Тры бязьлюдныя пляцоўкі для агітацыі ў паўмільённым Гомлі. ФОТА
Гомельскія ўлады вызначылі для агітацыі тры пляцоўкі. Усе яны далёка ад цэнтру гораду. Дабірацца нязручна, людзі ходзяць там рэдка. У асноўным на пляцоўках можна сустрэць сабачнікаў.
Фота месцаў, дзе можна агітаваць у Гомлі, глядзіце па спасылцы.
Чэрачань запусьціў інтэрнэт-апытаньне, каб вырашыць, ці здымацца з выбараў
Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Сяргей Чэрачань запусьціў на сваім сайце апытаньне, ці трэба яму здымацца з выбараў.
«Гэтая электаральная кампанія увойдзе ў падручнікі гісторыі як самае жорсткае супрацьстаяньне паміж людзьмі і дзейнай уладай. Для мяне і маёй каманды прасьцей за ўсё цяпер падняць белы сьцяг і прызнаць, што ціск, які чыніцца, нас зламаў»,— напісаў палітык, адзначыўшы, што сам ён не апускае рук перад цяжкасьцямі і не адступае нават у момант, калі апанэнт дужы і хітры. Цалкам чытайце па спасылцы.
Адвакаты Віктара Бабарыкі хадайнічаюць аб пераводзе яго пад хатні арышт
Абаронцы патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі падалі 8 ліпеня хадайніцтва аб пераводзе яго зь СІЗА КДБ пад хатні арышт, паведаміў на Facebook адвакат Дзьмітры Лаеўскі.
Віктар Бабарыка, як і ягоны сын, кіраўнік выбарчага штабу Эдуард Бабарыка, знаходзяцца ў няволі 21 дзень. Адвакаты просяць перавесьці Бабарыку пад хатні арышт з правам кантактаваць з выбарчым штабам і прэсай, каб «выключыць перашкоды ў рэалізацыі выбарчага права». Цалкам чытайце тут.
Роварны флэшмоб: некалькі дзясяткаў чалавек праехалі калёнай па цэнтры Менску
Увечары 8 ліпеня менскія раварысты зрабілі чарговы флэшмоб — пад патрыятычную музыку праехаліся цугам у цэнтры гораду. Пра затрыманьні не паведамлялася.
«У кожнага ёсьць свой пункт кіпеньня». Дзяніс Дудзінскі расказаў, чаму рызыкнуў кар’ерай у дзяржструктурах і ўступіўся за краму Symbal.by
Папулярныя вядоўцы Дзяніс Дудзінскі і Кацярына Раецкая сёлета ня будуць весьці «Славянскі базар». Прычынай, як лічыць Дзяніс, стаў пост у сацсетках пра затрыманьні людзей у чарзе да крамы Symbal.by.
Адвакат Ціханоўскага: Сукамэрнікі адмаўляюцца сядзець зь ім — у СІЗА прайшла ілжывая інфармацыя пра ягоны статус
Адвакату Сяргея Ціханоўскага Віктару Мацкевічу стала вядома, што пасьля выхаду Ціханоўскага з карцэру іншыя вязьні, зь якімі ён сядзеў дагэтуль, адмовіліся быць зь ім у адной камэры, бо ў СІЗА прайшла ілжывая інфармацыя пра яго нібыта «нізкі сацыяльны статус».
Сяргей Чэрачань адказаў на пытаньні Свабоды. ВІДЭА
У жывым эфіры прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Сяргей Чэрачань адказаў на пытаньні журналістаў і гледачоў Радыё Свабода.
«Пра колькасьць назіральнікаў пакуль казаць рана», — якія партыі і арганізацыі накіроўваюць назіральнікаў у камісіі
ЦВК апублікавала табліцу са зьвесткамі пра назіральнікаў, акрэдытаваных выбарчымі камісіямі. З дакумэнту вынікае, што праўладная КПБ вылучыла 600 назіральнікаў, а БНФ і АГП — толькі па адным. Чаму апазыцыйныя палітычныя партыі не вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у назіральнікі ў выбарчых камісіях? Свабода разьбіралася, чаму так. Чытайце па спасылцы.
Каманда Бабарыкі пачала збор подпісаў пад скаргай на абмежаваньне месцаў агітацыі
Штаб патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі заявіў, што магчымасьці для перадвыбарчай агітацыі ў Беларусі істотна абмежавалі, таму ў Менску пачалі зьбіраць подпісы пад калектыўнай скаргай. Раней рашэньне аб абмежаваньні месцаў для агітацыі абяцаў абскарджваць праз суд іншы патэнцыйны кандыдат — лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.
Калі на ранейшых выбарах агітацыю за кандыдатаў дазвалялі практычна паўсюль і забаранялі толькі каля пэўных месцаў (каля мэтро, чыгуначных станцыяў, дзяржаўных установаў і гэтак далей), то на сёлетніх прэзыдэнцкіх па ўсёй краіне вызначылі толькі 150 дазволеных месцаў.
Мікалаю Статкевічу і блогеру Дзьмітрыю Казлову прад’явілі абвінавачаньне ў крымінальнай справе
Палітыку Мікалаю Статкевічу і відэаблогеру Дзьмітрыю Казлову, вядомаму як «Шэры кот» 8 ліпеня прадʼявілі афіцыйнае абвінавачаньне, паведаміў Свабодзе адвакат Уладзімер Сазанчук. Абодвух абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Ім пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі.
Падставай для абвінавачаньня стаў інцыдэнт на выбарчым пікеце па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ў Горадні 29 траўня, калі затрымалі Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 8 чалавек. Статкевіч ужо раней казаў адвакату, што ў Горадні апошні раз быў летась увосень. Цалкам чытайце па спасылцы.
«Гэта горш, чым фарс». Інфармацыйны цэнтар у Кіеве зрабіў першыя ацэнкі беларускіх выбараў
Ва Ўкраіне пачаў працу створаны на час выбарчай кампаніі ў Беларусі інфармацыйны цэнтар, які ўзначаліў літаратар Аляксандар Ірванец. «Нам важна не дазволіць Расеі скарыстацца момантам выбараў, каб канчаткова анэксаваць Беларусь», — перакананыя ўдзельнікі новай няўрадавай арганізацыі.
Заснавальнікі Беларускага інфармацыйнага цэнтру, створанага ва Ўкраіне на час правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, заклікалі ўкраінцаў прадэманстраваць сваю салідарнасьць зь беларусамі, якія ў цяперашняй выбарчай кампаніі адстойваюць сваё права выбіраць уладу. Далей чытайце па спасылцы.
Праваабаронцы накіравалі ў ЦВК прапановы, як забясьпечыць празрыстасьць выбараў
Прапановы аб празрыстасьці выбарчага працэсу былі накіраваныя ў Цэнтарвыбаркам ад імя Беларускага Хэльсынскага камітэту. Сыходзячы з досьведу нацыянальнага і міжнароднага назіраньня, абапіраючыся на ацэнкі выніковай справаздачы місіі БДІПЧ АБСЭ прадстаўнікі кампаніі вылучылі чатыры асноўныя прапановы, якія б маглі істотна падвысіць празрыстасьць выбарчага працэсу ў Беларусі. Тэзісна:
- Адкрыты падлік галасоў з дэманстрацыяй бюлетэняў назіральнікам
- Копію пратаколу аб выніках галасаваньня варта завяраць
- Разьбіўка вынікаў галасаваньня па выбарчых участках
- Зрабіць адкрытымі ўсе не апублікаваныя пастановы ЦВК
«Бабарыка мне спадабаўся, для Канапацкай няма прыстойнага слова», — Шушкевіч пра падтрымку Сяргея Чэрачня і хаду выбарчай кампаніі
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч у 2018 годзе перадаў лідэрства ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамадзе Сяргею Чэрачню. 35-гадовы Чэрачань цяпер удзельнічае ў прэзыдэнцкай гонцы. Спыталі ў Шушкевіча, як ён ацэньвае цяперашнюю кампанію і паводзіны маладога лідэра БСДГ.
«У мяне даўняе ўражаньне, што гэта прыстойны, годны чалавек. На яго столькі цяпер бруду сталі выліваць, што я яго яшчэ больш палюбіў, — кажа Станіслаў Шушкевіч пра прэтэндэнта на кандыдацтва ў прэзыдэнты Сяргея Чэрачня. — Думаю, што пра кампанію рана яшчэ казаць. Трэба пачакаць, што будзе з рэгістрацыяй». Цалкам чытайце па спасылцы.
«Чаму Лукашэнка так тупае нагамі? Таму што ў яго забралі кармушку». Вялікае інтэрвію з народным артыстам Беларусі Эдуардам Ханком
«Я не адчуваю розьніцы паміж колішняй савецкай рэспублікай і цяперашнім нібыта сувэрэнітэтам. Ці то вобласьць, ці то губэрня — усё адно прыдатак да Масквы. Лукашэнка гаворыць па-расейску, з раніцы да вечара расейскія тэлеканалы, усё абвешана афішамі расейскіх выканаўцаў. Пра якую Беларусь гаворка?» Кампазытар Эдуард Ханок пра «халяўную псыхалёгію», якая давяла дзяржаву да краху. Чытайце інтэрвію па спасылцы.
«Фальсыфікацыя — цяжкі грэх». Католікі абвясьцілі кампанію за сумленныя выбары
Група беларускіх католікаў распачала кампанію супраць фальсыфікацый на выбарах. Ініцыятары зьвяртаюцца да чальцоў выбаркамаў з заклікам сумленна лічыць галасы і нагадваюць, што ўдзел у фальсыфікацыях ці замоўчваньне іх — «цяжкі грэх». Да кампаніі пакуль далучыліся католікі зь Менску і Гомля.
«Наша задача — заахвоціць католікаў, якія ўваходзяць у склады выбарчых камісій, выконваць заканадаўства Беларусі і прадухіляць любыя парушэньні. З гэтай мэтай мы апублікуем адкрыты ліст, выказваньні сьвятароў і вядомых сьвецкіх вернікаў, інфармацыю пра вучэньне Каталіцкай царквы пра абавязкі ўдзелу вернікаў у грамадзкім і палітычным жыцьці», — патлумачыў адзін з ініцыятараў кампаніі Арцём Ткачук. Цалкам чытайце па спасылцы.
«Я ня ставіў подпісу». Мянчук заявіў у міліцыю, што ягоны подпіс падрабілі пры вылучэньні сябра ўчастковай камісіі
Мянчук Алег Зыль знайшоў «свой» подпіс пад заявай выбарнікаў аб вылучэньні прадстаўніка ў склад выбарчай камісіі. Ён сьцьвярджае, што нічога не падпісваў, і просіць міліцыю праверыць факт падробкі яго подпісу.
Пад заявай падпісаліся яшчэ 4 чалавекі, якія «не пазналі» сваіх подпісаў за вылучэньне ў сябры камісіі начальніцы аддзелу кадраў ААТ «Белмэтал» Тацяны Плашчынскай. Чытайце артыкул цалкам па спасылцы.
«Вы асудзіце чалавека, які месяц сядзіць без вады». Севярынцу далі яшчэ 15 сутак праз скайп
У Савецкім раённым судзе Менску адбыўся чарговы суд над палітвязьнем, сустаршынём БХД Паўлам Севярынцам, які ўжо месяц знаходзіцца пад арыштам у ізалятары на Акрэсьціна. Палітыка ў суд не прывезьлі, судзьдзя Вера Галаўкова дапытала яго праз скайп. Перад судом гэтаксама праз скайп Севярынцу дазволілі пагаварыць з адвакатам.
Севярынца абвінавацілі ў паўторнай арганізацыі і ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях — гэта частка 3 артыкулу 23.34. Паводле пратаколаў, ён заклікаў да правядзеньня несанкцыянаваных пікетаў «кожную суботу» да 9 жніўня. Гэта, паводле матэрыялаў справы, Севярынец казаў 7 чэрвеня на пікеце каля Камароўскага рынку. Чытайце рэпартаж з суду па спасылцы.
Глядзіце, дзе ў Віцебску дазволілі агітаваць за кандыдатаў у прэзыдэнты. ФОТА
Віцебскі гарвыканкам дазволіў весьці перадвыбарчую агітацыю на сьвежым паветры ў трох месцах. Па адным на кожны раён Віцебску. Глядзіце фота месцаў для агітацыі і чытайце артыкул пра іх па спасылцы.
«У іх быў доўгі сьпіс». Да айцішніка прыйшлі сьледчыя, бо напісаў міліцыянту, які затрымліваў Ціханоўскага
«Прызнаю, што выказваўся ў ягоны адрас не зусім карэктна, але без пагроз», — зазначае Дзьмітры. Цяпер ён ведае, што такіх, як ён, абураных гледачоў у інтэрнэце аказалася шмат, допісы некаторых пракуратура палічыла пагрозай супрацоўніку міліцыі і завяла крымінальную справу.
Разгойдваньне сытуацыі ці крамлёўскі кандыдат? Ва Ўкраіне расказалі пра сцэнары ўдзелу Расеі ў беларускіх выбарах
Былы палітвязень Кобец у Кіеве расказаў аб магчымых сцэнарах кампаніі 2020 году: «Беларускі сцэнар — транзыт улады. Усе іншыя — на карысьць Расеі».