Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі: «Сабралі каля мільёну подпісаў»

За вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі на кандыдата ў прэзыдэнты сабралі каля 1 мільёна подпісаў. Пра гэта заявіў кіраўнік ініцыятыўнай групы дзеючага прэзыдэнта Міхаіл Орда падчас пікету 5 чэрвеня, гаворыцца на сайце Фэдэрацыі прафсаюзаў.

Міхаіл Орда
Міхаіл Орда

Першы пікет для збору подпісаў за Лукашэнку праходзіў на праспэкце Незалежнасьці, каля гандлёвага цэнтры Dana Mall увечары 5 чэрвеня. Подпісы зьбіралі пад сьцягамі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, БРСМ і «Белай Русі”».

«На гэтай выбарчай кампаніі мы робім націск на збор подпісаў у працоўных калектывах і па месцы жыхарства. На сёньня нашая ініцыятыўная група сабрала ўжо каля мільёну подпісаў за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі ў прэзыдэнты», — адзначыў старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда.

Ён заўважыў, што важная ня форма збору подпісаў, а каб увесь працэс адбываўся мірна і без парушэньняў заканадаўства.

«Каб штучна не нагняталася абстаноўка і не распальвалася варожасьць… Ніякіх паказальных чэргаў мы не ствараем», — дадаў Орда.

Бабарыка паведаміў, што за яго сабралі ўжо 100 тысяч подпісаў

6 чэрвеня ў жывой трансьляцыі на YouTube прэтэндэнт на вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Віктар Бабарыка паведаміў, што за яго вылучэньне ўжо сабраныя 100 тысяч подпісаў.

«Яны ўжо знаходзяцца ў штабе, але як мы казалі, нам патрэбен мільён», — сказаў Бабарыка.

Сёньня Віктар Бабарыка сустрэўся з ініцыятыўнай групай у Берасьці.

У Мазыры таемна асудзілі прыхільнікаў «Cтраны для жизни»

Трох жыхароў Мазыра — Аляксандра Цуканава, Дзяніса Коласа і Аляксандра Вянгуру асудзілі на 15 сутак арышту.

«Прычым таемна, я суткі шукала мужа, які пайшоў у міліцыю забраць свой ноўтбук і ня выйшаў адтуль! Мне ў міліцыі адказвалі, што нічога ня ведаюць! Толькі сёньня я даведалася ў судзе, што Сашу далі 15 сутак, як і Дзянісу, і другому Аляксандру», — сказала Свабодзе Ірына, жонка фэрмэра Аляксандра Вянгуры.

Паводле Ірыны, яе мужу далі 15 сутак нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі і дробнае хуліганства. «Дзе ён гэта зьдзейсьніў? У міліцыі, куды пайшоў забіраць свой ноўтбук?» — пытаецца жонка Аляксандра.

Паводле якіх артыкулаў былі асуджаныя Дзяніс Колас і Аляксандар Цуканаў, пакуль невядома.

Два дні таму ў Вянгуры прайшоў ператрус.

«Наляцелі можа 18 чалавек, сярод ночы! Перавярнулі хату дагары нагамі, тэрор быў страшны», — расказваў Свабодзе фэрмэр.

Саўка ды Грышка пра таракана

Героі Лявона Вольскага па рознаму рэагуюць на лёзунг «Стоп таракан!» падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

Бабарыка пра пагрозу расстрэлам: Не рабі зь людзей злачынцаў​

Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, былы старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка чарговым разам рэзка адказаў на заявы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.

«Мы апошнім часам чуем ад людзей, якія, па ідэі, нанятыя беларускім народам на пасады кіраваць краінай, выказваюцца аб гэтай краіне неверагодна прыніжальна. Мы зрабілі гэтую краіну, кажуць яны, мы, калі трэба, нікому яе не аддадзім, мы, калі трэба, будзем зьнішчаць уласны народ. Гэта страшна, на самой справе страшна » — заявіў Бабарыка 6 чэрвеня ў Берасьці на сустрэчы з журналістамі і чальцамі сваёй ініцыятыўнай групы. Трансьляцыя была зладжаная на youtube-канале прэтэндэнта.

Тры прэтэндэнткі на прэзыдэнтку — пра жанчын у палітыцы, хатні гвалт, аборты, дыскрымінацыю і службу пратаколу

Тры прэтэндэнткі на прэзыдэнцкую пасаду Вольга Кавалькова, Ганна Канапацкая, Натальля Кісель адказваюць на пытаньні Свабоды пра жанчын у палітыцы, хатні гвалт, аборты, дыскрымінацыю, альтэрнатыўную сям’ю, службу пратаколу прэзыдэнта і высокую цану ўдзелу ў кампаніі.

Навіны, датычныя выбарчай кампаніі, за 6 чэрвеня

Бабарыка заявіў, што гатовы аб’ядноўвацца зь іншымі кандыдатамі і «ісьці да канца»

Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка паведаміў на сустрэчы з жыхарамі Гародні аб гатоўнасьці аб’ядноўвацца зь іншымі кандыдатамі, калі іх агульныя мэты супадаюць, паведамляе БелаПАН.

«Агульныя саюзы павінны быць аб’яднаныя агульным разуменьнем мэты, — сказаў ён. — Я бачу з многімі кандыдатамі супадзеньня гэтых мэтаў».

Па словах Бабарыкі, ён гатовы абмяркоўваць магчымасьць абʼяднаньня з іншымі ўдзельнікамі прэзыдэнцкай гонкі.

«Некаторыя кандыдаты кажуць, што іх мэта — сарваць выбары. У гэтым нашы мэты з імі не супадаюць, так як наша мэта — правесьці выбары», — падкрэсьліў ён.

Таксама прэтэндэнт на вышэйшую пасаду дадаў, што «гатовы ісьці да канца» у прэзыдэнцкай гонцы.

Цяпер подпісы за сваё вылучэньне зьбіраюць 14 прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта.

Стрым з Камароўкі. Як прэтэндэнты на найвышэйшую пасаду зьбіраюць подпісы

Свабода вядзе жывую трансьляцыю з Камароўскага рынку ў Менску, дзе праходзяць пікеты ў зборы подпісаў за прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду.

Збор подпісаў будзе працягвацца да 19 чэрвеня. Цяпер патэнцыйных кандыдатаў 14, у іх ліку Аляксандар Лукашэнка. Некаторыя з прэтэндэнтаў заяўлялі, што выкарыстоўваюць гэты этап толькі для агітацыі, але ня маюць мэты трапіць у бюлетэні.

На Камароўцы, дзе праходзіць пікет па зборы подпісаў пачаліся затрыманьні

Затрымалі сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Алега Баброўскага.

Сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай у інтэрвію карэспандэнту Свабоды паведаміла, што міліцыянты затрымалі Алега Баброўскага – кіроўцу, які дапамагаў камандзе дастаўляць інфармацыйныя матэрыялы. Ягоны аўтамабіль эвакуявалі на штрафстаянку разам з усім рыштункам і 1500 асобнікамі запоўненых падпісных лістоў.

Быў затрыманы і яшчэ адзін чалавек, ягонае прозьвішча ўдакладняецца. Людзі ў цывільным спраьавалі перашкаджаць працы карэспандэнтаў Свабоды. Сяргей Ціханоўскі, кіраўнік ініцыятыўнай групы, відэаблогер і муж Сьвятланы Ціханоўскі, знаходзіцца за кратамі ад 29 траўня.

На пляцоўцы каля Камароўскага рынку 7 чэрвеня зьбіраюць подпісы прыкладна за 10 прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду. Сябры ініцыятыўнай групы Сяргея Чэрачня таксама паскардзіліся ў эфіры Свабоды, што маюць месца затрыманьні прыхільнікаў кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Адну з актывістак затрымалі ў той момант, калі яна размаўляла з прадстаўнікамі Сьвятланы Ціханоўскай.

На Камароўцы пачаліся выступы палітыкаў у падтрымку Сяргея Ціханоўскага

У пікетах на Камароўцы ўдзельнічае палітык Павал Севярынец. Людзі выказваюцца ў падтрымку затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага.

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец прыйшоў, каб выказаць салідарнасьць з затрыманым Сяргеем Ціханоўскім ягонымі паплечнікамі. Прызнаўся, што мае найбольшую сымпатыю да гэтага палітыка новай генэрацыі і пакуль «беражэ» свой голас, каб аддаць яго за гомельскага блогера ў найбольш патрэбны момант.

На пікетах зьявілася гукаўзмацняльная апаратура і «вольны мікрафон», Павел Севярынец прапануе выказацца ўсім жадаючым. Людзей на пікетах на Камароўцы становіцца больш.

Апоўдні да столікаў з падпіснымі лістамі за Сьвятлану Ціханоўскую ўтварылася чарга. Людзі ў эфіры Свабоды не хавалі абурэньня затрыманьнем Сяргея Ціханоўскага.

Падчас эфіру да журналістаў Свабоды падыходзяць людзі, якія паведамляюць, што па пэрымэтры Камароўскага рынку стаяць аўтазакі са спэцназаўцамі.

На пікеце каля Камароўцы зьявіўся чалавек на мыліцах з бел-чырвона-белым сьцягам

Ён расказвае, што ён «адзіны бяздомны паралімпіец у сьвеце».

На пікеце каля Камароўкі зьявіўся чалавек з бел-чырвона-белым сьцягам на мыліцах. Ён расказаў, што «дзяржава выкінула яго на вуліцу і адмяніла ільготы». Таксама чалавек адзначыў, што цяпер ён бяздомны, як і ягоная жонка, што ўрад ня можа спансіраваць інтэрнат для людзей з інваліднасьцю.

Сябра «Народай Грамады» Вераніка Мішчанка заклікала беларусаў не баяцца пагрозаў з боку ўлады.

«Мы – за закон, мы – за чэсныя выбары. Мы не злачынцы, як хоча паказаць улада. У чым наша віна? У тым, што мы патрабуем адкрытых, празрыстых выбараў! А нас за гэта перасьледуюць, саджаюць у турмы. Ганьба такой уладзе!».

Раз-пораз узьнікаюць спрэчкі прыхільнікаў розных патэнцыйных кандыдатаў. Пажылая жанчына гучна паспрабавала абараніць Лукашэнку і ягоную палітыку, але яе голас патануў на фоне абураных воклічаў апанэнтаў.

Юры Губарэвіч: Ва ўладаў здаюць нэрвы

На пікетах па зборы подпісаў выстройваюцца чэргі. Зьявіўся кіраўнік руху «За свабоду» Юры Губарэвіч і старшыня АГП Мікалай Казлоў.

Апазыцыйныя кандыдаты не зьбіраюцца здаваць подпісы ў ЦВК, а выкарыстоўваюць гэты этап як «інфармацыйныя пікеты». Кіраўнік руху «За свабоду» Юры Губарэвіч удакладняе, што рэдка здараецца, каб у цэнтры гораду было дазволена пагаварыць зь людзьмі пад нацыянальнымі сьцягамі. Але рабіць гэта ўсё больш складана.

«Ва ўладаў здаюць нэрвы. Прынамсі ў ранейшыя гады этап збору подпісаў ня быў такім жорсткім. Затрыманьні, перасьлед – электарату даюць зразумець, паводле якога сцэнару будзе адбывацца ўся палітычная кампанія».

Чарга ўтварылася і ў падтрымку лідэра АГП Мікалая Казлова. Некаторыя «падпісанты» кажуць, што раней слухалі прамову палітыка і ягоныя аргумэнты іх пераканалі. Таксама дадаюць, што паставілі подпісы за некаторых іншых годных прэтэндэнтаў, акрамя аднаго.

Мікалай Казлоў заклікае людзей ісьці назіральнікамі на выбары і абяцае такім людзям падтрымку. Затрыманьне Сяргея Ціханоўскага Мікалай Казлоў назваў "відавочнай правакацыяй".

Праваабаронцы: На Камароўку прышлі паставіць подпісы больш за 700 чалавек

Праваабаронцы падлічылі, колькі чалавек прышлі 7 чэрвеня на Камароўку, каб паставіць подпісы за вылучэньне прэтэндэнтаў у прэзыдэнты.

Паводле стану на 12.30, каб здаць подпісы за патэнцыйных кандыдатаў, на пляцоўцы ля Камароўскага рынку адначасова стаяць больш за 700 чалавек.

Прыйшоў да Камароўскі і 83-гадовы мянчук Ян Грыб. Многія памятаюць, як падчас Дня Волі ў 2017 годзе, калі адбыўся жорсткі разгон, яго затрымлівала цэлая брыгада спэцназаўцаў.Тады ж Ян Грыб здолеў зьбегчы з аўтазака.

Ён сказаў, што пэрсанальна прынёс свае галасы Мікалаю Казлову, а таксама Віктару Бабарыку, Валерыю Цапкалу і ўсім тым, хто змагаецца з дыктатурай.

«Няхай усе ведаюць, што ў жылах зьнешне ціхіх, пакорлівых беларусаў цячэ кроў гордых ліцьвінаў», — нагадаў ён, выказаўшы перакананасьць, што гэтым разам беларусы мусяць абудзіцца.

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова паведаміла, што быў затрыманы сябра яе ініцыятыўнай групы Валянцін Фралоў. Магчыма, гэта яго яшчэ да пачатку пікетаў у падтрымку прэтэндэнтаў гвалтам запхнулі ў міліцэйскі аўтобус.

На пікеце па зборы подпісаў за вылучэньне Андрэя Дзьмітрыева паведамілі, што за яго сабралі ўжо больш за 50 тысяч подпісаў. Раней Віктар Бабарыка заявіў, што ўжо сабраў 100 тысяч подпісаў за сваё вылучэньне.

Міліцыянты паспрабавалі спыніць імправізаваны мітынг, які арганізаваў вакол сябе Павал Севярынец. Але іх мякка адціснулі і тыя сышлі.

У Магілёве падпісвацца за альтэрнатыву Лукашэнку прыходзілі сем’ямі

7 чэрвеня ў Магілёве на пляцоўцы ля гандлёвага цэнтру «Атрыюм» за 200 мэтраў ад гарвыканкаму зьбіралі подпісы ў падтрымку альтэрнатыўных вылучэнцаў на прэзыдэнцтва: Віктара Бабарыку, Валера Цапкалу, Андрэя Дзьмітрыева, Сяргея Чэрачня, Сьвятлану Ціханоўскую.

Ахвотнікі падпісацца за прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду выстройваюцца ў доўгія чэргі. Найбольшая з іх была за Ціханоўскую. Яна расьцягвалася да 70 мэтраў. Людзі выстойвалі ў ёй да 45 хвілінаў. Падпісаўшыся за Ціханоўскую, яны становяцца ў чаргу да іншых вылучэнцаў.

«Падзеі апошняга часу з затрыманьнямі, арыштамі і вобшукамі сьведчыць, што ў дзейнага прэзыдэнта ня вытрымалі нэрвы. Рэпрэсіі супраць тых хто яго не падтрымлівае — гэта тое адзінае, што ён можа прапанаваць людзям», — адзначалі суразмоўцы карэспандэнта Свабоды.

Старшыня КДБ хадзіў да Лукашэнкі з дасье пэнсіянэркі, якая праславілася пасьля стрыму Ціханоўскага

КДБ зьбіраў для Лукашэнкі дасье на горадзенскую пэнсіянэрку, якая праславілася пасьля стрыму Сяргея Ціханоўскага.

Кіраўнік Камітэту дзяржбясьпекі Валеры Вакульчык паказаў журналістам дзяржаўнага тэлеканалу АНТ «справу бабулі» з Горадні, якая мае «два дамы на адной тэрыторыі».

«Бедалажка», — пакпіў з пажылой жанчыны генэрал-лейтэнант.

Паперы аказаліся ў адным партфэлі зь іншымі «гучнымі справамі», якія тычацца затрыманьня 29 траўня ў Горадні блогера Сяргея Ціханоўскага і ягоных прыхільнікаў. Неўзабаве пасьля дакладу пра горадзенку выказаўся і Аляксандар Лукашэнка.

Як пісала Свабода, 81-гадовая вэтэран працы Галіна Андрэйчык праславілася двойчы. Першы раз, калі 29 траўня ў Горадні дала інтэрвію Сяргею Ціханоўскаму. Назвала яго ў адказ «сынком» і выказалася крытычна ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі і ўладаў.

Другі раз слава знайшла яе ў эфіры БТ 4 чэрвеня, калі з дрона паказалі дом, дзе яна жыве, і агучылі сьпіс прыватнай маёмасьці: кватэра ў цэнтры Горадні, катэдж, «дзьве недабудаваныя фазэнды», мікрааўтобус мінімум за 25 тысяч даляраў. Сыноў назвалі беспрацоўнымі.

На Галіну Філіпаўну зьвярнуў увагу і кіраўнік краіны. Маўляў, 80-гадовая жанчына ў Горадні «крычала, гарлала», а сама жыве ў «палацы».

«Чаго табе не хапае?» — задаў ён рытарычнае пытаньне.

Галіна Філіпаўна не хавае сваю ўласнасьць. І не разумее, чаму мусіць за гэта апраўдвацца. У яе ёсьць катэдж, які яна пабудавала ў 1990-х гадах. Дом будавалі 38 гадоў, сваімі рукамі. Грашыма сям’і дапамагалі сваякі з Аўстраліі, якія эмігравалі туды пасьля вайны.

Сьвятлана Ціханоўская дала першае тэлеінтэрвію

Вылучэнка ў кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская дала кароткае тэлевізійнае інтэрвію расейскаму каналу «Дождь».

У ім жонка арыштаванага блогера Сяргея Ціханоўскага ў чарговы раз выказала сумнеў, што 900 000 даляраў, якія, нібыта знайшлі сьледчыя падчас трэцяга вобшуку на лецішчы яе мужа пад Гомлем, належаць менавіта яму.

На пытаньне вядучага, ці падкінулі гэтыя грошы Сяргею Ціханоўскаму, Сьвятлана патлумачыла, што ня можа гэтага сьцьвердзіць, паколькі гэта можа быць расцэнена як абвінавачваньне праваахоўнікаў.

«Я вельмі сумняваюся ў тым, што ён мог зарабіць гэтыя грошы. (...) Калі б былі такія грошы — у сям’і ці ў Сяргея, — то напэўна ён бы не змагаўся за нейкія правы простага народа», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Бабарыка: пацьвердзілі 167 тысяч подпісаў, і «гэта яшчэ ня ўсё»

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, банкір Віктар Бабарыка заявіў на Facebook вечарам 7 чэрвеня, што ягоная ініцыятыўная група пацьвердзіла 167 тысяч сабраных подпісаў за вылучэньне яго кандыдатам у прэзыдэнты.

Бабарыка адзначае, што гэтыя 167 тысяч — «гэта яшчэ ня ўсё». Значная частка падпісных лістоў пакуль не пацьверджаная, а наперадзе цэлы тыдзень, піша ён. Але ўжо заяўляе пра нагоду ганарыцца і адзначыць маленькую перамогу.

«Але памятайце аб захаваньні пальчатачна-масачнага рэжыму і аб неабходнасьці запаўняць зьвесткі толькі па прадстаўленьні пашпарту! — заклікаў патэнцыйны кандыдат. — Пачасьціліся выпадкі правакаваньня на запаўненьне лістоў па фатакопіі!»

«Ён мае права на звычайнае нармальнае жыцьцё», — Цапкала пра гарантыі першаму прэзыдэнту

У выпадку адстаўкі першага прэзыдэнта яму трэба забясьпечыць жыцьцё звычайнага чалавека і паклапаціцца пра яго бясьпеку, выказаўся прэтэндэнт у прэзыдэнты Валер Цапкала ў інтэрвію на Youtube-канале «Баренцева».

«Я б лічыў, што першы прэзыдэнт мае права на звычайнае нармальнае жыцьцё, дзе, магчыма, яму б варта было пакінуць адну зь яго рэзыдэнцый, дзе ён мог бы вырошчваць бульбу, кавуны, каровак — тое, што, у прынцыпе, яму падабаецца. Мог бы займацца выкладчыцкай дзейнасьцю, калі ён хацеў бы, мог бы кансультаваньнем займацца, — казаў Цапкала. — У прынцыпе, чалавек павінен весьці жыцьцё нармальнага грамадзяніна.

Але, вядома, напэўна, за дзяржаўны кошт, як гэта ў многіх краінах сьвету паступаюць. Магчыма, дзяржава магла б забясьпечыць яго аховай — адзін-два чалавекі. Таму што ня ўсім людзям падабалася, як ён дзяржавай кіруе».

Паводле Цапкалы, «мы павінны паспрабаваць рухацца нармальна, рабіцца нармальнай цывілізаванай краінай, ня помсьціць папярэдняму кіраўніку».

Чытаць далей >>

Затрыманьне Сяргея Ціханоўскага. Разьбіраем дэталёва

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG