Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

«Нягоднік», «рыльца ў пушку», «адна шайка-лейка». Лукашэнка атакаваў Бабарыку, па справе «Белгазпрамбанку» затрымалі 15 чалавек

Па справе «Белгазпрамбанку» затрыманыя прыкладна 15 чалавек, заявіў Аляксандар Лукашэнка 12 чэрвеня падчас наведваньня Полацку, паведамляе БелТА.

«Што мяне ўразіла: гэты нягоднік, інакш не назаву: я, маўляў, ні пры чым, да мяне прэтэнзій ніхто ня мае, гэта яны там... — выказаўся Лукашэнка пра былога кіраўніка «Белгазпрамбанку», прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку. — Слухайце, яны ўсе былі ня толькі ў яго намесьнікамі. Гэта адна шайка-лейка. Мы гэта бачым з 2016 году. Мы гэта бачылі. Навошта ж ты на іх валіш сёньня? Ты быў кіраўніком, яны ў цябе намесьнікамі. І ўсё, што там тварылася, магло без кіраўніка адбывацца? Не». Усе заявы Лукашэнкі чытайце па спасылцы.

Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці Бабарыкі да злачынстваў

Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю 12 чэрвеня заявіў, што мае доказы датычнасьці былога старшыні праўленьня Белгазпрамбанку Віктара Бабарыкі да супрацьпраўнай дзейнасьці, піша БелТА​.

«Не магу сабе ўявіць, што тое, што чынілася ў банку намесьнікамі, магло быць невядомым кіраўніку. Магу пацьвердзіць, што цяпер у нас ёсьць пераканаўчыя доказы ягонай датычнасьці да дадзенай супрацьпраўнай дзейнасьці», — сказаў старшыня КДК Іван Церцель.

На гэты момант затрыманыя 15 чалавек. Бальшыня затрыманых супрацоўнічаюць са сьледзтвам, даюць прызнальныя паказаньні.

«Апроч таго, яны выдаюць сродкі, якія, на іх думку, былі атрыманыя злачынным шляхам. Да прыкладу, учора намі падчас сьледчых мерапрыемстваў вынятыя больш за 4 мільёны даляраў, выяўленыя і забраныя каштоўныя паперы на суму звыш 500 тысяч даляраў, выяўленыя і далучаныя да матэрыялаў так званыя дыґіпасы (інструмэнт, які дазваляе кіраваць рахункамі ў замежных банках)», — сказаў Церцель. Цалкам чытайце па спасылцы.

Партыя БНФ заклікала Генпракуратуру і СК даць ацэнку «зьняважлівым ды пагрозьлівым» заявам Лукашэнкі

Разам з ігнараваньнем небясьпекі для людзей выбараў падчас пандэміі каранавірусу ўлады ігнаруюць «мінімальныя нормы права, маралі і прыстойнасьці», ужываючы гвалт у дачыненьні да апанэнтаў ад старту выбарчай кампаніі, гаворыцца ў заяве БНФ. У БНФ лічаць, што дзеяньні Лукашэнкі (якія, чытайце па спасылцы) «скіраваныя на распальваньне нянавісьці і варожасьці ў грамадзтве, запалохваньне выбарнікаў і ўсіх, хто выступае супраць цяперашняга аўтарытарнага рэжыму».

У сувязі з гэтым сойм Партыі БНФ заклікае Генпракуратуру і Сьледчы камітэт

  • неадкладна прыняць захады дзеля забесьпячэньня законнасьці падчас правядзеньня выбарчай кампаніі,
  • вызваліць затрыманых удзельнікаў выбарчай кампаніі ды спыніць іх крымінальны перасьлед,
  • даць належную прававую ацэнку зьняважлівым ды пагрозьлівым выказваньням Аляксандра Лукашэнкі.

Бабарыка пракамэнтаваў абвінавачаньні ў датычнасьці да крымінальных злачынстваў. ВІДЭА

Увечары 12 чэрвеня падчас жывой трансьляцыі патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Віктар Бабарыка пракамэнтаваў абвінавачаньні ў датычнасьці да крымінальных спраў, заведзеных Дзяржкантролем.

Ён заявіў, што перадаў сваім сябрам Дзьмітрыю і Віктару 100 тысяч даляраў і 100 тысяч эўра, а таксама аблігацыі на суму 200 тысяч эўра і 100 тысяч эўра, на выпадак непрадбачаных сытуацый, бо ён банкір і не захоўвае грошы ў адным кашы. Ён сказаў, што грошы задэкляраваныя, зь іх сплачаны падаходны падатак і ён зьбіраўся адлюстраваць іх у дэклярацыі ў выпадку рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнта.

Расейскія акцыянэры назвалі незаконным прызначэньне в. а. старшыні ўправы «Белгазпрамбанку»

«Газпромбанк» і «Газпром», якія зьяўляюцца акцыянэрамі ААТ «Белгазпрамбанк» з долямі 49,818% кожны, заявілі пра незаконнасьць прызначэньня выканаўцы абавязкаў старшыні ўправы беларускага банку. Пра гэта расейскія кампаніі паведамляюць у супольнай заяве ў пятніцу.

Лукашэнка і ўлады ані разу не назвалі прозьвішча Бабарыкі, кажучы пра справу «Белгазпрамбанку»

У пятніцу, 12 красавіка, Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Сьледчага камітэту і афіцыйныя тэлеканалы паведамілі, што да справы «Белгазпрамбанку» датычны і былы кіраўнік. Але яго імя падчас гэтых выступаў не прагучала ані разу.

Міліцыя канфіскавала больш за 400 цішотак з надпісам ПСІХОЗ%

Супрацоўнікі Савецкага РАУС Менску 12 чэрвеня канфіскавалі ў кур‘ера крамы symbal.by Максіма Блізьнюковіча 419 цішотак з надпісам ПСІХОЗ%. Пра гэта паведаміў уладальнік крамы Павал Белавус у сваім Фэйсбуку.

Арганізатара пікета Ціханоўскай абвінавачваюць у парушэньні грамадзкага парадку

Пастаўчаніну Андрэю Новікаву 12 чэрвеня прадʼявілі абвінавачаньне ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Паводле крымінальнага артыкула 342 яму пагражае да трох гадоў турмы

Сьвятлана Ціханоўская едзе ў турнэ па Беларусі, каб асабіста здаць подпісы

Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская зьбіраецца самастойна аб’ехаць усе рэгіёны Беларусі, каб здаць подпісы за сваё вылучэньне. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Страна для жизни».

Турнэ па краіне зьвязанае з адсутнасьцю каардынатараў ініцыятыўнай групы ў многіх раёнах Беларусі. Паводле закону, подпісы ў тэрытарыяльныя камісіі павінны здаваць менавіта яны. Некаторых каардынатараў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай затрымалі.

Ціханоўскага зьмясьцілі ў карцар

Як стала вядома праваабаронцам арганізацыі «Вясна», Сяргей Ціханоўскі цяпер знаходзіцца ў карцары ў сьледчым ізалятары №1 і прабудзе там да 19 чэрвеня. Пра гэта даведаліся, калі спрабавалі перадаць яму перадачу. Афіцыйная прычына пакараньня невядомая.

Кіраўніка магілёўскай філіі «Белгазпрамбанку» абвінавачваюць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры

Кіраўніка філіі «Белгазпрамбанку» ў Магілёве Сяргея Кармызава абвінавачваюць у крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры, паведаміў 13 чэрвеня дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1».

Сяргей Кармызаў — удзельнік ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, былога кіраўніка «Белгазпрамбанку». Кармызава затрымалі 12 чэрвеня пасьля ператрусаў у галоўным офісе «Белгазпрамбанку» і шэрагу прыватных кампаній, у людзей, зьвязаных з Бабарыкам. Акрамя яго, затрымалі каардынатара ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі па Магілёўскай вобласьці Ўладзімера Дударава. Цалкам чытайце па спасылцы.

Бабарыка гатовы да затрыманьня, ужо запісаў відэазвароты і мае гатовыя сцэнары да 9 жніўня

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка заявіў, што гатовы да затрыманьня і запісаў відэазвароты. Пра гэта ён распавёў у інтэрвію РБК.

Відэазвароты — гэта заявы пра тое, што дзеяньні, якія будуць рабіцца без Бабарыкі — узгодненыя зь ім.

«Каб людзі разумелі, што гэта не рэакцыя на нечаканасьць, гэта дакладнае разуменьне, што гэты сцэнар пачынае рэалізоўвацца, не хвалюйцеся, мы да гэтага былі гатовыя. Мы „на аддаленцы“ прывыклі працаваць, вось лічыце, што, калі што, гэта будзе размова з народам „па аддаленцы“. І ў нас такія сцэнары ёсьць і да 9 жніўня, і далей. Усё ёсьць. Што рабіць — мы ведаем. Не гаворым пра гэта мы не таму, што баімся, а таму што пакуль гэта бессэнсоўна», — сказаў Бабарыка. Цалкам чытайце тут.

Просты крок да «бяскроўнай рэвалюцыі». Ярашук заклікаў беларусаў выходзіць з афіцыйных прафсаюзаў

Лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук заклікаў працоўных беларусаў масава выходзіць з афіцыйных прафсаюзаў. Ён лічыць, што такі крок — «унікальная магчымасьць спрыяць зьдзяйсьненьню бяскроўнай рэвалюцыі ў краіне».

«Мы не заклікаем выйсьці на плошчу, абвесьціць страйк або праводзіць акцыі пратэсту. Але калі за гэтыя 1,5 месяцы да выбараў з прафсаюзаў выйдзе некалькі сотняў тысяч чалавек, па легітымнасьці ўлады і пэрсанальна Лукашэнку будзе нанесены моцны ўдар», — зазначыў Ярашук. Цалкам чытайце тут.

Без Ціханоўскай. Ля Камароўкі працягваюцца выбарчыя пікеты. УЖЫВУЮ

14 чэрвеня ў Беларусі працягваецца збор подпісаў за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі. Да канца збору подпісаў засталося менш за тыдзень. Свабода вядзе жывую трансьляцыю з Камароўскага рынку ў Менску, дзе праходзяць пікеты ў зборы подпісаў за прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду.

Каля 40 праваахоўнікаў у цывільным: выбарчыя пікеты ля Камароўкі ў Менску. Фотагалерэя

Портнікаў: «Майдан заўсёды найперш за незалежнасьць, а Плошча супраць дыктатуры, таму іх вынікі розныя»

Як выглядае беларуская выбарчая кампанія з Кіева? Ці ўяўляецца магчымай Плошча-2020 і яе перамога? Які вынік беларускіх выбараў будзе адпавядаць нацыянальным інтарэсам Украіны?

З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да Віталя Портнікава, публіцыста, палітоляга, палітычнага аглядальніка ўкраінскай службы Радыё Свабода. Чытайце вялікае інтэрвію па спасылцы.

На Статкевіча, які адбывае адміністрацыйны арышт, склалі новы пратакол

Пратакол складзены на падставе ч. 3 арт. 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Палітыку інкрымінуюць разьмяшчэньне 8 траўня ў тэлеграм-канале STATKEVICH інфармацыі пра час і месца «масавага мерапрыемства» да атрыманьня дазволу Менгарвыканкаму. Тады ён праінфармаваў, што 14 траўня адбудзецца падача ў Цэнтравыбаркам сьпісаў яго ініцыятыўнай групы і камандаў «кандыдатаў пратэсту».​

Мікалая Статкевіча затрымалі 31 траўня людзі ў цывільным, калі ён накіроўваўся на пікет да менскага Камароўскага рынку. Суд пастанавіў арыштаваць яго на 15 содняў. Статкевіч прызнаны вінаватым паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі адказаў, як сабралі 1,5 млн подпісаў і ці быў прымусовы збор

Што напісаў Орда, сьцісла:

  • «Нягледзячы на тое, што агітацыя афіцыйна яшчэ не праводзіцца, ужо сёньня мы чуем ад патэнцыйных кандыдатаў вельмі шмат абяцаньняў, не падмацаваных абсалютна нічым рэальным».
  • Абяцаньні эканамічных рэформаў ад апанэнтаў Лукашэнкі абернуцца «стратай працы для сотняў тысяч людзей, закрыцьцём многіх прадпрыемстваў, перадзелам уласнасьці».
  • «Нельга грэць рукі» на эканамічных праблемах, бо «ёсьць цяжкасьці» ў працы многіх прадпрыемстваў, але вінаватая ў іх пандэмія каранавірусу.
  • «Асобныя рэсурсы, не саромеючыся, проста даюць каманду „фас“, і група адмыслова навучаных людзей накідваецца ў сацыяльных сетках на тых, хто выказваецца за захаваньне дзейнага курсу нашай краіны. Ня грэбуюць нічым: шантаж, пагрозы, абразы проста за межамі ўсяго чалавечага».
  • Подпісы за Лукашэнку зьбіраюць ня толькі на дзяржаўных, але і на прыватных прадпрыемствах, і подпісы зьбіраюць, «як правіла, самі работнікі гэтых прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у нашую ініцыятыўную групу», робяць гэта нібыта «на абедзе, да і пасьля працы».
  • 50% подпісаў за Лукашэнку сабралі нібыта «на месцы жыхарства людзей» — «тут таксама хтосьці будзе казаць пра нейкі прымус?»
  • Што да тых, хто заяўляе аб прымусовым уключэньні ў ініцыятыўную групу Лукашэнкі, «натуральна, пасьля праверкі ўсе прозьвішчы і імёны аказваюцца выдуманымі, як і факт прымусовага ўключэньня ў групу».

Страх, запалохваньні, ціск. Пяць высноваў праваабаронцаў пра мінулы тыдзень выбарчай кампаніі

Беларускі Хэльсынскі камітэт і Праваабарончы цэнтар «Вясна» у рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падсумавалі падзеі чарговага тыдня выбарчай кампаніі з 8 па 14 чэрвеня.

Як і ў папярэдніх справаздачах, канстатавана, што сёлетняя кампанія выбараў прэзыдэнта дзяржавы праходзіць у «атмасфэры страху, запалохваньня выбарцаў і ціску на актывістаў ініцыятыўных групаў».​

Назіральнікі таксама адзначаюць, што у большасьці беларускіх СМІ тэма пандэміі COVID-19 як інфармацыйная нагода адсунулася на другі плян у параўнаньні з навінамі выбарчай кампаніі.

Што адбываецца вакол выбараў >>

У справе «Белгазпрамбанку» кіраўнік БТ Эйсмант убачыў «замежнае ўмяшаньне»

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант заявіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1», што за справай «Белгазпрамбанку» стаіць «нешта большае, чым проста фінансавыя справы Бабарыкі і яго калегаў».

Гаворачы пра крымінальную справу ў дачыненьні да кіраўніцтва «Белгазпрамбанку», які да нядаўняга часу ўзначальваў прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка, кіраўнік БТ ня выключыў «замежнага ўмяшаньня ў беларускія справы».

«Можна зрабіць выснову, што за ўсёй гэтай гісторыяй стаіць нешта большае, чым проста фінансавыя справы Бабарыкі і яго калегаў. Паводле той інфармацыі, якуюмы маем, назіраюцца спробы замесьці сьляды, што, напэўна, лягічна. Відавочна, што справа ідзе да абнародаваньня куды больш сур’ёзных фактаў у куды больш сур’ёзных катэгорыях. Напрыклад, факт умяшаньня замежнай дзяржавы ў беларускія ўнутраныя справы», — заявіў Эйсмант, не назваўшы пры гэтым самую «замежную дзяржаву».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG