Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Людзі выйшлі на акцыі салідарнасьці ў розных гарадах Беларусі

У сацыяльных сетках публікуюцца фота і відэа відавочцаў з акцый салідарнасьці ў Берасьці, Магілёве, Гомлі, Горадні, Маладэчна і іншых гарадах Беларусі.

У Менску людзі выйшлі на вуліцы, каб выказаць нязгоду з рашэньнем ЦВК
У Менску людзі выйшлі на вуліцы, каб выказаць нязгоду з рашэньнем ЦВК
Праспэкт Незалежнасьці ў Менску ў раёне Кастрычніцкай плошчы перакрылі
Праспэкт Незалежнасьці ў Менску ў раёне Кастрычніцкай плошчы перакрылі

У Менску пачаліся затрыманьні

У Менску пачалі гвалтам затрымліваць людзей, якія выйшлі на акцыю салідарнасьці.

Журналістаў «Эўрарадыё» затрымалі наўпрост падчас стрыму.

Акцыі салідарнасьці ў Беларусі пасьля нерэгістрацыі кандыдатамі Бабрыкі і Цапкалы

Увечары 14 ліпеня, пасьля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі, калі Віктару Бабарыку і Валеру Цапкалу адмовілі ў рэгістрацыі, людзі пачалі стыхійна выходзіць на вуліцы ў розных раёнах Менску, а таксама ў іншых гарадах і паселішчах.

Увечары 14 ліпеня ў Менску
Увечары 14 ліпеня ў Менску

Міністэрства ўнутраных спраў папярэдзіла пра недапушчальнасьць несанкцыянаваных акцый і заявіла, што «любыя правакацыі будуць спыняцца».

У Менску пасьля 19:30 перакрылі праспэкт Незалежнасьці каля Акадэміі Навук у бок цэнтру.

Эўрадэпутат: «Дзеяньні рэжыму Лукашэнкі будуць мець наступствы»

Эўрадэпутат, былы прэм’ер Літвы Андрус Кубілюс выказаў салідарнасьць зь беларусамі, якія хочуць пераменаў.

«Сёньняшняе рашэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі не рэгістраваць Бабарыку і Цапкалу, вядучых кандыдатаў ад апазыцыі, скрала прэзыдэнцкія выбары ў народу Беларусі», — сказаў Андрус Кубілюс у відэазвароце, разьмешчаным у сацсетках. Цалкам чытайце тут.

«Нам трэба мільён скаргаў». Штаб Бабарыкі падрыхтаваў скаргу на нерэгістрацыю Бабарыкі і Цалкалы, заклікаў беларусаў падаваць яе ў ЦВК

У штабе экс-старшыні «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі заявілі, што падрыхтавалі скаргу на парушэньне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах і ўжо падалі яе ў ЦВК. У скарзе патрабуюць:

  • адмяніць рашэньне ЦВК і зарэгістраваць Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі,
  • зьмяніць меру стрыманьня Віктару і Эдуарду Бабарыкам, Сяргею Ціханоўскаму і іншым палітвязьням.

У штабе зьвярнуліся да ўсіх неабыякавых грамадзян Беларусі з заклікам спампаваць гэтую скаргу на сайце штабу Віктара Бабарыкі, раздрукаваць і таксама падаць яе ў ЦВК. Скаргу можна падаць асабіста або даслаць па пошце на адрас ЦВК: Менск, вул. Савецкая, 11, 220010. «Нам патрэбныя сумленныя выбары і нам патрэбен мільён скаргаў», — заявілі ў штабе.

«Мы ня маем ніякай ілюзіі». Цапкала расказаў, што ягоная каманда будзе рабіць далей

Валер Цапкала, якому Цэнтравыбаркам адмовіў у рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты, запісаў відэазварот. Ён заявіў, што факты парушэньняў улады і сьпіс датычных да фальсыфікацыі выбараў перададуць у міжнародныя структуры і апублікуюць.

«Мы перадамо гэтыя высновы разам зь сьпісам тых людзей, якія бралі ўдзел у фальсыфікацыі выбараў. Мы перадамо і ў міжнародныя суды, і ў міжнародныя арганізацыі. Іх імёны будуць абавязкова апублікаваныя на розных парталах для таго, каб і яны самі, і іхныя дзеці, і іх унукі змаглі бачыць і «ганарыцца» тымі людзьмі, якія ўдзельнічалі ў фальсыфікацыі волевыяўленьня беларускіх грамадзянаў», — сказаў Цапкала. Цалкам чытайце па спасылцы.

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу скрытыкаваў нерэгістрацыю Бабарыкі і Цапкалы

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Барэль выступіў з заявай з нагоды нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы кандыдатамі на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

«Недахоп празрыстасьці ў працэсе вэрыфікацыі подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзыдэнты, які ўжо зазначала Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ/БДІПЧ) у 2010 і 2015 годзе, падрывае ўпэўненасьць у працэсе рэгістрацыі, — гаворыцца ў заяве. — Больш за тое, юрыдычныя нормы для рэгістрацыі кандыдатаў ствараюць непрапарцыйныя і неабгрунтаваныя бар’еры для кандыдацтва, насуперак абавязаньням у рамках АБСЭ і іншым міжнародным стандартам». Цалкам чытайце тут.

«Выбары» без Бабарыкі: чаго чакаць ад «энтузіястаў новай хвалі»

Тое, што Віктара Бабарыку не зарэгіструюць кандыдатам у прэзыдэнты — гэта хорам прагназавалі як палітычныя аглядальнікі, так і тыя, хто проста ўважліва сочыць за беларускай уладай ад 1994 году. Надта моцны трапіўся Лукашэнку канкурэнт упершыню за шмат гадоў. А ўсё таму, што выбарцы зьмяніліся, разважае журналіст і блогер Севярын Квяткоўскі. Чытайце па спасылцы.

Алег Гайдукевіч стаў даверанай асобай Лукашэнкі, на карысьць якога зьняўся з выбараў

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч сказаў Tut.by, што «вяртаецца на выбары» — стане даверанай асобай кандыдата Аляксандра Лукашэнкі, дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Паводле Алега Гайдукевіча, гэта «доказ таго, што прэзыдэнт чуе розныя пункты гледжаньня, розныя погляды», бо ЛДПБ мае «сваю праграму, ідэалёгію» і «прапануе альтэрнатыву». Ён плянуе аб’ехаць вялікую колькасьць гарадоў і вёсак, праводзіць сустрэчы зь людзьмі і перадаць выказанае імі Аляксандру Лукашэнку. Далей чытайце тут.

Штаб Віктара Бабарыкі — пра яго нерэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты. ВІДЭА

Штаб Віктара Бабарыкі 14 ліпеня правёў прэс-канфэрэнцыю пасьля нерэгістрацыі былога банкіра кандыдатам у прэзыдэнты. Свабода вядзе стрым са штаба. Цалкам чытайце па спасылцы.

Расклад выступаў кандыдатаў у прэзыдэнты па радыё і ТВ. Усіх, акрамя Лукашэнкі, які адмовіўся

Зарэгістраваным кандыдатам у прэзыдэнты дадуць магчымасьць двойчы выступіць у паўгадзінным вечаровым эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1» (усе кандыдаты будуць выступаць увечары 21 і 28 ліпеня) і двойчы па паўгадзіны — у эфіры першага каналу Беларускага радыё.

  • Андрэй Дзьмітрыеў зможа выступіць на радыё 20 ліпеня з 8:30 да 9:00 і 29 ліпеня з 8:00 да 8:30; на «Беларусь 1» — 21 ліпеня з 18:30 да 19:00 і 28 ліпеня з 17.30 да 18:00.
  • Ганна Канапацкая: на радыё — 22 ліпеня з 8:00 да 8:30, 27 ліпеня з 8:00 да 8:30; на «Беларусь 1» — 21 ліпеня з 17.30 да 18:00 і 28 ліпеня з 18:30 да 19:00.
  • Сьвятлана Ціханоўская: на радыё — 20 ліпеня з 8:00 да 8:30, 29 ліпеня з 8:30 да 9:00; на «Беларусь 1» — 21 ліпеня з 17:00 да 17:30 і 28 ліпеня з 18:00 да 18:30.
  • Сяргей Чэрачань: на радыё — 22 ліпеня з 8:30 да 9:00, 27 ліпеня з 8:30 да 9:00; на «Беларусь 1» — 21 ліпеня з 18:00 да 18.30, 28 ліпеня з 17:00 да 17:30.

Аляксандар Лукашэнка, як і ў часе ранейшых кампаній, адмовіўся ад выступаў па радыё і тэлевізіі.

30 ліпеня адбудуцца тэледэбаты кандыдатаў. Раней Лукашэнка адмаўляўся і ад тэледэбатаў з канкурэнтамі.

Колькі кандыдатаў рэгістравалі, а колькім адмаўлялі на выбарах 1994–2020 гадоў

Да збору подпісаў за рэгістацыю кандыдатам у прэзыдэнты сёлета дапусьцілі 15 ініцыятыўных групаў, але толькі 7 зь іх пасьля заканчэньня збору подпісаў прэтэндавалі на рэгістрацыю. Зарэгістравалі пяць кандыдатаў.

Нават на першых прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 годзе — адзіных, якія краіны Эўразьвязу і Злучаныя Штаты прызналі дэмакратычнымі — былі прэтэндэнты, чые ініцыятыўныя групы не зарэгістравалі. Тады зарэгістравалі 19 ініцыятыўных групаў, але ў выніку толькі 6 групам удалося сабраць 100 тысяч подпісаў. На наступных выбарах лічбы былі такія:

Цалкам чытайце па спасылцы.

ЦВК прызнала памылку і павялічыла колькасьць подпісаў за Цапкалу. Але гэта яму не дапамагло

Колькасьць подпісаў за вылучэнца на прэзыдэнцтва Валера Цапкалу павялічылася на 3247, заявіла на паседжаньні, прысьвечаным рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Яна прызнала памылку камісіі ў выдачы пасьведчаньня бабруйскаму каардынатару па Першамайскім раёне Андрэю Архіпенку, які, паводле Ярмошынай, ня быў чальцом ініцыятыўнай групы. Як вынікае зь яе тлумачэньняў, памылка выявілася, калі ініцыятыўная група здала сабраныя подпісы, а тэрытарыяльная камісія іх забракавала. «Я задаволены, — кажа Архіпенка. — Гэта ці не адзіны выпадак, калі ЦВК прызнаў сваю памылку». Цалкам чытайце тут.

Без Бабарыкі, але зь Ціханоўскай. Што адбылося і чаго чакаць ад выбараў

Чаму Бабарыку не зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты, а Ціханоўскую зарэгістравалі? Якой рэакцыі грамадзтва можна чакаць? Ці магчымы зараз байкот? Ці дзейнічае прынцып – хто заўгодна, абы не Лукашэнка – адносна Дзьмітрыева і Чэрачаня? Абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Сяргей Навумчык.

Нерэгістрацыя Бабарыкі. Лукашэнка паказаў усім, што спужаўся

Сэнсацыі не адбылося. Віктара Бабарыку не зарэгістравалі. Тут хіба можна зьвярнуць увагу на вельмі сумнеўныя падставы для адмовы, піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Маўляў, ён не ўказаў даходы, нажытыя злачынным шляхам. Гэтыя высновы ЦВК грунтаваліся на папярэдняй інфармацыі сьледчых органаў. Праігнаравалі прынцып прэзумпцыі невінаватасьці: тое, што злачынства любога грамадзяніна можа прызнаць толькі суд. Далей чытайце па спасылцы.

Сьвятлана Ціханоўская Сяргею: «Я гэта раблю толькі дзеля цябе і людзей, якія за табой пайшлі». Заявы кандыдатаў пасьля рэгістрацыі

Пасьля працэдуры рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі ЦВК давала кандыдатам магчымасьць выказацца. Таксама кандыдаты рабілі кароткія заявы для журналістаў, якія можна было пабачыць у жывой відэатрансьляцыі Свабоды.

Сьвятлана Ціханоўская, выйшаўшы з будынка ЦВК, заявіла журналістам:

«Зьмяшаныя пачуцьці. Напэўна, усё ж больш радасьці, бо змагу змагацца за вызваленьне мужа. Усё гэта я раблю толькі дзеля цябе і тых людзей, якія за табой пайшлі», — апошнія словы Сьвятлана Ціханоўская зьвярнула да мужа.

Яна заявіла, што яшчэ падумае, ці варта аб’ядноўвацца зь іншымі кандыдатамі, але не выключае такой магчымасьці. Што сказалі іншыя кандыдаты, чытайце па спасылцы.

Бабарыку і Цапкалу не зарэгістравалі кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі. Лукашэнку, Ціханоўскую, Канапацкую, Дзьмітрыева, Чэрачня — так. Як гэта было

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі правяла 14 ліпеня паседжаньне, на якім разглядала рэгістрацыю кандыдатаў у прэзыдэнты. Да збору подпісаў дапусьцілі 15 ініцыятыўных групаў, ды толькі 7 зь іх пасьля заканчэньня збору подпісаў прэтэндавалі на рэгістрацыю. Зарэгістравалі пяць кандыдатаў.

Выники паседжаньня. Сьцісла

  • ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай адзінагалосна прагаласавалі за рэгістрацыю кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня.
  • Сябры камісіі адзінагалосна выказаліся за нерэгістрацыю Віктара Бабрыкі і Валера Цапкалы
  • Ярмошына прапанавала адмовіць Бабарыку ў рэгістрацыі ў сувязі зь неадпаведнасьцю дэклярацыі фактычным даходам і ўдзелу замежнай арганізацыі ў ягонай кампаніі.
  • Ярмошына прапанавала не рэгістраваць Цапкалу праз подпісы і недакладныя зьвесткі з дэклярацыі жонкі.
  • Штабы Бабарыкі і Цапкалы будуць аспрэчваць нерэгістрацыю сваіх прэтэндэнтаў кандыдатамі ў судзе.
  • Андрэй Дзьмітрыеў выступіў пасьля рэгістрацыі з жорсткай крытыкай дзейнага рэжыму і асабіста Аляксандра Лукашэнкі.

Што адбывалася на паседжаньні >>

Штабы Бабарыкі і Цапкалы будуць аспрэчваць нерэгістрацыю сваіх прэтэндэнтаў кандыдатамі ў судзе

Юрыст выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Максім Знак заявіў пра намер аспрэчыць рашэньне ЦВК Беларусі аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.

Лукашэнку зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты. Шосты раз

На паседжаньні Цэнтральнай выбарчай камісіі 14 ліпеня дзейнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты. Ён будзе кандыдатам ужо шосты раз — папярэднія пяць разоў ён перамагаў на выбарах.

Сам Лукашэнка не прысутнічаў у ЦВК, за яго пасьведчаньне атрымаў кіраўнік ініцыятыўнай групы Міхаіл Орда. За рэгістрацыю Лукашэнкі кандыдатам прагалсавалі адзінагалосна.

Орда заклікаў апанэнтаў Лукашэнкі «больш размаўляць пра сябе», «ня ўводзіць у зман людзей». Ён заклікаў параўноўваць эканоміку Беларусі з краінамі СНД — і заявіў, што ў СНД Беларусь найлепшая, «не заўважаць яе посьпехаў няправільна». Апанэнтаў Лукашэнкі ён заклікаў правесьці выбары «ціха і спакойна».

За вылучэньне Лукашэнкі, як сьцьвярджалася, сабралі 1,945 млн дакладных подпісаў.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG