Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Супраць прэс-сакратара Сьвятланы Ціханоўскай распачалі крымінальную справу

Берасьцейскі блогер, прэс-сакратар Сьвятланы Ціханоўскай, Аляксандар Кабанаў знаходзіцца ў ІЧУ Менска. Супраць яго распачалі крымінальную справу. Пра гэта паведаміў Telegram-канал праваабарончага цэнтру «Вясна».

Затрымалі адміністратара тэлеграм-каналу «Орша для жизни»

У Воршы затрымалі 28-гадовага мясцовага жыхара Аляксандра Андрэева.

У Горадні затрымалі сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай

26 чэрвеня ў Горадні затрымалі сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Яўгена Амплеева. Пра гэта праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведаміла каардынатарка ініцыятыўнай групы па Гарадзеншчыне Вольга Каракіна.

Яўген Амплееў пасьпеў паведаміць, што ў арыенціроўцы міліцыі пазначана ягонае прозьвішча і нумар ягонага аўтамабіля, які трэба таксама затрымаць. Прычына затрыманьня невядомая. Амплеева павезьлі ў РАУС Ленінскага раёну Горадні. Гэта ня першае затрыманьне сябраў ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні.

У Беларусі ўжо 17 палітвязьняў. Хто яны

Да выбараў засталося 44 дні. Яшчэ два месяцы таму ў Беларусі было 3 чалавекі, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі, цяпер іх 17. Прэтэндэнт у прэзыдэнты, ягоны сын, а таксама сябры; каманда блогера і мужа кандыдаткі ў прэзыдэнты Сяргея Ціханоўскага; блогеры; анархісты і грамадзкі актывіст. Хто гэтыя людзі: чытайце ўсе падрабязнасьці ў матэрыяле Свабоды.

Бяляцкі: У Беларусі сапраўднае паляваньне праваахоўных органаў на блогераў

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі канстатуе, што падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі адбываецца сапраўднае паляваньне праваахоўных органаў на блогераў. Ён адзначае, што тактыку беларускіх уладаў, калі не выдаюць інфармацыю пра адрасы знаходжаньня затрыманых людзей, можна параўнаць зь іх выкраданьнем. Цалкам чытайце па спасылцы.

Прадстаўнікоў апазыцыйных партый ва ўчастковых камісіях у пяць разоў меней, чым на выбарах 2015 году

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» апублікавала аналітычную справаздачу аб назіраньні за фармаваньнем участковых выбарчых камісій (УВК).

24 чэрвеня скончылася фармаваньне ўчастковых выбарчых камісій, якія непасрэдна арганізуюць галасаваньне і падлічваюць галасы. Усяго створана 5723 камісій, у іх склад увайшло 63 347 чалавек. Паводле назіральнікаў, пры фармаваньні камісій быў відавочны дыскрымінацыйны падыход выканкамаў да прадстаўнікоў апазыцыйных партый: з 545 вылучаных у склад УВК увайшлі 6 чалавек (1,1%), у той час як з 3844, вылучаных праўрадавымі партыямі, у склад камісій увайшлі 3717 чалавек (96,7%).

У камісіі ўключаныя амаль усе прадстаўнікі, вылучаныя пяцьцю праўладнымі арганізацыямі: БРСМ, «Белай Русьсю», Саюзам жанчын, Саюзам вэтэранаў, Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі (96,9% ад вылучаных). Цалкам чытайце па спасылцы.

Менчука асудзілі на 15 сутак за «заклікі да мітынгу праз Telegram»

Менчука Ўладзіслава Вавілава 26 чэрвеня асудзілі на 15 сутак арышту за тое, што ён нібыта заклікаў людзей на мітынг 21 чэрвеня праз Telegram. На паседжаньне не змаглі трапіць ні сваякі Вавілава, ні яго адвакат, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».​ Падрабязнасьці чытайце па спасылцы.

«Вашымі рукамі чыняць беззаконьне». Жонка Севярынца зьвярнулася да міліцыі, судоў, турмаў

Жонка сустаршыні Партыі БХД Паўла Севярынца Вольга апублікавала ў Фэйсбуку відэазварот да супрацоўнікаў міліцыі, судоў, ізалятараў і міністэрстваў.

«Я ўсё яшчэ веру, што сярод вас таксама ёсьць сумленныя людзі. Я бачу, як вы апускаеце вочы на незаконных судах, як у вас дрыжаць рукі, калі прыходзіш да вас са скаргай, я бачу на вашых руках заручальныя пярсьцёнкі, значыць, дома вас таксама чакае сям’я, і я ўпэўнена, што для сваіх жонак і дзяцей вы б хацелі быць прыкладам», — кажа Вольга ў звароце, згадваючы мужа Паўла, якога «ўжо 18 сутак ні за што трымаюць у нечалавечых умовах у карцары на Акрэсьціна». Цалкам чытайце тут.

Толькі 0,04% з «Честных людей» уключылі ў склад участковых камісій

У склад участковых выбарчых камісій, створаных на тэрыторыі Беларусі, уключылі толькі 5 чалавек з ініцыятывы «Честные люди». Яшчэ сямёра трапілі ў камісіі, створаныя пры амбасадах за межамі краіны. Усяго на плятформе «Честные люди» адзначыліся 2192 чалавекі, якія напісалі, што падалі заявы на ўключэньне ва ўчастковыя камісіі.

«12 чалавек — гэта мізэрны працэнт з улікам таго, што падаваліся больш за дзьве тысячы чалавек. Мы чакалі, што ўключаць хаця б 150-200. А тут высьветлілася, як у нас баяцца страціць кіраванасьць камісіямі, каб туды ня трапілі незалежныя прадстаўнікі», — кажа адзін зь сяброў ініцыятывы «Честные люди» Аляксей Падрэз. Цалкам чытайце па спасылцы.

Генпракуратура «ўзяла на асаблівы кантроль» скаргі на цкаваньне ў інтэрнэце за палітычныя погляды

Прадстаўнікі Генэральнай пракуратуры Беларусі паведамілі БелТА, што апошнім часам у Міністэрства ўнутраных спраў значна больш паведамляюць пра «некарэктную крытыку» і публічнае цкаваньне, абразы і пагрозы ў інтэрнэце «за выказваньне сваёй пазыцыі ў розных пытаньнях грамадзка-палітычнага жыцьця краіны».

Адзначаецца, што гэта зьвязана з выбарчай кампаніяй, бо ў час выбараў «палеміка і абмен думкамі дасягаюць асаблівага напалу, што ўласьціва любой цывілізаванай дзяржаве». Цалкам чытайце тут.

Пяцёра ўжо за кратамі. Што стала з блогерамі і палітыкамі, якіх Ціханоўскі пахваліў за дзень да арышту

28 траўня Сяргей Ціханоўскі ўдзельнічаў у выбарчым пікеце ў Гомлі. Падчас размоваў зь людзьмі ён расказаў, каго зь беларускіх палітыкаў шануе найбольш. А таксама якіх блогераў лічыць самымі цікавымі. Што зь імі стала? Чытайце ў матэрыяле Свабоды.

Макей заявіў, што беларускі рэжым моцны, а сытуацыя пад кантролем. Што яшчэ сказаў кіраўнік МЗС?

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ўлады не зацікаўленыя ў пагаршэньні адносінаў з Захадам на фоне выбараў прэзыдэнта. Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі пацьвердзіў намер запрасіць міжнародных назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары 9 жніўня. Усе заявы Макея падчас імпрэзаў у гонар 75-годзьдзя Статуту ААН чытайце па спасылцы.

У Тэль-Авіве прайшла акцыя салідарнасьцю з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі. ФОТА

Каля 100 чалавек сабраліся сёньня ў прадмесьці Тэль-Авіву Яфе на акцыю салідарнасьці зь беларускім народам, які, паводле арганізатараў, 26 гадоў пазбаўлены магчымасьці браць удзел у свабодных выбарах.

Пасьля выказваньняў Дзядзі Вані пра выбары адмянілі ягоны гомельскі канцэрт на 3 ліпеня

У Гомлі на афіцыйны Дзень Незалежнасьці (Дзень Рэспублікі) 3 ліпеня быў заплянаваны канцэрт сьпявака і шоўмэна Івана Вабішчэвіча (Дзядзі Вані). Афішы ўжо былі разьмешчаныя ў горадзе, абвестка пра канцэрт была таксама на сайце газэты «Гомельская праўда», цяпер іх прыбралі.

Арганізатарам канцэрту выступала «Правда Радио» — структурнае падразьдзяленьне газэты «Гомельская праўда». «Канцэрт адменены. Адмянілася фінансаваньне», — пракамэнтаваў Іван Вабішчэвіч. Ён адмовіўся наўпрост адказаць, ці зьвязаная адмена канцэрту з выказваньнямі сьпевака пра выбарчую кампанію і заклік да перамен: «Я не ўнікаў у падрабязнасьці. Мы ўсе разумныя людзі». Цалкам чытайце па спасылцы.

На блогера MozgOn завялі крымінальную справу. За што, невядома

Праваабаронцы «Вясны» сьцьвярджаюць, што на Ўладзімера Цыгановіча, які вядзе каналы MozgOn, завялі крымінальную справу. Паводле якога артыкулу, невядома, але высьветлілася, што блогера ўтрымліваюць у СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Дзед блогера Ўладзімер Уладзімеравіч расказаў Свабодзе, што ня можа наведаць унука з прычыны стану свайго здароўя, але ягоная жонка спрабавала — не пусьцілі. Яму вядома, што да блогера ў зьняволеньні змог трапіць адвакат, але кантакту з адвакатам дзед блогера ня мае. Цалкам чытайце па спасылцы.

Праваабаронцы: справа супраць блогера Лосіка палітычна матываваная

Праваабаронцы разглядаюць справы ўсіх затрыманых блогераў як «палітычна матываваныя», гэта тычыцца і Ігара Лосіка, якога вінавацяць паводле крымінальнага артыкулу 342 (арганізацыя масавых беспарадкаў), зазначыў Свабодзе юрыст «Вясны» Валянцін Стэфановіч. Неўзабаве яго могуць прызнаць палітвязьнем.

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу ў яго кватэры ў Баранавічах. На ягоны канал «РБ головного мозга» падпісаны 167 тысяч чалавек. Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі вакол маючых адбыцца выбараў прэзыдэнта Беларусі, у тым ліку апошнія затрыманьні падчас «ланцуга салідарнасьці» ў Менску і іншых гарадах 18 і 19 чэрвеня. Цалкам чытайце па спасылцы.

Радзіхоўскі: Пуціну важна, каб Лукашэнка быў паўзадушаны, паўдохлы, але заставаўся ва ўладзе

Расейскі публіцыст Леанід Радзіхоўскі расказвае, чаму параза Лукашэнкі — гэта катастрофа для Пуціна, заяўляе, што ніякае сілавое ўмяшаньне Расеі ў беларускія справы немагчымае, і кажа беларусам — «За нашу і вашу свабоду».

Сьцісла:

  • Асабістыя адносіны Лукашэнкі і Пуціна — гэта адносіны сапраўдных ворагаў, гэта ніякая не таямніца.
  • Калі Беларусь падасьць расейцам сыгнал: «Мы здолелі зрынуць свайго вечнага прэзыдэнта» — для Пуціна гэта канец.
  • Калі Лукашэнка застаецца прэзыдэнтам, ні на якія прэфэрэнцыі ад Масквы ён можа не разьлічваць.
  • Пуціну важна, каб Лукашэнка быў паўзадушаны, паўдохлы, але заставаўся ва ўладзе.
  • Я думаю, нейкія намёкі, нейкая падтрымка Бабарыку была паабяцаная ў Маскве.
  • Ніхто ў Расеі не зразумее і не падтрымае сілавога ўмяшаньня ў Беларусь.

Чытаць далей >>

У Менску прайшоў «роварны прабег салідарнасьці» з уцёкамі ад міліцыі. ФОТА

Карыстальнікі сацсетак расказваюць пра «роварны прабег салідарнасьці» з ахвярамі рэпрэсій, які адбыўся ў Менску ўвечары 25 чэрвеня.

Некалькі дзясяткаў удзельнікаў на роварах і самакатах сабраліся недалёка каля стэлы «Менск — горад-герой» і праехаліся праспэктам Пераможцаў, пасьля гэтага «рассыпаўшыся» ў паркавых зонах.

«Супрацоўнікі ДАІ рабілі папярэджаньні ў мэгафоны, нават скарачалі час работы зялёных сьвятлафораў, каб падзяліць групу і справакаваць парушэньне правілаў дарожнага руху, — расказаў адзін з раварыстаў. — Аднак усе былі законапаслухмяныя і нічога не парушалі. Хіба толькі сыгналілі, ды аўтамабілі сыгналілі ў адказ».

У Барсэлёне і Лёндане прайшлі акцыі салідарнасьці зь беларусамі

У Барсэлёне і Лёндане 25 чэрвеня прайшлі акцыі салідарнасьці. Людзі выйшлі да беларускіх дыпляматычных устаноў, каб выказаць пратэст супраць таго, што адбываецца на радзіме.

«Віктар Дзьмітрыевіч ніколі б ня зьехаў, Эдзік таксама». Шчыры аповед сяброўкі Эдуарда Бабарыкі. ФОТА

Аляксандра працуе на краўдфандынгавай плятформе Ulej.by, разам з Эдуардам яны ўжо сем гадоў. Яна чакае выкліку ў «органы» і дзякуе людзям за салідарнасьць.

Сьцісла

  • 18 чэрвеня мой любімы чалавек зьнік. Затрыманьне Віктара Бабарыкі было больш падобнае на выкраданьне. Пра тое, як затрымлівалі Эдзіка, мне дагэтуль невядома.
  • Зараз рэч не ў палітыцы, рэч у справядлівасьці.
  • Каб зразумець, які ён чалавек, трэба ўбачыць, як любяць яго дзеці і якой шчасьлівай і каханай была ягоная жонка.
  • Памятаю, як да нас уляцела Марына Юрʼеўна з словамі «Вы, фанаты Толкіна! Што казаў Гэндальф? Калі не можаце вяртаць жыцьцё, тады не сьпяшайцеся адымаць яго».
  • Калі Віктар Дзьмітрыевіч напісаў пра намер балятавацца, да яго ляцелі паведамленьні «выяжджай з краіны» і «вывозь сына». Зараз такія ж паведамленьні атрымліваю я.

Чытаць цалкам >>

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG