Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Некалькі сотняў чалавек прынялі ўдзел у акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі ў Варшаве

21 чэрвеня а 12-й ля амбасады Беларусі ў Варшаве прайшоў пікет салідарнасьці з беларускімі палітвязьнямі. На акцыю сабраліся некалькі соцень чалавек.

Людзі трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі, скандзіравалі «Жыве Беларусь!» і «Выпускай!» — маецца на ўвазе патрабаваньне свабоды для арыштаваных Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Паўла Севярынца і іншых беларусаў.​

На пікеце выступіў папулярны блогер Nexta — Сьцяпан Пуціла.

«У Беларусі няма людзей, якія хочуць пераменаў, ёсьць „адмарозкі“, „фашысты з закасанымі рукавамі“, „мудакі“ — то бок людзей, якія хочуць пераменаў, у Беларусі проста няма. Нават у Варшаве сёньня выйшла столькі беларусаў. А колькі беларусаў можа выйсьці ў Менску. Трэба гуртавацца, быць разам», — заклікаў блогер.

Некаторыя аўтамабілі, якія праяжджалі паўз пікет, сыгналілі.

Праваабаронца «Вясны» зьвярнуўся ў МУС: ганцавіцкія міліцыянты выйшлі за межы сваіх паўнамоцтва

20 чэрвеня ў 20.40 каля аддзяленьня пошты ў Ганцавічах на вуліцы Кастрычніцкай, 6 была затрымана мясцовая жыхарка Алла Калесьніковіч. Жанчына мае непаўналетняе дзіця.​

Згодна з пунктам 1 часткі 2 артыкула 8.4 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях, на тэрмін ад 3 да 72 гадзін можа быць затрымана асоба, калі яна падазраецца ў зьдзяйсьненьні правапарушэньня, за якое прадугледжаны арышт. Але згодна з часткай 2 артыкула 6.7 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях, арышт ня можа прымяняцца да жанчын, якія маюць на ўтрыманьні непаўналетняе дзіця.

Праваабаронца патрабуе неадкладна вызваліць жанчыну і адрэагаваць на дзеяньні супрацоўнікаў, якія выйшлі за межы сваіх паўнамоцтваў.

Жонка лідэра ФК «Дынама Менск»: «Хай мяне расстраляюць, не хачу жыць у такой краіне»

Ксенія Бахар, жонка паўабаронцы футбольнага клюбу «Дынама Менск» і зборнай Беларусі Івана Бахара, эмацыйна выказалася пра сытуацыю ў Беларусі ў сваім Instagram.

У «гісторыях» (stories) свайго інстаграму яна выказвалася яшчэ больш радыкальна. У пятніцу яна выходзіла на «ланцуг салідарнасьці» ў Менску, у суботу ўжо падала дакумэнты на ўдзел у выбарчай камісіі, каб «самой справядліва лічыць галасы».

Пасьля затрыманьняў на «ланцугу салідарнасьці» яна пісала ў «гісторыях»:

«Растлумачце, калі ласка, як вы давялі краіну да такога? Сярод дня ВЫКРАДАЮЦЬ людзей, якія проста шпацыруюць па цэнтры гораду. Якія проста купляюць сабе каву. Якія проста стаяць у чарзе. ЯК усе глядзяць на гэта спакойна? Хай мяне расстраляюць, хай мяне пасадзяць. Я не хачу жыць у такой краіне».

Ейны муж Іван Бахар не рабіў падобных публікацыяў, не камэнтаваў ейны допіс. Але, мяркуе «Трыбуна», мог падтрымаць жонку: на фота подпісаў за вылучэньне Ксеніі ў выбарчую камісію відаць, што адзін з падпісантаў мае такую ж дату нараджэньня, як футбаліст «Дынама».

Лукашэнка зноў згадаў «лапці» і «бізун»

Лукашэнка выказаў удзячнасьць усім, хто прыняў удзел у рэканструкцыі мэмарыялу, у тым ліку моладзі, паведаляе ягоная прэс-служба.

«Гэтым самым мы паказваем, што наша моладзь ня толькі ўмее сядзець у гаджэтах, ня толькі крычаць на вуліцах прыгожага, утульнага Менску. Наша моладзь умее рабіць вось такія сьвятыя справы», — сказаў Лукашэнка, мабыць, маючы на ўвазе апошнія вулічныя акцыі салідарнасьці з арыштаванымі падчас збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты.

Ён таксама заклікаў не расслабляцца ў пытаньнях адстойваньня сувэрэнітэту:

«Памятайце, што вакол яшчэ шмат людзей, якія ад зайздрасьці, ад таго, што ім не падабаецца наш народ, бо мы гаворым пра сваю незалежнасьць, праводзім свой незалежны курс, будуць старацца абавязкова ўлезьці ў нашы справы. Мы нікому не павінны дазволіць у чарговы раз вярнуць нас пад бізун і абуць у лапці», — заявіў Лукашэнка.

«Гэта нейкае сярэднявечча». Папулярны рэпэр Бакей выказаўся пра затрыманьні ў Беларусі

Бакей кажа, што ягоная творчасьць не была зьвязаная з палітыкай, бо ён лічыў, што музыка павінна ствараць пазытыўныя эмоцыі ў людзей, а «палітыка гэта нейкі бруд». Але цяпер ён зьвяртаецца да падпісантаў як грамадзянін Беларусі Ўладзіслаў Бельмач:

«Тое, што адбываецца, гэта поўны жах, хаос, — кажа Бельмач. — І, калі шчыра, адчуваецца як нейкае сярэднявечча, бо людзей могуць проста ўзяць на вуліцы і зацягнуць у бус, пагражаць, прычым нават не канкрэтным людзям, а ўсяму народу.

І пагрозы гэтыя ідуць ад дзейнай улады. Гэта ўсё пужае і сьмяшыць адначасова, як людзі спрабуюць утрымацца на сваім наседжаным крэсьле».

Галоўны рэдактар «Ганцавіцкага часу» расказаў пра зьбіцьцё журналістаў міліцыяй

20 чэрвеня людзі стыхійна выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў. Міліцыя і «людзі ў цывільным» затрымалі, паводле афіцыйных зьвестак, каля 270 чалавек. Жорсткія затрыманьні адбыліся ў Ганцавічах, што ў Берасьцейскай вобласьці.

Каля двух дзясяткаў чалавек выйшлі на ланцуг салідарнасьці. Па зьвестках журналіста незалежнай газэты «Ганцавіцкі час», які вёў стрым, затрымалі ня менш за 10 чалавек з выкарыстаньнем грубай фізычнай сілы. У жывым эфіры затрымалі двух журналістаў «Ганцавіцкага часу», якія вялі стрым: Сяргея Багрова і Аляксандра Пазьняка.​

Фрагмэнт трансьляцыі з затрыманьнем журналістаў >> Асьцярожна, шмат нецэнзурнай лексыкі з боку праваахоўнікаў

Што з затрыманымі цяпер >>

«Чэргаў ніхто не чакаў». Гісторыя магіляўчанкі, якая зьбірала подпісы за Ціханоўскую ў Магілёве


Зьбіраньне подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцтва ў сёлетнюю перадвыбарчую кампанію суправаджалася правакацыямі, запалохваньнямі, арыштамі дзясяткаў апазыцыйных актывістаў і крымінальным перасьледам чальцоў ініцыятыўных групаў.

Кацярына Таланкова, чалец ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай у Магілёве расказвае Свабодзе, чаму яна вырашала ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі і што зьмянілася ў краіне.

Пра Кацярыну Таланкову. Сьцісла:

  • Магіляўчанка. Замужам. Мае двух непаўналетніх дзяцей. Цяпер у дэкрэтным водпуску.
  • Паводле адукацыі мэдык. Скончыла магілёўскі мэдычны каледж. Працуе па спэцыяльнасьці ад 2001 году.
  • Удзельнічаць у выбарчай кампаніі яе змусіла жаданьне зьмяніць жыцьцё да лепшага.

Чытаць цалкам >>

Прадстаўнік АБСЭ па свабодзе СМІ заклікаў улады Беларусі спыніць затрыманьні журналістаў​

Беларускія ўлады павінныя забясьпечыць журналістам магчымасьць выконваць сваю працу, асьвятляць важныя мерапрыемствы, не асьцерагаючыся затрыманьня. З такой заявай выступіў прадстаўнік АБСЭ па свабодзе СМІ Арлем Дэзірэ.

Арлем Дэзірэ выказаў занепакоенасьць з нагоды затрыманьняў журналістаў у Беларусі 19 чэрвеня падчас асьвятленьня пікетаў па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. «Журналісты адыгрываюць важную ролю ў асьвятленьні падзей, якія прадстаўляюць грамадзкі інтарэс, асабліва зьвязаных з выбарамі», — падкрэсьліў прадстаўнік АБСЭ.

«Перашкоды дзейнасьці прэсы нэгатыўна адбіваюцца на свабодзе СМІ і вольным распаўсюдзе інфармацыі, што выклікае сур’ёзную занепакоенасьць», — гаворыцца ў заяве.

У ініцыятыўную групу канстытуцыйнага рэфэрэндуму, прапанаванага Бабарыкам, запісалася больш за 7500 чалавек

За няпоўныя суткі ў ініцыятыўную групу па правядзеньні канстытуцыйнага рэфэрэндуму, прапанаванага прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктарам Бабарыкам, запісалася больш за 7500 чалавек.

У штабе адзначаюць, што «падрыхтоўка да рэфэрэндуму не спыняе і не замяняе перадвыбарчую кампанію». «Мы працягваем працу па вылучэньні Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленьні штабу.

Відэазварот Віктара Бабарыкі, які зараз утрымліваецца ў СІЗА КДБ, з ініцыятывай правесьці рэфэрэндум па зьмене Канстытуцыі, быў апублікаваны яго штабам увечары 19 чэрвеня.

Дзясяткі людзей затрыманыя ў розных гарадах Беларусі 20 чэрвеня. Сьпіс​

20 чэрвеня людзі стыхійна выходзяць на вуліцы горада. Ёсьць затрыманьні. Падаем сьпіс затрыманых паводле праваабарончага цэнтру «Вясна».

Менск

  • Сушчынскі Дзьмітрый
  • Таранда Уладзіслаў

Ганцавічы

Каля двух дзясяткаў чалавек выйшлі на ланцуг салідарнасьці. Па зьвестках журналіста «Ганцавіцкага часу», які вёў стрым, затрымана ня менш за 10 чалавек з выкарыстаньнем грубай фізычнай сілы. Усьлед за гэтым двух журналістаў «Ганцавіцкага часу», якія вялі стрым, таксама затрымалі: Сяргея Багрова і Аляксандра Пазьняка.

Барысаў

  • Гордзіеўскі Дзьмітрый
  • Шапчыц Юрый
  • Хадасевіч Барыс
  • Самсонаў Іван
  • Самсонава Сьвятлана
  • Шувалаў Дзьмітрый
  • Шувалава Марына
  • Маркіянчык Дзьмітрый
  • яшчэ адзін мужчына

Горадня

Амплееў Яўген (сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай)

Берасьце

  • Сухаў Дзьмітрый
  • Сухаў Пётар

Сьветлагорск

Алена Масьлюкова

Ціханоўскаму працягнулі рэжым утрыманьня ў карцэры сьледчага ізалятара да 26 чэрвеня

Пра гэта праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведаміла яго жонка, прэтэндэнтка на пасаду прэзыдэнта Сьвятлана Ціханоўская пасьля таго, як 20 чэрвеня спрабавала даставіць мужу перадачу.

Ціханоўскі знаходзіцца ў сталічным СІЗА-1 як абвінавачаны па справе на падставе ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). На гэтым тыдні стала вядома пра тое, што блогер быў зьмешчаны ў карцэр да 19 чэрвеня, у дачыненьні да яго таксама распачатая новая крымінальная справа — за перашкоду выбарам.

«Вам цяжка, а мы больш ня хочам вас бачыць на гэтай пасадзе», — Кавалькова і Канапацкая адказалі Лукашэнку пра жанчыну-прэзыдэнтку

Міліцыя склала каля 270 пратаколаў на ўдзельнікаў пікетаў і акцыяў салідарнасьці 19 чэрвеня​

Партал TUT.BY атрымаў інфармацыю з МУС, колькі чалавек было затрымана ўчора ў сёньня ўначы.

«У дачыненьні да грамадзян складзеныя каля 270 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях, у асноўным за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў, а таксама непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў», — распавялі парталу ў МУС. У ведамстве дадалі, што па законе «удзельнікі масавага мерапрыемства абавязаныя захоўваць грамадзкі парадак і выконваць усе законныя патрабаваньні арганізатараў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў i прадстаўнікоў грамадзкасьці, якія выконваюць абавязкі па ахове грамадзкага парадку».

Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна» у Менску было затрымана больш за 150 чалавек.

У жывым эфіры затрымалі вядучага «Ганцавіцкага часу»​

Error rendering VK.

Жывы ланцуг у Ганцавічах. Онлайн-трансьляцыя тут.

Гарадзенцы паставілі тапкі затрыманага Амплеева на плошчы Леніна, бо яго затрымлівалі босым.

Затрыманьні ў Горадні

Як паведамляе карэспандэнт Свабоды, у Горадні затрымалі прадстаўніка ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Амплеева Яўгена. Невядомыя ў цывільным зацягнулі яго ў мікрааўтобус без апазнавальных знакаў. Прычыну затрыманьня не паведамілі.

Як перадае карэспандэнт Свабоды, людзей ля станцыі мэтро «Кастрычніцкая» 20 чэрвеня ўвечары было няшмат. Тым ня менш каля крамы «Цэнтральны» невядомыя ў цывільным затрымалі і пасадзілі ў мікрааўтобус двух чалавек. У аднаго зь іх на заплечніку быў бел-чырвона-белы сьцяжок.

Раней, як паведамляе tut.by, у Менску ля Кастрычніцкай плошчы невядомыя ў цывільным затрымалі двух хлопцаў, якія замаўлялі каву ў кавярні. Адзін быў у майцы з «Пагоняй», у другога на заплечніку была налепка з «Пагоняй».

Акцыя салідарнасьці з затрыманымі ў часе прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі прайшла 20 чэрвеня раніцай каля амбасады Беларусі ў Тэль-Авіве.

Выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю прыйшлі былыя і цяперашнія грамадзяне Беларусі.

Удзельнікі прынесьлі з сабой тапкі як новыя сымбалі выбарчай кампаніі і скандавалі «Стоп таракан» і «Жыве Беларусь!», паведамілі Свабодзе ўдзельнікі акцыі салідарнасьці.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG