Сотні людзей ля пікетаў у Маладэчне. Фота
У Магілёве сотні ахвотных падпісацца да Ціханоўскую. Фота
У Магілёве чарга з ахвотных падпісацца за патэнцыйную кандыдатку ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую расьцягнуся больш, чым на сотню мэтраў. Каб падтрымаць вылучэнку людзі выстойваюць пад дажджом да паўтары гадзіны. Шмат прыежджых з райцэнтраў Магілёўшчыны. Іх прапускаюць без чаргі.
На 31 траўня ў розных гарадах Беларусі на 12:00 анансавалі пікеты па збору подпісаў у падтрымку альтэрнатыўных удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі.
Выбарчы пікет Ціханоўскай выстаўлены ля гандлёвага цэнтру Атрыюм і за 200 мэтраў ад гарвыканкаму. На пляцоўцы зь дзясятак міліцыянтаў у цывільным. Зь некалькіх месцаў некаторыя з іх употай здымаюць на відэакамэру чаргу і падпісантаў. Сытуцыю спакойная.
Побач зь пікетам Ціханоўскай зьбіраюць подпісы за іншых прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта: Мікалая Казлова, Сяргея Чэрачня, Валера Цапкалы.
Пікет за Ціханоўскую ў Берасьці. Фота з вышыні
Ціханоўская выступіла супраць заклікаў да агрэсіі і гвалту на пікетах па зборы подпісаў
Ад імя патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская апублікавалі ў Telegram заклік да тых, хто прыходзіць на пікеты ейнай ініцыятыўнай групы. Яна падзякавала тым, хто стаіць у доўгіх чэргах, але дадала:
«Я катэгарычна асуджаю любыя спробы з боку правакатараў ператварыць законныя і мірныя мерапрыемствы па зборы подпісаў у мітынгі крыкамі і гармідарам, заклікамі да агрэсіі і гвалту, бойкамі!»
Раней на канале «Страна для жизни» адзначалі, што да пікетаў набліжаецца міліцыя і спэцтэхніка, прасілі не паддавацца на правакацыі.
У Менску затрыманы лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч
Як паведамілі журналістам паплечнікі Урбановіча, на скрыжаваньні вуліц Кульман і Цнянскай (каля Дома быту) невядомыя ў цывільным зацягнулі яго ў мікрааўтобус.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, сёньня ў розных гарадах Беларусі было затрымана каля 20 чалавек, у тым ліку апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч.
На плошчы перад Камароўскім рынкам сёньня праходзяць пікеты для збору подпісаў за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, Валера Цапкалы, Віктара Бабарыкі, Мікалая Казлова і Андрэя Дзьмітрыева. Паводле падлікаў праваабаронцаў, каля Камароўскага рынку сабралася больш за дзьве тысячы чалавек.
У Горадню на збор подпісаў прыехаў Таболіч
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Алесь Таболіч асабіста прыехаў на збор подпісаў у Горадню. Паралельна з тым шмат гарадзенцаў стаяць у чарзе да пікету патэнцыйнай кандыдаткі Ціханоўскай.
Чэргі да пікетаў у Горадні, Берасьці, Гомлі, Магілёве, Жлобіне, Маладэчне, Віцебску, Лідзе, Стоўпцах, Рэчыцы
Днём 31 траўня людзі выйшлі падпісацца на выбарчыя пікеты альтэрнатыўных кандыдатаў па ўсёй Беларусі.
Кіроўцаў штрафуюць за сыгналы ў падтрымку пікетоўцаў?
Паводле Telegram-каналу «Мая краіна Беларусь», супрацоўнікі ДАІ ў Менску спыняюць кіроўцаў, якія сыгналяць на знак падтрымкі людзей ля пікетаў альтэрнатыўных кандыдатаў на Камароўскім рынку.
Адзін з падпісантаў сьцьвярджае, што яму выпісалі штраф без усялякай праверкі. На фота пратаколу бачны артыкул: ч. 2 арт.18.14 КаАП РБ: «парушэньне асобай, якая кіравала транспартным сродкам, правілаў руху транспартных сродкаў у жылых зонах, карыстаньня гукавымі сыгналамі».
Сэлфі з Камароўкі. Менскі пікет 31 траўня ў ФОТА з Instagram
Апоўдні 31 траўня ў Менску выстраілася вялізная чарга да пікетаў для збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Людзі стаялі ад Камароўскага рынку да плошчы Якуба Коласа — некаторыя чакалі па дзьве ці тры гадзіны, каб паставіць подпіс за Ціханоўскую, Цапкалу або Бабарыку. Свабода вяла сямігадзінную жывую трансьляцыю, а многія ў гэты час публікавалі сэлфі ў Instagram.
Беларускія праваабаронцы абвясьцілі Сяргея Ціханоўскага палітычным зьняволеным
Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый выдалі заяву з патрабаваньнем да ўладаў Беларусі неадкладна вызваліць блогера Сяргея Ціханоўскага і спыніць крымінальны перасьлед у дачыненьні да яго.
Заяву, апублікаваную на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна», акрамя гэтага цэнтру, падпісалі тры іншыя праваабарончыя арганізацыі: Беларускі Хэльсынскі камітэт, «Прававая ініцыятыва» і Офіс па правах людзей з інваліднасьцю.
Праваабаронцы заявілі, што крымінальны перасьлед Ціханоўскага зьяўляецца палітычнаматываваным, і абвясьцілі Ціханоўскага палітычным зняволеным.
Падпісанты заявы таксама патрабуюць вызваліць і спыніць крымінальны перасьлед у дачыненьні да іншых затрыманых за ўдзел у пікеце 30 траўня 2020 году грамадзян, «калі яны непасрэдна не ўчынялі гвалтоўных дзеяньняў у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі».
Сьвятлана Ціханоўская напісала адкрыты ліст пра затрыманьне мужа і сюжэты БТ
У лісьце згадваецца, што 29 траўня ў Горадні на пікеце па зборы подпісаў за Ствятлану Ціханоўскую быў затрыманы кіраўнік ейнай ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі і іншыя грамадзяне Беларусі, у тым ліку чальцы ініцыятыўнай групы.
«Гэтую правакацыю і наступнае незаконнае затрыманьне і пачатак крымінальнай справы ў дачыненьні да кіраўніка маёй ініцыятыўнай групы я расцэньваю як грубую спробу зацікаўленых асобаў перашкаджаць ажыццяўленьню мной выбарчых правоў», — гаворыцца ў лісьце Ціханоўскай.
Таксама там згадваецца сюжэт дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» пад назвай «Драка на площади в Гродно» — ён, як сьцьвярджаецца ў лісьце, утрымлівае «хлусьню і скажэньне фактаў праз наўмысна прэтэнцыёзную падачу інфармацыі і нарэзкі з сэгмэнтаў відэа».
Ціханоўская разьлічвае на тое, што ў адказ на заявы, паведамленьні і прэтэнзіі, якія яна накіравала ў адпаведныя органы, будуць прынятыя «законныя і разумныя дзеяньні»:
- Міністэрства ўнутраных справаў забясьпечыць абарону чальцоў ініцыятыўных групаў і бясьпеку на пікетах;
- разгледзіць відэадоказы і спыніць перасьлед Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых;
- вызначыць асобу жанчыны, якая ўчыніла правакацыю, і прыцягне яе да адказнасьці;
- тэлеканал «Беларусь-1» абвергне інфармацыю са згаданага сюжэту.
За выходныя ў Беларусі затрымалі ня менш за 50 актывістаў, — праваабаронцы
Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць пра дзясяткі затрыманьняў актывістаў па усёй Беларусі. Затрымлівалі найперш падчас пікетаў у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай і актывістаў «Народнай Грамады».
Агулам за выходныя ў пастарункі трапілі ня менш за паўсотню чалавек. Поўны сьпіс затрыманых па гарадах — глядзіце па спасылцы.
«Дастаткова сілаў і сродкаў». Міліцыя абяцае змагацца з парушальнікамі «грамадзкага парадку»
У Беларусі сур’ёзна абвастрылася сытуацыя перад выбарамі прэзыдэнта, заявіў першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.
«Часта мы бачым сплянаваныя падрыхтаваныя акцыі. Больш за тое, сталі паступаць пагрозы ў дачыненьні да старшыняў выбарчых камісій, якія праводзілі выбары ў парлямэнт. Камісіі на цяперашнія выбары яшчэ не сфармаваныя, а пагрозы гэтым людзям і чальцам іх сем’яў ужо паступаюць, — цытуе «Інтэрфакс» міліцэйскага чыноўніка. — У сувязі з гэтым хачу заявіць, што МУС мае дастатковую колькасьць сілаў і сродкаў для таго, каб максымальна эфэктыўна нэўтралізаваць падобныя пагрозы». Матэрыял цалкам — па спасылцы.
Бабарыка з камандай на гэтым тыдні зьбіраецца ў рэгіёны
Каманда Віктара Бабарыкі пачынае паездкі па рэгіёнах Беларусі. Заплянаваныя сустрэчы з чальцамі ініцыятыўнай групы і мясцовай прэсай. Першымі на маршруце — абласныя цэнтры: Віцебск, Гомель, Магілёў. Канкрэтныя даты і месцы сустрэчаў будуць паведамленыя дадаткова.
«Адной з мэтаў гэтых паездак зьяўляецца данясеньне ў кожны населены пункт інфармацыі аб нашым бачаньні разьвіцьця і зьмены краіны да лепшага. Але галоўнае, мы хочам пачуць голас рэгіёнаў, малых гарадоў і вёсак — голас кожнага беларуса! Усіх, а ня толькі тых, хто жыве ў сталіцы», — адзначыў Віктар Бабарыка.
Абвешчаны збор подпісаў за вызваленьне Ціханоўскага і іншых затрыманых
Кампанія назіраньня «Права выбару» выступіла з заявай з нагоды затрыманьня блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама іншых чальцоў ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі.
«Патрабуем неадкладнага вызваленьня Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых. Патрабуем пакараць усіх вінаватых у арганізацыі правакацыі, скіраванай супраць Сяргея і яго паплечнікаў 29 траўня ў Горадні. Патрабуем спыніць вал рэпрэсій і правакацый. Патрабуем забясьпечыць роўныя магчымасьці для правядзеньня выбарчай кампаніі ўсіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта», — гаворыцца ў заяве, да якой прыкладзены падпісны блянк з патрабаваньнем вызваліць актывістаў.
У Горадні затрымалі апэратара блогера Ціханоўскага
Апэратара Youtube-каналу «Страна для жизни» Арцёма Сакава затрымалі ў Горадні позна ўвечары 31 траўня. Увечары ён напісаў паплечнікам, што ў кватэру, дзе ён знаходзіцца, ломіцца міліцыя. Сакава затрымалі каля 23.00. Дзе ён цяпер, пакуль невядома.
Паплечнікі Ціханоўскага таксама высьвятляюць, дзе знаходзіцца другі апэратар Youtube-каналу «Страна для жизни», Кастусь. Цалкам чытайце па спасылцы.
Адвакат Зікрацкі абяцаў бясплатна дапамагаць рэпрэсаваным падчас выбарчай кампаніі
Вядомы адвакат Сяргей Зікрацкі гатовы бясплатна падтрымаць юрыдычна ў пэрыяд выбараў. Пра гэта ён напісаў у Facebook, адраэгаваўшы на Дэкларацыю за сумленныя выбары ўдзельніка выбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі. Сярод іншага, былы банкір Бабарыка паабяцаў юрыдычную і фінансавую падтрымку тым, каго звольняць ці на каго будуць ціснуць.
«Цалкам падтрымаю яго ў гэтым пачынаньні. Можна па-рознаму ставіцца да розных прэтэндэнтаў, можна па-рознаму ставіцца нават да пытаньня ўдзелу ці байкатаваньня выбараў. Але ў любым выпадку ставіць свой подпіс за аднаго прэтэндэнта, некалькіх або наогул ня ставіць подпісу, ісьці на выбары ці не, галасаваць за аднаго кандыдата або іншага — гэта толькі наш выбар. І ніхто ня мае права пазбавіць такога выбару», — адзначыў адвакат Зікрацкі. Цалкам чытайце па спасылцы.
За выказваньне пра «Канстытуцыю не пад жанчыну» на Лукашэнку паскардзіліся ў ЦВК
Уладальніца менскага бару «Сіняя каза» і двух манікюрных салёнаў, жыхарка Менску Ксенія Фёдарава зьвярнулася ў Цэнтральную выбарчую камісію са скаргай на выказваньне Аляксандра Лукашэнкі.
У звароце Фёдарава нагадвае, што Канстытуцыя Беларусі дае жанчынам і мужчынам роўныя правы, ніяк не забараняе жанчынам прэтэндаваць на пасаду кіраўніка дзяржавы. Акрамя таго, Беларусь удзельнічае ў большасьці міжнародных інструмэнтаў абароны правоў чалавека, у тым ліку Канвэнцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі жанчын. Праз гэта, піша Фёдарава, існаваньне «закону не пад жанчыну» наўпрост супярэчыць і міжнароднаму статусу, і абавязкам рэспублікі. Цалкам чытайце па спасылцы.
«З Лукашэнкам у нас тое, што трэба». Як беларускія спартоўцы крытыкуюць апанэнтаў улады
На фоне пікетаў у зборы подпісаў за прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду, якія ў выходныя суправаджаліся масавымі затрыманьнямі чальцоў ініцыятыўных групаў, актывізаваліся вядомыя спартоўцы.
Зьвіліся адразу некалькі рэакцый спартоўцаў з асуджэньнем канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Чытайце па спасылцы.