Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

«Гаворка пра жыцьцё дзяцей і жанчын». Жонка Цапкалы падтрымала Ціханоўскую, якой пагражалі невядомыя

Вераніка і Валер Цапкалы
Вераніка і Валер Цапкалы

Вераніка Цапкала, жонка прэтэндэнта на прэзыдэнцтва Валера Цапкалы, выказала падтрымку Сьвятлане Ціханоўскай, якая атрымала ананімныя пагрозы адносна сябе і дзяцей.

«Сьвятлана, як мама, як жанчына, я вас падтрымліваю і знаходжуся на вашым баку. Зараз я зьвяртаюся да праваахоўных органаў і прашу дапамогі ў расьсьледаваньні гэтага абуральнага выпадку. Я веру, што мы жывём у краіне, дзе няма месца страху, маніпуляцыям, асабліва калі гаворка пра жыцьцё дзяцей і жанчын. Я зьвяртаюся да вас, калі ласка, дапамажыце», — заявіла Вераніка Цапкала.

Чытаць цалкам

«Цяперашні кашмар цяжка было перажыць». Актывіст расказвае пра ўмовы на Акрэсьціна

16 чэрвеня пасьля 15 сутак адміністрацыйнага арышту зь менскага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна выйшаў лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч. Ён расказаў, што робіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, калі затрымліваюць актывістаў выбарчай кампаніі.

Паводле Ўрбановіча, справамі ў ЦІПе ў гэтыя дні кіравалі не міліцыянты, а невядомыя супрацоўнікі ў цывільным. Ён кажа, што сам сядзеў у такой камэры, дзе вады было па шчыкалатку, а матрацы адабралі, каб вязьні не маглі адпачыць. Урбановіч згадаў, як папрасіў анучу, каб выцерці з падлогі ваду, але ахоўнікі яму адмовілі і ў гэтым: «Здымай штаны і выцірай». Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

Бабарыка абагнаў Лукашэнку ў пошукавых запытах Google

Зьвесткі пра Валера Цапкалу часьцей шукаюць праз Google жыхары Горадзенскай вобласьці, а пра Віктара Бабарыку — Менскай вобласьці. Свабода паглядзела на папулярнасьць пошукавых запытаў па-расейску напярэдадні выбараў.

Запыт «Бабарыка» у Google стаў папулярнейшы ад запыту «Лукашэнка» ў Беларусі на 13 чэрвеня. Папулярнасьць запытаў Google ацэньвае баламі ад 1 да 100. Калі ўзяць чацьвярых асноўных прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзыдэнты па рускамоўных запытах, то папулярнасьць выглядае так:

  • Бабарыка — 100 балаў
  • Лукашэнка — 59 балаў
  • Цапкала — 15 балаў
  • Ціханоўская — 5 балаў

Глядзіце ўсе графікі і чытайце па спасылцы.

На выбарах у Беларусі бессэнсоўна казаць, хто там рука, нага ці вусы Масквы — украінская экспэртка

Як выглядае беларуская выбарчая кампанія з Кіева? Які вынік беларускіх выбараў будзе адпавядаць нацыянальным інтарэсам Украіны?

З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да паліталягіні, экспэрткі ўкраінскага Фонду грамадзкай дыпляматыі Аляксандры Рэшмедзілавай. Чытайце інтэрвію па спасылцы.

Хто пагражае Ціханоўскай

Сьвятлана Ціханоўская сёньня паведаміла, што ёй тэлефанавалі з пагрозамі — каб падумала пра лёс дзяцей і не здавала подпісы за вылучэньне ў прэзыдэнты.

Абмяркоўваюць аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык. Сьцісла чытайце па спасылцы, цалкам глядзіце дыскусію на відэа:

Што казалі на пікеце ў Бабруйску

15 чэрвеня ў Бабруйску прайшоў выбарчы пікет, які наведаў прэтэндэнт у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Вось што казалі людзі, які трапілі ў стрым Радыё Свабода.

«Каб мы не аддалі краіну разгільдзяям і тым, якія абяцаюць зь верталёта грошы раскідваць», — Лукашэнка пра выбары

16 чэрвеня падчас наведваньня горадзенскага прадпрыемства «Гродна Азот» Аляксандар Лукашэнка сярод іншага выказаўся пра будаўніцтва БелАЭС, каранавірус, выбары і заробкі беларусаў. Гаворачы пра эпідэмію каранавірусу ў Беларусі, Лукашэнка заявіў, што «не такія каранавірусы ў нашай гісторыі былі, але мы жывыя. Галоўнае — захаваць сваю зямлю, свой кавалак зямлі для сябе і для нашых дзяцей».

«І выбары мы правядзем, вы не хвалюйцеся. Што, у нас першыя выбары? Галоўнае, каб мы краіну ня страцілі. Каб мы не аддалі краіну разгільдзяям і тым, якія абяцаюць зь верталёта грошы раскідваць: інвэстары прыйдуць і нам чагосьці прынясуць. Інвэстары прыйдуць з-за мяжы, але скажуць: падаткі плаціць ня будзем, дайце танную сыравіну, і зарплата ў людзей будзе 300 даляраў», — цытуе Лукашэнку БелТА. Цалкам чытайце па спасылцы.

Ганна Севярынец: Можа, мой верш адкладзе на 15 хвілін рашэньне страляць

Настаўніца, пісьменьніца і дасьледчыца літаратуры Ганна Севярынец расказвае пра невядомыя дэталі звальненьня са смалявіцкай гімназіі за верш «Я за вас не галасавала ніколі», хвалю салідарнасьці і прапановы працы. Вялікае інтэрвію з Ганнай Севярынец чытайце па спасылцы.

Сьцісла:

  • Можа, гэта адкладзе хаця б на 15 хвілін апошняе рашэньне страляць, і нехта пасьпее сысьці, альбо гэта будуць тыя пераломныя 15 хвілін, калі кінуць зброю тыя, хто павінен страляць.
  • Я праводжу 29 кастрычніка ўрокі памяці. І як я дзецям потым патлумачу, калі нешта здарыцца такое, а я нічога не сказала?
  • Думаю, што тут паўстала пытаньне нават не самазахаваньня дырэктара, а захаваньня гімназіі.
  • Я маю падтрымку з усіх бакоў, а ён са сваім выбарам застаўся адзін на адзін, і я зь вялікім спачуваньнем думаю пра яго.
  • Я адразу атрымала прапановы супрацы зь іншымі ўстановамі адукацыі, праўда, з прыватнымі.
  • Хачу, каб хваля салідарнасьці падзялілася на ўсіх настаўнікаў, якія маюць сілу супраціву. У гэтым жніўні шмат каму з маіх калегаў давядзецца рабіць гэты складаны выбар.

Арыштант з камэры на Акрэсьціна, дзе сядзеў Севярынец: «У яго ўсё забралі, нават зубную шчотку»

Свабода знайшла чалавека, які сядзеў у ізалятары на Акрэсьціна разам з Паўлам Севярынцам і ўжо выйшаў на волю. Наш суразмоўца пракамэнтаваў заяву прэсавай службы МУС пра тое, што правы Паўла Севярынца ў ізалятары не парушаюцца.

Раней у інтэрнэце зьявіліся зьвесткі, што ў Паўла Севярынца адабралі ўсе рэчы і не перадаюць яму перадач з дому. У тым ліку на гэта скардзілася жонка палітыка Вольга. Цалкам чытайце па спасылцы.

На Ціханоўскага завялі новую крымінальную справу

На Сяргея Ціханоўскага завялі новую крымінальную справу за перашкоду выбарам, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».

Паводле крымінальнага артыкула 191 Ціханоўскаму пагражае да 5 гадоў турмы. Менавіта па гэтым артыкуле старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына прасіла Сьледчы камітэт правесьці праверку дзеяньняў і выказваньняў Ціханоўскага падчас пікетаў. У іх яна пабачыла пагрозу для сябе. Цалкам чытайце па спасылцы.

Яшчэ адзін фігурант «справы Ціханоўскага»? Слуцкага блогера Няронскага перавялі ў СІЗА пасьля 40 дзён арышту

Блогера Ўладзімера Няронскага, які завёў YouTube-канал «Слуцк для жизни», трымалі пад адміністрацыйным арыштам 40 дзён, а пасьля зьмясьцілі ў менскі сьледчы ізалятар № 1. Яго вінавацяць у парушэньні трох артыкулаў крымінальнага кодэксу.

Чым адкажа Расея за «Белгазпрамбанк»

Наколькі абгрунтаваныя чуткі пра тое, што «Газпром» спыніць пастаўкі газу ў Беларусь з 1 ліпеня? Як на гэта адрэагавалі б заходнія партнэры «Газпрому»? Ці дойдзе справа да нацыяналізацыі «трубы»?

Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Наше мнение» Валерыя Касьцюгова і палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.

Сьцісла:

Дракахруст:

  • Прыкметна, што ўжо не тэлеграм-каналы, а кіраўнік «Газпрому» Мілер сказаў пра неабходнасьць вяртаньня Беларусьсю запазычанасьці ў 165 мільёнаў даляраў.
  • Цікава будзе паглядзець, як будуць сябе паводзіць (асабліва пасьля візыту ў Менск расейскага міністра Лаўрова, які, магчыма, прывязе некаторыя прапановы) фэдэральныя расейскія тэлеканалы.
  • Дэ-факта адбываецца нацыяналізацыя, дэ-факта адбіраюць камэрцыйны актыў. А з другога боку, камэрцыйны актыў такой даволі таксычнай арганізацыі, а менавіта «Газпрому».​

Касьцюгова:

  • Існуюць пэўныя тонкасьці. Нагадаю, што ў Беларусі няма кантракту з «Газпромам» — цэны ўзгаднілі Мілер і Сямашка.
  • У Расеі вялікі, я б сказала нават, вельмі вялікі выбар інструмэнтаў уплыву на Беларусь. Галоўнае — тое, што і Беларусь як дзяржава вінная Расеі вялікія грошы, і беларускія прадпрыемствы, асабліва дарагія сэрцу Аляксандра Лукашэнкі. І гэты інстумэнт рэпутацыйна для Расеі абсалютна бясьпечны.
  • Беларусь можа, не дачакаўшыся адказу ад «Газпрому», разьвязаць яму рукі, нацыяналізаваць «трубу» (і «Белтрангаз», і Ямал-Эўропа).
  • Мне падаецца, значнасьць тэлебачаньня вельмі скарацілася, і «Хросныя бацькі» (сэрыял супраць Лукашэнкі, паказаны Масквой у 2010 годзе — рэд.) ідуць па іншых каналах.

Навумчык:

  • У Беларусі таксама ёсьць мэханізму ўплыву на Маскву, хаця і не ў такім шырокім дыяпазоне, як у Масквы на Менск. Напрыклад, падыходзіць час працягваньня альбо скасаваньня арэнды Расеяй вайсковых аб’ектаў у Вялейцы і Ганцавічах — іх страта была б для Расеі даволі адчувальнай.
  • Нельга выключыць, што Масква правакуе Менск забраць газавую «трубу» — каб потым адказаць «зялёнымі чалавечкамі», увесьці ў Беларусь расейскія танкавыя карпусы. Але гэта створыць для Пуціна прынцыпова іншую сытуацыю. І вось у такім выпадку Лукашэнка зможа разьлічваць на падтрымку Захаду.

Чытаць, глядзець або слухаць цалкам >>

Бабарыка заявіў, што на пасадзе прэзыдэнта найперш вярнуў бы Канстытуцыю 1994 году

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Віктар Бабарыка 16 чэрвеня даў інтэрвію польскаму выданьню Rzeczpospolita.

«Неабходна было б правесьці канстытуцыйную рэформу і вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году, — адказаў Віктар Бабарыка. — Прэзыдэнт павінен кіраваць ня больш за два тэрміны, і кіраўнікі павінны мяняцца. Таксама ня можа быць улады адной асобы, многія органы павінны кіраваць дзяржавай. Я б абапіраўся не на загады, а на ініцыятыву людзей. Трэба наняць мудрых людзей, якія падкажуць, што рабіць».

Бабарыка таксама выказаўся пра іншую рэч з 1990-х: дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы з Расеяй». На пытаньне пра рэалізацыю дамовы 1999 году ён спытаў: «Ці ведае сьвет бізнэсу праект дамовы, якая ня страціла б актуальнасьці праз 20 гадоў»?

На думку Бабарыкі, ніхто не прымушаў беларускі бок падпісваць цяперашнія «дарожныя мапы», гэта проста «стан беларускай эканомікі»: Беларусь цягам 26 гадоў просіць Расею аб крэдытах і саступках у цане на энэргарэсурсы.

«Мы дзейнічалі так, быццам хтосьці ўсё нам вінен, — разважаў Бабарыка. — Я лічу, што нам ніхто нічога ня вінен, і мы мусім будаваць уласную эканоміку».

Першы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук —​ беларусам: Перамены робяць людзі

Першы прэзыдэнт незалежнай Украіны 86-гадовы Леанід Краўчук перакананы, што адказнасьць за абраньне ўлады, за тое, як будуць жыць дзеці, унукі і праўнукі, ляжыць на цяперашнім пакаленьні беларусаў. Краўчук — адзін з трох лідэраў, якія падпісалі гістарычныя Белавескія пагадненьні аб ліквідацыі СССР. У інтэрвію Свабодзе ён разважае, чаму ў апошнюю чвэрць стагодзьдзя так па-рознаму разьвіваюцца Беларусь і Ўкраіна, і дае парады беларусам на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах.

Сьцісла:

  • Паводзіны Пуціна і яго крамлёўскага атачэньня могуць быць проста нечаканымі, у тым ліку і ў дачыненьні да Беларусі.
  • Наколькі я разумею, Беларусь ня мае агрэсіўных намераў ні ў дачыненьні да Расеі, ні да іншых суседзяў. Таму мы зь Беларусьсю заўсёды знаходзім агульную мову.
  • Я думаю, што Беларусі трэба мець прабеларускіх кандыдатаў. Ня трэба ні праўкраінскіх, ні прарасейскіх, ні прапольскіх.
  • Мы маем інфармацыю, што Беларусь ужо дасягнула вельмі высокага ўзроўню захворваньняў на каранавірус, як і Расея. Але яны надалей лічаць, што гэта ня так страшна, праводзяць парады, рыхтуюцца да парадаў, заражаюцца, хаваюць лічбы і факты.

Чытаць цалкам >>

Гарадзенец паскардзіўся ў ЦВК на парушэньні пры зборы подпісаў за Лукашэнку на БелАЭС

Сяргей Нікіцін, электразварнік з кампаніі «Гроднапрамбуд», працуе на будаўнічай пляцоўцы БелАЭС вахтавым мэтадам.

Паводле яго, 1 чэрвеня адміністрацыя паінфармавала яго і калегаў аб зборы подпісаў за Лукашэнку. У падпісных лістах ужо былі надрукаваныя імёны і пашпартныя зьвесткі працаўнікоў, а графа зьвестак пра сябра ініцыятыўнай групы не была запоўненая. Подпісы зьбіралі ў працоўны час супрацоўнікі адміністрацыі.

Як сказаў Нікіцін, шмат работнікаў адмовіліся ставіць подпісы за Лукашэнку. Сваю скаргу ў ЦВК ён накіраваў 16 чэрвеня, калі вярнуўся дамоў з вахты. Адказаць яму маюць цягам трох дзён.

Мужчына сьцьвярджае, што так адбываецца ў ягоным БУ-142, а таксама, як яму расказалі іншыя рабочыя, у БУ-134, БУ-210, БУ-211 і БУ-221. У скарзе ў ЦВК ён просіць вынесьці папярэджаньне Аляксандру Лукашэнку або не рэгістраваць яго кандыдатам, калі такія выпадкі былі раней.

Эўразьвяз занепакоены атакамі на Бабарыку і застрашэньнем Ціханоўскай

Цяпер, калі Беларусь уваходзіць у кампанію выбараў прэзыдэнта, асабліва важна, каб асноўныя правы і свабоды былі цалкам выкананыя. Такую пазыцыю выказаў амбасадар Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубэль.

«Мы занепакоеныя нядаўнімі дзеяньнямі, распачатымі супраць Віктара Бабарыкі, і заклікаем да поўнага выкананьня законнасьці. Спадзяюся таксама, што праваахоўныя органы расьсьледуюць ананімныя тэлефонныя пагрозы, якія паступілі на адрас патэнцыйнай кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай, і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці», — адзначыў дыплямат.

Ён дадаў, што занепакоены і паведамленьнямі пра выпадкі жорсткага абыходжаньня з боку сілаў правапарадку, а таксама пра дрэнныя ўмовы ўтрыманьня асобаў, арыштаваных за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Амбасадар заклікаў улады Беларусі неадкладна вызваліць усіх затрыманых актывістаў і выконваць міжнародныя абавязаньні згодна Канвэнцыі ААН супраць катаваньняў, удзельнікам якой зьяўляецца Беларусь.

56% не задаволеныя тым, як працуе дэмакратыя ў Беларусі, — апытаньне «Ўсходняга партнэрства»

Праект Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» правёў у лютым–сакавіку апытаньне грамадзкай думкі ў Беларусі, Армэніі, Азэрбайджане, Грузіі, Малдове і Ўкраіне. Некаторыя вынікі:

  • 46% нэўтральна ставяцца да Эўразьвязу (летась было на 7 адсоткаў больш «нэўтральных»), 38% ставяцца пазытыўна (28% «даволі добра»), 12% — нэгатыўна;
  • найвялікшай каштоўнасьцю беларусы называюць «мір, бясьпеку і стабільнасьць» (такіх 58% супраць 49%, якія назвалі правы чалавека, або 39%, якія назвалі індывідуальныя свабоды), і 46% зьвязваюць гэтую каштоўнасьць з Эўразьвязам;
  • давер да NATO вырас на 4 адсоткі — да 23% апытаных, але 47% апытаных яшчэ не давяраюць NATO;
  • 54% апытаных пазытыўна ставяцца да стасункаў Беларусі і Эўразьвязу, 41% ведае пра фінансавую падтрымку Беларусі Эўразьвязам, 52% лічаць гэтую падтрымку эфэктыўнай;
  • 52% перакананыя, што Расея больш за Эўразьвяз падтрымлівае Беларусь (на 8 адсоткаў менш, чым летась);
  • 74% давяраюць пагалоскам («word of mouth») — аповедам знаёмых, 57% — расейскамоўным СМІ Беларусі, 52% — тэлевізіі, 49% — інфармацыі з інтэрнэту, 15% — выданьням на замежных мовах;
  • 46% заявілі пра давер ураду (мінус 10 адсоткаў за год), 41% — парлямэнту (мінус 12), 39% — рэгіянальным і мясцовым уладам (мінус 8), 26% — палітычным партыям (мінус 6), а пра давер асобна прэзыдэнту не пыталі;
  • 56% не задаволеныя тым, як працуе дэмакратыя ў Беларусі (плюс 5); з добрага большасьць адзначае толькі гендэрную роўнасьць (65%); значна менш бачаць у Беларусі нізкую карупцыю (17%), роўнасьць і сацыяльную справядлівасьць (25%), свабоду мэдыя (32%), справядлівыя і вольныя выбары (19%);
  • 60% ня маюць аптымізму што да будучыні Беларусі, але 51% аптымістычныя наконт уласнай будучыні (47% — пэсымістычныя).

«Бесчалавечнае абыходжаньне з апанэнтамі». Беларускія праваабаронцы зьвярнуліся ў ААН

Беларускі Хэльсынскі камітэт і Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьвярнуліся да Найвышэйшага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у правах чалавека і некалькіх спэцыяльных тэматычных дакладчыкаў з просьбай прыняць захады для паляпшэньня актуальнай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Чаго просяць праваабаронцы, чытайце па спасылцы.

ТБМ заявіла, што не падтрымае кандыдатаў на прэзыдэнцтва, якія ігнаруюць беларускую мову

Сакратарыят Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) выступіў з заявай з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

«Шэраг асобаў, зь якімі вялікая колькасьць грамадзянаў зьвязвае надзеі на доўгачаканыя перамены, не валодаюць дзяржаўнай беларускай мовай і не выкарыстоўваюць яе падчас збору подпісаў. Узьнікае пытаньне: ці здольныя гэтыя людзі належным чынам выконваць свае абавязкі, калі яны не адпавядаюць кваліфікацыйнаму патрабаваньню, абавязковаму для службовай асобы любога ўзроўню?» — гаворыцца ў заяве. Цалкам чытайце па спасылцы.

У польскім Сэйме падтрымалі затрыманых падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі

Камісія замежных спраў польскага Сэйму 17 чэрвеня прыняла заяву ў падтрымку палітвязьняў і рэпрэсаваных у Беларусі.

«Мы заклікаем ўлады ў Менску неадкладна спыніць перасьлед і вызваліць усіх асуджаных і арыштаваных», — напісалі дэпутаты камісіі, адначасова выказваючы салідарнасьць з ахвярамі рэпрэсій ды іх сем’ямі.

У заяве дэпутаты польскага Сэйму папрасілі Міністэрства замежных спраў Польшчы выступіць у абарону рэпрэсаваных асобаў у Беларусі, якія знаходзяцца пад вартай у цяжкіх умовах. У гэтым кантэксьце заява называе імёны чатырнаццаці чалавек: Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Уладзімер Цыгановіч, Аляксандар Арановіч, Дзьмітры Фурманаў, Вяргілій Вушак, Васіль Баброўскі, Арцём Сакаў, Уладзімер Навумік, Аляксандар Кабанаў, Сяргей Пятрухін, Валянцін Троцкі, Яраслаў Кійко.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG