Ціханоўскую зарэгістравалі кандыдаткай у прэзыдэнты. Яна пайшла на выбары замест зьняволенага мужа
Ціханоўскую зарэгістравалі нягледзячы на не ўказаны ў дэклярацыі дом у Гомельскай вобласці, куплены праз аўкцыён. Ціханоўская сказала, што калі падавала дэклярацыю, ня ведала, ці завершаная ўгода па набыцьці дома, а зьвязацца з мужам, каб удакладніць гэта, яна не магла. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына падкрэсьліла, што гэта даволі значнае парушэньне, бо Ціханоўская ведала пра гэты дом, але яе ўсё ж зарэгістравалі.
Ціханоўская заяўляла, што ёй пагражалі адабраць дзяцей, калі ня спыніць выбарчую кампанію. Але яна вырашыла працягваць.
«Парушана прэзумпцыя невінаватасьці», — юрыст Сапелка пра адмову рэгістраваць Бабарыку
З аднаго боку, Цэнтральная выбарчая камісія можа карыстацца любымі зьвесткамі ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў для таго, каб вызначыць, што ёсьць істотныя адхіленьні ад дадзеных, пазначаных у дэклярацыі прэтэндэнта ў кандыдаты. Але абвінавачваць без суду ЦВК ня можа, заявіў Свабодзе юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» і былы адвакат Павал Сапелка.
«Яшчэ пяць гадоў пры Лукашэнку стануць катастрофай», — Андрэй Дзьмітрыеў
Пасьля рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў скарыстаўся правам 5-хвіліннага выступу.
«Я іду на выбары, бо Беларусі патрэбен новы прэзыдэнт, — заявіў адзін з кіраўнікоў грамадзкага руху «Гавары праўду». — Але ад сёньня гэта ўжо кампанія не Андрэя Дзьмітрыева, а кампанія салідарнасьці за перамены. Беларусы хочуць сапраўдных выбараў».
Ён выказаў перакананьне, што з пасьведчаньнямі аб рэгістрацыі кандыдатамі разам зь ім павінны былі стаяць побач Віктар Бабарыка, Валер Цапкала, Сяргей Ціханоўскі. Замест гэтага іх трымаюць у турмах і перасьледуюць. Таксама ён заклікаў улады адпусьціць палітзьняволеных і асабіста зьвярнуўся да Лідзіі Ярмошынай, каб тая забрала заяву на Сяргея Ціханоўскага.
Цапкалу адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты, бо бракуе прызнаных подпісаў і жонка не задэкляравала акцыі
Былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў Валер Цапкала сьцьвярджаў, што за яго вылучэньне сабралі каля 200 тысяч подпісаў, пасьля праверкі ў выбаркамы здалі 160 тысяч. Аднак Цэнтарвыбаркам прызнаў толькі 75 тысяч, што недастаткова для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. Вераніка Цапкала не адлюстравала ў дэклярацыі акцыі «Приорбанка», што зьяўляецца сур’ёзнай хібай.
За адмову ў рэгістрацыі Цапкалы ЦВК прагаласавала адзінагалосна.
Бабарыку не зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты. Ён і ягоны сын — палітвязьні
Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка цяпер не прызнаны вінаватым і не адбывае пакараньня, ён сабраў дастаткова подпісаў за вылучэньне, але падаў некарэктную падатковую дэклярацыю, заявілі ў ЦВК. За тое, каб адмовіць Бабарыку ў рэгістрацыі, прагаласавалі аднагалосна.
ЦВК сёньня рэгіструе кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі. Абнаўляецца
Раней ЦВК прызнала, што больш за 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата, сабралі ініцыятыўныя групы:
- Аляксандра Лукашэнкі, дзейнага кіраўніка дзяржавы;
- Віктара Бабарыкі, былога кіраўніка «Белгазпрамбанку»;
- Андрэя Дзьмітрыева, старшыні кампаніі «Гавары праўду»;
- Ганны Канапацкай, былой дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў;
- Сьвятланы Ціханоўскай, жонкі зьняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага;
- Сяргея Чэрачня, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).
Таксама здала больш за 100 тысяч подпісаў ініцыятыўная група былога кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў Валера Цапкалы, ды ЦВК адхіліла больш за палову падпісных лістоў — засталося менш за 100 тысяч подпісаў. Штаб Цапкалы лічыць адхіленьне падпісных лістоў беспадстаўным.
Не здавалі подпісаў ініцыятыўныя групы Алега Гайдукевіча, Юрыя Ганцэвіча, Юрася Губарэвіча, Вольгі Кавальковай, Мікалая Казлова, Натальлі Кісель, Уладзімера Няпомняшчых, Алеся Таболіча.
У зьняволеньні цяпер знаходзяцца прызнаныя палітвязьнямі Віктар Бабарыка, ягоны сын і кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка, чальцы ініцыятыўнай групы Бабарыкі Ўладзімер Дудараў, Алена Карагачава, Дзьмітры Карака і Сьвятлана Купрэева; чальцы ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Аляксандар Кабанаў, Зьміцер Фурманаў, Арцём Сакаў і Андрэй Новікаў.
Акрамя таго, палітвязьнямі прызнаныя зьняволеныя блогер Сяргей Ціханоўскі і палітык Мікалай Статкевіч (якім адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў), а таксама Павал Севярынец (зьбіраўся ў кандыдаты праз праймэрыз апазыцыі, зьняў кандыдатуру і заклікаў да байкоту) і іншыя.
Стрым Свабоды з-пад ЦВК: рэакцыі кандыдатаў і некандыдатаў. УЖЫВУЮ
Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі з 11 гадзін 14 ліпеня праводзіць паседжаньне, на якім разглядае рэгістрацыю кандыдатаў у прэзыдэнты. Да збору подпісаў дапусьцілі 15 ініцыятыўных групаў, але толькі 7 зь іх прэтэндуюць на рэгістрацыю.
Рэкорд Бабарыкі, подпісы Канапацкай і дом Цапкалы: Чым запомніліся прэтэндэнты ў прэзыдэнты
14 ліпеня ЦВК агучыць сьпіс зарэгістраваных кандыдатаў у прэзыдэнты. Свабода прыгадала, чым запомніліся ўсе ўдзельнікі прэзыдэнцкай гонкі.
Чорная каса і махінацыі з аблігацыямі. На АНТ агучылі новыя абвінавачаньні супраць былога кіраўніцтва «Белгазпрамбанку»
У вечаровым выпуску навінаў тэлеканалу АНТ 13 чэрвеня расказалі пра «новыя акалічнасьці» справы «Белгазпрамбанку». Паводле тэлеканалу, сьледзтва вызначыла, што ў цэнтральным офісе банку доўгі час працавала «чорная каса», празь якую кіраўніцтва праводзіла закрытыя апэрацыі для легалізацыі незаконных даходаў. Паводле АНТ, у адной з касаў «Белгазпрамбанку» валюту мянялі паводле заніжанага курсу для кіраўніцтва банку і vip-кліентаў.
Сяргей Ціханоўскі трэці раз у карцары, — жонка
Блогера Сяргея Ціханоўскага зноў зьмясьцілі ў карцар СІЗА №1. Гэтым разам за тое, што не пагаліўся.
Пра гэта расказала Tut.by жонка зьняволенага блогера Сьвятлана Ціханоўская.
У карцар Ціханоўскага зьмясьцілі ў пятніцу 10 ліпеня, то бок на наступны дзень пасьля суду, дзе разглядалася ягоная скарга на зьмяшчэньне ў карцар папярэднія два разы.
У 1994 годзе Лукашэнку зарэгістравалі незаконна
У 1994 Цэнтральная выбарчая камісія паводле закону не павінна была рэгістраваць Аляксандра Лукашэнку кандыдатам у прэзыдэнты. У падпісных лістах за яго вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты былі дзьве недакладнасьці, якія парушалі Закон аб выбарах прэзыдэнта: няправільна былі пазначаныя месца жыхарства (Менск замест Шклова) і месца працы.
31 траўня 1994 году на рэгістрацыю ў ЦВК Лукашэнка прыйшоў бяз пашпарта, заявіў, што яго скралі, і абвінаваціў у гэтым прэм’ер-міністра Кебіча. ЦВК, калі б яна прытрымлівалася літары закону, не павінна была рэгістраваць Лукашэнку, разважае ў блогу журналіст Свабоды, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня (1990-1996) Сяргей Навумчык. Чытайце па спасылцы.
У Горадні зьнік блогер «Лиды для жизни»
У Горадні на выхадзе з суду невядомыя забралі ў таніраваны бус выязнога блогера «Лиды для жизни» Дзяніса Рудзевіча, напісалі ў Telegram-канале «Лида — город для жизни». Рудзевіч прыехаў у Горадню, каб падтрымаць іншых затрыманых на судах. Пасьля чаго сам мусіў наведаць аддзяленьне міліцыі, дзе яму ўручылі пастанову ў ягонай справе.
19 чэрвеня Дзяніса Рудзевіча затрымалі на «ланцугу салідарнасьці» ў Горадні, калі ён вёў стрым.
Пры пагрозе нацыянальнай бясьпецы МУС можа блякаваць інтэрнэт
Перадвыбарчая кампанія сёлета праходзіць ва ўмовах нябачанага інфармацыйнага ціску, маніпуляваньня грамадзкай думкай, дыскрэдытацыі органаў улады і кіраваньня, — перакананы першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч. Паводле яго тое, што цяпер адбываецца ў краіне, — гэта частка тэхналёгіі, накіраванай на дасягненьне адной простай мэты: расхістаць і дэстабілізаваць сытуацыю.
«Элемэнтам такой тэхналёгіі зьяўляецца нэгатыўнае ўзьдзеяньне ў інфармацыйным полі з мэтай падрыву аўтарытэту ўлады, ачарненьня канкрэтных службовых асобаў, грамадзкіх дзеячоў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, пагроз і абразаў на адрас супрацоўнікаў міліцыі. Далей чытайце па спасылцы.
Канапацкая: «Толькі два сур’ёзныя палітыкі ўдзельнічаюць у сёлетняй кампаніі — я і Лукашэнка»
Удзельніца прэзыдэнцкай кампаніі Ганна Канапацкая заявіла, што ня будзе здымацца з выбараў у выпадку рэгістрацыі. На ейную думку, яна — адзіны апазыцыйны рэальны праціўнік дзейнага кіраўніка дзяржавы, які праэўрапэйска настроены, які «не паддаўся ўплыву расейскіх лялькаводаў».
«Вы ж бачыце, што я выкарыстоўваю ў сваіх агітацыйных матэрыялах беларускую мову, я выступаю за вяртаньне Дня незалежнасьці на 25 сакавіка... Я адзіная, хто выступаў і выступае за дэнансацыю дамовы паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, якая парушае ня толькі Канстытуцыю Беларусі, але і Расейскай Фэдэрацыі», — сказала Канапацкая. Цалкам чытайце па спасылцы.
Мадэратара сацсетак «Страна для жизни» прызналі палітвязьнем. Усяго іх ужо 25
Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітычным зьняволеным грамадзяніна Расеі, адміністратара сацыяльных сетак кампаніі «Страна для жизни» Дзьмітрыя Папова, піша «Вясна».
Папову 10 ліпеня выставілі абвінавачаньне ў «арганізацыі ці актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч.1 арт.342 КК РБ). Ён ужо 19-ы затрыманы ў межах «справы Ціханоўскага». Прызнаючы Папова палітвязьнем, праваабаронцы кіраваліся тымі ж крытэрамі, што і адносна іншых фігурантаў справы. Цалкам чытайце тут.
Партыя БНФ заклікала патэнцыйных кандыдатаў адмовіцца ад удзелу ў «каранавыбарах» ва ўмовах рэпрэсіяў
Сойм Партыі БНФ выступіў з заявай, у якой заклікаў патэнцыйных кандыдатаў адмовіцца ад удзелу ў выбарах і далучыцца да кампаніяў назіраньня дзеля фіксацыі парушэньняў падчас «несумленных і несапраўдных» выбараў.
«Нягледзячы на пашырэньне інфэкцыі COVID-19, улады абвесьцілі правядзеньне чарговых выбараў прэзыдэнта. Безадказная палітыка, заснаваная на адмаўленьні рэальнай пагрозы, прыводзіць да людзкіх стратаў: каля 65 тысяч жыхароў краіны былі інфікаваныя COVID-19, каля паўтысячы пайшлі з жыцьця. Лічбы няспынна павялічваюцца насуперак злачынным спробам паменшыць памер трагедыі шляхам маніпуляцыяў з мэдычнай статыстыкай. Заявы пра „перамогу над вірусам“ ёсьць спробай рэжыму апраўдаць свае злачынствы дзеля захаваньня аўтарытарнай сыстэмы», — гаворыцца ў заяве. Цалкам чытайце па спасылцы.
700 затрыманых, 24 палітвязьні, 63% забракаваных подпісаў. 10 гучных лічбаў сёлетняй выбарчай кампаніі
14 ліпеня Цэнтравыбаркам мусіць абвесьціць сьпіс кандыдатаў у прэзыдэнты. Свабода прыгадала, чым ужо пасьпела запомніцца гэтая кампанія.
- 1 — столькі прэтэндэнтаў у прэзыдэнты апынуліся за кратамі яшчэ да рэгістрацыі
- 700 — столькі чалавек затрымлівалі ад пачатку выбарчай кампаніі
- 24 — столькі палітвязьняў у Беларусі
- 63% — столькі подпісаў, пададзеных за вылучэньне Валера Цапкалы забракавалі ў выбарчых камісіях
- 0,04% — столькі вылучэнцаў з ініцыятывы «Честные люди» змаглі трапіць у склад выбарчых камісій
- 19 — столькі чалавек за кратамі ў справе «Аб масавых беспарадках»
- 90 — столькі дзён арышту прысудзілі палітыку Паўлу Севярынцу
- 112 тысяч — столькі даляраў беларусы сабралі на падтрымку затрыманым
- 6 — столькі пляцовак для перадвыбарчай агітацыі вызначылі ўлады Менску
«Нічога я не падпісвала». Як фармаваліся выбарчыя камісіі ў Фрунзэнскім раёне Менску
Грамадзяне, да якіх датэлефанаваўся карэспандэнт Свабоды, сказалі, што ня памятаюць, ці падпісваліся яны за вылучэньне прадстаўнікоў у выбарчую камісію.
— Нічога я не падпісвала, нават ня ведаю, што гэта такое. — Але ваш подпіс стаіць за Жылінскую і за Дудко. — Ды вы што, ня можа быць такога, я такой нават ня ведаю: ні Жылінскай, ні Дудко. А хто гэта такія?У Горадні судзяць за «ланцуг салідарнасьці». Канапацкая прыехала падтрымаць свайго паплечніка. ФОТА
У горадзенскім судзе Ленінскага раёну 13 ліпеня пачаўся суд над актывістамі Ежы Грыгенчам і Юліяй Карначавай.
Ежы Грыгенча – сябар ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на пост прэзыдэнта Ганны Канапацкай у Горадні. Яго вінавацяць у незаконным удзеле ў «ланцугу салідарнасьці», справу разглядае судзьдзя Ларыса Барэль.Сама патэнцыйная кандыдатка Ганна Канапацкая прыехала на судовае паседжаньне Грыгенчы. Далей чытайце па спасылцы.
Звыш 700 затрыманых ад пачатку выбарчай кампаніі, — праваабаронцы
У рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якую ажыцьцяўляюць Беларускі Хэльсынскі камітэт і цэнтар «Вясна», падсумаваныя асноўныя падзеі папярэдняга тыдня.
Паводле назіральнікаў, створаныя ўмовы кампаніі не адпавядаюць міжнародным стандартам правядзеньня справядлівых дэмакратычных выбараў, заснаваных на прынцыпах роўнай канкурэнтнай палітычнай барацьбы.
У прыватнасьці, адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты, Аляксандар Лукашэнка, фактычна распачаў актыўную агітацыйную кампанію з выкарыстаньнем дзяржаўных СМІ, а таксама рэсурсу выканаўчай «вэртыкалі».