Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Бабарыка зьдзівіўся, што 200 тысяч подпісаў прызналі несапраўднымі

На сустрэчы зь Віктарам Бабарыкам адвакат Дзьмітры Лаеўскі распавёў яму пра вынікі праверкі камісіямі подпісамі, сабраных за яго. З 365 тысяч подпісаў камісіі прызналі сапраўднымі толькі 165 744 подпісаў. Бабарыка, са словаў адвакату, вельмі зьдзівіўся такому рашэньню, але ўспрымае ўсё па філязофскі. Цалкам чытайце тут.

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю прайшла каля сядзібы Эўрапарлямэнту. ФОТА

Каля 30 чалавек 1 ліпеня правялі акцыю пратэсту каля будынку Эўрапарлямэнту ў Брусэлі. Удзельнікі акцыі патрабавалі вызваленьня палітвязьняў і забесьпячэньня свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Яны трымалі плякаты з надпісамі «Спыніць дыктатара ў Беларусі», «Беларусь для жыцьця, не для турмаў», «Беларусь — расейская турма», «Спыніць тырана». У акцыі прынялі ўдзел і дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту. Глядзіце фота па спасылцы.

Выбары ва ўмовах няспынных рэпрэсій, — праваабаронцы пра вынікі чэрвеня-2020

Выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць на фоне бесьперапынных рэпрэсій і ў атмасфэры запалохваньня, гаворыцца ў штомесячнай справаздачы Праваабарончага цэнтру «Вясна».У дакумэнце адзначаецца, што ў чэрвені назіралася рэзкае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Колькасьць палітвязьняў вырасла да 22, што супастаўна з найбольш цяжкім крызісам з правамі чалавека ў 2010–2011 гадах. Эўразьвяз і ЗША запатрабавалі вызваліць затрыманых і правесьці сумленныя і справядлівыя выбары. Далей чытайце тут.

«Дык чаму манастыр чужы?» Пагаварылі з бабруйчанінам, які сабраў 800 подпісаў за Бабарыку і зьвярнуўся да Ярмошынай

Відэазварот 29-гадовага Андрэя Карэліна да старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай сабраў больш за 100 тысяч праглядаў «Укантакце». Сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі абурыўся стаўленьнем чыноўніцы да ахвочых стаць чальцамі выбарчых камісіяў, якіх яна назвала «супрацьлеглым бокам» ды заявіла, што «в чужой монастырь со своим уставом не ходят». Сам ён таксама спрабаваў трапіць ва ўчастковую камісію, але марна.

У інтэрвію Свабодзе бабруйчанін дзеліцца ўражаньнямі ад удзелу ў выбарчай кампаніі ды разважае пра пасьлявыбарчыя пэрспэктывы. Чытайце па спасылцы.

Спэцдакладчыкі ААН заклікалі беларускія ўлады спыніць гвалт у выбарчай кампаніі

Экспэрты ААН 1 ліпеня запатрабавалі ад беларускіх уладаў устрымацца ад гвалту над мірнымі ўдзельнікамі акцый перад прэзыдэнцкімі выбарамі 9 жніўня. Яны заклікалі афіцыйны Менск адмовіцца ад палітыкі адвольных арыштаў, гвалту і запалохваньня супраць актывістаў грамадзянскай супольнасьці.

Незалежныя экспэрты заявілі, што толькі з 18 чэрвеня пры правядзеньні мірных дэманстрацый па ўсёй краіне было арыштавана як мінімум 200 палітычных актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў, блогераў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці. Далей чытайце па спасылцы.

Ціханоўскі пра інцыдэнт у Горадні: «Невядомыя зладзілі правакацыю на загад дыктатара Лукашэнкі»

Зьняволены ў СІЗА палітвязень Сяргей Ціханоўскі падчас адміністрацыйнага суду над ім, які прайшоў у Горадні, змог публічна выказацца пра матывы сваёй крымінальнай справы, інцыдэнт у Горадні 29 траўня, пасьля якога яго затрымалі, і 900 тысяч даляраў, знойдзеныя сьледчымі на лецішчы ягонай маці пад Гомлем. Чытайце рэпартаж Свабоды з суду па спасылцы.

Telegram-супольнасьць Беларусі заклікала падтрымаць зьняволеных. Заяву падпісалі дзясяткі каналаў

Больш за 70 беларускіх Telegram-каналаў падпісалі супольную заяву аб палітычных рэпрэсіях супраць блогераў у Беларусі. На момант публікацыі заяву праглядзелі больш як 150 тысяч разоў.

Адміністратары каналаў асуджаюць затрыманьні і перасьлед беларускіх блогераў з «надуманых нагодаў», абвінавачваюць беларускія ўлады ў парушэньні Канстытуцыі і стварэньні пагрозы базавым правам грамадзянаў. Цалкам чытайце тут.

Бабарыку не зарэгіструюць за «памылкі» ў дэклярацыі аб даходах і маёмасьці, — прагноз аналітыка

Здаецца, ніколі раней не было такога маштабу маніпуляцый падчас выбарчай кампаніі. Прычым гэтыя маніпуляцыі ладзяцца дэманстратыўна. Кіраўніцтва дзяржавы паказвае грамадзтву, што ніякія законы, правілы, уяўленьні аб прыстойнасьці ўжо ня дзейнічаюць. Выбарчыя камісіі, як і ЦВК, нічога не вырашаюць. Палітычная мэтазгоднасьць замяніла заканадаўства. Там, на самым версе, знаходзяцца ў стане пэўнай разгубленасьці, хапаюцца то за адзін рычаг, то за другі, разважае ў новым блогу аналітык Свабоды Валер Карбалевіч. Чытайце па спасылцы.

Узмацніць, працягнуць, забясьпечыць. Лукашэнка дачасна даў перадвыбарчыя абяцаньні

Аляксандар Лукашэнка падпісаў распараджэньне «Аб дадатковых мерах у вырашэньні актуальных пытаньняў жыцьцядзейнасьці насельніцтва».

Дакумэнт грунтуецца на пытаньнях, якія паступілі падчас збору подпісаў у падтрымку вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты самога Лукашэнкі.

Прадугледжваецца штоквартальная справаздачнасьць аб выкананьні даручэньняў. Кантроль забясьпечаць КДК і прэзыдэнцкая адміністрацыя. Гэтыя абяцаньні носяць перадвыбарчы характар, хоць афіцыйна кандыдатам на прэзыдэнта Лукашэнка яшчэ ня стаў.

Што каму паабяцаў >>

Ярмошына патлумачыла, адкуль у Чэрачня дадатковыя подпісы, і адрэагавала на непрызнаньне подпісаў за Цапкалу

«Гэта яшчэ адзін доказ таго, што некаторыя прэтэндэнты наогул не кантралююць дзейнасьць сваіх ініцыятыўных групаў», — заявіла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына аб сытуацыі з колькасьцю подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Сяргея Чэрачня.

Пасьля заканчэньня збору подпісаў сам Чэрачань паведаміў, што яго ініцыятыўная група сабрала 106,5 тысячы подпісаў. Аднак ЦВК за яго кандыдатуру прызнаў сапраўднымі 143 109 подпісаў.

«Аб’яднаньне магчымае», але яшчэ рана. Цапкала даў прэс-канфэрэнцыю пра непрызнаныя тысячы подпісаў

Валер Цапкала заявіў, што ягоны штаб сабраў 212 тысяч подпісаў, зь іх у тэрытарыяльныя камісіі перадалі каля 160 тысяч. Іх правяралі ў тры этапы: на абласным узроўні, у штабе і ў незалежнай рэвізійнай камісіі. Ён мяркуе, што гэтая працэдура была самай строгай. Цяпер ягоны штаб падрыхтаваў звароты ў выбаркамы пра акты адбракоўкі подпісаў — хоча правесьці апытаньні тых людзей, чые подпісы адбракавалі.

«Давайце спачатку пройдзем працэс юрыдычны, — адказаў ён пра аб’яднаньне зь іншым кандыдатам. — Пасьля, безумоўна, мы будзем з кімсьці з тых людзей, хто застанецца ў сьпісе кандыдатаў у прэзыдэнты, калі гэта не акажамся мы, то так, мы думаем, што такое аб’яднаньне магчымае».

Што яшчэ казаў Цапкала >>

Незалежнасьць — каштоўнасьць для большасьці. Што новага можна даведацца пра беларусаў з нацыянальнага апытаньня

Паводле таго, як удзельнікі апытаньня ацэньваюць сваё асяродзьдзе, дасьледчыкі ўмоўна падзялілі грамадзтва на чатыры кластэры.

  • «Сьвядомыя» (11%) — гэта людзі, у якіх сфармавалася нацыянальная ідэнтычнасьць.
  • «Савецкія» (34%) — групу назвалі так не таму, што яны хочуць вярнуць Савецкі Саюз. Гэта людзі, для якіх важныя каштоўнасьці і ўсё тое добрае, што трансьлявала савецкая дзяржава.
  • «Абыякавыя» (25%) — гэта сэгмэнт, які, кажуць дасьледчыкі, можна назваць нават беларусафобскім, таму што для іх беларускія нацыянальныя каштоўнасьці не характэрны і яны да беларускага могуць ставяцца нават з пагардай. Філіп Біканаў тлумачыць, што гэта, пэўна, адзін з сэгмэнтаў, які дагэтуль лічыць беларускую мову прыкметай нейкай вясковасьці ці «калгаснасьці». Але ў гэтай групе і найбольш касмапалітызму. Для яе важныя крытэры посьпеху, кар’еры і да т.п.
  • «Канформныя» (30%). Дэ-факта гэты сэгмэнт — прадукт цяперашняй беларускай сыстэмы.

Тры галоўныя высновы дасьледаваньня «Каштоўнасьці і нацыянальная ідэнтычнасьць беларусаў»:

  • незалежна ад адрозьненьняў у поглядах, незалежнасьць — істотная каштоўнасьць для большасьці беларусаў;
  • большасьць апытаных лічыць, што ў Беларусі дэмакратычныя правы не забясьпечваюцца;
  • грамадзтва застаецца фрагмэнтаваным, але беларусы гатовыя да салідарнасьці і грамадзкай актыўнасьці. Іх стрымлівае страх і зьняверанасьць.

Чытаць падрабязьней >>

Амапавец на судзе над Ціханоўскім: «Ён найбольш інтэнсіўна стараўся пайсьці з плошчы»

Паводле адміністрацыйнага пратаколу, Ціханоўскі 29 траўня на Савецкай плошчы ў Горадні каля 20.00 пры спробе затрыманьня не падпарадкаваўся супрацоўнікам міліцыі Дзьмітрыю Рахунку і Будніку, упіраўся.

«Мне толькі незразумела, чаму з гэтым пратаколам мяне ніхто ніколі не азнаёміў», — паведаміў Сяргей Ціханоўскі.

Сьведкам выступіў камандзір роты АМАП УУС Горадзенскага аблвыканкаму Дзьмітры Рахунок. Ён гаварыў вельмі ціха. Судзьдзя некалі разоў прасіў гаварыць яго гучней.

Паводле Рахунка, «у той дзень, калі адбыліся ўсе гэтыя падзеі» (даты ён не памятаў) ён вёў ахову грамадзкага парадку на Савецкай плошчы, знаходзіўся ў рэзэрве. Каля 20.00 паступіў сыгнал аб гвалце ў дачыненьні да міліцыянта. На месцы Рахунок убачыў вялікае згуртаваньне людзей, міліцыянта, які ляжаў на зямлі. Людзі пачалі разыходзіцца. Ад месца падзей адыходзіў і Ціханоўскі, да яго накіраваўся Рахунок з паплечнікам Буднікам. Абодва былі ў чорнай форме.

Па словах Рахунка, яны прадставіліся, папрасілі прайсьці, узялі пад рукі без ужываньня гвалту «ў мэтах асабістай бясьпекі», каб Ціханоўскі не махаў рукамі, не зрабіў шкоды міліцыянтам. Па дарозе, па словах Рахунка, Ціханоўскаму патлумачылі прычыну затрыманьня.

Што было далей >>

Расейскі амбасадар заклікаў да празрыстасьці сьледчага працэсу ў справе «Белгазпрамбанку»

Кіраўнікі Нацыянальнага банку Павал Калаўр і Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль паінфармавалі амбасадара Расеі ў Беларусі Дзьмітрыя Мезенцава аб прычынах затрыманьня экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі, які прэтэндуе на пасаду прэзыдэнта краіны і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

«Падчас сустрэчы з кіраўнікамі Нацбанку і КДК я быў паінфармаваны пра тыя прычыны, якія сталі асновай для затрыманьня і арышту гэтага чалавека (Віктара Бабарыкі). Прыняў гэтую інфармацыю да ведама. Суразмоўцы пацьвердзілі, што праца сьледчых органаў у дачыненьні да грамадзянаў Беларусі ва ўзаемадзеяньні з акцыянэрамі будзе весьціся ў строгай адпаведнасьці з законам», — гаворыцца ў камэнтары дыплямата на сайце амбасады Расеі.

У сытуацыі, якая склалася, неабходна як мага хутчэй зацьвердзіць новы склад праўленьня «Белгазпрамбанку» на падставе ўзгадненьня з акцыянэрамі (расейскія кампаніі «Газпром» і «Газпромбанк»).

Праваабаронцы прызналі палітвязьнем блогера Зьмітра Казлова — «Шэрага катá»

Блогера Зьмітра Казлова, супраць якога завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітычным зьняволеным.

Пры прыняцьці рашэньня праваабаронцы кіраваліся раней прынятымі заявамі аб прызнаньні палітзьняволенымі фігурантаў «справы Ціханоўскага».

На падставе гэтага праваабаронцы патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладнага вызваленьня Зьмітра Казлова і спыненьня распачатага супраць яго крымінальнага перасьледу.

Зьміцер Казлоў быў затрыманы 10 чэрвеня разам з актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» Арцёмам Чарняком і Міхаілам Бандарэнкам. На наступны дзень ён быў асуджаны на 20 сутак арышту і, адпаведна, меў выйсьці на волю 30 чэрвеня. Але стала вядома, што блогер пераведзены ў менскі СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

У цэнтры Гомля, дзе зьбіралі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, зьявіліся дзясяткі камэр назіраньня

На мінулым тыдні на слупах пляцоўкі каля цырка і плошчы Паўстаньня ўсталявалі шматлікія камэры назіраньня, да шасьці на кожным.​

Начальнік аддзяленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкаму Віталь Прыстромаў сказаў Свабодзе, што «гэтае пытаньне не да нас, а да тых арганізацый, якія іх ставілі». Якія гэта арганізацыі, ён не паведаміў.

Праваабаронца Стэфановіч назваў арышты ў «справе Ціханоўскага» адвольнымі затрыманьнямі

За апошні месяц за злачынства паводле часткі 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу ў Беларусі затрымалі і зьмясьцілі пад варту 17 чалавек, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Сярод іх — блогеры, актывісты, сябры ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, грамадзяне.

Тыя, каму ўжо прад’явілі абвінавачаньне, праходзяць у так званай «справе Ціханоўскага» пасьля інцыдэнту на выбарчым пікеце 29 траўня ў Горадні.

Намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч заяўляе, што крымінальны перасьлед і зьмяшчэньне пад варту паводле артыкулу 342 стаў новай формай адвольных затрыманьняў. Асноўная мэта — ізаляцыя на пэрыяд выбарчай кампаніі.

«Улады выкарыстоўваюць гэтыя падзеі як нагоду для затрыманьня ўсіх патэнцыйна небясьпечных людзей: блогераў, актывістаў і іншых. Падобна, ня надта клапоцяцца нават пра якасьць крымінальных справаў і ня дужа разлічваюць на іх судовыя пэрспэктывы. Зрэшты, практыка ня новая для Беларусі. Мы назіралі падобнае ў 2006 годзе са штабам кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. Або перад чэмпіянатам сьвету ў хакеі, калі сотні актывістаў былі асуджаныя на працяглыя адміністрацыйныя арышты паводле артыкулу 17.1 КаАП (хуліганства)», — адзначыў Валянцін Стэфановіч.

У Горадні пачаўся суд над Ціханоўскім. Людзей поўная заля. Абнаўляецца

Суд Ленінскага раёну Горадні ў будынку абласнога суду 1 ліпеня пачаў адміністрацыйны працэс над блогерам Сяргеем Ціханоўскім.

Блогера вінавацяць у непадпарадкаваньні міліцыі (артыкул 23.4 КаАП).
На паседжаньне сабралася поўная заля людзей: паплечнікі Ціханоўскага, журналісты, шмат мужчын спартовага выгляду.

Справу разглядае судзьдзя Юры Казакевіч. Ціханоўскага абараняе адвакат Андрэй Шчапяткоў.

«Тут іншага не прывядуць. Тут жа СІЗА», — пажартаваў Ціханоўскі, калі суд пачаў высьвятляць ягоную асобу.

Суд не зьвязаны наўпрост з крымінальнай справай, за якую Ціханоўскага прызналі палітычным зьняволеным. Суду паводле крымінальнай справы яшчэ не было.

Палітвязень Статкевіч упершыню сустрэўся з адвакатам, ён адрынае абвінавачаньні​

Як сьцьвярджаецца, справа Статкевіча і справы затрыманых чальцоў каманды «Страна для жизни» аб’яднаныя ў адну. Статкевічу выставілі падазрэньне ў злачынстве паводле ч.1 арт. 342 КК РБ:

«…групай асобаў з папярэдняй змовы зь Ціханоўскім, Арановічам, Сакавым, Фурманавым, Новікавым і іншымі асобамі, разьмеркаваўшы ролі і ўзгадніўшы дзеяньні, пад фармальнай нагодай збору подпісаў выбарнікаў у падтрымку вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты Ціханоўскай Святланы шляхам пікетаваньня, арганізаваў групавыя дзеяньні, якія адбыліся 29 мая 2020 года на пл. Савецкай у г. Горадні ў выглядзе незаконнага масавага мерапрыемства – мітынгу, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем патрабаваньням прадстаўнікоў улады, якія выявіліся ў наўмысным гвалце і пагрозах ужываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў АУС з мэтай перашкодзіць іх законнай дзейнасьці і прымусе да зьмены характару гэтай дзейнасьці…»

Статкевіч адрынае падазрэньні, заяўляе, што ніякага злачынства не ўчыняў, а ў Горадні апошні раз быў восеньню мінулага году. Ён таксама паведаміў, што падчас арышту ў ЦІП супраць яго чынілі правакацыі, але ня змог расказаць падрабязнасьці. Сустрэча з адкаватам доўжылася 15 хвілін.

Пінігін, Цэсьлер і іншыя дзеячы культуры падпісалі ліст аб «справе Белгазпрамбанку» і арыштаваных карцінах

Старшыня Беларускага саюзу дызайнэраў Зьміцер Сурскі апублікаваў на Facebook адкрыты зварот творчай інтэлегенцыі Беларусі аб лёсе калекцыі «Белгазпрамбанку» і зьняволеньні Віктара і Эдуарда Бабарыкаў.

У канцы мінулага тыдня ліст з заклікам вызваліць Бабарыкаў падпісвалі Беларускі ПЭН-цэнтар, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Таварыства беларускай мовы і згуртаваньні культурнай супольнасьці Беларусі. Цяперашні зварот не зьвязаны з папярэднім наўпрост.

Новы ліст падпісалі мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру Мікалай Пінігін, дызайнэр Уладзімер Цэсьлер, мастацтвазнаўца Тацяна Бембель, мастак Рыгор Сітніца, драматург Аляксей Дудараў і іншыя.

«Мы лічым неабходным зрабіць творы калекцыі „Белгазпрамбанку“ дасяжнымі для гледача; аднавіць працу краўдфандынгавых пляцовак MolaMola і Ulej.by, каб забясьпечыць працяг сацыяльна-значнай культурніцкай і дабрачыннай дзейнасьці, — пішуць у лісьце. — Мы лічым, што заслугі перад грамадзтвам і дзяржавай, станоўчая рэпутацыя Бабарыкаў вартыя таго, каб не абмяжоўваць іх волю».

Чытаць далей >>

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG