Пасьля канфіскацыі цішотак ПСІХО3% у краму Symbal.by прыйшлі з праверкай
15 чэрвеня ў памяшканьне крамы symbal.by а 14.30 прыйшлі з праверкай супрацоўнік аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Савецкага РАУС і чатыры галоўныя падатковыя інспэктары Міністэрства па падатках і зборах па Менску, паведаміў у Фэйсбуку ўладальнік крамы Павал Белавус. Чатыры гадзіны яны праводзілі праверку, аглядалі гандлёвыя, офісныя і вытворчыя памяшканьні, складалі пратаколы, вымалі частку бухгальтарскіх дакумэнтаў.
Надпіс «ПСІХОЗ%» на майцы Symbal.by зьвязаны зь лічбай 3%. Менавіта столькі ў розных інтэрнэт-апытаньнях атрымаў Аляксандар Лукашэнка, што стала ўжо папулярным інтэрнэт-мэмам. Матэрыял цалкам чытайце па спасылцы.
У Берасьці затрымалі прэс-сакратара Сьвятланы Ціханоўскай
У Берасьці 15 чэрвеня затрымалі Аляксандра Кабанава, прэс-сакратара ініцыятыўнай групы патэнцыйнай кандыдаткі на прэзыдэнта Сьвятланы Ціханоўскай. Пра гэта Свабодзе сказаў кіроўца Кабанава.
Ён расказаў, што Кабанава папрасілі прыйсьці ў паліклініку, бо нядаўна ён перахварэў на каранавірус. На выхадзе з паліклінікі Кабанава паспрабавалі затрымаць, але гэта не ўдалося. Кабанава затрымалі пазьней.
«Ён падазраваў што гэта правакацыя, што недарма яму патэлефанавалі».
«Спыніцца на гэтым этапе — здрадзіць і Сяргею, і людзям, якія паверылі яму», — Сьвятлана Ціханоўская заявіла пра 100 тысяч сабраных подпісаў
Ініцыятыўная група Святланы Ціханоўскай сабрала 100 тысяч подпісаў, кажа патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнцкую пасаду. «Фактычна яны ёсьць, але ці пасьпеем мы іх здаць фізычна, бо ўмовы не на нашу карысьць... Але мы вельмі стараемся гэта зрабіць», — сказала Сьвятлана Ціханоўская ў камэнтары Свабодзе.
Паводле Святланы, на сябраў ініцыятыўнай групы ідзе ціск. «На мяне ціску няма, але эмацыйна і псыхалягічна вельмі цяжка», — дадала яна.
Сябры ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай трапляюць пад адміністрацыйныя арышты, кіраўнік групы — яе муж, вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі, прызнаны палітвязьнем, цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары. Нядаўна яго зьмясьцілі ў карцар «за парушэньне ўнутранага распарадку СІЗА».
Штаб Бабарыкі паведаміў пра арышт каардынатаркі ягонай ініцыятыўнай групы
Штаб патэнцыйнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі паведаміў, што Сьвятлану Купрэеву затрымалі ў яе дома яшчэ раніцай у чацьвер, 11 чэрвеня.
«У кватэры ў прысутнасьці 81-гадовай маці Сьвятланы пачалі праводзіць ператрус, а саму Сьвятлану, бяз рэчаў і зьменнага адзеньня, павезьлі работнікі ДФР (Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. — РС). Увечары сяброўцы Сьвятланы паведамілі праз тэлефон, што Сьвятлана затрыманая і будзе знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
На наступны дзень, 12 чэрвеня, Купрэеву дапыталі, але зь СІЗА ня вызвалілі. Па заканчэньні 72 гадзін яе таксама ня выпусьцілі, што можа азначаць толькі тое, што была ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Пры гэтым аб заключэньні пад варту ДФР не паведаміў ні маці, ні каму-небудзь зь сяброў Купрэевай. Перадаць Сьвятлане ў СІЗА рэчы першай неабходнасьці ўдалося толькі праз чатыры дні пасьля затрыманьня».
Ініцыятыўная група Бабарыкі здала ў выбарчыя камісіі 120 тысяч подпісаў
Штаб патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі паведаміў вечарам 15 чэрвеня пра здачу ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі першай партыі падпісных лістоў з 120 тысячамі подпісаў.
Агулам, сьцьвярджае штаб, за вылучэньне Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты сабралі 335 тысяч подпісаў, зь іх ужо праверылі 220 тысяч.
Пры тым этап збору подпісаў яшчэ трывае — іх можна зьбіраць да 19 чэрвеня ўключна. Штаб Бабарыкі піша, што працягне і збор, і праверку подпісаў.
«Лукашэнкі заўтра ня будзе. Прыйдзе Бабарыка». Былы лідэр Літвы пра выбары ў Беларусі і «сьвінскую» АЭС
Колішні лідэр літоўскага руху «Саюдзіс» і былы старшыня літоўскага парлямэнту Вітаўтас Ландсбергіс расказаў у інтэрвію Свабодзе, калі адносіны паміж беларусамі і літоўцамі былі найлепшыя ў гісторыі, чаму сапсаваліся, ці здольныя беларусы на перамены, як гэтыя перамены зрабілі літоўцы і ці задаволеная іх вынікамі Літва.
Чытайце вялікае інтэрвію па спасылцы.
Рада БНР заклікала вызваліць затрыманых актывістаў і правесьці ў Беларусі сумленныя выбары
У сваёй заяве, поўны тэкст якой зьмешчаны на старонцы ў фэйсбуку, Рада Беларускай Наароднай Рэспублікі патрабуе «неадкладна вызваліць усіх незаконна затрыманых асобаў». На сёньняшні дзень, гаворыцца ў заяве, у Беларусі няма ўмоваў для правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў, а Аляксандар Лукашэнка «ня мае законнага права вылучаць сваю кандыдатуру».
«Рада БНР заклікае міжнародную супольнасьць аказаць увесь магчымы ціск на ўлады Рэспублікі Беларусі дзеля забесьпячэньня абароны правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратыі ў Беларусі» — гаворыцца ў заяве. Цалкам чытайце па спасылцы.
ЦВК адмовілася ад ідэі Бабарыкі аб «суправаджальных лістах» да подпісаў выбарнікаў
Ідэя штабу Віктара Бабарыкі была ў тым, каб разам з падпіснымі лістамі даваць сьпісы прозьвішчаў выбарнікаў і нумарацыю падпісных лістоў, каб ведаць, куды і калі здалі кожны з падпісных лістоў. Гэтая ідэя «ня мае ні праўнага, ні фактычнага значэньня», сьцьвярджае ЦВК.
Прымаюць і пералічваюць падпісныя лісты ў асабістай прысутнасьці каардынатара ініцыятыўнай групы, які здае лісты; дату прыёму і колькасьць лістоў засьведчваюць каардынатар групы і чалец тэрытарыяльнай камісіі, які прыняў лісты. ЦВК лічыць гэта дастатковым, каб «гарантаваць поўную захаванасьць здадзеных у камісіі падпісных лістоў». Цалкам чытайце па спасылцы.
1246 сутак арышту, 90 тысяч рублёў штрафаў. Праваабаронцы падлічылі вынікі судоў ад 6 траўня
Праваабарончы цэнтар «Вясна» вядзе ўлік выракаў паводле адміністрацыйных артыкулаў, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі ў мэтах палітычнага перасьледу. Ад 6 траўня, калі затрымалі прызнанага палітвязьнем блогера Сяргея Ціханоўскага, да 16 чэрвеня налічылі:
- 97 чалавек пакараныя арыштамі;
- арышты сумарна працягнуцца 1246 сутак;
- 105 чалавек атрымалі штрафы;
- агульная сума штрафаў — каля 90 тысяч рублёў.
Гэтыя лічбы не канчатковыя: суды чакаюцца і 16 чэрвеня (над Вольгай Мікалайчык, Валянцінам Троцкім, Веранікай Мішчанкай і Аляксандрм Грышчанкавым), і ў наступныя дні. Цалкам чытайце тут.
Цапкала: 50 мільярдаў даляраў убухалі ў аграгарадкі. І ўсё марна
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала падчас відэатрансьляцыі на сваім канале ў YouTube заявіў, што на гэты момант ягоная ініцыятыўная група сабрала 180 тысяч подпісаў.
У штабе канчаткова апрацоўваюць 144 тысячы, каб у Цэнтравыбаркам здаць бездакорны варыянт. Асноўныя заявы Валера Цапкалы зь трансьляцыі чытайце па спасылцы.
Ціханоўская заявіла, што ёй пагражалі адабраць дзяцей, калі ня спыніць выбарчую кампанію. ВІДЭА
«Шантажаваць дзецьмі – гэта нізка і подла! — кажа Сьвятлана Ціханоўская. — Мне сказалі падумаць: можа, вам варта спыніць здаваць подпісы».
Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская 16 чэрвеня прыслала Свабодзе відэазварот, у якім заявіла аб пагрозах, якія ёй паступаюць у сувязі з удзелам у выбарах. Цалкам чытайце па спасылцы.
САЗ пра выбары ў Беларусі падчас эпідэміі: «Улады маглі б разгледзець іх перанос»
Сытуацыю з пашырэньнем эпідэміі COVID-19 Свабодзе пракамэнтаваў афіцыйны прадстаўнік эўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ Джэймс Крэсуік.
«На 10 чэрвеня Беларусь па-ранейшаму паведамляе пра заражэньні зь невядомай крыніцы (community transmission), і таму мы рэкамэндуем фізычнае дыстанцыяваньне прынамсі на 1 мэтар, а таксама раім, каб урад заахвочваў людзей насіць маскі там, дзе фізычнае дыстанцыяваньне захоўваць складана».
Паводле рэкамэндацыяў САЗ, гэта накладае пэўныя абмежаваньні на правядзеньне масавых мерапрыемстваў.
У тым ліку, напрыклад, прэзыдэнцкіх выбараў. «На думку САЗ, усе краіны, дзе адбываецца перадача інфэкцыі зь невядомай крыніцы, мусілі б падтрымаць рэкамэндацыі пра сацыяльнае дыстанцыяваньне і сур'ёзна разгледзець магчымасьць адкласьці ці абмежаваць вялікія мерапрыемствы, якія зьбіраюць разам людзей і маюць патэнцыял узмацніць хваробу, — адзначаюць у САЗ. Цалкам чытайце па спасылцы.
Беларускія жанчыны падалі генэральнаму пракурору скаргу на Лукашэнку за дыскрымінацыю
Жанчыны, якія зьяўляюцца сябрамі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), накіравалі зварот на імя генэральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка.
Падставай стала выказваньне Аляксандра Лукашэнкі падчас ягонага наведваньня Менскага трактарнага заводу, калі ён заявіў: «У нас Канстытуцыя не пад жанчыну, і грамадзтва не сасьпела для таго, каб галасаваць за жанчыну». «Лічым, што такое нэгатыўнае выказваньне зьяўляецца наўпроставай дыскрымінацыяй паводле гендэрнай прыкметы, чым парушаюцца нашы правы як грамадзянак», — адзначаецца ў заяве. Цалкам чытайце тут.
«Дзень і ноч раскладваем падпісныя лісты». Ініцыятыўная група Сьвятланы Ціханоўскай надалей працуе
Каля двух дзясяткаў каардынатараў і актывістаў знаходзяцца за кратамі, сама Сьвятлана Ціханоўская заяўляе пра званкі з пагрозамі, якія ёй паступаюць у сувязі з удзелам у выбарах. Яна пакуль не прыняла канчатковага рашэньня аб далейшых дзеяньнях. Як сказала Свабодзе каардынатарка кампаніі Ціханоўскай у Менску Вольга Паўлава, у сталіцы збор подпісаў працягваецца.
«Мы надалей працуем, зьбіраем подпісы на Камароўцы штодня, — кажа Вольга. — З 12-й да 20-й гадзіны. Усе ахвочыя могуць паставіць свае подпісы. Адзінае — мы зараз стараемся ўсіх папярэджваць, што на гэты момант мы зьбіраем подпісы з гораду Менску і Менскага раёну. Папярэджваем людзей, што калі яны з раённага цэнтру, то мы ня зможам падаць іхны подпіс у камісію. Мы проста ня маем рэсурсаў, каб падаць сабраныя подпісы ва ўсе гарады. Усё, што мы змаглі, разьмеркавалі па раёнах. У нас няма вольных каардынатараў, якія змогуць дапамагчы перадаць сабраныя подпісы». Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.
«Гэта перадвыбарчая агонія». Маці і муж расказваюць пра арышт жанчыны, якая зьбірала подпісы за Віктара Бабарыку
Сьвятлана Купрэева, сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі і каардынатар па адным з раёнаў Менску, цяпер у СІЗА КДБ. Учора ўвечары ў кватэры яе маці апісалі і арыштавалі маёмасьць. Ці прад’яўлена абвінавачаньне Сьвятлане, сваякі ня ведаюць.
Сьвятлана Купрэева — дачка беларускага паэта і пісьменьніка Міколы Купрэева. Была блізкай сяброўкай жонкі Віктара Бабарыкі Марыны, якая загінула ў 2017 годзе, хросная маці ягонай дачкі.
Свабода пагутарыла са сваякамі Сьвятланы. Чытайце матэрыял па спасылцы.
Па ўсёй Беларусі назіральнікам забараняюць сачыць за праверкай подпісаў
Раённыя тэрытарыяльныя камісіі па ўсёй Беларусі адхіляюць заявы назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» на права прысутнічаць і назіраць за сапраўднасьцю здадзеных подпісаў, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Пад Пухавічамі затрымалі блогера Сяргея Пятрухіна
Аўтара каналаў «Народны рэпарцёр» і «Youtube-дэпутаты» Сяргея Пятрухіна затрымалі пад Пухавічамі 16 чэрвеня, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Пятрухін знаходзіўся ў вёсцы ў Пухавіцкім раёне ў доме сваёй сяброўкі. Каб затрымаць блогера, туды прыехалі два буса з міліцыянтамі і з самага ранку сачылі за домам. Перад затрыманьнем яны паведамілі Пятрухіну, што забіраюць яго на «неадбытыя суткі».
Куды менавіта павезьлі Пятрухіна — пакуль невядома.
Напярэдадні ў Берасьці затрымалі паплечніка Пятрухіна блогера Аляксандра Кабанава, які зьяўляецца прэс-сакратаром ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Кабанаў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС Берасьця. Прычыны затрыманьня невядомыя.
«Няма чаго там стаяць». На радзіме Лукашэнкі не далі зьбіраць подпісы старшыні «Руху за свабоду»
Па словах старшыні Александрыйскага сельсавету Мікалая Стаякова, які прыйшоў паглядзець на пікет апазыцыянэра, Губарэвіч сам зразумеў, што «няма чаго там стаяць».
Чыноўнік паведаміў, што зьбіраць подпісы ў месцы, дзе гэта хацеў рабіць Юрась Губарэвіч, заканадаўствам не забараняецца.
16 чэрвеня старшыня руху «За свабоду» і патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Юры Губарэвіч разам зь сябрамі сваёй ініцыятыўнай групы прыехаў на радзіму Аляксандра Лукашэнкі з выбарчым пікетам. Сабраць подпісы, аднак, у Губарэвіча не атрымалася. Пікет хутка быў акружаны групай мясцовых жыхароў, якія настойліва прасілі апазыцыянэра сысьці.
Штаб Дзьмітрыева заявіў, што сабраў 100 тысяч подпісаў за вылучэньне ў прэзыдэнты. А што ў іншых?
Сяргей Вазьняк, кіраўнік ініцыятыўнай групы лідэра кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева, паведаміў на Facebook 16 чэрвеня, што за вылучэньне Дзьмітрыева кандыдатам у прэзыдэнты сабралі неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў.
Звычайна патэнцыйныя кандыдаты намагаюцца сабраць больш за мінімальна неабходныя 100 тысяч, бо частку падпісных лістоў у выбарчай камісіі могуць адхіліць праз памылкі. Так зьбіраецца зрабіць і штаб Дзьмітрыева — здаць 105–110 тысяч. Збор подпісаў трывае да 19 чэрвеня ўключна.
Пра тое, што сабралі звыш 100 тысяч подпісаў, неабходных для вылучэньня кандыдата, заяўлялі таксама штабы Аляксандра Лукашэнкі, Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы, Сьвятланы Ціханоўскай і Ганны Канапацкай.
Штаб Натальлі Кісель заявіў, што сабраў 108 тысяч подпісаў, але кандыдатка зьнялася з выбараў пасьля скандалу з прызнаньнем парушэньняў падчас збору подпісаў.
«Толькі так я магу дапамагчы мужу». Ціханоўская заявіла, што будзе працягваць кампанію, нягледзячы на пагрозы
Сьвятлана Ціханоўская падала 16 чэрвеня частку сабраных подпісаў у Савецкую раённую камісію па выбарах прэзыдэнта ў Гомлі. Яна заявіла, што будзе працягваць удзел у выбарчай кампаніі, бо «толькі так я магу дапамагчы мужу».
Раней 16 чэрвеня патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты прыслала Свабодзе відэазварот, у якім заявіла аб пагрозах, якія ёй паступаюць у сувязі з удзелам у выбарах.
Гомель быў першым горадам, дзе Ціханоўская спрабавала здаць подпісы. Нумар, зь якога тэлефанавалі, быў з украінскім кодам.
Днём раней Ціханоўская сказала Свабодзе, што за яе вылучэньне кандыдаткай у прэзыдэнты сабралі 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі.