Культурніцкая супольнасьць Беларусі запатрабавала вызваліць бацьку і сына Бабарыкаў
Тэкст апублікаваны на сайце Беларускага ПЭН-цэнтру.
«Падчас правядзеньня перадвыбарчай кампаніі затрыманыя мэцэнат, грамадзкі дзеяч, экс-старшыня „Белгазпрамбанку“ Віктар Бабарыка і ягоны сын, кіраўнік плятформаў Ulej і MolaMola Эдуард Бабарыка. Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала іх палітвязьнямі, — адзначана ў заяве. — Таксама зьнятыя з паказу і далучаныя да крымінальнай справы творы з карпаратыўнай калекцыі банку, паралізавана дзейнасьць краўдфандынгавых пляцовак».
Прадстаўнікі супольнасьці зьвярнулі ўвагу, што, дзякуючы ініцыятыве Бабарыкі і падтрымцы банку, за апошняе дзесяцігодзьдзе рэалізаваны шэраг важных культурных праектаў, сярод якіх міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТэАрт», выстава «Дзесяць стагодзьдзяў мастацтва Беларусі», «Восеньскі салён зь „Белгазпрамбанкам“», праект фінансаваньня 15 тысяч асобнікаў пяцітомніка «Галасы Ўтопіі» Сьвятланы Алексіевіч у перакладзе на беларускую мову. Віктар Бабарыка ўганараваны званьнем «Мэцэнат культуры Беларусі» па выніках 2014 году.
Вольскі: «Мы атрымалі за 26 гадоў кожны па аўтазаку!»
Паводле музыкі Лявона Вольскага, ад рэжыму Лукашэнкі кожны беларус атрымаў толькі адно — свой уласны аўтазак. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.
«Намёк ласкавы, негвалтоўны», — міністар унутраных справаў пра затрыманьні на «ланцугах салідарнасьці»
Міністар унутраных справаў Беларусі Юры Караеў 25 чэрвеня выступіў у Акадэміі МУС і расказаў пра затрыманьні на акцыях у Менску.
Што казаў Караеў:
- «Падзеі ў Менску часам накіраваныя на разгойдваньне сытуацыі, і пад выглядам нібыта мірных пратэстаў і такіх выказваньняў нязгоды зь нейкімі дзеяньнямі ўлады тоіцца часам велізарная небясьпека».
- «Калі пікеты ператвараюцца ў несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, яны закранаюць вялікую колькасьць староньніх людзей, якія ня маюць дачыненьня да гэтага і не жадаюць у гэтым удзельнічаць».
- «Сваім месцам правядзеньня ілжэпікетаў, якія ператвараюцца ў гэтыя ланцугі і нейкія іншыя рэчы, гэтыя людзі падстаўляюць тых, хто ня хоча ў гэтым удзельнічаць, пад нядобрыя рэчы».
- «Тыя, хто гэта арганізоўваў, дасягаюць сваёй мэты прыцягнуць на свой бок як быццам закранутых уладай або праваахоўнымі органамі».
- «Я ў гэтай сытуацыі патрабую ад супрацоўнікаў міліцыі, каб мы лепш недаціснулі, чым пераціснулі, каб да нас не траплялі людзі, якія не хацелі ў гэтым удзельнічаць».
- «Таму я кажу супрацоўнікам АМАП, калі яны кагосьці выцясьняюць, то лепш хай яны падставяцца самі, але нікога, ня дай бог, ня б'юць, не ўжываюць фізычнай сілы, тым больш не дастаюць спэцсродкі».
- «Дастаўлялі ў органы ўнутраных справаў для разбору толькі тых, хто спэцыяльна, наўмысна, ігнаруючы шматразовыя патрабаваньні і нават намёк зь фізычным выштурхваньнем, але ласкавым такім, негвалтоўным. Тых, хто ўсё роўна імкнецца працягнуць гэтыя мерапрыемствы, дэстабілізаваць сытуацыю, дарожны рух, рух па ходніках, і ўцягнуць у гэтыя падзеі недатычных людзей».
На «Беларускі партызан» адбылася DDoS-атака, рэдакцыя зьвярнулася ў МУС. «Наша ніва» аднавіла працу
Рэдакцыя сайту «Беларускі партызан» была вымушаная зьвярнуцца ў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі з прычыны DDoS-атакі на сайт у апошнія дні, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Як сказалі ў «Партызане», атака пачалася яшчэ на мінулым тыдні. Спачатку сайт атакавалі з замежных IP-адрасоў, а пазьней — зь беларускіх. Каб спыніць напад, «Беларускі партызан» вымушаны быў зьмяніць IP-адрас, а ўладальніца дамэннага імя Сьвятлана Калінкіна афіцыйна зьвярнулася з заявай у Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі з просьбай спыніць незаконныя дзеяньні супраць рэсурсу.
Паводле інфармацыі Калінкінай, Упраўленьне раскрыцьця злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгій правяло праверку па заяве, але вынік яе пакуль невядомы.
Як катуюць у Беларусі. Тлумачым
26 чэрвеня ў сьвеце адзначаюць Дзень падтрымкі ахвяраў катаваньняў. Мы сабралі для вас асноўную інфармацыю пра зьдзекі і катаваньні ў беларускіх турмах, факту якіх улада Беларусі не прызнае.
«Я выйду іншым чалавекам». Затрыманы па «справе Ціханоўскага» напісаў жонцы, у якой маглі забраць дзіця
Гарадзенка Віталія Навумік атрымала адразу стос лістоў ад мужа з «амэрыканкі», да таго ж — ліст зь дзіцячага садка, зь якога вынікае, што падставаў, каб забіраць дзіця зь сям’і, ня выявілі.
«Не ўяўляю, чаму я тут павінен знаходзіцца»
Уладзімер Навумік пайшоў 29 траўня па торт для дачкі, якая мела выпускны ў дзіцячым садку. Дадому не вярнуўся. Пазьней ягоная жонка Віталія даведалася, што мужа затрымалі на Савецкай плошчы разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім і паплечнікамі. Вядома, што калі затрымлівалі Ціханоўскага, Уладзімер здымаў гэта на тэлефон. Тады яго і затрымалі.
У Бабарыкі мала пітной вады, і ён ня можа купіць новай
У сьледчы ізалятар КДБ 25 чэрвеня нарэшце пусьцілі адвакатаў. Віктара Бабарыку змог наведаць ягоны абаронца Дзьмітры Лаеўскі, піша Тut.by.
Паводле адваката, Віктар Бабарыка пачуваецца нармальна, у яго ёсьць спальнае месца (раней ён спаў на прыстаўным ложку).
Але яму не перадаюць лісты і ў яго мала пітной вады. А вада з-пад крана непрыдатная для пітва, як і ў багата якіх раёнах Менску.
Купіць ваду Бабарыка ня можа, бо яму зь невядомай прычыны не дазваляюць карыстацца пераведзенымі яму грашыма, сказаў адвакат.
Купрэеву пакінулі пад вартай, нягледзячы на паручальніцтва Алексіевіч, Арлова, Законьнікава і Галубовіча
25 чэрвеня Менскі гарадзкі суд разгледзеў пытаньне законнасьці і абгрунтаванасьці ўзяцьця пад варту Святланы Купрэевай, сяброўкі сям’і Віктара Бабарыкі.
«Як і раней, сёньня суд зноў адмовіўся зьмяніць ёй меру стрыманьня. Мы абскарджвалі меру стрыманьня, якую абраў КДБ, у суд Маскоўскага раёну. У панядзелак было паседжаньне, і суд адмовіў.
Гэтая пастанова суду была абскарджаная ў гарадзкі суд, і гарадзкі суд сёньня таксама адмовіў нам. Таму Святлана застаецца ў ізалятары», — сказаў Свабодзе адвакат Яўген Пыльчанка.
Суд адмовіў, нягледзячы на асабістае паручальніцтва Святланы Алексіевіч, Уладзімера Арлова, Сяргея Законьнікава і Леаніда Галубовіча.
Якія масы паўсталі ў Беларусі? Аналіз
Ці праўда, што цяперашні беларускі пратэст — гэта паўстаньне крэатыўнай клясы? Ці паразумеюцца прыхільнікі Бабарыкі і Ціханоўскага? Ці пераможа эстэтыка гораду эстэтыку вёскі?
Над гэтымі тэмамі ў Праскім акцэнце разважаюць блогер Сяргей Лаўрыненка, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Пётра Рудкоўскі і аглядальнікі Свабоды Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст.
Запусьцілі краўдфандынг для падтрымкі сямей затрыманых
Мэдыякансультант Аляксей Лявончык запусьціў у фэйсбуку краўдфандынг для падтрымкі сямей затрыманых па палітычных справах беларусаў.
Усе сабраныя сродкі пойдуць на аплату штрафаў і адвакатаў затрыманых, сказана ў апісаньні краўдфандынгу.
Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская 25 чэрвеня ў відэазвароце заклікала дапамагчы семʼям тых, каго затрымалі з палітычных матываў.
На блогера Ўладзімера Няронскага завялі крымінальную справу
На блогера Ўладзімера Няронскага са Слуцку завялі крымінальную справу за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, і абразу прадстаўніка ўлады, піша Tut.by.
У пастанове, падпісанай кіраўніком сьледчай групы — намесьнікам начальніка галоўнага сьледчага ўпраўленьня цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Аляксандрам Агафонавым, сказана, што Няронскі ў пэрыяд з 5 па 23 лютага разьмясьціў на YouTube відэа, якія ўтрымліваюць абразы ў непрыстойнай форме і прыніжаюць гонар і годнасьць прадстаўніка ўлады — старшыні Слуцкага райвыканкаму Андрэя Янчэўскага ў сувязі з выкананьнем ім службовых паўнамоцтваў.
Што тычыцца абвінавачваньня ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, то сьцьвярджаецца, што Няронскі змовіўся зь Ціханоўскім, Арановічам, Сакавым, Ушаковым, Фурманавым і іншымі неўстаноўленымі асобамі і арганізаваў у горадзе 29 траўня пікет Ціханоўскай. Паводле СК, пікет праходзіў у выглядзе «незаконнага грамадзка-масавага мерапрыемства-мітынгу».
Сачыце за рукамі. Хоць галасаваньне камісіі паказалі ў жывым эфіры, у пратаколе аказаліся іншыя лічбы
Камісія ў адміністрацыі Маскоўскага раёну адмовіла менчуку Віталю Бычыку, які хацеў стаць сябрам участковай выбарчай камісіі на прэзыдэнцкіх выбарах. Аднак у жывым эфіры за яго прагаласавалі тры сябры камісіі і ніводзін — супраць. У пратаколе лічбы аказаліся зусім іншыя.
Кіраўніца Радыё Свабода патрабуе вызваленьня блогера Ігара Лосіка
Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/ Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар выступіла з заявай наконт затрыманьня 25 чэрвеня ў Менску блогера Ігара Лосіка, адміністратара Telegram-каналу «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода.
«Мы асуджаем затрыманьне незалежнага блогера, кансультанта Радыё Свабода і былога стыпэндыята Вацлава Гаўла Ігара Лосіка, а таксама сёньняшні налёт на яго кватэру, учынены ня менш чым дзевяцьцю дзяржаўнымі агентамі. Вядзеньне блога не зьяўляецца злачынствам.
Мы патрабуем, каб ён быў неадкладна вызвалены, каб яму былі неадкладна вернутыя любыя канфіскаваныя матэрыялы і абсталяваньне, а беларускія чыноўнікі каб спынілі перасьлед людзей, якія выконваюць важную працу па інфармаваньні грамадзкасьці пра падзеі, зьвязаныя з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў краіне», — заявіла Дэйзі Сындэлар.
Затрымалі адміністратара «РБ головного мозга» Ігара Лосіка. У яго правялі ператрус
Ігар Лосік быў затрыманы 25 чэрвеня пасьля ператрусу ў яго кватэры.
На канал «РБ головного мозга» падпісана 167 тысяч чалавек. Ён актыўна асьвятляе падзеі вакол маючых адбыцца выбараў прэзыдэнта Беларусі, у тым ліку апошнія затрыманьні падчас «ланцуга салідарнасьці» ў Менску і іншых гарадах 18 і 19 чэрвеня. На гэтых акцыях людзі патрабавалі вызваліць з-пад варты кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда, а таксама відэаблогера Сяргея Ціханоўскага. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», па краіне за чатыры дні было затрымана больш за 360 чалавек.
Кіраўнік гомельскай міліцыі папрасіў прабачэньня ў глуханямых, якіх брутальна затрымаў АМАП
Кіраўнік гомельскай міліцыі на загад міністра Юрыя Караева папрасіў прабачэньня ў гомельскіх глуханямых. Братоў Больбухаў 19 чэрвеня брутальна затрымаў АМАП на «ланцугу салідарнасьці».
«Міліцыянт, які сьведчыў супраць мяне, жыве побач». Што адбываецца ў Ганцавічах пасьля жорсткага разгону першай у гісторыі палітычнай акцыі
Відэа з разгонам ганцавіцкага пратэсту пабачылі па ўсёй Беларусі. Свабода зьезьдзіла ў палескае мястэчка і даведалася на месцы, што там адбываецца пасьля гэтага.
21 чэрвеня на цэнтральную плошчу Ганцавічаў выйшлі каля 40 чалавек. Яны не рабілі ніякіх дзеяньняў і ня мелі сьцягоў ці лёзунгаў, але ў выніку 10 зь іх былі арыштаваныя і асуджаныя. У тым ліку — два журналісты мясцовага незалежнага выданьня «Ганцавіцкі час», якія вялі стрым з акцыі. Удзельнікі, сьведкі і проста жыхары райцэнтру расказваюць, як усё гэта было і што робіцца ў Ганцавічах цяпер.
Штаб Бабарыкі: у дом на Вячы зноў прыехаў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў
У доме патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і яго сына, кіраўніка ягонага выбарчага штабу Эдуарда Бабарыкі днём 25 чэрвеня зноў зьявіліся супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў штабе Бабарыкі.
Паведамленьняў ад ДФР пра новы ператрус або іншыя сьледчыя дзеяньні не было.
«Улады стэрылізавалі ўчастковыя выбаркамы, дапусьціўшы толькі абраных», — кампанія «Права выбару»
Улады стэрылізавалі ўчастковыя выбарчыя камісіі, не дапусьціўшы ў іх склад нікога, хто ня быў спэцыяльна для гэтага адабраны. Такое меркаваньне выказаў нацыянальны каардынатар кампаніі назіраньня «Права выбару» Леў Марголін.
«Амаль ніколі ва ўчастковыя камісіі не ўключаліся ў вялікай колькасьці прадстаўнікі апазыцыйных партый і грамадзяне, якія самастойна зьбіралі подпісы і спрабавалі туды трапіць, — сказаў Леў Марголін. — Але тое, што адбылося цяпер, можна ахарактарызаваць фразай: „Чужыя тут ня ходзяць“. Калі ў 2018–2019 гадах лічылі, колькі прадстаўнікоў апазыцыйных партый трапіла ў камісіі ў агульным вылічэньні і працэнтных суадносінах, то цяпер няма чаго і лічыць: практычна нікога з прадстаўнікоў кампаніі „Права выбару“ ва ўчастковых камісіях няма». Цалкам чытайце па спасылцы.
У Менску затрымалі паплечніка Статкевіча. Сьведкі кажуць, яго зьбілі
25 чэрвеня ў Менску затрымалі актывіста Сяргея Спарыша. Паводле сьведак, пры затрыманьні яго зьбілі, вывалаклі з кватэры гвалтам, паведаміў Свабодзе актывіст Леанід Кулакоў. Сяргей Спарыш — паплечнік палітыка Мікалая Статкевіча, лідэра «Народнай грамады», які цяпер адбывае адміністрацыйны арышт.
Таксама, паводле зьвестак БХД, яшчэ 30 дзён адміністрацыйнага арышту атрымала актывістка Вольга Мікалайчык і новым арыштам на 15 дзён пакаралі сустаршыню БХД Паўла Севярынца.
Кніга «Паўстаньне масаў» філёзафа Артэгі-і-Гасэта, якую згадаў Бабарыка, зьнікла з кнігарняў
Кніга «Паўстаньне масаў», пра якую казаў прэтэндэнт у кандыдаты Віктар Бабарыка, стала вельмі папулярнай у Беларусі — набыць яе цяпер вельмі складана. Карэспандэнт Свабоды змог зрабіць сёньня замову толькі на сайце biblio.by праз тэлефон. На самім сайце спасылка на кнігу была недасяжная.
«Тое, што скажуць мне зрабіць выбарнікі, я жвавенька гэта зраблю. Калі мае выбарнікі скажуць: ідзем на плошчу, я пайду на плошчу. Калі мае выбарнікі скажуць нешта зрабіць па-іншаму... Мне здаецца, што мы забываемся, што ў ніводнай краіне сьвету, пачытайце кнігу „Паўстаньне масаў“, ніводзін дыктатарскі рэжым ня можа ўтрымацца, калі ў яго няма электаральнай большасьці. Ён можа ўтрымацца кароткі час на крыві, толькі на крыві», — казаў Бабарыка ў інтэрвію Tut.by. Цалкам чытайце па спасылцы.
Караеў: незаконныя вулічныя акцыі добра арганізаваныя, імі кіруюць праз Telegram-каналы і стрым Радыё Свабода
Незаконныя вулічныя акцыі добра арганізаваныя, кіруюцца праз Telegram-каналы, заявіў 25 чэрвеня міністар унутраных спраў Беларусі Юры Караеў, адказваючы ў Палаце прадстаўнікоў на пытаньні дэпутатаў, піша БелТА.
«Людзі, якія хочуць зрабіць вулічную рэвалюцыю, вельмі добра арганізаваныя», — заявіў Караеў і ў якасьці прыкладу прывёў онлайн-трансьляцыю Радыё Свабода зь «Пікету салідарнасьці» 18 чэрвеня ў Менску:
«Яны замянілі сабой стрымы Ціханоўскага. У бягучым радку з камэнтарамі самаарганізоўваліся і арганізоўваліся з кімсьці: «ссоўваемся направа», «ссоўваемся налева», «разрыў ланцужка», — сказаў Караеў. Цалкам чытайце па спасылцы.