«Я не чакаў, што людзі павераць». Сяргей Ціханоўскі пра жонку, апазыцыю і пляны на 9 жніўня
Свабода правяла з блогерам адзін дзень у Слуцку і даведалася, чаму ў яго дома будзе вобшук, каго з палітычнай апазыцыі ён паважае і як закахаўся ў жонку Сьвятлану. «Калі мяне пасадзілі на суткі, меў 139 тысяч падпісчыкаў, калі выйшаў — 195 тысяч», «я нікому не цікавы — ні Захаду, ні Усходу», — гэта і шмат што іншае чытайце ў вялікім інтэрвію зь Сяргеем Ціханоўскім чытайце па спасылцы >>
Цапкала: кандыдаты ў няроўных умовах, 200 тысяч подпісаў за Лукашэнку маглі сабраць толькі прымусова
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў Валер Цапкала заявіў 26 траўня на перадвыбарчым пікеце ў Менску, што кандыдаты знаходзяцца ў няроўных умовах, і адзначыў, што 200 тысяч подпісаў за Аляксандра Лукашэнку маглі сабраць толькі «калі пайсьці па ўсіх заводах і пачаць зьбіраць у прымусовым парадку». Усе заявы Цапкалы чытайце па спасылцы.
Вярхоўны суд не задаволіў апэляцыі «кандыдатаў пратэсту»
Вярхоўны суд 26 траўня разгледзеў скаргі на нерэгістрацыю ініцыятыўных груп 19 «кандыдатаў пратэсту». Усе апэляцыі Вярхоўны суд пакінуў без задавальненьня.
Паводле ЦВК, шэраг зьвестак адносна 38 чалавек з 560 у ініцыятыўных групах не адпавядае рэчаіснасьці, а таксама ў склад ініцыятыўнай групы ўключаныя 47 чалавек, якія ня ведаюць пра існаваньне такой групы або не давалі згоды на ўдзел.
«Кандыдаты пратэсту» лічаць адмову незаконнай. Скаргу падавалі паплечнікі Міколы Статкевіча: Анжаліка Жалезьнякова, Вераніка Мішчанка, Аляксандар Грачышнікаў, Вольга Мікалайчык, Вікторыя Хатэнка, Ігар Кляшчук, Валянцін Фралоў і Антаніна Вішнякова.
«Не магу быць прастытуткай»,— Алег Гайдукевіч зьняўся з выбараў, заклікаў падтрымаць Лукашэнку
Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч заявіў 26 траўня, што вырашыў зьняцца з прэзыдэнцкіх выбараў і дадаў, што сабраныя 30 тысяч подпісаў за яго перадасьць у штаб Аляксандра Лукашэнкі. Паводле Гайдукевіча, ён разумее, што на гэтых выбарах не пераможа, а «проста піярыцца» ня будзе.
«Я лічу, што нельга дапусьціць злому краіны, — сказаў Гайдукевіч. — Я заклікаю ўсіх пайсьці на выбары і прагаласаваць за дзейнага прэзыдэнта. Гэта не 2010 год, калі ЛДП зьнялася з выбараў, назваўшы іх цыркам. Я не магу быць прастытуткай, я буду адстойваць свае перакананьні. Я лічу, што мы павінны адстаяць сваю краіну і пасьля выбараў пачаць рэформы. Усе кандыдаты, якія засталіся, акрамя дзейнага прэзыдэнта, яны ўсе выступаюць за злом краіны». Цалкам чытайце тут.
«Народны прэзыдэнт» у 1994-м і «народны блогер» у 2020-м: калі беларусы слухаюць сэрца
На сустрэчы зь Сяргеем Ціханоўскім (якога называюць «народным блогерам») у Слуцку мясцовы жыхар сказаў карэспандэнту Свабоды: «Калі не цяпер, то калі яшчэ? Цяпер Сяргей усяліў нейкую надзею. Усе гэтыя 26 гадоў, што існуе апазыцыя, ніхто столькі не зрабіў, колькі Сяргей за год, адкрыў людзям вочы». Пра фэномэн Ціханоўскага разважае ў блогу Сяргей Навумчык.
Сьцісла
- Ціханоўскі кажа практычна тое самае, што гаворыць палітычная апазыцыя, але ён кажа гэта іншымі словамі
- Ціханоўскага ўспрымаюць гэтаксама, як і Лукашэнку ў 1994 годзе
- Для перамогі Лукашэнкі ў 1994 годзе значным фактарам было нежаданьне людзей ізноў бачыць старую ўладу, пэрсаніфікаваную ў вобразе Кебіча
- Калі дыстанцыя паміж уладай і народам дасягае максымальнай велічыні, народ перастае давяраць партыям, дыскусіям
- Чарговая «элегантная перамога» толькі ўзмоцніць у людзей прагу простых і хуткіх рашэньняў
Галасы пратэсту. Што кажуць людзі на перадвыбарчых пікетах. ВІДЭА
Дзеці ня могуць уладкавацца на працу, няма за што набыць падарункі ўнукам, у Лукашэнкі адны абяцанкі. Што кажуць людзі, якія падыходзяць да выбарчых пікетаў.
«Белая Русь» заявіла, што сабрала 200 тысяч подпісаў за Лукашэнку. Як гэта магчыма?
Інтэрнэт-супольнасьць горача абмяркоўвае, як магчыма было сабраць 200 тысяч подпісаў за дзейнага прэзыдэнта, калі пікетаў па зборы подпісаў не было. «Белая Русь» сьцьвярджае, што без праблем — у выходныя працавалі 155 грамадзкіх прыёмных, да таго ж у РГА 190 тысяч сябраў. Аднак зьбіраць подпісы маюць права толькі сябры ініцыятыўнай групы. А ў групе Аляксандра Лукашэнкі каля 11 тысяч чалавек. Свабода разьбіралася ў сытуацыі.
Як прайшоў пікет у падтрымку Цапкалы ў Менску. ВІДЭА
26 траўня ў Менску прайшоў другі пікет для збору подпісаў у падтрымку вылучэньня Валера Цапкалы кандыдатам у прэзыдэнты. Паслухалі, што кажуць людзі, якія прыйшлі падтрымаць былога кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў.
«Я не магу быць прастытуткай». Што стаіць за дэмаршам Гайдукевіча?
Адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч зьняўся з выбараў. Прычым свайго рашэньня ніяк не патлумачыў. Ягоная сумбурная, няўцямная, супярэчлівая заява толькі напусьціла туману. Гэта заява вельмі разгубленага чалавека, разважае ў блогу аналітык Свабоды Валер Карбалевіч.
Сьцісла:
- Гэта не было самастойным рашэньнем Алега Гайдукевіча.
- Заклік Гайдукевіча галасаваць за Лукашэнку — ускоснае прызнаньне, хто яму прадыктаваў такое рашэньне.
- Першапачатковы сцэнар уладаў на хаду моцна памяняўся. Бо зьявіліся нечаканыя кандыдаты. І ў новым сцэнары месца Гайдукевічу ўжо няма.
- Магчыма, Лукашэнка хоча штучна змадэляваць жорсткую схему «Адзін супраць усіх». А ў такой мадэлі спойлеры не патрэбныя.
Жыхары Баранавічаў сталі ў чаргу, каб падпісацца за Ціханоўскую. ФАТАФАКТ
Жыхары Баранавічаў 26 траўня выстраіліся ў чаргу, каб пакінуць подпіс за Сьвятлану Ціханоўскую, якая вылучаецца кандыдатам на прэзыдэнта, піша Intex-press.by.
Бабарыка можа стаць больш прадказальным для Крамля, чым Лукашэнка, — палітоляг
Кіраўнік Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў палітоляг Пётар Рудкоўскі адказвае на пытаньне, навошта альтэрнатыўныя кандыдаты бяруць удзел у гэтай кампаніі, тлумачыць, у якім выпадку Крэмль адчуў бы для сябе рызыку, і дае (пэсымістычны) прагноз на вынікі выбараў.
Сьцісла:
- Сюрпрызаў ня будзе, 75–80 працэнтаў «забясьпечаць» Лукашэнку традыцыйным мэтадам
- Калі будзе выразна адчувацца электаральны посьпех, напрыклад, Бабарыкі — то сыстэма адчуе, што «кароль слабее»
- Рызыкамі для Крамля была б адназначная эўраатлянтычная інтэграцыя Беларусі альбо (і) жорсткая беларусізацыя.
- Лукашэнка — ня мара Крамля, гэта вельмі спрэчны і складаны партнэр.
Падтрымка Лукашэнкі на выбарах з боку РФ малаімаверная, але гуляць супраць яго ня будуць — расейскі паліттэхноляг
Ці ўсё перадвызначана на сёлетніх выбарах у Беларусі? Якую пазыцыю зойме Масква? Якія шанцы і на што маюць Віктар Бабарыка, Валер Цапкала і Сяргей Ціханоўскі? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да аднаго з самых вядомых расейскіх паліттэхнолягаў Яўгена Мінчанкі.
Ён не выключае, што Бабарыка і Цапкала «на нейкім этапе будуць інкарпараваныя ў каманду Лукашэнкі», а пра Ціханоўскага кажа як пра «тырана» і «інструмэнт расхістваньня сытуацыі».
Бабарыка заявіў, што за яго сабралі 35 тысяч подпісаў
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, банкір Віктар Бабарыка сьцьвярджае ў Telegram, што за яго вылучэньне ўдалося сабраць ужо 35 000 подпісаў, хоць яшчэ не раздалі ўсе пасьведчаньні чальцоў ініцыятыўнай групы.
Ініцыятыўная група Бабарыкі налічвае звыш 8 тысяч чальцоў, гэта рэкорд для апанэнтаў Лукашэнкі. Збор подпісаў трывае ад 21 траўня да 19 чэрвеня ўключна, для вылучэньня кандыдата трэба сабраць 100 тысяч.
Раней «Белая Русь» заявіла, што нібыта сабрала за Аляксандра Лукашэнку 200 тысяч подпісаў за чатыры з паловай дні, зь якіх два былі выходнымі. Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч заяўляў, што за яго сабралі 30 тысяч подпісаў — але ён зьняўся з выбараў і падтрымаў Лукашэнку.
«Ставяцца, як да Зяленскага ва Ўкраіне». Удзельнік прэзыдэнцкай гонкі Алесь Таболіч прасоўвае нацыянальную ідэю
Лідэр гурту Znich, тату-майстар, дызайнэр і мастак Аляксандар Рыгоравіч Таболіч сёлета вырашыў удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Ягоную ініцыятыўную групу зарэгістравалі пад нумарам 13, і яна зьбірае подпісы. Праўда, колькі ўжо сабралі, Таболіч яшчэ сказаць ня можа.
Паразмаўлялі з Аляксандрам Рыгоравічам пра тое, ці можа эканоміка выжыць без нацыянальнай ідэі і навошта яму прэзыдэнцкія выбары.
Цапкала заклікаў пакінуць Лукашэнку ў гісторыі — разам са сьвінкамі, кароўкамі, кавунамі
Вечарам 26 траўня ў Магілёве на сустрэчу са сваёй ініцыятыўнай групай прыехаў патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў Валер Цапкала. Гэты горад — радзіма ягонай жонкі.
Сярод іншага ён сказаў пра лёс Лукашэнкі ў выпадку перамогі Цапкалы:
«Я лічу, што мы павінны проста перагарнуць старонку і пакінуць Лукашэнку там, дзе ён знаходзіцца. А менавіта — у гісторыі, у гэтых традыцыйных сельскіх укладах, у тым, што яму падабаецца: сьвінкі там, кароўкі, экалягічна чыстае малако. Кавуны ён зьбірае, па 4 мяшкі бульбы ў Крэмль прыносіць. Калі ласка, няхай гэтым займаецца ў адной з рэзыдэнцыяў. Хай жыве гэтым, таму што відаць жа, што ён робіць гэта з вялізным азартам. А мы павядзём Беларусь наперад — у будучыню».
Бел-чырвона-белы сьцяг за Бабарыку і чарга да Ціханоўскай. Як зьбіраюць подпісы
Колькі подпісаў можна сабраць за дзень і што гавораць людзі на просьбу падпісацца — паглядзелі, як стаяць у пікетах сябры розных ініцыятыўных груп. Пікета, дзе зьбіраюць подпісы «за Лукашэнку», так і не знайшлі.
Афіцыйна этап збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў пачаўся адразу ж пасьля рэгістрацыі ініцыятыўных груп 20 траўня. Аднак на практыцы зьбіраць подпісы патэнцыйныя кандыдаты пачалі ў лепшым выпадку на наступны дзень, калі атрымалі падпісныя лісты і пасьведчаньні для сябраў сваіх ініцыятыўных груп. Свабода паназірала за зборам подпісаў за кандыдатаў. Чытайце рэпартаж па спасылцы >>
«Мы рабілі ўсё няправільна, я рабіў глупствы». Падкаст-спрэчка Дашкевіча і Карпава без мадэратара
Прадпрымальнік і грамадзкі дзяяч Зьміцер Дашкевіч — прыхільнік байкоту прэзыдэнцкіх выбараў. Паэт і дызайнэр Стась Карпаў пойдзе на выбары 9 жніўня і прагаласуе. У падкасьце Свабоды яны 30 хвілінаў спрабавалі пераканаць адзін аднаго, чыя пазыцыя больш слушная. Слухайце і чытайце па спасылцы.
Шэсьць патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта адкрылі выбарчыя рахункі
Цэнтральная выбарчая камісія апублікавала абноўлены сьпіс выбарчых рахункаў патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Па стане на 27 траўня ў сьпісе шэсьць рахункаў.
Рахункі маюць:
- Андрэй Дзьмітрыеў;
- Віктар Бабарыка;
- Алесь Таболіч;
- Ганна Канапацкая;
- Сьвятлана Ціханоўская;
- Валер Цапкала.
«Прыйшлі з ужо гатовымі падпіснымі аркушамі». Людзі скардзяцца, што прымушаюць падпісвацца за Лукашэнку
Калі на чацьвёрты дзень ад пачатку збору подпісаў (прычым два з гэтых дзён былі выходныя) ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі заявіла, што сабрала ўжо 200 тысяч, людзі ў сацыяльныя сетках, Telegram-каналах пачалі расказваць, як на іх ціснуць і прымушаюць падпісвацца.
Паводле такіх расказаў, асабліва «шчыруюць» кіраўнікі бюджэтных арганізацый, школ. Свабода зьвязалася з кіраўнікамі некаторых школ і прадпрыемстваў. Як яны гэта пракамэнтавалі, чытайце па спасылцы >>