьці» 18 чэрвеня ў Менску:

«Яны замянілі сабой стрымы Ціханоўскага. У бягучым радку з камэнтарамі самаарганізоўваліся і арганізоўваліся з кімсьці: «ссоўваемся направа», «ссоўваемся налева», «разрыў ланцужка», — сказаў Караеў. Цалкам чытайце па спасылцы.

Кніга «Паўстаньне масаў» філёзафа Артэгі-і-Гасэта, якую згадаў Бабарыка, зьнікла з кнігарняў

Кніга «Паўстаньне масаў», пра якую казаў прэтэндэнт у кандыдаты Віктар Бабарыка, стала вельмі папулярнай у Беларусі — набыць яе цяпер вельмі складана. Карэспандэнт Свабоды змог зрабіць сёньня замову толькі на сайце biblio.by праз тэлефон. На самім сайце спасылка на кнігу была недасяжная.

«Тое, што скажуць мне зрабіць выбарнікі, я жвавенька гэта зраблю. Калі мае выбарнікі скажуць: ідзем на плошчу, я пайду на плошчу. Калі мае выбарнікі скажуць нешта зрабіць па-іншаму... Мне здаецца, што мы забываемся, што ў ніводнай краіне сьвету, пачытайце кнігу „Паўстаньне масаў“, ніводзін дыктатарскі рэжым ня можа ўтрымацца, калі ў яго няма электаральнай большасьці. Ён можа ўтрымацца кароткі час на крыві, толькі на крыві», — казаў Бабарыка ў інтэрвію Tut.by. Цалкам чытайце па спасылцы.

У Менску затрымалі паплечніка Статкевіча. Сьведкі кажуць, яго зьбілі

25 чэрвеня ў Менску затрымалі актывіста Сяргея Спарыша. Паводле сьведак, пры затрыманьні яго зьбілі, вывалаклі з кватэры гвалтам, паведаміў Свабодзе актывіст Леанід Кулакоў. Сяргей Спарыш — паплечнік палітыка Мікалая Статкевіча, лідэра «Народнай грамады», які цяпер адбывае адміністрацыйны арышт.

Таксама, паводле зьвестак БХД, яшчэ 30 дзён адміністрацыйнага арышту атрымала актывістка Вольга Мікалайчык і новым арыштам на 15 дзён пакаралі сустаршыню БХД Паўла Севярынца.

«Улады стэрылізавалі ўчастковыя выбаркамы, дапусьціўшы толькі абраных», — кампанія «Права выбару»

Улады стэрылізавалі ўчастковыя выбарчыя камісіі, не дапусьціўшы ў іх склад нікога, хто ня быў спэцыяльна для гэтага адабраны. Такое меркаваньне выказаў нацыянальны каардынатар кампаніі назіраньня «Права выбару» Леў Марголін.

«Амаль ніколі ва ўчастковыя камісіі не ўключаліся ў вялікай колькасьці прадстаўнікі апазыцыйных партый і грамадзяне, якія самастойна зьбіралі подпісы і спрабавалі туды трапіць, — сказаў Леў Марголін. — Але тое, што адбылося цяпер, можна ахарактарызаваць фразай: „Чужыя тут ня ходзяць“. Калі ў 2018–2019 гадах лічылі, колькі прадстаўнікоў апазыцыйных партый трапіла ў камісіі ў агульным вылічэньні і працэнтных суадносінах, то цяпер няма чаго і лічыць: практычна нікога з прадстаўнікоў кампаніі „Права выбару“ ва ўчастковых камісіях няма». Цалкам чытайце па спасылцы.

Штаб Бабарыкі: у дом на Вячы зноў прыехаў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў

У доме патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і яго сына, кіраўніка ягонага выбарчага штабу Эдуарда Бабарыкі днём 25 чэрвеня зноў зьявіліся супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў штабе Бабарыкі.

Паведамленьняў ад ДФР пра новы ператрус або іншыя сьледчыя дзеяньні не было.

«Міліцыянт, які сьведчыў супраць мяне, жыве побач». Што адбываецца ў Ганцавічах пасьля жорсткага разгону першай у гісторыі палітычнай акцыі

Відэа з разгонам ганцавіцкага пратэсту пабачылі па ўсёй Беларусі. Свабода зьезьдзіла ў палескае мястэчка і даведалася на месцы, што там адбываецца пасьля гэтага.

21 чэрвеня на цэнтральную плошчу Ганцавічаў выйшлі каля 40 чалавек. Яны не рабілі ніякіх дзеяньняў і ня мелі сьцягоў ці лёзунгаў, але ў выніку 10 зь іх былі арыштаваныя і асуджаныя. У тым ліку — два журналісты мясцовага незалежнага выданьня «Ганцавіцкі час», якія вялі стрым з акцыі. Удзельнікі, сьведкі і проста жыхары райцэнтру расказваюць, як усё гэта было і што робіцца ў Ганцавічах цяпер.

Кіраўнік гомельскай міліцыі папрасіў прабачэньня ў глуханямых, якіх брутальна затрымаў АМАП

Кіраўнік гомельскай міліцыі на загад міністра Юрыя Караева папрасіў прабачэньня ў гомельскіх глуханямых. Братоў Больбухаў 19 чэрвеня брутальна затрымаў АМАП на «ланцугу салідарнасьці».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG