«Латвія ня сябар лукашэнкаўскага рэжыму», — экс-прэзыдэнтка Вайра Віке-Фрэйбэрга
У інтэрвію Свабодзе яна расказала, чаму за 8 гадоў ані разу не запрасіла ў Рыгу Аляксандра Лукашэнку; за што ўдзячная эўраінтэграцыі і чаму не перажывае, што яе краіна страціла савецкую прамысловасьць.
Амаль тры месяцы арышту. Падсумоўваем маратон адміністрацыйных судоў па «справе Ціханоўскага»
У Горадні маратонам прайшлі 9 адміністрацыйных судоў над фігурантамі «справы Ціханоўскага», якія ўжо месяц сядзяць у СІЗА. У выніку кожны атрымаў ад 5 да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Агулам 81 суткі арышту на ўсіх.
Цапкала расказаў, чаму не гаворыць па-беларуску
У інтэрвію Свабодзе патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Валер Цапкала расказаў, чаму яму цяжка гаварыць па-беларуску, і паабяцаў заняцца вывучэньнем беларускай мовы.
Цапкала патлумачыў, што яму цяжка размаўляць па-беларуску праз паланізмы ў маўленьні. Палітык сказаў, што ў 1970-я гады, калі жыў у Горадні, стаў вывучаць польскую мову па амэрыканскіх фільмах і мультфільмах. Тады польская мова дамінавала ў яго над беларускай, бо была крыніцай новай інфармацыі. Паводле Цапкалы, паланізмы ў яго маўленьні сустракаюцца часьцей за русізмы.
«У мяне па беларускай літаратуры было 5, я вельмі люблю беларускую паэзію. Ведаю на пам
яць творы Багдановіча, вельмі ён мне падабаўся», — сказаў Цапкала.
Валер Цапкала адказвае на пытаньні Свабоды. УЖЫВУЮ
У жывым эфіры прэтэндэнт на прэзыдэнта Валер Цапкала адказвае на пытаньні журналістаў і гледачоў Радыё Свабода. Задавайце свае пытаньні ў чаце трансьляцыі.
Каму патрэбныя эмігранцкія мітынгі? Таболіч супраць Шчура
Чым тлумачацца сёлетнія акцыі салідарнасьці дыяспары — беспрэцэдэнтныя паводле масавасьці і геаграфічнага ахопу? Ці прыедуць эмігранты ў Беларусь, каб дэманстраваць сваю салідарнасьць на бацькаўшчыне? Чаму акцыі салідарнасьці дыяспары праходзяць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, а сымбалі галоўных цяперашніх канкурэнтаў Лукашэнкі — сэрцайка Бабарыкі і тапак Ціханоўскага?
Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць музыка і бізнэсовец Алесь Таболіч, пісьменьнік Макс Шчур і аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст. Чытайце па спасылцы.
Не даюць спаць, матрацы з вошамі, 7 сутак у карцары. Актывіст расказвае пра ўмовы на Акрэсьціна
Актывіст АГП Мікалай Маслоўскі днямі выйшаў на волю пасьля 15 сутак адміністрацыйнага арышту за тое, што вёў стрым са збору подпісаў каля Камароўскага рынку.
Калі Маслоўскі трапіў на Акрэсьціна, там ужо больш як два тыдні адбывалі арышт Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец ды іншыя апазыцыйныя актывісты і сябры ініцыятыўных груп. Людзі, якія зь імі сядзелі, па выхадзе на волю расказвалі, што ў камэрах вошы, матрацаў не выдаюць, ва ўзаемаадносінах паміж «палітычнымі» і звычайнымі арыштантамі штучныя праблемы. Ці зьмянілася што цяпер? Чытайце па спасылцы.
МУС Беларусі адказала на звароты з нагоды масавых затрыманьняў на выбарчых пікетах
У адказе МУС гаворыцца, што ў адпаведнасьці з Выбарчым кодэксам ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатаў могуць без атрыманьня дазволаў праводзіць масавыя мерапрыемствы толькі ў форме пікетаў у месцах, не забароненых мясцовымі ўладамі. Ва ўсіх іншых выпадках мерапрыемствы трапляюць пад дзеяньне закона «Аб масавых мерапрыемствах».
Удзельнікі такіх мерапрыемстваў абавязаныя «няўхільна выконваць парадак іх арганізацыі і правядзеньня, устаноўленыя забароны і абмежаваньні». Тых, хто парушае гэты парадак, прыцягваюць да адказнасьці, прадугледжанай заканадаўствам. Цалкам чытайце па спасылцы.
Ярмошыну прызналі пацярпелай у рамках крымінальнай справы Ціханоўскага
Старшыню Цэнтравыбаркаму Лідзію Ярмошыну прызналі пацярпелай у рамках крымінальнай справы блогера Сяргея Ціханоўскага, мужа прэтэндэнткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай.
«Мяне выклікалі ў Сьледчы камітэт для дачы паказаньняў. Гэта было неўзабаве пасьля напісаньня заявы, тыдні два таму. Прызналі пацярпелай. Я казала тое ж самае, што ўжо ўсе чулі: спадар Ціханоўскі пагражаў прыйсьці да мяне дадому без маёй згоды, што зьяўляецца ціскам і пагрозай маёй бясьпецы», — сказала Лідзія Ярмошына. Цалкам чытайце тут.
«Евалюцыя» ў Амстэрдаме: беларусы правялі акцыю з карцінамі Шагала і Суціна. ФОТА
5 ліпеня ў цэнтры сталіцы Нідэрляндаў, каля музэю Ван Гога беларусы Амстэрдаму правялі ўжо чацьвёрты «ланцуг салідарнасьці» зь Беларусьсю. Гэтым разам у цэнтры ўвагі былі карціна «Ева» Хаіма Суціна і творчасьць Марка Шагала — абодва мастакі габрэйскага паходжаньня нарадзіліся і расьлі ў Беларусі.
«Нягледзячы на мастацкую форму, мы распаўсюджваем інфармацыю пра палітвязьняў і нечалавечыя ўмовы, у якіх іх утрымліваюць, пра тое, за што ў Беларусі можна трапіць у аўтазак, пра формы пратэсту і салідарнасьць», — кажа Свабодзе ўдзельніца амстэрдамскіх акцыяў Дар’я Слабчанка. Чытайце цалкам па пасылцы.
Litesound пазбавілі канцэртаў за крытыку ўладаў. Гурт адказаў гімнам «Мы героі»
«Гэтым летам, калі не засталося абыякавых да таго, што адбываецца навокал, песьня „Мы героі“ прысьвячаецца людзям, якія не здаюцца», — адзначаюць фронтмэны рок-гурту Litesound браты Каракіны. Папулярны калектыў пераклаў на беларускую мову і выклаў у шырокі доступ свой гіт We Are the Heroes, зь якім прадстаўляў Беларусь на конкурсе Eurovision-2012.
«Ды нас нас ужо адусюль паздымалі. Было запрашэньне на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня, аргумэнтавалі, што Міністэрства культуры нашага ўдзелу не пацьвердзіла. Плянавалі выступ на сярэдзіну месяца — мяркуючы па ўсім, таксама адмяняецца. І гэта пачалося літаральна пасьля першых выказваньняў у сацсетках», — распавядаюць музыкі. Чытайце вялікае інтэрвію па спасылцы.
«Пратэставых настрояў не назіралася». Кіраўскі райвыканкам памылкова адправіў справаздачу пра выбары грамадзкім актывістам
Кіраўскі райвыканкам хацеў выслаць справаздачу «Пра дзейнасьць ініцыятыўнай групы» ў галоўнае ідэалягічнае ўпраўленьне Магілёўскага аблвыканкаму. Ліст памылкова адправілі на электронны адрас прадстаўніцы ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Аліны Нагорнай. Яна вядзе шмат перапісак зь дзяржаўнымі ўстановамі, таму ейны адрас ёсьць у выканкамах. Што райвыканкам напісаў у справаздачы, чытайце па спасылцы.
Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ дваіх з каманды Бабарыкі. Агулам цяпер 25
Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасьці прызналі палітычнымі зьняволенымі яшчэ дваіх затрыманых з атачэньня экс-банкіра і прэтэндэнта на найвышэйшую пасаду Віктара Бабарыкі — Алену Карагачаву і Дзьмітрыя Карака.
Алену Карагачаву, удзельніцу ініцыятыўнай групы і асабістую памочніцу Віктара Бабарыкі, затрымалі супрацоўнікі ДФР КДК 1 ліпеня. Яе абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і збораў і трымаюць у СІЗА КДБ.
Аднаго з каардынатараў ініцыятыўнай групы Бабарыкі Дзьмітрыя Карака затрымалі 18 чэрвеня разам з Эдуардам Бабарыкам па дарозе ў выбарчую камісію для здачы сабраных подпісаў. Ад таго часу ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ. Цалкам чытайце тут.
ЦВК расказала, колькі подпісаў здалі за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Сьпіс
ЦВК паведаміла, колькі подпісаў здалі і колькі прынялі ў ініцыятыўных групаў для вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты. Некаторыя лічбы разыходзяцца з названымі самімі патэнцыйнымі кандыдатамі.
Паводле лічбаў ЦВК, такую колькасьць подпісаў здалі за патэнцыйных кандыдатаў:
- Аляксандар Лукашэнка — 1 958 800 подпісаў падалі (1 939 572 прынялі, прызнаўшы сапраўднымі);
- Віктар Бабарыка — 367 179 (165 744 прынялі);
- Валер Цапкала — 158 682 (75 249 прынялі);
- Ганна Канапацкая — 151 631 (146 588 прынялі);
- Сяргей Чэрачань — 149 750 (143 109 прынялі);
- Андрэй Дзьмітрыеў — 110 754 (106 841 прынялі);
- Сьвятлана Ціханоўская — 109 479 (104 757 прынялі).
«Айчынную інтэрнэт-пляцоўку сёньня занялі ворагі дзяржаўнасьці», — кіраўнік «Белай Русі» Давыдзька
Старшыня праўладнага аб’яднаньня «Белая Русь» Генадзь Давыдзька падчас сустрэчы з актывам Магілёўскай вобласьці папярэдзіў, што ў выпадку «фальшывага выбару» сапраўдныя патрыёты рызыкуюць страціць краіну. На яго думку, у тым ліку і таму правядзеньне электаральнай кампаніі выклікае столькі эмоцый.
«Мы знаходзімся пад беспрэцэдэнтным мэдыяўплывам з боку нашых ворагаў, — сказаў ён. — Дарэчы, гэтыя людзі ня хочуць прыйсьці да ўлады. Іх задача — пашумець, унесьці раскол, але пры гэтым ні за што ў выніку не адказваць. Айчынную інтэрнэт-пляцоўку сёньня занялі ворагі дзяржаўнасьці, якія апярэдзілі тут патрыятычныя сілы. Але гэтае поле трэба патроху адваёўваць, захопліваць часова страчаныя пазыцыі». Цалкам чытайце па спасылцы.
Дзьмітрыеў будзе праз суд дамагацца ад уладаў больш прыдатных месцаў для перадвыбарнай агітацыі
Праваабаронцы канстатуюць рэзкае скарачэньне месцаў для перадвыбарнай агітацыі ў параўнаньні зь мінулымі кампаніямі, што сур’ёзна абмяжоўвае як правы патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, так і правы выбарнікаў.
Як адзначаюць назіральнікі, рашэньні аб месцах правядзеньня агітацыйных масавых мерапрыемстваў прынятыя выканкамамі насуперак пазыцыі ЦВК, якая рэкамэндавала вызначаць любыя не забароненыя адрасы. Цяперашнія лякацыі альбо не прыдатныя для такіх мэтаў, альбо мала наведваюцца. Некаторыя знаходзяцца ў дрэннай транспартнай даступнасьці, да іх няма як дабрацца, асабліва выбарнікам старэйшага ўзросту.
Падтрымаў крытыку і адзін з прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду Андрэй Дзьмітрыеў. Ён заявіў, што праз суд абскардзіць рашэньне Менгарвыканкаму з патрабаваньнем выконваць Выбарчы кодэкс: права свабоднага і ўсебаковага абмеркаваньня перадвыбарных праграмаў кандыдатаў, іх палітычных, дзелавых і асабістых якасьцяў, правядзеньня агітацыі за ці супраць кандыдата на сходах, мітынгах, у сродках масавай інфармацыі, а таксама падчас сустрэчаў з выбарнікамі.
У цэнтры Парыжу правялі акцыю салідарнасьці зь Беларусьсю
Вечарам 5 чэрвеня ў цэнтры сталіцы Францыі, каля музэю Люўра, прайшла акцыя ў падтрымку вольных выбараў у Беларусі — чарговы «ланцуг салідарнасьці». У сярэдзіне мінулага тыдня падобная акцыя ўжо праходзіла ў Парыжы — пад беларускай амбасадай.
Цапкала: «Калі нам адмовяць у рэгістрацыі, ёсьць іншыя сцэнары»
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала, у якога Цэнтральная выбарчая камісія налічыла менш за неабходныя 100 тысяч подпісаў за вылучэньне, правёў 5 ліпеня канфэрэнцыю зь беларусамі празь відэасувязь.
Расказаў, што:
- Патрабуе пратаколы адбракоўваньня подпісаў.
- Просіць зарэгістраваць і яго, і Бабарыку.
- Калі здымуць, ня будзе за Лукашэнку ці Канапацкую.
У нямецкім Дзюсэльдорфе беларусы зноў выйшлі на ланцуг салідарнасьц. ФОТА
У горадзе Дзюсэльдорф на паўночным захадзе Нямеччыны некалькі дзясяткаў беларусаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі 3 ліпеня другі раз за тыдзень выйшлі на акцыю салідарнасьці. Пратэстуючы супраць рэпрэсій у Беларусі.
У Магілёве вызвалілі актывіста, абвінавачанага ў арганізацыі «ланцуга салідарнасьці»
Аляксандар Сьпірыдонаў, валянтэр ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, адседзеў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. 49-гадовага муляра 22 чэрвеня асудзілі за заклікі гараджан у тэлеграм-канале «Могилёв для жизни» далучацца да ланцуга салідарнасьці і актыўны ўдзел у ім.
Адразу па вызваленьні ў інтэрвію Свабодзе Аляксандар Сьпірыдонаў заявіў: «Адседзеў, што народ у Магілёве ўзьняў». Паводле ягоных словаў, так яму сказалі, калі затрымлівалі. У чаце ж ён паведамляў пра тое, што адбывалася ў цэнтры гораду, дзе магілёўцы ўтварылі «ланцуг салідарнасьці».
У судзе супраць яго сьведчылі двое амапаўцаў, якія яго затрымлівалі, Мікалай Екамюк і Ільля Баранаў. Абодва даводзілі, што іх ўвагу ён прыцягнуў тым, што хадзіў уздоўж ланцуга людзей і здымаў іх на тэлефон.