Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Інваліда, які хадзіў да будынку міліцыі ў Горадні падтрымаць Ціханоўскага, пакаралі штрафам

Сябра Беларускага Нацыянальнага кангрэсу Мікалая Саляніка аштрафавалі на 1080 рублёў за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» 8 чэрвеня. Суд прызнаў яго вінаватым у тым, што ён 29 чэрвеня выступаў на Савецкай плошчы падчас пікету для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую з рупарам. Падрабязнасьці тут.

«У нас ня толькі лёзунгі». Апазыцыя прадставіла 14 рэформаў для Беларусі пасьля Лукашэнкі

Некалькі апазыцыйных партый і арганізацый прадставілі сёньня ў Менску «Рэанімацыйны пакет рэформаў». Гэта вынік калектыўнай працы для распрацоўкі першачарговых зьменаў пасьля зьмены ўлады ў Беларусі.

Праца над гэтым пакетам рэформаў вялася некалькі гадоў. Сёлета сем палітычных арганізацый аб’ядналі свае намаганьні і выбралі найбольш важныя сфэры рэфармаваньня. Чытайце артыкул з апісаньнем усіх прапановаў апазыцыі па спасылцы.

Юрысты патлумачылі, чаму «справу Ціханоўскага» трэба закрыць

«Прававая ініцыятыва» разабрала артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх вінавацяць Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў. Юрысты арганізацыі сфармулявалі 4 пытаньні адносна крымінальных спраў, распачатых за інцыдэнт 29 траўня на пікеце ў Горадні:

  1. Ці быў сход незаконным?
  2. Ці было парушэньне грамадзкага парадку?
  3. Ці была арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзел у іх?
  4. Ці было відавочнае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням міліцыі?

Як на гэтыя пытаньні адказалі самі юрысты, чытайце ў артыкуле па спасылцы. Выснова, да якой яны прыйшлі па выніках аналізу: «У дзеяньнях Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых адсутнічае склад злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Крымінальная справа павінна быць спыненая»

Бабарыка заклікаў ісьці ў выбарчыя камісіі і падаваць заявы на парушэньні пры зборы подпісаў

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка абвясьціў 9 чэрвеня пра стварэньне новай грамадзянскай ініцыятывы «Честные люди», накіраванай на «вольны ўдзел у справядлівых выбарах».

У суполках ініцыятывы ў сацыяльных сетках ён абяцае разьмяшчаць зьвесткі пра інструмэнты і альгарытмы таго, як такіх выбараў дамагчыся. Ужо разьмешчаныя форма для заяўкі на ўдзел у выбарчай камісіі і форма для падачы зьвестак аб парушэньні заканадаўства пры зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатаў. Цалкам чытайце па спасылцы.

Чым скончыцца перасьлед Сяргея Ціханоўскага?

Улады дзейнічаюць паводле прынцыпу: ня трэба, каб нас паважалі, галоўнае — каб баяліся. Сяргею Ціханоўскаму выставілі абвінавачаньні, да дня галасаваньня ён будзе заставацца за кратамі. Нічога нечаканага. Наўрад ці хто спадзяваўся на яго вызваленьне. Не для таго яго арыштоўвалі з такім скандалам у Горадні, разважае аналітык Свабоды Валер Карбалевіч у новым блогу. Чытайце па спасылцы.

Эўразьвяз заклікаў вызваліць Сяргея Ціханоўскага і заявіў, што ад выбараў будзе залежыць лёс адносінаў зь Менскам

Прэс-сакратар Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пітэр Стана пракамэнтаваў пазыцыю Эўразьвязу адносна абвінавачваньняў, вылучаных супраць Сяргея Ціханоўскага і іншых актывістаў у Беларусі.

«З улікам адвольнага характару затрыманьня і крымінальнага перасьледу Сяргея Ціханоўскага ЭЗ па-ранейшаму заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Сяргея Ціханоўскага і зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў, вылучаных супраць яго і іншых актывістаў. Безумоўна, гэта датычыць таксама іншых абвінавачаных і затрыманых актывістаў». Цалкам чытайце па спасылцы.

Пасьля затрыманьня сябра групы Ціханоўскай зьніклі 1500 подпісаў

Алега Баброўскага з ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай затрымалі каля Камароўскага рынку ў Менску раніцай 7 чэрвеня за паркоўку ў забароненым месцы. Праваахоўнікі забралі і аўтамабіль Баброўскага, у якім быў рыштунак для збору подпісаў, а таксама падпісныя лісты, як чыстыя, так і запоўненыя.

Як сказалі Свабодзе сябры ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, актывіста на судзе 8 чэрвеня прызналі вінаватым у непавазе да суду і прысудзілі яму 20 сутак арышту, а таксама штраф. «Сабраныя подпісы нам не вярнулі, — сказала Свабодзе сяброўка ініцыятыўнай групы Марыя Мароз. — Аўтамабіль Алега таксама не аддалі». Цалкам чытайце па спасылцы.

Затрыманых у справе Ціханоўскага беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі

Праваабарончая супольнасьць Беларусі выступіла з заявай па факце прад’яўленьня абвінавачваньня Сяргею Ціханоўскаму і сямі ўдзельнікам пікету 29 траўня ў Горадні, у якой прызнала затрыманых палітвязьнямі, паведамляе «Вясна». Чытайце артыкул па спасылцы.

Канапацкая заявіла, што сабрала 100 тысяч подпісаў за вылучэньне кандыдаткай у прэзыдэнты. Хто яшчэ?

«Вялікая падзяка сябрам маёй ініцыятыўнай группы і майго штабу, — піша Ганна Канапацкая, якая называе сябе «адзіным апазыцыйным прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта». — Асобная падзяка кіраўніцтву апазыцыйных партый и рухаў за падтрымку. Бяз вашай дапамогі было б цяжка. Толькі разам мы зможам адстаяць нашу незалежнасьць ад крамлёўскай агрэсіі і гібрыднага аншлюсу. Жыве Беларусь!»

Якія партыі і рухі падтрымалі Канапацкую, яна не ўдакладніла. Раней партыі і рухі, якія ладзілі праймэрыз па вылучэньні «адзінага кандыдата», адхілілі Канапацкую ад удзелу, бо «публічная дзейнасьць і выказваньні Канапацкай не былі накіраваныя на ўмацаваньне даверу».

Раней пра збор звыш 100 тысяч подпісаў абвясьцілі ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Мяркуючы па ранейшых заявах, неўзабаве могуць заявіць пра збор 100 тысяч групы Сяргея Чэрачня, Натальлі Кісель і Андрэя Дзьмітрыева.

Партыя «Справядлівы сьвет» заявіла, што Лукашэнка даў устаноўку фальсыфікаваць вынікі выбараў

Партыя левых «Справядлівы сьвет», былая Партыя камуністаў Беларусі, заклікала праваахоўныя органы строга прытрымлівацца закону і адмовіцца ад правакацый і сілавых дзеяньняў у дачыненьні да людзей, якія заяўляюць пра сваю «грамадзянскую пазыцыю законнымі сродкамі ў ходзе мірных акцый».​

У звароце да чальцоў выбарчых камісій усіх узроўняў «Справядлівы сьвет» ад імя свайго лідэра Сяргея Калякіна заклікала, «нягледзячы на ціск вэртыкалі ўлады», адкрыта і сумленна падлічыць галасы выбарнікаў, бо любыя фальсыфікацыі зьяўляюцца крымінальным злачынствам.

Партыя таксама зьвярнулася да грамадзян з просьбай фіксаваць усе факты парушэньня закону прадстаўнікамі ўлады і зьвяртацца ў сродкі масавай інфармацыі, выбарчыя камісіі і органы пракуратуры.

«Зьмены ў Беларусі не наступяць цяпер», — Дэйвід Марплз

Прафэсар гісторыі Дэйвід Марплз — спэцыяліст у пытаньнях Беларусі, Украіны і Малдовы, працуе ва Ўнівэрсытэце Альбэрты ў Эдмантане. Свабода пагаварыла з канадзкім палітолягам пра чаканьні ад беларускай выбарчай кампаніі.

Сьцісла:

  • Вынік выбараў-2020 «прадвызначаны».
  • Сьвятлана Ціханоўская не ўяўляе сур’ёзнай пагрозы для Лукашэнкі.
  • «Слабы Лукашэнка» як прэзыдэнт у Менску больш прымальны для Масквы, чым «непрадказальны» Бабарыка.
  • Маштаб вулічнай актыўнасьці беларусаў пакуль не ўяўляе сур’ёзнай пагрозы для Лукашэнкі.
  • Захад наўрад ці рэзка адрэагуе на чарговую «элегантную перамогу» Лукашэнкі, калі ў кампаніі ня будзе сьмяротных ахвяраў.

Чытаць цалкам >>

Любы сур’ёзны кандыдат на гэтых выбарах будзе дамагацца падтрымкі з боку Расеі, — палітоляг

Кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі заяўляе, што цяпер стварыліся спрыяльныя геапалітычныя ўмовы для ўмяшаньня Расеі ў беларускія выбары, адказвае на пытаньне, ці не зьяўляецца «пагроза Расеі» страшылкай улады, і заяўляе, што калі гэтая прэзыдэнцкая кампанія пойдзе паводле жорсткага сцэнару, то гэта будзе азначаць крызіс вонкавай легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі. Чытайце інтэрвію па спасылцы.

«Хто заслужыў — аддзячылі, астатнім паціснулі руку». Група Натальлі Кісель завяршыла збор подпісаў

Прэтэндэнтка на прэзыдэнцкую пасаду, прадпрымальніца Натальля Кісель сабрала больш за 108 тысяч подпісаў, паведаміў Свабодзе кіраўнік яе ініцыятыўнай групы Сяргей Штода. На гэтым кампанія збору подпісаў спыняецца, удакладніў ён.

«Няма сэнсу траціць нэрвы, час і сродкі», — патлумачыў рашэньне Сяргей Штода, старшыня каардынацыйнай рады Асацыяцыі грузаперавозчыкаў «Рэгіён 8». Цалкам чытайце па спасылцы.

Лукашэнка заявіў, што за адмову падпісацца за апазыцыянэраў звальняюць з працы

«У апошні час, упэўнены і вам гэтак жа, як і мне, паступаюць скаргі ад людзей па ходзе так званай гэтай выбарчай кампаніі, — заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас нарады 10 чэрвеня. — Што мяне абурае асабліва — у Менску, іншых гарадах, гэта характэрна для гарадоў, прыватныя кампаніі звальняюць людзей. Пры тым, баюся сказаць масава, але досыць шмат. Я наконт гэтага адпаведную заяву ўжо рабіў. Мала таго, звальняюць людзей. Тых, хто не аддаў подпіс за альтэрнатыўных так званых кандыдатаў: ты там за Пятрова, Сідарава ня расьпісаўся — сыходзь». Цалкам чытайце па спасылцы.

«Паглядзела яго ролік, падумала — клясны чувак!» Актывісткі кампаніі Ціханоўскіх расказваюць пра сябе

9 чэрвеня Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ 8 яго паплечнікам прад’явілі афіцыйныя абвінавачваньні. Яшчэ прыкладна столькі ж сяброў ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай цяпер адбываюць адміністратыўны арышт.

Збор подпісаў за вылучэньне Ціханоўскай працягваецца па ўсёй краіне. Толькі ў Менску выстаўлена больш за дзесяць пікетаў. Свабода паразмаўляла з трыма шараговымі актывісткамі кампаніі Ціханоўскіх і даведалася, чаму яны не спыняюцца. Тры гісторыі жанчын, якія ўпершыню ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі апазыцыйнага ўладам кандыдата, чытайце па спасылцы.

Лукашэнка трэці раз з пачатку лета згадаў пра Майдан. Кажа, «ня будзе»

Аляксандар Лукашэнка 10 чэрвеня на нарадзе з удзелам кіраўніка сваёй адміністрацыі Ігара Сергеенкі, старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай і кіраўніка спраў прэзыдэнта Віктара Шэймана папрасіў старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну даць справаздачу «аб тым, што адбываецца».

«Я ўсё бачу, — перадае БелТА словы Лукашэнкі, адрасаваныя Ярмошынай. — Галоўнае, вы не хвалюйцеся. У патрэбны час у патрэбным месцы мы прывядзем усіх у пачуцьці. Перавароту ў краіне ня будзе. Майдану — тым больш».

Падобную заяву Лукашэка рабіў 1 чэрвеня, калі прыняў з дакладам старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка, і 4 чэрвеня, паабяцаўшы «нагадаць», як расстрэльвалі дэманстрантаў ва Ўзбэкістане. Цалкам чытайце па спасылцы.

У Горадні прайшоў пікет за Лукашэнку. Пасьля яго затрымалі журналістаў «Белсата»

Пікет для збору подпісаў за прэтэндэнта ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку пачаў працаваць у цэнтры Горадні на Савецкай вуліцы 10 чэрвеня. Раней вулічных пікетаў за Лукашэнку у горадзе ня бачылі. Пікет пад чырвона-зялёнымі дзяржаўнымі сьцягамі прайшоў пры падтрымцы «Белай Русі», БРСМ, Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Пасьля пікету каля 19-й гадзіны восем чалавек у цывільным затрымалі журналістаў «Белсата» Сяргея Кавалёва і Зьмітра Міцкевіча, якія перад гэтым вялі стрым з збору подпісаў. Глядзіце фота з пікету па спасылцы.

«У шоку, што людзей за сустрэчы адпраўляюць на суткі». Што казаў Ціханоўскі сёньня ў судзе

10 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе прайшло судовае паседжаньне па апэляцыйнай скарзе блогера Сяргея Ціханоўскага, якую ён падаў яшчэ ў траўні, калі яму далі чарговыя 15 сутак арышту, паведамляе Tut.by.

Ціханоўскі падчас суду абурыўся тым, што за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве асудзілі ня толькі яго, але і тых, хто хацеў зь ім сустрэцца. «Ім цікавы я як мэдыйная асоба, але я ў шоку, што гэтых людзей цяпер асуджаюць, даюць ім суткі. Лічу, усё гэта робіцца выключна з палітычных матываў. Адбываецца запалохваньне людзей», — заявіў блогер. Цалкам чытайце па спасылцы.

Не назіраю супастаўнага з Лукашэнкам прэтэндэнта — украінскі палітоляг

Як выглядае беларуская выбарчая кампанія з Кіеву? Ці не раздражняюцца ва Ўкраіне няспыннымі спасылкамі Лукашэнкі на «жахі» Майдану? Які вынік беларускіх выбараў будзе адпавядаць нацыянальным інтарэсам Украіны? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да ўкраінскага палітоляга, дырэктара Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўгена Магды. Чытайце інтэрвію па спасылцы.

За месяц беларускіх актывістаў пакаралі арыштамі больш як на 1000 сутак

Праваабарончы цэнтар «Вясна» агучыў агульныя лічбы «сутак» і штрафаў, якімі пакаралі актывістаў з 6 траўня да 9 чэрвеня. Паводле стану на 10 чэрвеня, у Беларусі з 6 траўня:

  • 90 чалавек атрымалі агулам 1093 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага перасьледу.
  • 102 чалавекі атрымалі штрафы агульным памерам каля 86 000 рублёў.

На актывістаў працягваюць складаць пратаколы і судзіць за выказваньне свайго меркаваньня ці нават проста за прысутнасьць на мірных акцыях і пікетах па зборы подпісаў, адзначаюць праваабаронцы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG