Міліцыя склала каля 270 пратаколаў на ўдзельнікаў пікетаў і акцыяў салідарнасьці 19 чэрвеня
Партал TUT.BY атрымаў інфармацыю з МУС, колькі чалавек было затрымана ўчора ў сёньня ўначы.
«У дачыненьні да грамадзян складзеныя каля 270 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях, у асноўным за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў, а таксама непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў», — распавялі парталу ў МУС. У ведамстве дадалі, што па законе «удзельнікі масавага мерапрыемства абавязаныя захоўваць грамадзкі парадак і выконваць усе законныя патрабаваньні арганізатараў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў i прадстаўнікоў грамадзкасьці, якія выконваюць абавязкі па ахове грамадзкага парадку».
Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна» у Менску было затрымана больш за 150 чалавек.
«Вам цяжка, а мы больш ня хочам вас бачыць на гэтай пасадзе», — Кавалькова і Канапацкая адказалі Лукашэнку пра жанчыну-прэзыдэнтку
Ціханоўскаму працягнулі рэжым утрыманьня ў карцэры сьледчага ізалятара да 26 чэрвеня
Пра гэта праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведаміла яго жонка, прэтэндэнтка на пасаду прэзыдэнта Сьвятлана Ціханоўская пасьля таго, як 20 чэрвеня спрабавала даставіць мужу перадачу.
Ціханоўскі знаходзіцца ў сталічным СІЗА-1 як абвінавачаны па справе на падставе ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). На гэтым тыдні стала вядома пра тое, што блогер быў зьмешчаны ў карцэр да 19 чэрвеня, у дачыненьні да яго таксама распачатая новая крымінальная справа — за перашкоду выбарам.
Дзясяткі людзей затрыманыя ў розных гарадах Беларусі 20 чэрвеня. Сьпіс
20 чэрвеня людзі стыхійна выходзяць на вуліцы горада. Ёсьць затрыманьні. Падаем сьпіс затрыманых паводле праваабарончага цэнтру «Вясна».
Менск
- Сушчынскі Дзьмітрый
- Таранда Уладзіслаў
Ганцавічы
Каля двух дзясяткаў чалавек выйшлі на ланцуг салідарнасьці. Па зьвестках журналіста «Ганцавіцкага часу», які вёў стрым, затрымана ня менш за 10 чалавек з выкарыстаньнем грубай фізычнай сілы. Усьлед за гэтым двух журналістаў «Ганцавіцкага часу», якія вялі стрым, таксама затрымалі: Сяргея Багрова і Аляксандра Пазьняка.
Барысаў
- Гордзіеўскі Дзьмітрый
- Шапчыц Юрый
- Хадасевіч Барыс
- Самсонаў Іван
- Самсонава Сьвятлана
- Шувалаў Дзьмітрый
- Шувалава Марына
- Маркіянчык Дзьмітрый
- яшчэ адзін мужчына
Горадня
Амплееў Яўген (сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай)
Берасьце
- Сухаў Дзьмітрый
- Сухаў Пётар
Сьветлагорск
Алена Масьлюкова
У ініцыятыўную групу канстытуцыйнага рэфэрэндуму, прапанаванага Бабарыкам, запісалася больш за 7500 чалавек
За няпоўныя суткі ў ініцыятыўную групу па правядзеньні канстытуцыйнага рэфэрэндуму, прапанаванага прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктарам Бабарыкам, запісалася больш за 7500 чалавек.
У штабе адзначаюць, што «падрыхтоўка да рэфэрэндуму не спыняе і не замяняе перадвыбарчую кампанію». «Мы працягваем працу па вылучэньні Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленьні штабу.
Відэазварот Віктара Бабарыкі, які зараз утрымліваецца ў СІЗА КДБ, з ініцыятывай правесьці рэфэрэндум па зьмене Канстытуцыі, быў апублікаваны яго штабам увечары 19 чэрвеня.
Прадстаўнік АБСЭ па свабодзе СМІ заклікаў улады Беларусі спыніць затрыманьні журналістаў
Беларускія ўлады павінныя забясьпечыць журналістам магчымасьць выконваць сваю працу, асьвятляць важныя мерапрыемствы, не асьцерагаючыся затрыманьня. З такой заявай выступіў прадстаўнік АБСЭ па свабодзе СМІ Арлем Дэзірэ.
Арлем Дэзірэ выказаў занепакоенасьць з нагоды затрыманьняў журналістаў у Беларусі 19 чэрвеня падчас асьвятленьня пікетаў па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. «Журналісты адыгрываюць важную ролю ў асьвятленьні падзей, якія прадстаўляюць грамадзкі інтарэс, асабліва зьвязаных з выбарамі», — падкрэсьліў прадстаўнік АБСЭ.
«Перашкоды дзейнасьці прэсы нэгатыўна адбіваюцца на свабодзе СМІ і вольным распаўсюдзе інфармацыі, што выклікае сур’ёзную занепакоенасьць», — гаворыцца ў заяве.
«Чэргаў ніхто не чакаў». Гісторыя магіляўчанкі, якая зьбірала подпісы за Ціханоўскую ў Магілёве
Зьбіраньне подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцтва ў сёлетнюю перадвыбарчую кампанію суправаджалася правакацыямі, запалохваньнямі, арыштамі дзясяткаў апазыцыйных актывістаў і крымінальным перасьледам чальцоў ініцыятыўных групаў.
Кацярына Таланкова, чалец ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай у Магілёве расказвае Свабодзе, чаму яна вырашала ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі і што зьмянілася ў краіне.
Пра Кацярыну Таланкову. Сьцісла:
- Магіляўчанка. Замужам. Мае двух непаўналетніх дзяцей. Цяпер у дэкрэтным водпуску.
- Паводле адукацыі мэдык. Скончыла магілёўскі мэдычны каледж. Працуе па спэцыяльнасьці ад 2001 году.
- Удзельнічаць у выбарчай кампаніі яе змусіла жаданьне зьмяніць жыцьцё да лепшага.
Галоўны рэдактар «Ганцавіцкага часу» расказаў пра зьбіцьцё журналістаў міліцыяй
20 чэрвеня людзі стыхійна выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў. Міліцыя і «людзі ў цывільным» затрымалі, паводле афіцыйных зьвестак, каля 270 чалавек. Жорсткія затрыманьні адбыліся ў Ганцавічах, што ў Берасьцейскай вобласьці.
Каля двух дзясяткаў чалавек выйшлі на ланцуг салідарнасьці. Па зьвестках журналіста незалежнай газэты «Ганцавіцкі час», які вёў стрым, затрымалі ня менш за 10 чалавек з выкарыстаньнем грубай фізычнай сілы. У жывым эфіры затрымалі двух журналістаў «Ганцавіцкага часу», якія вялі стрым: Сяргея Багрова і Аляксандра Пазьняка.
Фрагмэнт трансьляцыі з затрыманьнем журналістаў >> Асьцярожна, шмат нецэнзурнай лексыкі з боку праваахоўнікаў
«Гэта нейкае сярэднявечча». Папулярны рэпэр Бакей выказаўся пра затрыманьні ў Беларусі
Бакей кажа, што ягоная творчасьць не была зьвязаная з палітыкай, бо ён лічыў, што музыка павінна ствараць пазытыўныя эмоцыі ў людзей, а «палітыка гэта нейкі бруд». Але цяпер ён зьвяртаецца да падпісантаў як грамадзянін Беларусі Ўладзіслаў Бельмач:
«Тое, што адбываецца, гэта поўны жах, хаос, — кажа Бельмач. — І, калі шчыра, адчуваецца як нейкае сярэднявечча, бо людзей могуць проста ўзяць на вуліцы і зацягнуць у бус, пагражаць, прычым нават не канкрэтным людзям, а ўсяму народу.
І пагрозы гэтыя ідуць ад дзейнай улады. Гэта ўсё пужае і сьмяшыць адначасова, як людзі спрабуюць утрымацца на сваім наседжаным крэсьле».
Лукашэнка зноў згадаў «лапці» і «бізун»
Лукашэнка выказаў удзячнасьць усім, хто прыняў удзел у рэканструкцыі мэмарыялу, у тым ліку моладзі, паведаляе ягоная прэс-служба.
«Гэтым самым мы паказваем, што наша моладзь ня толькі ўмее сядзець у гаджэтах, ня толькі крычаць на вуліцах прыгожага, утульнага Менску. Наша моладзь умее рабіць вось такія сьвятыя справы», — сказаў Лукашэнка, мабыць, маючы на ўвазе апошнія вулічныя акцыі салідарнасьці з арыштаванымі падчас збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты.
Ён таксама заклікаў не расслабляцца ў пытаньнях адстойваньня сувэрэнітэту:
«Памятайце, што вакол яшчэ шмат людзей, якія ад зайздрасьці, ад таго, што ім не падабаецца наш народ, бо мы гаворым пра сваю незалежнасьць, праводзім свой незалежны курс, будуць старацца абавязкова ўлезьці ў нашы справы. Мы нікому не павінны дазволіць у чарговы раз вярнуць нас пад бізун і абуць у лапці», — заявіў Лукашэнка.
Жонка лідэра ФК «Дынама Менск»: «Хай мяне расстраляюць, не хачу жыць у такой краіне»
Ксенія Бахар, жонка паўабаронцы футбольнага клюбу «Дынама Менск» і зборнай Беларусі Івана Бахара, эмацыйна выказалася пра сытуацыю ў Беларусі ў сваім Instagram.
У «гісторыях» (stories) свайго інстаграму яна выказвалася яшчэ больш радыкальна. У пятніцу яна выходзіла на «ланцуг салідарнасьці» ў Менску, у суботу ўжо падала дакумэнты на ўдзел у выбарчай камісіі, каб «самой справядліва лічыць галасы».
Пасьля затрыманьняў на «ланцугу салідарнасьці» яна пісала ў «гісторыях»:
«Растлумачце, калі ласка, як вы давялі краіну да такога? Сярод дня ВЫКРАДАЮЦЬ людзей, якія проста шпацыруюць па цэнтры гораду. Якія проста купляюць сабе каву. Якія проста стаяць у чарзе. ЯК усе глядзяць на гэта спакойна? Хай мяне расстраляюць, хай мяне пасадзяць. Я не хачу жыць у такой краіне».
Ейны муж Іван Бахар не рабіў падобных публікацыяў, не камэнтаваў ейны допіс. Але, мяркуе «Трыбуна», мог падтрымаць жонку: на фота подпісаў за вылучэньне Ксеніі ў выбарчую камісію відаць, што адзін з падпісантаў мае такую ж дату нараджэньня, як футбаліст «Дынама».
Праваабаронца «Вясны» зьвярнуўся ў МУС: ганцавіцкія міліцыянты выйшлі за межы сваіх паўнамоцтва
20 чэрвеня ў 20.40 каля аддзяленьня пошты ў Ганцавічах на вуліцы Кастрычніцкай, 6 была затрымана мясцовая жыхарка Алла Калесьніковіч. Жанчына мае непаўналетняе дзіця.
Згодна з пунктам 1 часткі 2 артыкула 8.4 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях, на тэрмін ад 3 да 72 гадзін можа быць затрымана асоба, калі яна падазраецца ў зьдзяйсьненьні правапарушэньня, за якое прадугледжаны арышт. Але згодна з часткай 2 артыкула 6.7 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях, арышт ня можа прымяняцца да жанчын, якія маюць на ўтрыманьні непаўналетняе дзіця.
Праваабаронца патрабуе неадкладна вызваліць жанчыну і адрэагаваць на дзеяньні супрацоўнікаў, якія выйшлі за межы сваіх паўнамоцтваў.
Некалькі сотняў чалавек прынялі ўдзел у акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі ў Варшаве
21 чэрвеня а 12-й ля амбасады Беларусі ў Варшаве прайшоў пікет салідарнасьці з беларускімі палітвязьнямі. На акцыю сабраліся некалькі соцень чалавек.
Людзі трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі, скандзіравалі «Жыве Беларусь!» і «Выпускай!» — маецца на ўвазе патрабаваньне свабоды для арыштаваных Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Паўла Севярынца і іншых беларусаў.
На пікеце выступіў папулярны блогер Nexta — Сьцяпан Пуціла.
«У Беларусі няма людзей, якія хочуць пераменаў, ёсьць „адмарозкі“, „фашысты з закасанымі рукавамі“, „мудакі“ — то бок людзей, якія хочуць пераменаў, у Беларусі проста няма. Нават у Варшаве сёньня выйшла столькі беларусаў. А колькі беларусаў можа выйсьці ў Менску. Трэба гуртавацца, быць разам», — заклікаў блогер.
Некаторыя аўтамабілі, якія праяжджалі паўз пікет, сыгналілі.
Літва выказала занепакоенасьць разгонам мірных акцый і затрыманьнямі ў Беларусі
Пра гэта міністар замежных спраўа Літвы Лінас Лінкявічус напісаў у Твітары:
«Мы занепакоеныя затрыманьнямі актывістаў апазыцыі, кандыдатаў у прэзыдэнты, мірных дэманстрантаў і журналістаў у Менску. Калі Беларусь сапраўды хоча ўпарадкаваць адносіны з Эўразьвязам, яна не можа вяртацца да сытуацыі з палітвязьнямі. Права на свабоду выказваньня меркаваньняў і сходаў павінна датрымлівацца», — напісаў Лінас Лінкявічус.
Раней за заклікам вызваліць Віктара Бабарыку і ўсіх затрыманых удзельнікаў пратэстаў выступіла кіраўніцтва Эўразьвязу.
Таксама амбасады ЗША і Вялікай Брытаніі выступілі з пратэстам супраць затрыманьняў журналістаў у Менску і іншых гарадах Беларусі.
Як прайшла акцыя салідарнасьці ў Гомлі 19 чэрвеня
Баксёр Кірыл Рэліх: «Затрыманьні, зьбіцьцё — гэта проста ганьба. Мне сорамна за такія дзеяньні ўладаў!»
Беларускі баксёр Кірыл Рэліх спэцыяльна для Tribuna.com выказаў сваё меркаваньне аб палітычнай сытуацыі ў краіне.
Адзінае, што мяне вельмі напружвае, гэта тое, што адбываецца на вуліцах краіны. Затрыманьні, зьбіцьцё — гэта проста ганьба. Мне сорамна за такія дзеяньні ўладаў!» — заявіў Рэліх.
У сярэднім — на 23 рублі. Стала вядома, як менавіта падымуць пэнсіі ў Беларусі
Сярэдні памер пэнсіяў па ўзросьце за ліпень складзе 470,6 рубля, сьцьвярджае Міністэрства працы. Гэта больш за сярэднія пэнсіі па ўзросьце ў чэрвені на 5,2% або 23,1 рубля; больш за ліпень 2019 году на 12,5% або на 52,2 рубля.
Цяперашняе падвышэньне ў параўнаньні зь мінулым месяцам, калі пералічваць з курсам на момант публікацыі, складае 9,72 даляра.
«Гэта не папулізм, ня дзеля нейкіх выбараў, я ніколі гэтага не рабіў... Але калі вэтэраны, пэнсіянэры ўздымаюць пытаньне, хоць 10-20 даляраў, але трэба дадаць зараз», — казаў Лукашэнка.
Лукашэнка пра каранавірус: «Самае страшнае, каб пад гэты шумок нас не прыбралі»
Аляксандар Лукашэнка 22 чэрвеня ўзяў удзел у цырымоніі, прысьвечанай гадавіне пачатку Вялікай айчыннай вайны — нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз у 1941 годзе ў працяг Другой усясьветнай вайны. Урачыстасьць пачалася ў Берасьцейскай крэпасьці ў 4 раніцы.
У прамове Лукашэнка, як перадае ягоная прэс-служба, сярод іншага заявіў:
- «Катастрофы ніякай, але абараніць мы павінны тое, што маем. Расслабляцца ні ў якім разе нельга. Я вас папярэджваў два-тры месяцы таму, што гэтая так званая пандэмія гэтым ня скончыцца. Камусьці яна вельмі на руку. Хутка ўбачыце, каму. Хоць ужо і цяпер гэта бачым (каму, усё ж не сказаў. — РС). Будзе ціск сур’ёзны, перш за ўсё эканамічны. Бо ваяваць з намі ўжо небясьпечна, а нахіліць трэба. Занадта незалежнымі сталі...»
- «Я заўсёды вам казаў: я нікому не дазволю гвалтоўным чынам вырашаць праблемы, якія трэба вырашаць мірна, палітычным шляхам, на падставе нашых законаў. Так будзе заўсёды».
- Заклікаў не зьвяртаць увагі на тое, што «нам там падпяваюць»: «„Штосьці ня тое робім ... А калі накраў, дык нічога страшнага“. Калі б мы гэтым зладзюгам (якім, не ўдакладніў. — РС) за гады сваёй незалежнасьці крылы не падрэзалі, мы б сёньня пабудавалі алігархічную дзяржаву і стаялі б на каленях».
- «Не напружвайцеся. Нас і так напружылі з гэтым каронапсыхозам. Але самае страшнае для нас, каб пад гэты шумок нас не прыбралі. Вось гэта для нас галоўнае».
«Проста ляжу на асфальце, вакол ходзяць хлопцы з АМАП». Як у Менску затрымалі гітарыста гурту Intelligency
19 чэрвеня гітарыст менскага электроннага гурту Intelligency Яўген Мурашка вяртаўся дадому пасьля адзначэньня абароны магістарскай дысэртацыі. У раёне плошчы Якуба Коласа яго затрымаў АМАП.
19 чэрвеня, калі ў Менску праходзіў пікет у апошні дзень збору подпісаў, а на плошчы Якуба Коласа пашыхтаваўся «ланцуг салідарнасьці», гітарыст электроннага гурта «Intelligency» Яўген Мурашка адзначаў у кавярні паблізу плошчы абарону магістэрскай дысэртацыі.
Каля 21-й гадзіны Яўген Мурашка быў ужо на плошчы і хацеў узяць шэрынгавы ровар, каб дабрацца дадому.
«У мяне не адчыняўся замок ровара, я вырашыў адвесьці яго ў бок, каб не перашкаджаць, і там ужо разблякаваць. Міліцыянты далей пайшлі за мной, яшчэ раз удакладнілі, чаму я тут стаю. А ў выніку раптоўна ўзялі мяне за рукі і пасадзілі ў аўтазак», — расказаў Яўген.
АМАП не патлумачыў хлопцу, за што яго затрымліваюць, ніхто зь іх не назваўся і не паказаў дакумэнтаў. Пасьля Яўгену стала кепска і ён страціў прытомнасьць.
«Мы доўга езьдзілі па горадзе, было вельмі душна, на нас увесь час ціснулі. Адзінае — памятаю, што там, куды нас завезьлі, быў плот з калючым дротам. Калі мяне пачалі выводзіць з аўтазаку, я адключыўся», — прыгадвае Яўген.
У прытомнасьць хлопец прыйшоў толькі ў «хуткай», якую выклікаў нехта з АМАПу.
«З горыччу і болем гляджу за тым, што адбываецца на тэлевізіі». Былая прэс-сакратарка ОНТ падтрымала Бабарыку
Былая прэс-сакратарка ОНТ Тацяна Курбат рэзка выказалася пра сытуацыю ў Беларусі. Пра гэта яна расказала ў сваім акаўнце ў Instagram.
Тацяна Курбат прыгадала, як у 2010 годзе з ОНТ звольнілі Сяргея Дарафеева, якія дазволіў сабе задаваць нязручныя пытаньні Лідзіі Ярмошынай увечары 19 сьнежня. Тады Ярмошына пакінула студыю. Яна прыгадвае, што пасьля тых падзеяў звольнілася не адразу, бо было страшна страціць «працу, чаргу на ільготнае жыльлё», але пасьля звальненьня ёй «адразу стала лягчэй», а жыцьцё «не пагоршылася». Цалкам чытайце па спасылцы.