Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Ярмошына: У выбарах працягваюць удзел 7 чалавек, у тым ліку Бабарыка

У выбарах прэзыдэнта Беларусі пасьля этапу збору подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты працягваюць удзел сем чалавек, паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына 22 чэрвеня.

Яна адзначыла, што дакладную колькасьць здадзеных подпісаў ад кожнага прэтэндэнта вызначаць у выніку праверкі, якую завершаць 30 чэрвеня.

Паводле Ярмошынай, здалі сабраныя подпісы

  • Аляксандар Лукашэнка, дзейны кіраўнік Беларусі,
  • Віктар Бабарыка, зьняволены экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку»,
  • Валер Цапкала, экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў,
  • Сьвятлана Ціханоўская, жонка зьняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага,
  • Ганна Канапацкая, экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў,
  • Андрэй Дзьмітрыеў, сустаршыня грамадзкага абʼяднаньня «Гавары праўду»,
  • Сяргей Чэрачань, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».

У Маладэчне пачалі крымінальную справу за сутычку зь міліцыяй на «ланцугу салідарнасьці» 19 чэрвеня

Сьледчы камітэт пацьвердзіў парталу Tut.by, што адносна ўдзельнікаў сутычкі зь міліцыяй у Маладэчне 19 чэрвеня распачалі справу паводле артыкулу 363 КК РБ.

Іншых камэнтароў наконт здарэньня СК ня даў. Паводле артыкулу 363, за «супраціў супрацоўніку ўнутраных справаў» пагражаюць папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў, арышт, абмежаваньне волі на тэрмін да трох гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў.

19 чэрвеня ў Маладэчне, як і ў многіх іншых гарадах Беларусі, людзі выйшлі на стыхійны «ланцуг салідарнасьці» з затрыманымі падчас перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі. Цалкам чытайце па спасылцы.

У Сан-Францыска 150 беларусаў сталі ў ланцуг салідарнасьці

150 беларусаў Сан Францыска і Бэй Эрыі прыйшлі ў нядзелю на пікет салідарнасьці, стаўшы ў ланцуг уздоўж будынка галоўнага порту Сан Францыска (San Francisco Ferry Building).

Ланцуг расьцягнуўся на 180 мэтраў. Людзі пляскалі ў далоні, скандавалі «Адпусьці», «Жыве Беларусь», тлумачылі мінакам, чаму прысьвечана акцыя. Шмат фота глядзіце па спасылцы.

Суды за «ланцугі салідарнасьці» 22 чэрвеня. Абнаўляецца

У Беларусі 22 чэрвеня праходзяць дзясяткі судоў над удзельнікамі стыхійных «ланцугоў салідарнасьці». Толькі ў Менску вядома пра амаль чатыры дзясяткі працэсаў.

Паводле «Вясны», ужо вядома пра такія выракі паводле артыкулаў за «несанкцыянаванае мерапрыемства» або «непадпарадкаваньне міліцыі»:

  • М. Арцюхоў — штраф 1350 рублёў (суд Савецкага раёну Менску, судзьдзя Марына Фёдарава);
  • Леанід Чыркоў — штраф 1080 рублёў (суд Савецкага раёну Менску, судзьдзя Вера Галаўкова);
  • Мікіта Аніскевіч — штраф 864 рублі (суд Савецкага раёну Менску, судзьдзя Сяргей Шаціла);
  • Дзьмітры Мартыненка — штраф 810 рублёў (суд Партызанскага раёну Менску, судзьдзя Вольга Паўлоўская);
  • Мікіта Старавойтаў — штраф 810 рублёў (суд Савецкага раёну Менску, судзьдзя Вера Галаўкова);
  • В. Лукашэвіч — штраф 810 рублёў (суд Маскоўскага раёну Менску, судзьдзя Вольга Малашэнка);
  • Сяргей Дробышаў — штраф 810 рублёў (суд Маскоўскага раёну Менску, судзьдзя Лідзія Целіца);
  • Г. Юр’еў — штраф 540 рублёў (суд Партызанскага раёну Менску, судзьдзя Натальля Дзядкова).

АБНАЎЛЯЕЦЦА ТУТ.

Менскі бізнэсовец прапануе бясплатную адукацыю рэпрэсаваным і тым, хто адмовіўся чыніць рэпрэсіі

Генэральны дырэктар кампаніі Humathèq і дырэктар па разьвіцьці міжнароднай групы кампаніяў Apply Logistic Дзьмітры Чарнаморац прапануе рэпрэсаваным падчас выбарчай кампаніі і асобам, якія адмовіліся выконваць загады, скіраваныя супраць мірных грамадзянаў, атрымаць бясплатную адукацыю ў дзьвюх бізнэс-школах.

Чарнаморац хоча падтрымаць суайчыньнікаў, якія пацярпелі ад рэалізацыі сваіх законных канстытуцыйных правоў, а таксама парушэньняў правоў чалавека. Далей чытайце па спасылцы.

Адвакат, якога не пускаюць да Віктара Бабарыкі, падаў скаргу ў Генэральную пракуратуру

Раніцай 22 чэрвеня адвакат Дзьмітры Лаеўскі спрабаваў трапіць у СІЗА КДБ да Віктара Бабарыкі. Яго не пусьцілі ў сувязі з каранавірусам.

«Сёньня я спрабаваў наведаць Віктара Дзьмітрыевіча. Мне ж трэба з чалавекам кантактаваць, каб працаваць. Мае дакумэнты, патрэбныя, каб атрымаць пропуск, не прынялі ў сувязі з эпідэмічнай сытуацыяй», — расказаў Лаеўскі Свабодзе.

Адвакат падаў у Генэральную пракуратуру скаргу на нядопуск да падабароннага. Паводле Лаеўскага, гэта адбываецца не ўпершыню і ня толькі ў справе Бабарыкі: «Зьвязваць такое толькі з гэтай справай ня варта», — сказаў адвакат.

Зоаабаронцы прапанавалі дагляд жывёлаў затрыманых на пратэстах у Беларусі, шукаюць валянтэраў

Цэнтар па абароне жывёл «Анімалекс» падрыхтаваў памятку для гаспадароў хатніх жывёлаў, якія зьбіраюцца ўдзельнічаць у пратэстах у Беларусі, і шукае валянтэраў, гатовых даглядаць жывёлаў затрыманых.

Як адзначаюць у цэнтры, тыя, хто хоча выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю падчас цяперашніх падзей у Беларусі, павінен быць гатовы да таго, што яго могуць затрымаць. «Калі ў вас пры гэтым ёсьць хатняя жывёла, яна можа застацца ізаляванай ад вас на нейкі час», дадаюць зоаабаронцы і прапануюць кароткую памятку, пра што варта паклапаціцца загадзя, а таксама дапамогу валянтэраў у выпадку затрыманьня. Падрабязнасьці па спасылцы.

«Выкінулі на ўскраіне, і зноў накінуліся трое ў цывільным». Як адбыў 45 сутак у ізалятары паплечнік Ціханоўскага

З 7 траўня па 21 чэрвеня праседзеў у гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) Юры Ўласаў, паплечнік Сяргея Ціханоўскага. У 45 сутак умясьціліся адзіночная камэра, адсутнасьць камунікацый, галадоўка, мэдытацыя, страта 12 кіляграмаў вагі. Пасьля месяца арышту Юрыя вызвалілі. На волі ён прабыў хвіліны паўтары.

«З ізалятара канваіры мяне завезьлі ў бязьлюднае месца, дзе на мяне накінуліся трое, і зноў паводле ілжывага абвінавачаньня я апынуўся ў ізалятары», — кажа Юры. Чытайце інтэрвію цалкам па спасылцы.

Каго зарэгіструюць улады? Палітычны расклад пасьля збору подпісаў

Упершыню за ўсю гісторыю кіраваньня Лукашэнкі электаральны расклад — хто за каго з кандыдатаў прагаласуе — можа мець значэньне, піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч, аналізуючы першы этап выбарчай кампаніі. Чытайце па спасылцы.

Магілёўскага будаўніка асудзілі як арганізатара «ланцуга салідарнасьці» за допіс у Telegram’е

39-гадовага муляра Аляксандра Сьпірыдонава асудзілі як арганізатара ланцуга салідарнасьці. Падставай стаў допіс у тэлеграм-канале «Могилёв для жизни».

На Сьпірыдонава склалі пратакол паводле 2-й часткі артыкула 23.34 «Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Паводле пратаколу, Сьпірыдонаў хацеў арганізаваць акцыю, аналягічную той, якая прайшла ў Менску 18 чэрвеня.

«Ланцуг салідарнасьці» адбыўся 19 чэрвеня на Першамайскай вуліцы ў цэнтры Магілёва. На яго прыйшлі больш за сто чалавек. Акцыя працягвалася больш за гадзіну, пакуль яе не разагналі амапаўцы. Аляксандра Сьпірыдонава затрымалі і да суду трое сутак трымалі ў ізалятары.

Каго зарэгіструюць улады? Палітычны расклад пасьля збору подпісаў


Упершыню за ўсю гісторыю кіраваньня Лукашэнкі электаральны расклад — хто за каго з кандыдатаў прагаласуе — можа мець значэньне, піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч, аналізуючы першы этап выбарчай кампаніі.

Сьцісла:

  • Вялікая цікавасьць да выбараў паспрыяла таму, што адразу сем прэтэндэнтаў здалі ў выбарчыя камісіі больш за 100 тысяч подпісаў.
  • Пытаньне, каго зарэгіструюць, улады будуць вырашаць не на прававым грунце, а з гледзішча палітычнай мэтазгоднасьці.
  • Здаецца, самае лягічнае з гледзішча ўладаў рашэньне — зарэгістраваць усіх, каб галасы пратэставага электарату расьцерушыліся паміж апанэнтамі Лукашэнкі.
  • Аднак, калі кандыдатаў будзе шмат, яны могуць забраць галасы ня толькі ў Бабарыкі, але і ў Лукашэнкі.

«Траўма галавы і гематома пад вокам». Пасьля затрыманьня АМАПам хлопец у свой дзень народзінаў трапіў у шпіталь


19 чэрвеня менчуку Паўлу Стэльмаху споўніўся 31 год. Разам з двума сябрамі ён зьбіраўся адзначыць сьвята на Зыбіцкай. Але замест тусовачнай вуліцы апынуўся ў міліцыі, а потым і ў бальніцы.

Відэа ягонага затрыманьня шырока разышлося ў сацсетках. Пра абставіны хлопец расказаў Свабодзе.

Як прадухіліць крывавы «Андыжан» у Беларусі?

Ці прывядуць цяперашнія пратэсты і іх здушэньне да праліцьця крыві? Хто зацікаўлены ў радыкалізацыі пратэстаў? Хто павінен рабіць крок назад ад мяжы, за якой — кроў?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычны аналітык Ян Аўсеюшкін і палітоляг, каардынатар праграмы «Замежная палітыка Беларусі» Рады міжнародных адносінаў «Менскі дыялёг» Дзяніс Мельянцоў.

Сьцісла

Аўсеюшкін

  • Мы цяпер маем справу зь некіраваным пратэстам, асабліва ў рэгіёнах
  • Калі ацэньваць арганізаванасьць і спантаннасьць цяперашніх пратэстаў у лічбах, то арганізаванасьці там ня больш за 10%
  • Людзі відавочна не гатовыя да сілавога пратэсту, яны пакуль што прагнуць мірнага шляху
  • Калі ўлада карыстаецца сілавым мэтадам, нават калі карыстаецца стрымана, гэта падвышае градус грамадзкага кіпеньня

Мельянцоў

  • Улады сваю мяжу ведаюць і наўрад ці будуць яе пераходзіць, калі толькі пратэстоўцы не радыкалізуюцца настолькі, што ім трэба будзе супрацьстаяць са зброяй
  • Штабы розных кандыдатаў — «затравачныя крышталі», як кажуць хімікі, для пратэсту
  • Цяпер прэзыдэнцкая кампанія, і тут усё на кантролі на самым высокім узроўні, а там выдатна разумеюць усе кошты магчымага сілавога ці нават крывавага разгону
  • Калі напал дойдзе да ўзброенага супрацьстаяньня, то ў такім выпадку трэба арганізоўваць нейкія фарматы пасярэдніцтва, каб не дапусьціць праліцьця крыві

Украінскі палітоляг пра беларускі пратэст: «Аналягу з Майданам ня бачу. Хутчэй з Грузіяй»

Ці магчымы ў Беларусі «Майдан»? Ці ўмешваюцца іншыя краіны ў выбарчую кампанію, як намякае Лукашэнка? І на каго робіць стаўку Расея?

Пра гэта ў эфіры «Донбас.Реалії» у апошні дзень збору подпісаў у Беларусі гаварылі экспэрт украінскага Інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч і беларускі палітоляг Валер Карбалевіч.

Разам зь юрыстам разьбіраемся, як паводзіць сябе затрыманым

Падчас пікетаў салідарнасьці па ўсёй Беларусі былі затрыманыя дзясяткі чалавек. Некаторыя расказваюць пра жорсткае абыходжаньне і зьбіцьцё. Разьбіраем дзьве гісторыі разам з праваабаронцам Паўлам Сапелкам.

Журналіст Сяргей Багроў з Ганцавічаў атрымаў 15 сутак арышту, Аляксандра Пазьняка аштрафавалі на 810 рублёў

Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), падчас асьвятленьня акцыі ў горадзе іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі, зьбілі, а пазьней абвінавацілі ў непадпарадкаваньні законным патрабаваньням міліцыі (арт.23.4 КаАП) і ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч. 1 арт. 23.34 КаАП).​

Галоўны рэдактар газэты «Ганцавіцкі час» Пятро Гузаеўскі запатрабаваў вызваліць журналістаў і заявіў, што падае скаргу на дзеяньні міліцыі. Паводле яго, да журналіста ўжывалі меры фізычнага ўзьдзеяньня, яму пагражалі, абражалі, пры затрыманьні прыціскалі каленам да асфальту.

Судзьдзя прызнала Аляксандра Пазьняка вінаватым паводле двух названых артыкулаў КаАП і прызначыла пакараньне па 15 базавых велічыняў, у суме 810 рублёў. Рашэньне можна абскардзіць цягам 10 дзён у Берасьцейскім абласным судзе. Каля 21-й гадзіны скончыўся суд над Сяргеем Багровым. Ён атрымаў 15 содняў арышту.

Лукашэнка згадаў, што яго называюць «Саша 3%» і «вусаты таракан». ВІДЭА

Аляксандар Лукашэнка 23 чэрвеня сустрэўся з жыхарамі Берасьця. Ён паабяцаў рэфэрэндум наконт лёсу акумулятарнага заводу, а таксама згадаў, як яго называюць апанэнты. Кадры са згадкай «Сашы 3%» і «вусатага таракана» паказала дзяржаўная тэлевізія.

Кадры таксама апублікаваў ананімны Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі:

«Адкуль такая жорсткасьць?» Вядоўца БТ выказалася пра міліцэйскі гвалт

Вядоўца праграмы «Дзень у вялікім горадзе» на тэлеканале «Беларусь 1» Юлія Кур’ян-Касьцюкевіч выказалася ў Інстаграме пра міліцэйскі гвалт у адносінах да мірных людзей.

«Страшна... Вядома, як і ўсе, гляджу, чытаю і баюся. Любую працу трэба рабіць, застаючыся чалавекам. Адкуль столькі нянавісьці і жорсткасьці ў тых, хто хапае людзей, у тых, хто зьбівае сваіх жа суайчыньнікаў, нападаюць на аднаго натоўпам і закідваюць у машыну. Адкуль такая жорсткасьць?», — задаецца пытаньнем тэлевядоўца. Цалкам чытайце па спасылцы.

Цапкала сказаў, што «тэарэтычна не выключае» магчымасьці затрыманьня

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Валер Цапкала ў інтэрвію расейскаму выданьню РБК сказаў, што затрыманьне патэнцыйнага кандыдата Віктара Бабарыкі, адмова ў рэгістрацыі кандыдатам і далейшае затрыманьне Сяргея Ціханоўскага — гэта «зьвёны аднаго ланцуга». На пытаньне, ці можа нешта падобнае здарыцца зь ім самім, Цапкала адказаў:

«Тэарэтычна я не магу выключыць такога, але ў цяперашні момант мы проста рухаемся ў палітычным працэсе, робім тое, што дазволена рабіць адпаведна Канстытуцыі і выбарчаму заканадаўству нашай краіны. Мы не парушаем ніякіх законаў — мы пакуль рухаемся, з майго гледзішча, максымальна чыста ў гэтым выбарчым працэсе». Цалкам чытайце па спасылцы.

Баскетбалістаў папярэдзілі пра недапушчальнасьць выказваньняў супраць улады

Старшыня Беларускай фэдэрацыі баскетболу (БФБ) і першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Максім Рыжанкоў папярэдзіў гульцоў зборнай пра недапушчальнасьць выказваньняў у адносінах да дзейнага кіраўніцтва краіны.

«Вы выступаеце за радзіму, таму неабходна памятаць, што ў сваіх учынках павінны быць сацыяльна адказнымі, — цытуе Максіма Рыжанкова супольнасьць БФБ «ВКонтакте». — Кіраўніцтва краіны дае вам усе шанцы для самарэалізацыі. Вы павінны быць арыентырам ва ўсім — ня толькі на пляцоўцы, але і ў жыцьці.

Ні ў аднаго з вас няма ні фінансавых, ні бытавых праблемаў — вы ўсім забясьпечаныя, дзякуючы той палітыцы, якая рэалізуецца ў нашай краіне. І некаторым спартоўцам, у тым ліку і былым, я б параіў менавіта пра гэта падумаць, перш чым паказушна і безадказна разважаць пра рэчы, далёкія ад іх разуменьня». Цалкам чытайце па спасылцы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG