МЕНСК: АМАП разганяе стыхійны «ланцуг салідарнасьці» на Грушаўцы, у затрыманьні таксама ўдзельнічаюць праваахоўнікі ў цывільным.
МЕНСК: У раёне плошчы Перамогі ўдзельнікі акцыі спрабавалі адбіць затрыманага, паведамляюць відавочцы:
Менск
Асноўны рух цяпер адбываецца паміж плошчай Перамогі і ГУМам на праспэкце Незалежнасьці. Там больш за ўсё людзей.
Нехта стаіць, але збольшага людзі прагульваюцца па гэтым пэрымэтры. Гэта нагадвае «масавыя гуляньні» падчас ранейшых маўклівых акцый пратэсту.
Шмат хто выкрыквае «Жыве Беларусь» і «Стоп таракан», шмат людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Машыны, якія едуць па праспэкце Незалежнасьці, сыгналяць пратэстоўцам.
МЕНСК: Міліцыя і АМАП зьехалі ад цырку. Ад мэтро Перамогі да Кастрычніцкай выстройваецца новы ланцуг.
«Гэта цырк каля цырка», — кажуць мінакі пра спробы АМАПу выцесьніць людзей, што сабраліся на скрыжаваньні Купалы і праспэкту.
Паўгадзіны супрацоўнікі АМАПу спрабавалі разагнаць тых, хто сабраўся ў ланцуг салідарнасьці.
«Але яны не агрэсіўныя. Вось ціхары і людзі з камэрамі — яны кідаюцца на ўсіх запар».
МЕНСК: У Менску зачыненыя станцыі мэтро «Акадэмія Навук», «Плошча Якуба Коласа» і «Плошча Перамогі». Станцыі «Кастрычніцкая» і «Купалаўская» працуюць на ўваход і перасадку. Людзі ўздоўж праспэкту Незалежнасьці ля цырка скандуюць «Адпускай!»
МЕНСК: Сьцяна АМАПУ ідзе ад Кастрычніцкай плошчы ў боку цырку.
МЕНСК: З Савецкага РАУС Менску выпусьцілі затрыманую журналістку Свабоды Аляксандру Дынько і відэаапэратара Свабоды. Таксама выпусьцілі журналістку «Белсату» Ірыну Арахоўскую.
Таксама вядома, што ў гэтым РАУС знаходзяцца «Эўрарадыё» Марыя Вайтовіч і Арцём Маёраў, а таксама ўкраінскі журналіст каналу 112, і відэаапэратар Reuters.
МЕНСК: Аўтобусы з танаваным шклом і зачыненымі форткамі едуць у бок Дому ўраду па праспэкце Незалежнасьці, паведаміў Свабодзе відавочца.
Відавочцы паведамляюць, што сілавікі толькі што цалкам «зачысьцілі» плошчу Якуба Коласа, дзе былі пратэстоўцы.
Беларусаў падтрымліваюць у Кіеве, Вільні, Маскве
У Кіеве ля амбасады Беларусі людзі таксама выйшлі ў «ланцуг салідарнасьці», каб падтрымаць беларусаў.
У Маскве хлопец выйшаў на адзіночны пікет ля беларускай амбасады з плякатам «Жыве Беларусь».
Таксама салідарнасьць зь беларусамі выказалі ў Вільні.
- By ЯН
Бабруйск. У Бабруйску пікет пачаўся а 17-й гадзіне. Тут жа зьвіўся трактар, які пачаў падмятаць пляцоўку.
А 19-й разышліся зборшыкі подпісаў, а людзі засталіся. А 20-й у ланцугу ўздоўж Менскай вуліцы стаялі больш за 360 чалавек,нягледзячы на папярэджаньне міліцыі.
NEW!!
А палове на 21-ю зьявіўся АМАП і пачаў выціскаць людзей. Пачаліся затрыманьні пад кіраўніцтвам начальніка службы аховы грамадзкага парадку ГУУС Рудзько. Затрымалі некалькі чалавек, у тым ліку журналістку гарадзкога парталу Bobr.by Алесю Лацінскую, якая была з добра бачным пасьведчаньнем.
Да 21-й гадзіны ўсіх пікетоўцаў разагналі, аўтазак з затрыманымі паехаў у ГУУС.
Затрыманьні ў Гомлі
МЕНСК: На Якуба Коласа АМАП пайшоў ланцугом на плошчу Перамогі.
ВІЦЕБСК. Прыехаў АМАП. Пачаліся затрыманьні. Затрымалі некалькі чалавек. Іх пасадзілі ў аўтазак.
Яшчэ траіх маладзёнаў затрымалі і пасадзілі ў адзін зь мікрааўтобусаў.
У Віцебску пікет скончаны.
Працягваюцца акцыі ў рэгіёнах
У сацыяльных сетках блогеры публікуюць відэа і фота ад відавочцаў і ўдзельнікаў «ланцугоў салідарнасьці» ў рэгіёнах: людзі ў Баранавічах, Жлобіне, Берасьці, Сьветлагорску, Рэчыцы, Барысаве, Лідзе, Воршы, Ваўкавыску выйшлі на пратэст супраць затрыманьняў і рэпрэсіяў перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі.
Менск: Затрыманьні на плошчы Якуба Коласа
21.25. Каля помніка Якубу Коласу на аднайменнай плошчы сабралася каля сотні чалавек. Пачаліся затрыманьні. Людзі крычаць «Ганьба!». Пазьней затрыманьні пачаліся і на супрацьлеглым баку плошчы, каля філярмоніі, дзе раней праходзіў выбарчы пікет, разагнаны міліцыяй.
МАЗЫР. Каля 21:20 на плошчу выйшла міліцыя — каля 12 чалавек у форме некалькіх чалавек у цывільным. Ланцуг рассыпаўся па плошчы. Але людзі не разыходзяцца.
Менск: Стыхійны ланцуг на Грушаўцы
У раёне Грушаўка ў Менску людзі таксама выйшлі падтрымаць кандыдатаў. Шчыльны ланцуг выстраіўся ад мэтро Грушаўка да ДАІ — гэта пару кварталаў.
Празь нейкі час на Грушаўку прыехала міліцыя.
МЕНСК: да Савецкага РАУС у Менску, дзе знаходзяцца затрыманыя журналісты Свабоды, на мікрааўтобусе падвезьлі яшчэ двух затрыманых падчас акцыі. Праз пэўны час пад'ехаў таксама белы аўтазак. Колькі ў ім затрыманых, невядома.
ВІЦЕБСК: Да плошчы Перамогі, дзе сабраліся ўдзельнікі пікету, пад'ехалі пяць мікрааўтобусаў. Міліцыя настойліва просіць разысьціся. Людзей на плошчы амаль засталося.
Менск: «Ланцуг салідарнасьці» ля Кастрычніцкай плошчы, ля плошчы Перамогі затрымліваюць людзей
каля ГУМу людзі выстраіліся ланцугом з абодвух бакоў праспэкту Незалежнасьці паміж выхадам з мэтро Кастрычніцкая і ГУМам.
Кіроўцы машын, якія праяжджаюць па праспэкце Незалежнасьці, увесь час сыгналяць, нон-стоп.
Празь некалі хвілінаў мікрааўтобус без нумароў зь людзьмі ў штацкім спыніўся каля людзей, якія стаялі ўздоўж праспэкту, і пачаў распалохваць тых, хто сабраўся ў «ланцуг салідарнасьці».
«Я была на плошчы Перамогі, там пад’ехаў аўтазак і пачалі без разбору затрымліваць людзей», — расказала Свабоде жанчына, што прыйшла зь Перамогі да ГУМа.
«А дзе асноўны пікет? Дзе хвост чаргі? Куды мне ісьці?» — пытаецца ў мінакоў жанчына, што прыехала да ГУМа.
«Мы прыйшлі сюды ад цырку, — распавядае Свабодзе Дзьмітры. — Там было шмат людзей, якія выстраіліся ад плошчы Перамогі. Вялікім ланцугом. Хвілін праз 40 там зьявіліся аўтобусы, мікрааўтобусы і аўтазакі з АМАПам. У чорнай форме цалкам. Яны сталі ганяць людзей, відаць, кагосьці затрымалі. З гукаўзмацняльнікаў перадавалі, што праходзіць незаконнае мерапрыемства. Людзі сталі хавацца ў парк. Вось мы ў абыход прыйшлі да ГУМу».