Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Праваабаронцы заявілі пра рост рэпрэсій і нагнятаньне страху падчас выбарчай кампаніі

Экспэрты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» апублікавалі чарговы тыднёвы маніторынг прэзыдэнцкай кампаніі. Ён тычыцца этапу збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі ў вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі цягам 1—​7 чэрвеня.

Назіральнікі адзначаюць, што найбольшую ўвагу выбарнікаў і СМІ прыцягваюць Віктар Бабарыка, Валер Цапкала і Сьвятлана Ціханоўская, пры гэтым асабліва нэгатыўную рэакцыю ўладаў, у тым ліку і кіраўніка дзяржавы, выклікалі пікеты ініцыятыўнай групы Ціханоўскай.

У розных гарадах Беларусі цягам тыдня адбываліся затрыманьні і арышты актывістаў. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», а менавіта ў пікетах, якія адбываліся ў месцах, не забароненых рашэньнямі выканаўчых органаў улады.

Ад моманту затрыманьня ў Горадні 29 траўня блогер Сяргей Ціханоўскі і яшчэ сем чалавек (чацьвёра зь іх сябры ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай) знаходзяцца ў СІЗА Менску ў якасьці падазраваных у крымінальнай справе аб гвалце ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі.

Пры гэтым збор подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты дзейнага кіраўніка дзяржавы суправаджаецца шматлікімі паведамленьнямі пра выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу.

«Пакуль ня бачу сур'ёзных прыкмет, што сыстэма затрашчала», — сацыёляг Манаеў

Сацыёляг Алег Манаеў расказвае пра сваю эміграцыю ў ЗША, заяўляе, што лукашэнкаўская Беларусь пакуль нікуды не падзелася, разважае пра цяперашні рэйтынг Лукашэнкі і пра тое, хто і чаму будзе за яго галасаваць, а таксама тлумачыць, навошта ён купіў сабе зброю.

Сьцісла:

  • Пакуль у Беларусі ня зьменіцца ўлада, я не магу вярнуцца.
  • «Глыбінная» Амэрыка стала фармаваць «народнае апалчэньне» для абароны парадку і ўласнасьці.
  • Я таксама нарэшце ўзброіўся: з 9-мілімэтровым Smith and Wesson і двума магазінамі на 35 патронаў сьпіш спакайней.
  • «Беларусь Лукашэнкі» нікуды не падзелася.
  • Раскол беларускага грамадзтва ня зьнік, за гады кіраваньня Лукашэнкі ён толькі ўзмацніўся.
  • Паўстала новая кіроўная кляса, якая ўключае ў сябе дзяржаўную бюракратыю, сілавікоў і «прыдворны» бізнэс.

Чытаць цалкам >>

«Мне вельмі крыўдна». Звальняюць фэльчара «хуткай» зь Ліды, які адседзеў «суткі» за стрым Ціханоўскага

Павал Палейчык лічыць, што прычынай гэтага стала яго палітычная актыўнасьць. Пасьля вызваленьня з «сутак» Павал вярнуўся да працы і некалькі тыдняў не меў ніякіх праблем. Аднак на пачатку чэрвеня яго выклікалі ў аддзел кадраў і ўручылі паведамленьне аб непрацягненьні кантракту. Апошнім працоўным днём Паўла на лідзкай «хуткай» стане 9 ліпеня.

Што ён думае рабіць далей >>

Старшыню недзяржаўнай Беларускай асацыяцыі журналістаў уключылі ў раду па інфармацыйных спрэчках на выбарах-2020

Як піша БелаПАН, у раду пры Цэнтральнай выбарчай камісіі ўвайшоў адзін прадстаўнік недзяржаўных мэдыя: старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

У складзе рады таксама экс-міністарка інфармацыі і дэпутатка Лілія Ананіч, прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі Антон Васюкевіч і Глеб Шульман, намесьнік дырэктара выдавецкага дому «Беларусь сегодня» Міхаіл Лябедзік. Старшыня рады — першы намесьнік міністра інфармацыі Павал Лёгкі, віцэ-старшыня — намесьнік кіраўніка праўладнага «Беларускага саюзу журналістаў» Сяргей Сьвяркуноў.

Рашэньні рады ня маюць абавязковага характару. Рада толькі можа «даваць рэкамэндацыі, заключэньні ў пытаньнях выкарыстаньня СМІ ў пэрыяд выбараў».

Севярынцу — 15 сутак. Жонку з малым сынам не пусьцілі на суд

Сустаршыню БХД Паўла Севярынца прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Судзьдзя палічыў, што Севярынец 7 чэрвеня ўдзельнічаў у несанкцыянаванай вулічнай акцыі ў Менску, каля Камароўскага рынку. У гэты дзень прадстаўнікі 8 ініцыятыўных груп зьбіралі подпісы за сваіх прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта. Цалкам чытайце па спасылцы.

Збор подпісаў: Цапкала заявіў пра 119 тысяч, Чэрачань — 75, Кісель — 74, Канапацкая — 72, Дзьмітрыеў — 60

Ініцыятыўныя групы трох патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты па стане на 8 чэрвеня заявілі пра збор больш як 100 тысяч подпісаў, неабходных ля вылучэньня кандыдатам: Віктара Бабарыкі, Аляксандра Лукашэнкі і Валера Цапкалы.

  • Віктар Бабарыка раней заявіў, што на вечар 7 чэрвеня ініцыятыўная група пацьвердзіла 167 тысяч подпісаў, працягвае падлік сабраных і збор новых подпісаў.
  • У штабе ініцыятыўнай групы былога кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў Валера Цапкалы паведамілі Onliner.by, што на 8 чэрвеня налічылі 119 тысяч подпісаў.
  • Штаб старшыні БСДГ Сяргея Чэрачня паведаміў Naviny.by 8 чэрвеня пра 75 тысяч сабраных подпісаў.
  • Штаб прадпрымальніцы Натальлі Кісель заявіў Tut.by 8 чэрвеня пра 74 тысячы подпісаў.
  • Экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая заявіла 8 чэрвеня на Facebook пра 72 тысячы сабраных подпісаў.
  • Лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў заявіў 8 чэрвеня на Facebook пра 60 тысяч сабраных подпісаў.
  • За Аляксандра Лукашэнку, як заявіў кіраўнік ягонага штабу 6 чэрвеня, сабралі «каля мільёну» подпісаў.

Іншыя патэнцыйныя кандыдаты паведамлялі пра колькасьць сабраных подпісаў толькі ў сярэдзіне мінулага тыдня. Цалкам чытайце па спасылцы.

«Ён адзін з найбольш спрактыкаваных палітыкаў сьвету». Маладыя прыхільнікі Лукашэнкі расказалі, за што цэняць кіраўніка краіны

Падчас відэастрыму зь пікету для збору подпісаў за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі ў кандыдаты на прэзыдэнта журналіст Свабоды цікавіўся, за што кіраўніка краіны паважаюць ягоныя прыхільнікі. Абсалютная большасьць апытаных адмаўляліся пра гэта гаварыць у нашым жывым эфіры.

Свабода знайшла тых, хто не пабаяўся пра гэта сказаць адкрыта. Чытайце матэрыял па спасылцы.

45 сутак арышту запар. Прыхільніка Ціханоўскага ня выпусьцілі пасьля месяца за кратамі

Юрыя Ўласава затрымалі 7 траўня пасьля акцыі падтрымкі Сяргея Ціханоўскага. Суд пакараў яго арыштам на 15 сутак за «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства». На свабоду пасьля гэтага арышту Юры ня выйшаў — яму дадалі яшчэ 15 сутак.

Ня выйшаў ён і 6 траўня, калі скончыліся другія 15 сутак. Сёньня стала вядома, што над ім прайшоў чарговы суд — за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі. У ІЧУ паведамілі, што Ўласаў будзе пад арыштам да 21 чэрвеня. Гэта значыць, што яго трэці раз асудзілі на 15 сутак.

Сяргей Ціханоўскі прабудзе за кратамі да дня выбараў

Блогеру афіцыйна прад’явілі абвінавачваньне. Артыкул Крымінальнага кодэксу назавуць заўтра, 9 чэрвеня.

Увечары 8 чэрвеня скончыўся 10-суткавы тэрмін знаходжаньня Сяргея Ціханоўскага пад вартай. Каардынатар кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандар Кабанаў паведаміў Свабодзе, што дакладны артыкул Крымінальнага кодэксу, па якім абвінавачваецца Ціханоўскі, будзе агучаны СК 9 чэрвеня.

«Сёньня Сяргею прад’явілі абвінавачваньне, аб гэтым паінфармавалі адвакатаў і родных Сяргея, — расказаў Кабанаў у размове са Свабодай. — Тэрмін яго ўтрыманьня пад вартай працягнуты на два месяцы. Артыкул абвінавачваньня, як паведамілі сьледчыя, будзе афіцыйна агучаны 9 чэрвеня».

Дзьмітрыеў прапанаваў іншым удзельнікам выбараў вылучэньне ў камісіі ад «Гавары праўду»

Прэтэндэнт на найвышэйшую пасаду Андрэй Дзьмітрыеў прапанаваў астатнім патэнцыйным кандыдатам аб’яднаць намаганьні дзеля вылучэньня як мага большай колькасьці сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій.

Лідэр «Гавары праўду» перакананы, што гэта дасьць шанец паўплываць на падлік галасоў. Першым крокам стаў сайт naziranne.by. Далей чытайце па спасылцы.

Ціханоўскаму і яго паплечнікам выставілі абвінавачаньне ў «падрыхтоўцы парушэньня парадку». Пагражае да 3 гадоў турмы

Увечары 8 чэрвеня скончыўся 10-дзённы тэрмін знаходжаньня Сяргея Ціханоўскага пад вартай. 9 чэрвеня Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што Сяргея Ціханоўскага абвінавацілі паводле часткі 1 артыкулу 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Такое ж абвінавачаньне выставілі яшчэ сямі асобам, якія праходзяць у «справе Ціханоўскага». Яны ўсе ўзятыя пад варту з санкцыі пракурора. Паводле ч. 1 арт. 342 могуць прысудзіць штраф, арышт, абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў. Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

Лукашэнка сабраў сілавікоў з нагоды выбараў і расказаў, як адрэагуе на «Плошчу»

Аляксандар Лукашэнка падчас нарады ў пытаньнях дзейнасьці дзяржаўных органаў нацыянальнай бясьпекі паставіў ім задачу захаваць стабільнасьць у краіне, забясьпечыць законнасьць і правапарадак, паведамляе БелТА.

«Дэмакратыя дэмакратыяй, але сваволі быць не павінна, — казаў Лукашэнка. — І ня будзе. Вы бачылі, у ЗША, Заходняй Эўропе як супэрдэмакратычныя дзяржавы абышліся з пратэстоўцамі. Галоўная задача дзяржаўных органаў сыстэмы нацыянальнай бясьпекі — захаваць стабільнасьць у краіне, забясьпечыць законнасьць і правапарадак. Тое, чаго ад вас патрабуюць Канстытуцыя і закон». Цалкам чытайце па спасылцы.

«Абвінавачаньне вытхнулася». Юрыст пра крымінальную справу супраць Ціханоўскага

Праваабаронца і юрыст незарэгістраванага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч у размове са Свабодай пракамэнтаваў крымінальную справу супраць Сяргея Ціханоўскага і яоных паплечнікаў.

«Апошні раз гэты артыкул Крымінальнага кодэксу прымянялі ў 2010 годзе, — сказаў Стэфановіч. — Тады частку арыштаваных абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, а частку паводле больш мяккага артыкулу, акурат 342-га. Групавыя дзеяньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў, зьвязаныя зь непадпарадкаваньнем міліцыі, якія пацягнулі за сабой спыненьне працы транспарту і іншае. Праўда, тады не было зразумела, як яны падзялялі адказнасьць. Хто арганізоўваў масавыя беспарадкі, а хто групавыя дзеяньні, якія парушылі грамадзкі парадак. Так і засталося гэта незразумелым». Цалкам чытайце па спасылцы.

Цапкала: Лукашэнка ня бог, ня цар і нават не герой

Амаль дзьве гадзіны Валер Цапкала адказваў на пытаньні жыхароў Віцебску. Сустрэча зь ім праходзіла ўвечары 8 чэрвеня каля бізнэс-цэнтру «Марка-сіці», дзе зьбіраюць подпісы ініцыятыўныя групы альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта.

Паслухаць стваральніка Парку высокіх тэхналёгій сабраліся каля трохсот чалавек. Што пачула Свабода ў Віцебску, чытайце ў рэпартажы па спасылцы.

Стала вядомым імя дзявятага чалавека ў «справе Ціханоўскага»

Гарадзенец Уладзімер Кніга знаходзіцца ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага. Паводле якога крымінальнага артыкулу ён праходзіць у справе, пакуль невядома.

Горадзенскага валянтэра, які дапамагаў ініцыятыўнай групе ў зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую, Уладзімера Кнігу, затрымалі падчас пікету ў Горадні 4 чэрвеня. Ён дапамагаў прывозіць рэчы на пікет, ставіць палатку, сачыў, каб падчас збору не было правакацый. 8 чэрвеня стала вядома, што ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага. Падрабязнасьці па спасылцы.

Дзевяць арыштаваных у «справе Ціханоўскага». Сьпіс

Блогеру Сяргею Ціханоўскаму і яго сямі паплечнікам, затрыманым 29 траўня ў Горадні, прад’яўвілі абвінавачаньні. Яны застаюцца пад сьледзтвам за кратамі ў менскім СІЗА №1. Яшчэ аднаго актывіста затрымалі 4 чэрвеня.

Арыштаваныя:

  1. Сяргей Ціханоўскі
  2. Яўген Разьнічэнка
  3. Зьміцер Фурманаў
  4. Уладзімер Навумік
  5. Вяргілій Ушак
  6. Аляксандар Арановіч
  7. Васіль Баброўскі
  8. Арцём Сакаў
  9. Уладзімер Кніга

Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 6 яго паплечнікаў абвінавацілі паводле часткі 1 артыкулу 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Згодна з артыкулам, могуць прысудзіць штраф, арышт, абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў.

Аднаму з затрыманых (каму, не ўдакладняецца) выставілі таксама абвінавачаньне паводле артыкулу 364 КК (гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў). Гэты артыкул прадугледжвае пакараньні ад арышту да абмежаваньня волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьня волі на тэрмін да 6 гадоў. Цалкам чытайце па спасылцы.

Праваабаронца: Ёсьць падставы для прызнаньня абвінавачаных у «справе Ціханоўскага» палітвязьнямі

Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч лічыць, што падзеі ў Горадні 29 траўня былі ня чым іншым, як рэалізацыяй права на свабоду мірных сходаў, выказваньня сваіх думак. Ніякіх гвалтоўных дзеяньняў удзельнікі пікетаў не рабілі, грамадзкага парадку не парушалі. Таму ёсьць усе падставы для прызнаньня палітычнымі зьняволенымі ўсіх тых, хто цяпер утрымліваецца пад вартай і абвінавачаны паводле артыкулу 342 КК. Цалкам чытайце па спасылцы.

«Усё шыта белымі ніткамі». Што ўдзельнікі прэзыдэнцкай гонкі кажуць пра «справу Ціханоўскага»

Кіраўнік ініцыятыўнага штабу Сьвятланы Ціханоўскай Сяргей Ціханоўскі і ягоныя паплечнікі знаходзіцца за кратамі праз абвінавачаньне ў крымінальнай справе. Што думаюць пра гэта іншыя прэтэндэнты ў кандыдаты на прэзыдэнты, высьвятляла Свабода. Чытайце па спасылцы.

Ярмошына не пабачыла пагрозаў у абяцаньні Лукашэнкі «нагадаць» пра расстрэлы дэманстрантаў

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына адказала на ліст менчука, які прасіў не рэгістраваць Аляксандра Лукашэнку кандыдатам у сувязі з тым, што ён «наўпрост ці ўскосна гаварыў пра ўжыванне гвалту да іншадумцаў, прыводзячы прыклады Ўзбэкістану і Таджыкістану з масавымі расстрэламі».

У сваім адказе Ярмошына заявіла, што Лукашэнка як гарант Канстытуцыі «абавязаны прымаць усе меры, у тым ліку і сілавыя, для абароны дзяржаўнага ладу і правапарадку, пра што ён эмацыйна выказаўся». «Вашыя здагадкі пра пагрозы суб’ектыўныя і не грунтуюцца на зьмесце дадзеных выступаў», — адзначыла яна, назваўшы ацэнкі выступу «беспадстаўнымі». Цалкам чытайце па спасылцы.

«Падчас ператрусу забралі два кубкі». Што вядома пра арыштаванага апэратара Ціханоўскага

Арцёму Сакаву, які працаваў апэратарам арыштаванага блогера Сяргея Ціханоўскага, прад’явілі абвінавачаньне па артыкуле 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Яго затрымалі ў Горадні 31 траўня каля 23.00. Пазьней перавялі ў Менск.

Маці Арцёма жыве ў Карме Гомельскай вобласьці. У яе прайшоў ператрус. «Ня ведаю, што яны шукалі... Але забралі толькі два кубкі з лягатыпам „Страна для жизни“. Сьледчы з намі не зьвязваўся. Адзінае, што паведаміў, што Арцёма ўзялі пад варту», — сказала яна Свабодзе. Цалкам чытайце па спасылцы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG