Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Які даход паказаў Бабарыка ў дэклярацыі для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты

Віктар Бабарыка за 2019 год задэкляраваў даход у 383,1 тысячы рублёў, амаль 16 тысяч даляраў і 13,2 тысячы эўра. Гэта вынікае зь яго дэклярацыі аб даходах, якую 20 чэрвеня яго каманда падала ў ЦВК для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.

Сам Віктар Бабарыка цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ. «Мы выступаем за сумленныя і празрыстыя выбары. Вось гэты пакет дакумэнтаў нашая каманда падала ў ЦВК. Усё адкрыта, чытайце», — паведаміў штаб ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі.

У «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка зарабіў у 2019 годзе 361 тысячу 194,21 рубля. Мяркуючы па дэклярацыі, прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзыдэнты летась прадаў аўтамабіль Toyota Land Cruiser 200, памер даходу — амаль 22 тысячы рублёў.

Агулам даход у рублях склаў 383,1 тысячы рублёў (даходы ад працы ў банку і ад продажу аўтамабіля).

Калі ня Плошча, то што? Адказваюць Вольга Севярынец, Ірына Халіп і Наста Шпакоўская

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч расказаў Свабодзе, што ў Менску маглі затрымаць як мінімум 100 чалавек

На гэты момант праваабаронцы «Вясны» ня ведаюць дакладнай колькасьці затрыманых 19 чэрвеня па ўсёй Беларусі на акцыях салідарнасьці. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч сказаў Свабодзе, што ў Менску маглі затрымаць як мінімум 100 чалавек.

«На сёньня вядомыя прозьвішчы 80 затрыманых у Менску. Думаю, рэальна магло б быць каля 100 чалавек як мінімум. У рэгіёнах няшмат інфармацыі. У Бабруйску вядомыя 8 прозьвішчаў», — сказаў праваабаронца.

Як праходзілі затрыманьні на акцыях салідарнасьці

19 чэрвеня ў розных гарадах беларусы выйшлі на акцыі салідарнасьці з затрыманымі падчас выбарчай кампаніі. Сотні чалавек па ўсёй краіне на акцыях і пасьля былі затрыманыя.

Пікеты салідарнасьці і затрыманьні ў Менску і іншых гарадах Беларусі. Фотагалерэя

19 чэрвеня закончыўся этап збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі. Прэтэндэнты ў прэзыдэнты заклікалі людзей прыйсьці да выбарчых пікетаў і паставіць свой подпіс. Вынік — больш за 100 затрыманых па ўсёй Беларусі.

«Невядома, што шчоўкае ў галаве грамадзтва, калі яно кажа: дыктатар, я цябе больш не люблю», — аўтар нашумелай публікацыі ў «Коммерсанте»

Якую пазыцыю зойме Расея на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі? Што азначае заява «Газпромбанку», паводле якой падзеі вакол «Белгазпрамбанку» будуць мець «неістотныя» наступствы? Ці разьлічваюць у Маскве, што пасьля перамогі на выбарах Лукашэнка пагодзіцца на паглыбленьне інтэграцыі?

З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да намесьніка галоўнага рэдактара расейскай газэты «Коммерсант» Дзьмітрыя Бутрына. У Беларусі ён шырока вядомы як аўтар леташняга артыкула пра зьмест праекту новай інтэграцыйнай праграмы.

Сьцісла

  • Стандартнае стаўленьне да беларускіх выбараў у Расеі палягае ў тым, што пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі на выбарах непахісныя
  • Чалавек, які ўсур’ёз хоча весьці прэзыдэнцкую кампанію ў Беларусі, альтэрнатыўную Лукашэнку, мусіць заручыцца нейкай падтрымкай у Расеі
  • Уявіць у нас, што банкіру яго акцыянэры, а тым больш Газпром, а тым больш расейская ўлада, дадуць хаця б негалосную згоду на ўдзел у выбарах — гэта амаль немагчымая гісторыя
  • Даччыныя структуры банкаў Расеі за межамі РФ, калі не казаць пра краіны Заходняй Эўропы, — гэта даволі аўтаномныя структуры
  • Зыходзячы з заявы «Газпромбанку», я яе расшыфроўваю так — хлопцы, мы самі нічога не разумеем
  • На месцы Лукашэнкі я б стварыў сабе хімэру, што Расея абавязкова скарыстаецца пандэміяй, каб яго скінуць
  • У гэтай інфармацыйнай сытуацыі інтэрпрэтаваць дзеяньні нейкіх дробных людзей як глябальную змову вельмі лёгка
  • Ня будзе ніякай паглыбленай інтэграцыі, але будуць перамовы аб ёй па 30 «дарожных мапах». Выбары скончацца, тлум рассмокчацца, мы сядзем за стол перамоваў і будзем гуляць прыкладна ў тую самую гульню

Чытаць далей

«Масавыя затрыманьні журналістаў і мірных дэманстрантаў — непрымальныя», — заявы амбасадаў ЗША і Вялікай Брытаніі ў Беларусі

Амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі і Вялікай Брытаніі ў Беларусі асудзілі сілавы разгон мірных пікетаў у гарадах Беларусі.

Да чаго прывядуць разгоны? Ці паўтараецца 2010 год?

19 чэрвеня — апошні дзень збору подпісаў у выбарчай кампаніі за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты, другі дзень зьняволеньня прэтэндэнта на кандыдацтва Віктара Бабарыкі і другі дзень спантанных пратэстаў, якія ахапілі краіну.

Вынікі і кантэкст гэтага дня, які скончыўся масавымі затрыманьнямі дня абмяркоўваюць Віталь Цыганкоў, Францішак Вячорка, Аляксей Знаткевіч і Юры Дракахруст.

Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць, што па стане на 12 ночы ім дакладна вядомыя прозьвішчы больш за 40 затрыманых у Менску, «і гэта далёка ня поўны сьпіс».

У Бабруйску затрымалі некалькі чалавек наўпрост каля РАУСу, куды тыя прыехалі чакаць іншых затрыманых.

Таксама праваабаронцам вядомыя некаторыя імёны затрыманых Наваполацку, Гомлі, Віцебску, Магілёве, Маладэчна. Поўны сьпіс затрыманых (тых, прозьвішчы каго вядомыя) «Вясна» публікуе тут (абнаўляецца).

БАБРУЙСК. Пасьля газгону акцыі і затрыманьняў людзі зноў выйшлі на вуліцу і сталі ў ланцуг.

У 23.42 у Менску адкрылі рух аўтатранспарту на ўсім працягу праспэкту Незалежнасьці і прылеглых да яго вуліц. Аўтамабілі, якія едуць тут, адразу ж пачалі сыгналіць.

Яшчэ адзін «ланцуг салідарнасьці» зьявіўся на праспэкце Пераможцаў у Менску.

МЕНСК: Міліцыя затрымала замежную грамадзянку

У Менску затрымалі грамадзянку Чэхіі Вераніку Кірушчанку, паведамляюць у ФБ яе сябры. Яна некалькі гадоў выкладала ў Менску чэскую мову, замужам за беларусам.

«Толькі што затрымалі Вераніку Кірушчанку, сьведкі кажуць яны яе з букетам васількоў на выхадзе з пешаходнага пераходу проста ўнесьлі ў бусік без нумароў. Гэта наогул як ?! Мы ішлі ўсе разам, кампаніяй дзяўчат, і раптам яна зьнікла. Што гэта такое?!!!!», — піша ў ФБ знаёмая Веранікі Арына Шапіра.

Затрыманьне чэшкі пацьвярджае іншая сьведка, Марыя Бяршадзкая: «Гэта наогул адбываецца імгненна, людзі ў цывільным проста выхопліваюць людзей з тых, хто шпацыруюць уздоўж праспекта. Вераніку павезлі ў Цэнтральны РАУС».

Сьпіс затрыманых у розных гарадах

Праваабарончы цэнтар «Вясна» складае сьпіс затрыманых па ўсёй Беларусі ў апошні дзень перадвыбарчых пікетаў па зборах подпісаў.

МЕНСК: У менскім мікрараёне Грушаўка пасьля жорсткага разгону АМАПу людзі зноў людзі выстраіліся ў «ланцуг салідарнасьці».

МЕНСК: Шмат людзей цяпер на праспэкце Незалежнасьці ў раёне Беларускага дзяржаўнага цырку. Людзі пляскаюць у далоні і скандуюць «Адпускай!»

Празь некалькі хвілінаў відавочцы паведамілі Свабодзе, што ў раёне цырку зноў пачалі затрымліваць людзей. У тэлеграм-канале Nexta зьявілася і відэа затрыманьня. Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць, што каля цырку затрымалі каля 20 чалавек.

МЕНСК. У раёне плошчы Перамогі АМАП за абодвух бакоў разагнаў людзей. Яны ўтварылі з пачатку і канца моста празь Сьвіслач у раёне плошчы Перамогі «каробку», блякуючы і заціскаючы пратэстоўцаў з абодвух бакоў. АМАП затрымліваў людзей па адным і купкамі. Затрыманых пасадзілі ў аўтазакі і зьвезьлі.

Людзей каля плошчы Перамогі значна паменела, але, паводле карэспандэнта Свабоды, сытуацыя зьмяняецца літаральна кожныя дзесяць хвілінаў: як толькі АМАП зьяжджае, людзей становіцца болей – яны зноў вяртаюцца на праспэкт.

ГОМЕЛЬ. У Гомелі пасьля затрыманьняў людзей супрацоўнікі АМАП сышлі. Потым, з надыходжаньнем цемры, у раене цырку вырубілі асьвятленьне - ліхтары. Зноў зьявіўся АМАП і аўтазак.

Кадры затрыманьняў у Гомлі:

У Менску пачалася «зачыстка» на праспэкце Незалежнасьці ў раёне плошчы Перамогі. Туды прыехалі тры аўтазакі і мікрааўтобус з АМАПам і пачалі адціскаць людзей, якія тут сабраліся. Людзі скандуюць абразьлівы воклічы ў бок міліцыі. Пачаўся разгон і зачыстка. Некаторых найбольш актыўных людзей хапаюць і цягнуць у аўтазакі.

Затрыманьні на плошчы Якуба Коласа ў Менску

Каля 10-ай гадзіны вечара на плошчу Якуба Коласа ў Менску, дзе пасьля першай хвалі затрыманьняў зноў пачалі зьбірацца людзі, зноў пад'ехаў АМАП і стаў затрымліваць людзей. Плошчу Якуба Коласа цалкам «зачысьцілі» ад пратэстоўцаў.

Людзі ў цывільным таксама былі на плошчы Якуба Коласа пры затрыманьнях

Міліцыя перакрыла праспэкт у раёне плошчы Якуба Коласа, а АМАП не пакінуў на ёй нікога.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG