Канапацкая растлумачыла сваё выказваньне пра Бабарыку і «пэдафілію»
Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Ганна Канапацкая на Facebook зноў выказалася пра іншага пра іншага ўдзельніка выбараў банкіра Віктара Бабарыку. Яна падтрымлівае думку пра Бабарыку як «праект Газпрому» і «хадзячае мяса ў разборках Крамля».
«Калі ў інтэрвію „Белсату“ я казала, што „мэнэджар Газпрому“ ня можа быць прэзыдэнтам нашай краіны, як пэдафіл ня можа быць выхавальнікам у дзіцячым садку, менавіта бясконцую наіўнасьць і даверлівасьць беларусаў я і мела на ўвазе, а ня схільнасьць да сэксуальных вычварэньняў аднаго з кандыдатаў у кандыдаты з „таго боку“, — піша Канапацкая. — Бо мы для іх „людзі-эльфы“, і яны гэтага нават не хаваюць».
На думку Канапацкай, з колькасьці адмоўных камэнтароў на ейнай старонцы на Facebook можна зрабіць выснову, што «група падтрымкі чалавека Мілера» (Аляксей Мілер — кіраўнік расейскай кампаніі «Газпром») складае «каля 80 чалавек».
Расейскія мэдыі: на выбарах у Беларусі адназначна прымальнага для Расеі кандыдата няма
Расейскія сродкі масавай інфармацыі паведамляюць сваім чытачам падрабязнасьці выбарчай кампаніі ў Беларусі. Публікацыі пераважна носяць інфармацыйна-азнаямленчы характар зь пералікам прэтэндэнтаў, радзей сустракаюцца спробы аналізу.
- Газэта «Коммерсантъ» у артыкуле «Кандыдаты ў казематы», прыводзіць меркаваньне праўладнага экспэрта Пётры Пятроўскага, які лічыць, што Расея зацікаўленая ў пагаршэньні дачыненьняў Беларусі з Захадам, каб пагоршыць беларускія пазыцыі на перамовах з Расеяй.
- Часопіс «Огонёк» у артыкуле «Беларускія горкі» таксама пералічае ўдзельнікаў перадвыбарчай гонкі ў Беларусі і пераказвае асноўныя апошнія падзеі. Сярод іншага расказваецца пра адзіны пікет збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку ў Менску, які называецца «спэктаклем», бо туды падвозілі на аўтобусах людзей.
- Выданьне «Газета.ру» падрабязна расказвае сваім чытачам пра Сяргея Ціханоўскага, а таксама Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу. Апошнія два, на думку выданьня, змагаюцца за стварэньне ў Беларусі эфэктыўнай дзяржавы.
АГП заклікала Ярмошыну не рэгістраваць Лукашэнку кандыдатам
Палітычная рада Аб’яднанай грамадзянскай партыі запатрабавала ад Цэнтравыбаркаму не рэгістраваць кандыдатам на выбарах Аляксандра Лукашэнку, які заявіў, што адмовіцца падпарадкавацца волі народу, калі народ абярэ іншага прэзыдэнта, — напісана ў заяве.
Асноўныя палажэньні заявы:
- Злоўжываньне ўладай — крымінальнае злачынства, яно не застанецца без пакараньня, усе саўдзельнікі будуць прыцягнутыя да адказнасьці.
- Афіцэры мусяць памятаць пра прысягу беларускаму народу і афіцэрскі гонар, пра тое, што павагу да сябе цяжка набыць, але лёгка страціць.
- Выказваецца салідарнасьць зь Сяргеем Ціханоўскім, Віктарам Бабарыкам, Валерыем Цапкалам, супраць якіх дзейны рэжым разгарнуў процізаконную кампанію перасьледу.
- Ад Генэральнай пракуратуры патрабуецца праверыць дзеяньні грамадзяніна Лукашэнкі на прадмет парушэньняў, прадугледжаных арт. 342, 357, 361, 424, а таксама падрыхтоўкі да дзеяньняў, прадугледжаных арт. 382 Крымінальнага кодэксу, бо ў яго заявах ўтрымліваюцца антызаконныя заклікі.
- Ад Камітэту дзяржаўнай бясьпекі АГП патрабуе вынесьці Лукашэнку афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці дзеяньняў, якія пагражаюць нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку заклікаў да незаконнага ўжываньня зброі супраць цывільных асобаў, што можа выклікаць масавыя беспарадкі, заявы аб намеры незаконна прысвоіць паўнамоцтвы ў выпадку абраньня іншага кандыдата, адмовы ад перадачы ўлады.
- Ад Цэнтравыбаркаму АГП патрабуе вынесьці прэтэндэнту на статус кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнку папярэджаньне за вышэйзгаданыя дзеяньні і адмовіць яму ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты, бо падобныя паводзіны недапушчальныя для чалавека, які мусіць служыць народу, чыю волю ён загадзя адмаўляецца прызнаваць.
Якія ідэі засталіся ў беларускага аўтарытарызму? Ніякіх, апроч утрыманьня ўлады. Піша Віталь Цыганкоў
У сёньняшняга беларускага аўтарытарызму імя Аляксандра Лукашэнкі няма ні ідэі, ні пэрспэктывы, ні рэформаў, ні нацыянальнай культуры, ні хаця б захапленьня мінулым. Гэта безыдэйная, сумная, шэрая аўтакратыя.
Рост дабрабыту быў, але скончыўся 10 гадоў таму, і зараз беларусы зарабляюць менш, чым у 2010-м; «асаблівы шлях» скасавалі, замест яднаньня славянскіх народаў прыйшлі нармалізацыя адносінаў з Захадам і сваркі з Масквой. Нацыянальная ідэя, нягледзячы на працу цэлых інстытутаў, так і не прыдумана.
Што ж засталося, што можа «апраўдаць» беларускі аўтарытарызм у вачах гісторыі і ўласнага насельніцтва? Нічога. Толькі «стабільнасьць» — сынонімам чаго ёсьць слова «самазахаваньне».
Да 15 сутак арышту. Працягваюцца суды за перадвыбарчыя пікеты. Абнаўляецца
У панядзелак, 15 чэрвеня працягнуліся суды над удзельнікамі збораў подпісаў за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты. Як піша «Вясна», Эдуарду Пальчысу — 15 дзён арышту, ужо зьняволенаму Ўладзімеру Цыгановічу праз Skype — яшчэ 15 дзён. Матэрыял абнаўляецца, чытайце па спасылцы.
Максім Урбановіч заявіў пра зьдзекі ў турме на Акрэсьціна
Першы сакратар «Маладога Фронту» днём 15 чэрвеня выйшаў на волю пасьля арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, расказаў пра «зьдзекі, шантаж, бязьмежжа» — «такога не было нават у горшыя часы». «Калі зімой бывае, што „марозяць“, то цяпер „душаць хату“ хлёркай».
У камэры ягонага брата, лідэра «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча, таксама вылівалі на падлогі нейкую вадкасьць. «Усё, казалі, палітычнае», — тлумачыць Максім.
Блогера Пальчыса асудзілі на 15 сутак арышту за «несанкцыянаваную акцыю» ля Камароўкі
«Я быў прыхільнікам непапулярнай у большасьці думкі, што лепш гэтыя выбары ігнараваць, каб не дапусьціць разгрому, — тлумачыць сваё стаўленьне да цяперашніх выбараў Эдуард Пальчыс. — Таму я мінімум 15, а можа і 30 дзён буду адпачываць, чытаць кнігі і займацца ўнутраным разьвіцьцём, пакуль іншым давядзецца штосьці рабіць і, магчыма, зарабіць свае суткі гэтым летам».
Пальчыс кажа, што ў апошнія гады шмат новых людзей зацікавіліся палітыкай.
«Але яны не прызнаюць пэўнай рэальнасьці. Ня бачаць, наколькі рэжым гатовы парушаць свае ж правілы гульні. Я схадзіў на легальны пікет, нічога не рабіў, мікрафон ня браў, і вось вынік. Тым, хто спадзяецца, што яны проста паставяць свой подпіс, прагаласуюць і пойдуць, і нейкія цудоўныя ружовыя мары, то каб яны не чакалі цудаў і лёгкага варыянта, калі свабода сама ўпадзе ім у рукі«, — кажа Эдуард Пальчыс.
На каардынатара ініцыятыўнай групы Ціханоўскай у Наваполацку склалі адразу тры пратаколы
15 чэрвеня міліцыя затрымала каардынатара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай у Наваполацку Яўгена Вільскага. Актывіст паведаміў праваабаронцам, што яго затрымалі раніцай каля аўтамабіля. У міліцыі на Яўгена Вільскага склалі адразу тры адміністрацыйныя пратаколы, пасьля чаго адпусьцілі. Суд прызначылі на 25 чэрвеня.
Тым часам 60-гадовы сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Алег Баброўскі, якага затрымалі 7 чэрвеня і арыштавалі на 20 дзён, аб’явіў галадаваньне.
Кісель адмовілася ад удзелу ў выбарах, кіраўнік яе групы раней прызнаў парушэньні пры зборы подпісаў
Асацыяцыя грузаперавозьнікаў «Рэгіён 8» апублікавала ліст аб завяршэньні ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі 2020 году — патэнцыйная кандыдатка Натальля Кісель здымаецца з выбараў.
Сапраўднасьць ліста пацьвердзіла Свабодзе сама Натальля Кісель. Кіраўнік яе ініцыятыўнай групы Сяргей Штода сказаў, што ў іх ад пачатку не было плянаў удзельнічаць у «выбарчым цырку». Ставілася задача адцягнуць галасы ад Лукашэнкі на сябе, «жраць сыстэму знутры».
«Выпячваць сябе на пікетах, як Павал Севярынец ды іншыя палітычныя актывісты, і потым сядзець па турмах, — гэта ня самая эфэктыўны мэтад змаганьня ў сёньняшніх умовах», — заявіў Штода.
Ініцыятыўная група, як сьцьвярджаецца, сабрала 108 тысяч подпісаў. «Рэгіён 8» заяўляе, што не падтрымлівае ані ўладу, ані апазыцыю, а сабраныя подпісы перадасьць у штабы Гайдукевіча (які раней зьняўся з выбараў), Губарэвіча, Лукашэнкі («упэўненыя: пераможа на выбарах»), Цапкалы, Дзьмітрыева, Канапацкай і Ціханоўскай. Законы не прадугледжваюць працэдуры перадачы падпісных лістоў іншым кандыдатам.
10 чэрвеня Сяргей Штода прызнаў, што ў зборы подпісаў удзельнічалі ня толькі сябры іх ініцыятыўнай групы, што ёсьць парушэньнем выбарчага заканадаўства. Штода нецэнзурна аблаяў карэспандэнта «Нашай нівы», запатрабаваў, каб ён зьмяніў публікацыю пра ягоныя ранейшыя заявы. Кісель заяўляла, што пра парушэньні падчас збору ў яе «ніякіх фактаў няма».
Севярынца ў турме на Акрэсціна яшчэ двойчы асудзілі на 15 сутак арышту, яго жонка заявіла пра катаваньні
«Забралі ўсе рэчы, у тым ліку зубную шчотку, цёплую вопратку, сродкі гігены, а таксама ўжо два разы адпраўлялі ў КПЗ, дзе вельмі халодна, — піша Вольга Севярынец. — Паша просіцца, каб перадалі перадачу хоць нейкую, але мы ня можам гэтага зрабіць, бо перадачы не прымаюць.
Я вельмі прашу, калі неяк можна паўплываць на тое, што зь ім робяць, дапамажыце, бо яго там заб'юць».
Першыя 15 сутак Севярынцу прысудзілі 8 чэрвеня. Судзьдзя палічыў, што Севярынец 7 чэрвеня ўдзельнічаў у несанкцыянаванай вулічнай акцыі ў Менску, каля Камароўскага рынку, дзе ішоў легальны збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Таксама Севярынца вінавацілі ў «непадпарадкаваньні патрабаваньням міліцыі».
Севярынец сказаў, што гэта беззаконьне — асуджаць за дазволены пікет падчас выбарчай кампаніі.
Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнем грамадзяніна Расеі, валянтэра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай
Беларускія праваабаронцы заявілі аб прызнаньні Андрэя Новікава палітвязьнем і запатрабавалі ягонага недакладнага вызваленьня і спыненьня крымінальнага перасьледу супраць яго, гаворыцца ў заяве, якую публікуе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Андрэй Новікаў — валянтэр ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Ён грамадзянін Расеі, але ўжо шмат гадоў жыве ў Беларусі, жанаты, мае двух непаўналетніх дзяцей.
Новікава затрымалі 6 чэрвеня ў вёсцы Прусы за ўдзел у пікеце для збору подпісаў, які прыраўнялі да „несанкцыянаванага масавага мерапрыемства“. Затрымлівала яго цэлая група супрацоўнікаў міліцыі. Спачатку яго адвезьлі ў Паставы, каб скласьці пратакол паводле арт. 23.34 КаАП, а потым перавезьлі ў Менск у ІЧУ (адміністрацыйную турму) на завулку Акрэсьціна.
Гайдукевіч пацьвердзіў плян Кісель зьняцца на яго карысьць
Патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнта Натальля Кісель 15 чэрвеня зьнялася з выбараў, заявіўшы, што плянавала зьняцца з выбараў на карысьць Алега Гайдукевіча. Ён пацьвердзіў Tut.by, што сапраўды абмяркоўваў са штабам Кісель такое рашэньне.
«Так, гэта праўда. Мы абмяркоўвалі гэта. Першапачаткова плянавалася, што да канца збору подпісаў мы сустрэнемся і Натальля здыміцца на маю карысьць. Тым больш, што ў яе ініцыятыўнай групе ёсьць чальцы Лібэральна-дэмакратычнай партыі», — сказаў Гайдукевіч.
Ён дадаў, што быў ня супраць такога варыянту. Пры гэтым выбарчае заканадаўства Беларусі, не прадугледжвае працэдуры перадачы падпісных лістоў іншым кандыдатам. Гайдукевіч падкрэсьліў, што плян «зьняцца на карысьць іншага кандыдата» мае выключна маральны аспэкт.
«Зразумела, што па законе нельга перадаць сабраныя подпісы іншаму кандыдату, зьняцца — гэта проста маральна падтрымаць, агітаваць за кандыдата», — сказаў Гайдукевіч.
Алег Гайдукевіч зьняўся з выбараў яшчэ 26 траўня. Ён заявіў, што здымаецца з выбараў на карысьць Аляксандра Лукашэнкі.
Юрысты пра «вінаватасьць» Бабарыкі: такія заявы недапушчальныя і груба парушаюць правы чалавека
Правы затрыманых па «справе „Белгазпрамбанку“» і патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі парушаюцца, пішуць юрысты «Прававой ініцыятывы».
Чаму гэта незаконна?
Як адзначаюць у «Прававой ініцыятыве», Бабарыка знаходзіцца на свабодзе, яго не выклікалі на допыты, зь ім не праводзілася ніякіх сьледчых дзеяньняў. Сам Бабарыка лічыць, што ператрусы і затрыманьні ў «Белгазпрамбанку» зьяўляюцца рэйдарскім захопам з боку беларускай дзяржавы і ўсе гэтыя дзеяньні накіраваныя супраць яго.
Кіраўнік «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава адзначае, што службовыя асобы і дзяржаўныя тэлеканалы парушаюць прэзумпцыю невінаватасьці, выказваючы падобныя абвінавачваньні ў СМІ да суда.
«Прынцып прэзумпцыі невінаватасьці, замацаваны ў артыкуле 26 Канстытуцыі і ў артыкуле 16 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, сьцьвярджае, што ніхто ня можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна ня будзе даказаная і ўсталяваная судовым прысудам. То бок да набыцьця моцы судовага прысуду чалавек лічыцца невінаватым. Прэзумпцыя невінаватасьці мае асноўнае значэньне для абароны правоў чалавека: ускладае абавязкі даказваньня на абвінавачваньне і забясьпечвае, каб сумненьні ішлі на карысьць абвінавачанага», — кажа Фёдарава.
Праваабаронца падкрэсьлівае, што ўсе дзяржаўныя органы ўлады абавязаныя ўстрымлівацца ад прадказаньня вынікаў судовага разьбіральніцтва, у тым ліку не сьцьвярджаць пра вінаватасьць. Паводле міжнародных стандартаў, СМІ таксама мусяць устрымлівацца ад падачы навінаў «такім чынам».
«Як мы бачым у гэтай справе, і кіраўнік КДК, і прэс-сакратар прэзыдэнта, у тым ліку прэзыдэнт, неаднаразова рабілі заявы, у якіх сьцьвярджалася пра датычнасьць да злачынстваў Віктара Бабарыкі і вінаватасьці затрыманых па справе „Белгазпрамбанку“. Такія заявы недапушчальныя і груба парушаюць правы чалавека».
Канапацкая пракамэнтавала інфармацыю пра 10 тысяч подпісаў
Патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнта Ганна Канапацкая пракамэнтавала Свабодзе інфармацыю пра збор подпісаў.
Што адбылося?
Двое сябраў каманды Ганны Канапацкай на ўмовах ананімнасьці расказалі «Нашай Ніве», што насамрэч Ганна Канапацкая сабрала ня больш за 10 тысяч подпісаў. А ўсе пікеты і абыход кватэр патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнта спыніла.
Што кажа Канапацкая?
Паводле Канапацкай, на канец мінулага тыдня яе ініцыятыўная група сабрала больш 110 тысяч подпісаў.
Інтэрвію каардынатараў яе ініцыятыўнай групы «Нашай ніве» палітык назвала «няўдалай спробай зьбіць рэальна моцнага кандыдата, які выступае за незалежнасьць Беларусі».
Лукашэнка дзейнічае ў той жа парадыгме, што і Януковіч аж да канца 2013 году, — кіраўнік фонду «Ўкраінская палітыка»
Як выглядае беларуская выбарчая кампанія з Кіева? Ці не раздражняюцца ва Ўкраіне няспыннымі спасылкамі Лукашэнкі на «жахі» Майдану? Які вынік беларускіх выбараў будзе адпавядаць нацыянальным інтарэсам Украіны?
З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да Канстанціна Бандарэнкі, кіраўніка фонду «Ўкраінская палітыка». Чытайце вялікае інтэрвію па спасылцы.
Цапкала: Лукашэнку на выбарах можа дапамагчы толькі цуд
На сёлетніх выбарах прэзыдэнта ў Беларусі Аляксандру Лукашэнку «толькі цуд можа дапамагчы», заявіў патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала 15 чэрвеня ў інтэрвію радыёстанцыі «Эхо Москвы».
«Бо рэйтынг яго надзвычай нізкі, што мы бачым па велізарнай колькасьці людзей, якія ставяць на пікетах подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, — адзначыў Цапкала. — Людзі перасталі баяцца, і мы бачым, што фактычна за ўвесь час толькі два пікеты было за Лукашэнку, дзе падвозілі трыма мікрааўтобусамі людзей, якія сталі ў чаргу для таго, каб аддаць за яго подпісы. А так тыя пікеты, якія я бачыў, — людзі наогул да яго не падыходзяць». Цалкам чытайце па спасылцы.
Пікет Бабарыкі ў Бабруйску. ВІДЭА
Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктар Бабарыка 15 чэрвеня наведаў выбарчы пікет у Бабруйску. Асноўныя цытаты чытайце па спасылцы.
Прыгоды рэйтынгу прэзыдэнта, або Які адсотак у Лукашэнкі
Хвосткі мэм пра надзвычай нізкі рэйтынг Лукашэнкі набыў вялікую папулярнасьць у беларускім грамадзтве. Ён грунтуецца на онлайнавых апытаньнях, праведзеных апошнім часам у шэрагу інтэрнэт-выданьняў. Але які ён на самай справе, ці праўда, што ён насамрэч настолькі нізкі? Разважае ў новым блогу Юры Дракахруст. Чытайце па спасылцы.
«Беларусь — гэта ня толькі сталіца, гэта рэальна рэгіёны». Як прайшоў пікет Бабарыкі ў Бабруйску. Фотагалерэя
Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктар Бабарыка 15 чэрвеня наведаў выбарчы пікет у Бабруйску. Сотні бабруйчан прыйшлі сустрэцца з патэнцыйным кандыдатам у прэзыдэнты, акружылі яго і актыўна задавалі пытаньні. Побач таксама былі разгорнутыя пікеты па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую і Валера Цапкалу. Многія казалі, што прыйшлі падпісацца за ўсіх, толькі не за Лукашэнку.
Захад даруе Лукашэнку ўсё. Акрамя крыві
Які міжнародны кантэкст сёлетняй выбарчай кампаніі? З аднаго боку — заява Брусэлю супраць ціску на актывістаў штабоў апанэнтаў Лукашэнкі, з другога — падтрымка з боку лідэра Кітаю, і на гэтым фоне — наступ уладаў на банк, які належыць бюджэтаўтворнай расейскай карпарацыі. Сытуацыю амяркоўваюць аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык. Чытайце тэкст па спасылцы.