«Мітатворчасьць» ці не? Што Бабарыка казаў пра рэпрэсіі раней і сёньня
На прэс-канфэрэнцыі 20 траўня прэтэндэнт у прэзыдэнты Віктар Бабарыка назваў «мітатворчасьцю» масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, але пасьля заявіў, што трэба было дакладней фармуляваць пытаньне.
На прэс-канфэрэнцыі 11 чэрвеня ён пагадзіўся з тым, што паводле аднаго азначэньня, якое ён не прымае, рэпрэсіі ў Беларусі адбываюцца. Карэспандэнт БелаПАН спытаў Бабарыку, ці гатовы ён абараніць чальцоў сваёй каманды ў выпадку масавых рэпрэсіяў. Што адказаў Бабарыка, чытайце ў матэрыяле па спасылцы.
Што вядома пра «Белгазпрамбанк» і прыватныя кампаніі, дзе адбыліся ператрусы
З раніцы 11 чэрвеня да «Белгазпрамбанку» прыехалі 50 чалавек у масках, там пачаўся ператрус. У дачыненьні да былых і цяперашніх кіраўнікоў завялі крымінальную справу па двух артыкулах: ухіленьне ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры; легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры.
«Белгазпрамбанкам» на працягу 20 гадоў кіраваў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка. Па стане на 15 гадзін 11 чэрвеня ён не зьяўляецца фігурантам крымінальнай справы. Глядзім, што вядома пра «Белгазпрамбанк» і прыватныя кампаніі, у якіх адбыліся ператрусы. Чытайце ў матэрыяле па спасылцы.
«Альбо мы зробім нашу рэвалюцыю надзеі мірна, без крыві, альбо „Чаўшэску“» — вялікае інтэрвію зь Віктарам Бабарыкам
Віктар Бабарыка верыць, што яго зарэгіструюць кандыдатам на прэзыдэнта, верыць у сумленныя выбары і сумленны падлік галасоў. Абараняць свае гонар і годнасьць ня будзе — да яго «не прыліпае». Не заклікае на плошчу, але дакладна будзе з народам. Ён за мірную рэвалюцыю надзеі, але ўзгадвае лёс кіраўніка Румыніі Чаўшэску, якога расстралялі пасьля трыбуналу.
Былы банкір даў вялікае інтэрвію Свабодзе за некалькі гадзін да таго, як КДК абвясьціў, што супраць былых і дзейных супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку» заведзеныя крымінальныя справы па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў. Чытайце па спасылцы.
«Я кароў вяду, а за мной сочаць». Як зьбіраюць подпісы Ганцэвіч, Дзьмітрыеў, Чэрачань, Таболіч
Як справы са зборам подпісаў у прэтэндэнтаў у кандыдаты, пра якіх радзей пішуць СМІ: фэрмэра Юрыя Ганцэвіча, лідэра «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева, старшыні БСДГ Сяргея Чэрачня, музыкі Алеся Таболіча? Як ідуць іх кампаніі і на што яны спадзяюцца? Чытайце ў матэрыяле Свабоды па спасылцы.
«Могуць пагражаць ёй, мужу, шантажаваць дзецьмі і нават лёсам адваката», — Ірына Халіп пра Сьвятлану Ціханоўскую
Журналістка «Новой газеты», жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Ірына Халіп прапануе з паразуменьнем паставіцца да рашэньня Сьвятланы Ціханоўскай часова прыпыніць збор подпісаў у Менску і абласных гарадах.
На думку Ірыны Халіп, на рашэньні Сьвятланы Ціханоўскай маглі паўплываць спэцслужбы, «почырк» якіх журналістка зазнала падчас выбарчай кампаніі 2010 году і за тыя месяцы 2011 году, што прабыла ў СІЗА КДБ і пад хатнім арыштам. Чытайце інтэрвію з Ірынай Халіп па спасылцы.
Вясковец сьцьвярджае, што за падтрымку Ціханоўскіх яго пільнуе міліцыя, пагражаюць забраць дзяцей
Сяргей Маслаў жыве ў вёсцы Вазьнясенск пад Чачэрскам Гомельскай вобласьці. У сям’і чацьвёра дзяцей, малодшая дачка мае інваліднасьць. За ўдзел у акцыі падтрымкі Ціханоўскага ў Гомлі вясковец адбыў 15 сутак. Цяпер па выходных ня можа выбрацца з хаты, каб паставіць подпіс у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай.
«За мной палюе міліцыя. Дом па нядзелях, калі ў Гомлі праходзіць збор подпісаў, — у аблозе. Мяне затрымліваюць, міліцыянты ходзяць з маім здымкам па суседняй вёсцы і пытаюцца — ці бачылі мяне», — расказаў Свабодзе Сяргей Маслаў. Ён сьцьвярджае, што за падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага яму нават пагражаюць забраць дзяцей. Чытайце гісторыю Сяргея Маслава па спасылцы.
Ператрусамі па прэтэндэнтах на прэзыдэнцтва
Ці выведуць крымінальныя справы і ператрусы з выбарчай кампаніі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу? Ці будуць яны зарэгістраваныя? Які плян уладаў адносна гэтых прэтэндэнтаў? Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Дзьмітры Гурневіч, Юры Дракахруст і Сьвятлана Калінкіна.
Ганьне Севярынец не працягнулі кантракт у гімназіі. За верш пра Колю
Ганна Севярынец працуе ў Смалявіцкай раённай гімназіі, выкладае беларускую і расейскую мову і літаратуру. Кажа, што дачыненьні з кіраўніцтвам заўсёды былі добрыя.
«Як дырэктар навучальнай установы я прымаю рашэньне, працягваць ці не працягваць кантракт, — адказаў Радыё Свабода дырэктар Смалявіцкай раённай гімназіі Дзяніс Дубаневіч на просьбу пракамэнтаваць сытуацыю з Ганнай Севярынец. — Больш нічога на гэты конт камэнтаваць ня буду».
Верш Ганны Севярынец «А я за вас не галасавала ніколі» быў апублікаваны на сайце Радыё Свабода 6 чэрвеня.
Бабарыка: Было б вельмі прыемна, каб за мяжой нас пазнавалі па беларускай мове
Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, былы старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка ў онлайн-інтэрвію на партале Tut.by выказаўся за раўнапраўнае вывучэньне ў Беларусі трох моваў — беларускай, расейскай і ангельскай.
«Я мару, каб большая частка беларусаў размаўляла як мінімум на трох мовах, — сказаў ён. — З майго пункту гледжаньня, самае правільнае — пабудова сыстэмы адукацыі, дзе тры мовы ў роўнай ступені пачынаюць ўводзіцца зь першай клясы. Трэба рыхтаваць выкладчыцкі склад, ўзмацняць яго».
Нямецкі аналітык пра тое, чаму «прыціснулі» Бабарыку і Ціханоўскага
На пытаньні Радыё Свабода пра выбарчую кампанію ў Беларусі адказаў Ёрг Форбрыг, дырэктар па Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе нямецкага фонду Маршала.
Сьцісла:
- Ні афіцыйныя заявы, ні падрыхтоўка пакуль што ня сьведчаць пра тое, што гэтыя выбары будуць менш сфальшаваныя, чым у мінулым. Аднак ёсьць адрозьненьне ў іх кантэксьце і атмасфэры.
- Іронія ў тым, што калі падтрымка Лукашэнкі ўнутры Беларусі пачала слабець, яна ўзмацнілася сярод краін Захаду.
- Крэмль ведае, што якім бы складаным і дарагім саюзьнікам ні быў Лукашэнка, ён найлепшы варыянт для Расеі, каб прадухіліць любыя дэмакратычныя зьмены і рэарыентацыю Беларусі ў бок Эўропы.
- Рост эканамічных праблем наўрад ці памяняе хаду будучых выбараў.
- Вылучэньне Бабарыкі і Цапкалы — пакуль што самы ясны знак таго, што прынамсі некаторыя часткі беларускіх кіраўнічых колаў робяцца незадаволенымі.
- Калі дзяржава ня здолела знайсьці адказу на пандэмію, грамадзянская супольнасьць мабілізоўвала людзей і рэсурсы і паказала выдатную здольнасьць дзейнічаць.
- Рэжым Лукашэнкі зразумеў зь мінулага, што масіўны паліцэйскі гвалт у дзень выбараў можа выклікаць жорсткі адказ Захаду. Таму рэжым спрабуе здушыць выклікі ў зародку.
Затрымалі магілёўскага каардынатара ініцыятыўнай групы Бабарыкі, экс-намесьніка старшыні гарвыканкама
У Магілёве затрымалі каардынатара ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі па Магілёўскай вобласьці Ўладзімера Дударава. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў мясцовым выбарчым штабе Бабарыкі. Сьледчы камітэт пакуль не камэнтуе затрыманьне.
Уладзімер Дудараў да мінулага году працаваў намесьнікам старшыні Магілёўскага гарвыканкаму, курыраваў пытаньні будаўніцтва і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Летась сышоў з пасады.
Некалькі гадоў таму сілавікі ўжо мелі да яго пытаньні, калі ён перарабіў кватэру ў двухузроўневую. Справа дайшло да суду, рэгістрацыя нерухомасьці была прызнаная несапраўднай. Пасьля гэтага яго не турбавалі.
Хто яго затрымаў цяпер і зь якой прычыны, невядома. У Сьледчым камітэце карэспандэнту Свабоды адмовілі ў камэнтары пра затрыманьне.
У магілёўскім штабе Бабарыкі Свабодзе паведамілі, што Дудараў знаходзіцца ва Ўпраўленьні барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю, цяпер прадстаўнікі штабу едуць туды высьвятляць падрабязнасьці.
Затрымалі старшыню магілёўскай філіі «Белгазпрамбанку»
Раніцай 12 чэрвеня стала вядома пра затрыманьне Сяргея Кармызава — кіраўніка магілёўскай філіі «Белгазпрамбанку» і сябра ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Затрыманьне Свабодзе пацьвердзілі ў выбарчым штабе патэнцыйнага кандыдата.
У прыёмнай філіі «Белгазпрамбанку» ў Магілёве неафіцыйна пацьвердзілі, што ў іх ёсьць праблемы, але камэнтаваць нешта адмовіліся.
Раней у гэты ж дзень стала вядома пра затрыманьне Ўладзімера Дударава — каардынатара ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, былога кіраўніка «Белгазпрамбанку». У штабе Бабарыкі таксама паведамілі, што юрыдычная служба штабу знайшла адваката для затрыманага ўчора Дударава, і той прыступіў да парцы.
Праваабаронцы запатрабавалі ад уладаў спыніць ціск на ўдзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі
Праваабарончая супольнасьць Беларусі выступіла з заявай, у якой запатрабавала ад уладаў спыніць ціск і запалохваньне людзей у сувязі зь іх удзелам у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.
«Выбарчая кампанія ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі ад самага свайго пачатку праходзіць у атмасфэры страху, пагрозаў і запалохваньня. Ідуць затрыманьні і арышты актывістаў ініцыятыўных групаў вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты і простых выбарнікаў, якія ўдзельнічаюць у мірных пікетах», — кажуць у заяве праваабаронцы. Цалкам чытайце тут.
Што кажуць пра выбары, Лукашэнку і яго апанэнтаў вяскоўцы на Палесьсі. Фота, відэа
Бездарожжа. Два разы на тыдзень — аўтакрама. Тры разы на тыдзень — маршрутка ў «горад». Хуткай дапамозе трэба дабірацца да хворых 60 кілямэтраў. «Нас называюць індзейцамі, бо тут дзікі край», — сьмяюцца жыхары зарэчнай зоны Лоеўскага раёну.
Пра выбары яны ведаюць. Пра альтэрнатыўных кандыдатаў — нешта чулі. «Нам толькі аднаго кандыдата паказваюць», — кажуць вяскоўцы. Рэпартаж Свабоды з палескіх вёсак чытайце па спасылцы.
Ці дазволена крытыкаваць уладу? Казус Ганны Севярынец
Ганну Севярынец звальняюць з працы ў гімназіі. Наўрад ці гэта для кагосьці стала нечаканым. Хутчэй зьдзіўляе тое, што яе так доўга трывалі.
Але больш за ўсё тут адметная і паказальная матывацыя рашэньня дырэктара гімназіі. Тэзіс пра тое, што работнік дзяржаўнай, бюджэтнай установы ня мае права крытыкаваць уладу, — ідэя таталітарная, узятая з канцэпту карпарацыйнай дзяржавы, піша ў новым блогу аналітык Свабоды Валер Карбалевіч. Чытайце па спасылцы.
Сайт Лукашэнкі напісаў, што яго на выбарах падтрымаў Сі Цьзіньпін. Кітайскае агенцтва пра гэта ня піша
Кіраўнікі Беларусі і Кітаю 11 чэрвеня правялі тэлефонную размову. Пра яе вынікі ў афіцыйных паведамленьнях у Менску і Пэкіне напісалі па-рознаму.
Другі тэкст не абвяргае першы. Але калі зь першага можна зрабіць выснову, што кіраўнік Кітаю падтрымлівае Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах, то з другога зразумела, што падтрымка тычыцца барацьбы з пандэміяй.
Лукашэнка заявіў, што за яго сабралі паўтара мільёна подпісаў
Падчас паездкі ў Полацак 12 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што за яго вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты сабралі ўжо 1,5 мільёна подпісаў.
«Я калісьці, сустракаўшыся з кіраўніком сваёй ініцыятыўнай групы, папрасіў, каб мы працягвалі зьбіраць подпісы, хоць іх там ужо паўтара мільёна подпісаў сабрана, — казаў Лукашэнка. — Дзякуй людзям, якія падпісаліся. Я тады прасіў зьбіраць подпісы не таму, што нам чагосьці не хапае, там подпісаў. Мы атрымліваем агромісты масіў інфармацыі зьнізу пра тое, што адбываецца там, зьнізу». Цалкам чытайце па спасылцы.
Ціханоўскі на судзе ў Гомлі: «Уладу ў Беларусі захапіў дыктатар Лукашэнка»
Суд Гомельскай вобласьці 12 чэрвеня разгледзеў скаргу Сяргея Ціханоўскага на 15-суткавы арышт.
«Я сваю скаргу падтрымліваю, хачу дадаць, што ў нас у Беларусі дыктатар Лукашэнка захапіў усе галіны ўлады і забараняе грамадзянам выкарыстоўваць тыя правы, якія нам дае Канстытуцыя. Фабрыкуюцца крымінальныя справы, законы не выконваюцца, мяне судзяць, у нас дзейнічае сваволя. Гэта ня быў мітынг, гэта было інтэрвію, я задаваў пытаньні людзям паасобку, на камэру», — заявіў блогер на працэсе.
Судзьдзя Васіль Бягун пакінуў у сіле рашэньне суду Савецкага раёну аб 15-суткавым арышце Ціханоўскага. Цалкам чытайце па спасылцы.
Цапкала: «Падзеі вакол кандыдатаў і іх прыхільнікаў расцэньваю як спробу ціску»
Справу супраць супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку» і зьняволеньне Сяргея Ціханоўскага Валер Цапкала «расцэньвае як спробу ціску».
«Але мы справімся і будзем ісьці далей, паколькі бачым, як шмат выдатных людзей, сапраўдных грамадзянаў і патрыётаў у нас вераць, — заяўляе Цапкала. — Вас жа, суайчыньнікаў, я прашу задумацца толькі пра адно.
Мы, прэтэндэнты на найвышэйшую пасаду, жылі і працавалі ў гэтай краіне, і ўсё ў нас было добра, ніякіх пытаньняў з боку органаў або праблемаў з законам не ўзьнікала, але як толькі мы вырашылі прапанаваць альтэрнатыўныя шляхі разьвіцьця Беларусі і паўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, так адразу знайшліся скрынкі з „кампраматам“ і пытаньні з боку праваахоўнікаў. Вось такое супадзеньне! Па-мойму, усё зразумела без камэнтароў». Цалкам чытайце тут.