Стылістыка Бабарыкі — гэта жанр маленькага мяккага цуду, а Лукашэнку будуць як мага менш паказваць, — экспэрт
Палітоляг, галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Наше мнение» Валерыя Касьцюгова сьцьвярджае, што апошнія гады зьнізіўся «плот» паміж элітай і контрэлітай, ацэньвае фэномэн Бабарыкі і заяўляе, што менавіта ўлады будуць рабіць усё, каб зьнізіць яўку. Цалкам чытайце па спасылцы.
Сьцісла
- Апошнія гады назіраецца трэнд на паступовы рост палітызацыі грамадзтва
- Калі Цапкала і Бабарыка ня сядуць па выніках кампаніі — у будучым магчымы прыход у палітыку іншых бізнэсоўцаў.
- Галоўны матыватар падтрымкі — ацэнка шанцаў кандыдата
- Утварыўся гіганцкі разрыў у настроях паміж Лукашэнкам і насельніцтвам.
«Каб як мага больш беларусаў засталіся жывыя» —Тацяна Караткевіч тлумачыць свой удзел у выбарах
Каранавірусная пандэмія закранула сям’ю былой кандыдаткі на прэзыдэнта Тацяны Караткевіч — яшчэ да таго, як у Беларусі пачалі рабіць тэсты на COVID-19, праз двухбаковую пнэўманію памерла яе цётка, перахварэла маці. Лідэрка кампаніі «Гавары праўду» цягам двух месяцаў максымальна абмежавала свае кантакты, пячэ хлеб на карантыне і выкарыстоўвае ўсе магчымасьці інтэрнэту і сацыяльных сетак для правядзеньня выбарчай кампаніі ў рэжыме онлайн. Чытайце інтэрвію па спасылцы >>
«Рафінавана-ванільны выступ» і аплядысмэнты за ангельскую мову. Як Цапкала наведаў Горадню
Валер Цапкала, адзіны прэтэндэнт на кандыдата ў прэзыдэнты, які паходзіць з Горадні, наведаў родны горад 23 траўня. Ён сустрэўся з удзельнікамі сваёй ініцыятыўнай групы, якая пачынае зьбіраць подпісы.
Сустрэча праходзіла ў самым новым гатэлі гораду — апарт-гатэлі Сямашкі каля Савецкай плошчы. На яе прыйшло больш за 30 чалавек.
Паводле пераклічкі, людзі сабраліся як з абласнога гораду, гэтак і з раёнаў Горадзенскай вобласьці. На ўваходзе ў залю ляжаў стос аднаразовых мэдычных масак для ахвочых. Хто хацеў, надзеў. Адлегласьць 1,5-2 мэтры паміж крэсламі не захоўвалася.
24 траўня блогер Сяргей Ціханоўскі і палітык Мікола Статкевіч праводзяць супольную акцыю ў межах выбарчай кампаніі.
Ініцыятыўныя групы Ціханоўскага і Статкевіча не былі зарэгістраваныя ЦВК.
Ціханоўскаму адмовілі праз адсутнасьць яго подпісу на пададзеных дакумэнтах (на момант падачы ён адбываў адміністратыўны арышт), Статкевічу — праз наяўнасьць у сьпісах ініцыятыўнай групе непраўдзівых зьвестак (такую ж адмову атрымалі амаль усе іншыя «кандыдаты пратэсту»).
Аднак ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы жонкі Ціханоўскага Сьвятланы, а таксама аднаго з паплечнікаў Статкевіча Уладзімера Няпомняшчых.
Свабода ладзіць жывую трансьляцыю з пляцоўкі ля Камаросўкага рынку ў Менску.
Сустрэча з Ціханоўскім і Статкевічам ля Камароўкі. ФОТАРЭПАРТАЖ
Сустрэча ля Камароўскага рынку ў Менску была анансаваная за некалькі дзён да правядзеньня. Яе арганізатарамі сталі блогер Сяргей Ціханоўскі і палітык Мікола Статкевіч, да якіх таксама далучылася прадстаўніца БХД Вольга Кавалькова.
Паставіць свае подпісы за вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай і Уладзімера Няпомняшчых прыйшлі сотні людзей, чарга жадаючых расьцягнулася ад уваходу на рынак да мэтро ля плошчы Якуба Коласа, гэта некалькі соцень мэтраў. Прапануем вам наш фотарэпартаж адтуль.
Больш фота тут>>>
Ніводзін беларускі дзяржаўны тэлеканал не заўважыў шматлюднай акцыі каля Камароўкі
У паўтарагадзінных выніковых праграмах БТ і АТН «Галоўны эфір» і «Контуры» не знайшлося часу нават на згадку, што сотні беларусаў расьцягнуліся ў доўгую чаргу ад Камароўкі да плошчы Якуба Коласа, каб падпісацца за супернікаў Лукашэнкі. Затое ў цэнтры ўвагі былі незалежныя СМІ.
Наагул, пра маючыя адбыцца 9 жніўня прэзыдэнцкія выбары, пра тое, што на мінулым тыдні было зарэгістравана 15 ініцыятыўных груп таксама ў выніковых эфірах не дзяржаўных каналоў не прагучала ніводнага сказу.
Пра каранавірус у «Галоўным эфіры» БТ згадалі толькі на 39-й хвіліне.
«Дыскрымінацыйны падыход застаўся»,— назіральнікі пра першы этап фармаваньня выбарчых камісій
Кампанія назіраньня за выбарамі прэзыдэнта Беларусі апублікавала зьвесткі пра фармаваньне тэрытарыяльных выбарчых камісій. Маніторынг сытуацыі ажыцьцяўляюць Беларускі Хэльсынскі камітэт і праваабарончы цэнтар «Вясна».
Агульныя высновы (асноўнае):
- Адрозна ад папярэдніх выбараў, пастанова ЦВК № 13 не прадугледзела магчымасць прысутнасьці на паседжаньнях органаў, якія ўтвараюць выбарчыя камісіі, прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў, назіральнікі ад якіх акрэдытаваныя ў ЦВК.
- Большасць прадстаўнікоў кампаніі мелі магчымасьць назіраць за паседжаньнямі праз онлайн-трансьляцыю (40%), прагляд відэа ў запісе (13,6%) ці асабіста прысутнічаць пры іх правядзеньні (13,6%). Мелі месца цяжкасьці з маніторынгам гэтага этапу альбо з прычыны немагчымасьці непасрэдна прысутнічаць на паседжаньнях, альбо праз кепскую якасьць онлайн-трансьляцый (20%).
- Адсутнасьць замацаванага ў пастанове ЦВК права прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў прысутнічаць на паседжаньнях органаў утварэння выбарчых камісій у шэрагу выпадкаў прывяло да таго, што прадстаўнікі кампаніі ня здолелі назіраць за такім важным этапам выбараў.
- Як і падчас папярэдніх выбараў, асноўную колькасьць вылучэнцаў склалі прадстаўнікі шасьці праўрадавых арганізацый. Роля вылучэнцаў ад палітычных партый засталася невысокай — 179 чалавек, ці 8,25% ад усіх.
- З 25 прэтэндэнтаў ад апазыцыйных партый у склад камісій увайшлі два прадстаўнікі — па адным ад Партыі БНФ і БСДП (Грамада) — 8% ад вылучаных. У той жа час уключаны 97,4% прадстаўнікоў праўладных палітычных партый ад агульнай колькасьці вылучаных. Цалкам чытайце па спасылцы.
Ярмошына патлумачыла, чаму не зарэгістравалі групу Ціханоўскага, а апазыцыю не ўключаюць у выбаркамы
Паводле старшыні ЦВК, ініцыятыўную групу зьняволенага на той момант блогера Сяргея Ціханоўскага не зарэгістравалі, бо «Выбарчы кодэкс прадугледжвае асабістую падачу дакумэнтаў і асабіста падпісаную заяву» і «ў нас выбарчае права не рэалізуецца па даручэньні, проста не прадугледжана гэта». Пры тым Ярмошына згадала, што ўсё ж прадугледжвае: «Адзінае, калі кандыдат ня можа прыйсьці, ён можа даць даручэньне на падачу дакумэнтаў, то бок функцыю паштальёна ён можа даверыць. Але заява павінна быць абавязкова падпісана ім».
Што яшчэ казала Ярмошына пра выбары ў вялікім інтэрвію Naviny.by, чытайце па спасылцы.
На пікеце каля Камароўкі ў Менску за Ціханоўскую сабралі каля трох тысяч подпісаў
Пікет для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую праходзіў у Менску на пляцоўцы ля Камароўскага рынку ў нядзелю 24 траўня. Ён працягваўся больш за 4 гадзіны, чарга з ахвотнікаў падпісацца за вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай расьцягнулася на некалькі соцень мэтраў.
«За ўчорашні пікет мы сабралі каля 3000 подпісаў, — расказаў Свабодзе Сяргей Ціханоўскі. — Дакладную колькасьць я сказаць не магу. Па лістах, якія былі запоўненыя цалкам, было 2000. Яшчэ шмат падпісных лістоў былі запоўненыя часткова, таму дакладнай лічбы няма. Нам яна і не цікавая. Людзей было вельмі шмат, я сам не чакаў такой колькасьці. Шмат хто прыйшоў бяз пашпарта, яны не змаглі падпісацца».
Як праходзіць пікет Ціханоўскага каля дома старшыні Слуцкага райвыканкаму. ФОТА
Ранішні пікет Сяргея Ціханоўскага ў Слуцку сабраў некалькі соцень чалавек. Ён праходзіць побач з будоўляй дома кіраўніка Слуцкага райвыканкаму на вуліцы Слуцкіх паясоў, гэта акраіна гораду. Каб падпісацца за Сьвятлану Ціханоўскую, людзі прыяжджаюць нават на таксоўках, перадае карэспандэнт Радыё Свабода. Глядзіце фотагалерэю па спасылцы.
Лукашэнка заявіў, што за 4 дні за яго вылучэньне кандыдатам сабралі 200 тысяч подпісаў
На нарадзе 25 траўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што за вылучэньне яго кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах у 2020 годзе ўжо сабралі «пад 200 тысяч» подпісаў зь неабходных 100 тысяч. На гэтым, дадаў Лукашэнка, «спыняцца ня трэба», але «ні ў якім разе» нельга ціснуць на людзей. Збор подпісаў ідзе да 19 чэрвеня ўключна. З улікам таго, што подпісы можна было зьбіраць ад 21 траўня, выходзіць, што «пад 200 тысяч» подпісаў сабралі за чатыры дні. Цалкам чытайце тут.
У ініцыятыўнай групе прэтэндэнткі Кісель паабяцалі 1 эўра за сабраны подпіс. Ці законна гэта?
Каманда прэтэндэнткі ў кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах Натальлі Кісель прапануе валянтэрам 1 эўра за кожны сабраны подпіс. Як сказаў Свабодзе Сяргей Штода, які каардынуе ў Менскім раёне дзейнасьць ініцыятыўнай групы для вылучэньня Натальлі Кісель, у ЦВК у курсе такой ініцыятывы.
Па яго словах, няма нічога супрацьпраўнага ў тым, каб валянтэр заключыў пагадненьне з ініцыятыўнай групай на падставе дамовы падраду на выкананьне пэўнага пераліку працаў. Актыўны зборшчык за месяц падпісной кампаніі можа зарабіць некалькі сотняў эўра. Цалкам чытайце тут.
Блогер Ціханоўскі зьбірае подпісы ў Слуцку. УЖЫВУЮ
Аўтар YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі 25 траўня прыехаў на пікет у Слуцку, дзе зьбіраюць подпісы за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты яго жонкі Сьвятланы.
Бабарыка сустракаецца з ініцыятыўнай групай. УЖЫВУЮ
Удзельнік прэзыдэнцкай гонкі, былы банкір Віктар Бабарыка сустракаецца зь людзьмі са сваёй ініцыятыўнай групы ў Менску і адказвае на пытаньні.
Прэтэнтэнт на прэзыдэнцкую пасаду Цапкала адказвае на пытаньні. УЖЫВУЮ
Удзельнік прэзыдэнцкай гонкі, былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій Валер Цапкала адказвае на пытаньні ў жывым эфіры.
«Не хацеў бы агалошваць асаблівасьці зьдзелкі». Як і хто набыў дом Цапкалы?
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала прадаў свой дом плошчай у 418,3 квадратнага мэтра кампаніі «Райффайзен-лізінг». Дом стаіць у Менску за Нацыянальнай бібліятэкай.
Бабарыка заявіў, што хтосьці прапаноўваў яму пасаду прэм’ера за зьняцьце з выбараў
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка заявіў, што яшчэ да завяршэньня збору подпісаў за вылучэньне хтосьці прапанаваў яму «аб’яднацца» ў абмен на пасаду прэм’ера. Калі яго спыталі, хто гэта быў, ён адмовіўся казаць.
«Мне была прапанова: давайце аб’яднаемся, — заявіў Бабарыка. — Я кажу: „Як?“ „Ну вы зьніміце [сваю кандыдатуру], а мы вам дамо пасаду прэм’ер-міністра“. Я кажу: „Выдатнае аб’яднаньне“».
На пытаньне пра тое, хто ж прапаноўваў зьняцца ў абмен на пасаду прэм’ера, Бабарыка адказаў, што ня стане гэтага камэнтаваць «бяз згоды іншых асобаў», бо гэта «проста некарэктна».
Праваабаронцы пачалі набор назіральнікаў за галасаваньнем на прэзыдэнцкіх выбарах
Кампанія незалежнага назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары» абвясьціла набор назіральнікаў за галасаваньнем падчас прэзыдэнцкіх выбараў.
«Шукаем назіральнікаў, якія змогуць сачыць за тым, што адбываецца на ўчастках краіны ў асноўны дзень выбараў, 9 жніўня, і, па магчымасьці, падчас датэрміновага галасаваньня. Асобную ўвагу варта ўдзяліць маніторынгу падліку галасоў, каб затым даць ацэнку адкрытасьці і галоснасьці выбарчага працэсу», — адзначаецца ў звароце да кандыдатаў у назіральнікі.
Цапкала раскрытыкаваў «арыстакратызацыю» беларускага спорту, заклікаў яго дэмакратызаваць
Адказваючы падчас стрыму ў сваім YouTube-канале на пытаньне, якія дысцыпліны ён хацеў бы разьвіваць і ці трапляе ў гэты пералік любімы дзейным кіраўніком Лукашэнкам хакей, Цапкала адказаў, што, нягледзячы на вялізныя ўкладаньні, Беларусь страціла пазыцыі «хакейнай дзяржавы».
Цапкала нагадаў, што за часамі СССР працаваў у савецкай амбасадзе ў Фінляндыі і бачыў, як фіны ставяцца да хакею. Невялікія надзіманыя пляцоўкі, якія яны проста разгортвалі, ставілі халадзільнік — і ў кожнай вёсцы хлопцы гулялі ў хакей.