МУС адмовілася правяраць пагрозы Ціханоўскай, пакуль яна сама не падасьць заяву
Прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Вольга Чамаданава паведаміла Tut.by, што праверку фактаў тэлефонных пагрозаў патэнцыйнай кандыдатцы ў прэзыдэнты Сьвятлане Ціханоўскай змогуць пачаць толькі пасьля заявы ад яе самой.
Чамаданава сьцьвярджае, што заявы непасрэдна ад Ціханоўскай не паступала, а праверка ў такой справе «павінна быць на патрабаваньне асобы».
Пры тым, арт. 166 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу называе нагодай для пачатку крымінальнай справы сярод іншага і паведамленьні ў прэсе. Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях дае пачынаць адміністрацыйную справу і праз заяву асобы, і праз паведамленьне дзяржаўнага органа або «іншай арганізацыі», а таксама выяўленьня прыкметаў парушэньня судом або органам, які вядзе адміністрацыйны працэс.
МУС неаднаразова пачынала праверкі на падставе паведамленьняў у СМІ і публікацыяў у сацсетках.
Псыхіятар Шчыгельскі: З такім дыягназам, які я паставіў Лукашэнку, людзі ўжо не мяняюцца
Доктар Дзьмітры Шчыгельскі, які ў свой час паставіў Аляксандру Лукашэнку дыягназ «мазаічная псыхапатыя», расказвае, якімі якасьцямі адзначаюцца людзі з такім дыягназам, заяўляе, што псыхапатыя дае палітыкам канкурэнтную перавагу, і адказвае на пытаньне, як яму ўдалося прыехаць у Беларусь і вярнуцца ў ЗША. Вялікае інтэрвю са Шчыгельскім чытайце па спасылцы.
Сьцісла:
- «Я лічыў, што гэта мой абавязак — папярэдзіць людзей пра небясьпеку».
- «Мэдычная таямніца вытрымліваецца, пакуль яе захаваньне не пагражае інтарэсам іншых людзей альбо бясьпецы самога пацыента».
- «Я размаўляў зь дзясяткамі людзей, якія шчыльна і доўга працавалі з Лукашэнкам на розных этапах ягонай кар’еры».
- «Тое, што адбылося з каранавірусам, зрабіла відавочным, што чалавек з такім разладам асобы на такой пасадзе небясьпечны».
- «Псыхапатыя дае палітыкам канкурэнтную перавагу ў барацьбе за палітычныя пасады, каб дабіцца ўлады і яе захаваць».
- «Яны здольныя прычыняць боль, але самі пры гэтым не адчуваюць ніякіх згрызотаў сумленьня, пакутаў ці перажываньняў».
Прэс-сакратара Сьвятланы Ціханоўскай асудзілі на 15 сутак арышту
17 чэрвеня ў судзе Берасьцейскага раёну прэс-сакратара Сьвятланы Ціханоўскай блогера Аляксандра Кабанава асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, паведамляе «Вясна».
Яго асудзілі паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП за заклікі 7 траўня падчас «кармленьня галубоў» у Берасьці. Аляксандра Кабанава затрымалі 15 чэрвеня, да суда ён быў ізалятар часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС Берасьця. Падрабязнасьці тут.
Цапкала абвясьціў, што сабраў 200 тысяч подпісаў
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала 17 чэрвеня абвясьціў, што сабраў 200 тысяч подпісаў. Для рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнта неабходна 100 тысяч подпісаў.
Цапкала сказаў, што хутчэй за ўсё яго каманда падасьць менш за 200 тысяч подпісаў, бо іх трэба адвозіць у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі па рэгіёнаў. Патэнцыйны кандыдат сказаў, што 150 тысяч подпісаў яго каманда ўжо праверыла.
Арыштавалі выбарчы фонд Бабарыкі
17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі. Усе апэрацыі па рахунку заблякаваныя. Цяпер на рахунку знаходзяцца грошы выбарчага фонду ў суме больш за 100 тысяч беларускіх рублёў.
«Забарона на кіраваньне гэтымі сродкамі не дазваляе ў поўнай меры рэалізаваць выбарчыя правы. (...) Разам з тым арышт сродкаў выбарчага фонду не адаб’ецца на бягучай дзейнасьці штабу. У штабе і на пікетах па зборы подпісаў працуюць валянтэры, сябры ініцыятыўных груп, якія не атрымліваюць аніякіх выплат. Усе сабраныя подпісы будуць належным чынам вэрыфікаваныя і пададзеныя ў адпаведныя выбарчыя камісіі», — напісаў штаб Бабарыкі. Цалкам чытайце па спасылцы.
Цапкала зьбірае подпісы ў Маладэчне. ВІДЭА
Прэтэндэнт на пасаду кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Валер Цапкала 17 чэрвеня наведвае выбарчы пікет у Маладэчне. Свабода вядзе жывую відэатрансьляцыю зь месца.
У польскім Сэйме падтрымалі затрыманых падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі
Камісія замежных спраў польскага Сэйму 17 чэрвеня прыняла заяву ў падтрымку палітвязьняў і рэпрэсаваных у Беларусі. «Мы заклікаем ўлады ў Менску неадкладна спыніць перасьлед і вызваліць усіх асуджаных і арыштаваных», — напісалі дэпутаты камісіі, адначасова выказваючы салідарнасьць з ахвярамі рэпрэсій ды іх сем’ямі.
У заяве дэпутаты польскага Сэйму папрасілі Міністэрства замежных спраў Польшчы выступіць у абарону рэпрэсаваных асобаў у Беларусі, якія знаходзяцца пад вартай у цяжкіх умовах. У гэтым кантэксьце заява называе імёны чатырнаццаці чалавек: Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Уладзімер Цыгановіч, Аляксандар Арановіч, Дзьмітры Фурманаў, Вяргілій Вушак, Васіль Баброўскі, Арцём Сакаў, Уладзімер Навумік, Аляксандар Кабанаў, Сяргей Пятрухін, Валянцін Троцкі, Яраслаў Кійко. Цалкам чытайце па спасылцы.
Бабарыка: «Каля 20 чалавек затрымалі» ў справе «Белгазпрамбанку»
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка ў інтэрвію тэлеканалу «Белсат» 17 чэрвеня расказаў, што ў межах «справы Белгазпрамбанку», якую ён лічыць акцыяй супраць яго, затрымалі каля 20 чалавек.
Бабарыка адзначыў, што «маштабнасьць гэтай акцыі беспрэцэдэнтная», гэтыя 20 затрыманых — толькі тыя выпадкі, пра якія вядома яму, а «дзесьці раскручваецца ў Магілёве, дзесьці яшчэ». Ён сказаў пра загад Лукашэнкі «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў» — мяркуе, гэта была каманда супраць яго.
Таксама Бабарыка сказаў, што ня ведае, у якой справе можа праходзіць каардынатарка ягонай ініцыятыўнай групы Сьвятлана Купрэева, якая цяпер у СІЗА КДБ. Цалкам чытайце тут.
Таксама па тэме чытайце:
«Адвакат бачыў майго тату адзін раз». Што апавядаюць родныя арыштаваных супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку»
Як праз блякаваньне рахункаў «Кентаўра» і «Кампары» цярпяць людзі і цэлыя кампаніі
Суд адхіліў скаргі на затрыманьне сяброўкі сям’і Віктара Бабарыкі — штаб Віктара Бабарыкі
Пасьля канфіскацыі цішотак ПСІХО3% у Symbal.by прыйшлі з новай праверкай, электрычнасьць адключылі
17 траўня на ўласную вытворчасьць крамы Symbal.by, дзе шыюць на продаж вопратку і аксэсуары, прыйшла праверка і санстанцыя. 2 дні таму 4-гадзінную праверку зладзілі ў краме. Цяпер тут зноў адключылі электрычнасьць.
Надпіс «ПСІХОЗ%» на майцы Symbal.by зьвязаны зь лічбай 3%. Менавіта такі адсотак папулярнасьці ў розных інтэрнэт-апытаньнях набраў Аляксандар Лукашэнка, што стала ўжо распаўсюджаным інтэрнэт-мэмам. Падрабязнасьці чытайце па спасылцы.
Праваабаронцу зь Сьветлагорску штрафавалі за тое, што стаяла побач з плякатам «Свабоду Ціханоўскаму!». Яшчэ траіх будуць судзіць
17 чэрвеня ў Сьветлагорску судзілі праваабаронцу Алену Масьлюкову. 31 траўня яна была на цэнтральнай плошчы, назірала за акцыяй «Кармленьне галубоў». Жыхар Сьветлагорску на некалькі хвілін разгарнуў плякат «Свабоду Ціханоўскаму!». Міліцыя ацаніла гэта як «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства».
Судзьдзя Галіна Гулевіч вырашыла, што Алена Масьлюкова «прымала ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» і пакарала яе штрафам 810 рублёў. Акрамя Масьлюковай, пратаколы міліцыя склала на Віктара Ахрамчука, Сяргея Бяствіцкага і Вадзіма Паветку, іх будуць судзіць пазьней. Цалкам чытайце тут.
Ярмошына: Група Ціханоўскага выкарыстала збор подпісаў, накіраваўшы яго на зьмену ўлады
На блогера Сяргея Ціханоўскага завялі новую крымінальную справу — за перашкоду ажыцьцяўленьню выбарчых правоў, альбо рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянаў, альбо рабоце ЦВК Беларусі. Заяву супраць Ціханоўскага накіравала ў адпаведныя органы старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
«Гэта зьвязана з тым, што гэтая група вяла сябе непрыстойна. У нас заўсёды пэрыяд збору подпісаў праходзіў культурна і карэктна. Нават у 2010 годзе, калі былі самыя гучныя выбары. Група Ціханоўскага імкнуліся расхістаць сытуацыю, выкарыстала збор подпісаў, накіраваўшы яе на зьмену ўлады. Выбары — гэта канстытуцыйны пераход улады, але не гвалтоўная зьмена», — патлумачыла Лідзія Ярмошына «Комсомольской правде в Беларуси». Цалкам чытайце па спасылцы.
«Я вельмі баюся, што ў мяне забяруць дзіця», — жонка гарадзенца, затрыманага ў справе Ціханоўскага
Гарадзенка Віталія Навумік перажывае, што зь сям’і забяруць пяцігадовую дачку. Яе мужа Ўладзімера Навуміка затрымалі 29 траўня, цяпер ён у СІЗА на Валадарскага.
Як Уладзімер Навумік апынуўся на Савецкай плошчы Горадні 29 траўня, дзе праходзіў пікет па зборы подпісаў за прэтэндэнтку ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую, Віталія дакладна ня ведае. Ён пайшоў па торт для дачкі, у якой акурат тады быў выпуск зь дзіцячага садку, але дадому ўжо не вярнуўся.
У інтэрнат, дзе жыве сямʼя Навумік , 17 чэрвеня прыходзіла камісія зь дзіцячага садку, каб высьветліць умовы пражываньня. Камісія складалася з загадчыцы садку, выхавальніцы і псыхоляга. Як яны патлумачылі гаспадыні, на ейную сямʼю прыйшоў запыт з міліцыі, бо яе муж фігуруе ў крымінальнай справе. Гісторыю сям'і Навумік чытайце па спасылцы (+ВІДЭА).
Бабарыка: Трэба будаваць сваю эканоміку, бо цяпер «альбо галодныя бунты, альбо субсыдыі ў абмен на незалежнасьць»
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка 17 чэрвеня даў інтэрвію расейскай вэрсіі выданьня Forbes. Сярод іншага ён выказаўся пра пагрозу страты незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.
Журналіст спытаў, ці Бабарыка сапраўды лічыць, што Беларусь і Расея могуць аб’яднацца. Патэнцыйны кандыдат адказаў, што бачыць цяперашнюю Беларусь эканамічна несамастойнай, бо эканоміка штогод вымагае датацыяў у 3–5 млрд даляраў. Раней гэтыя грошы Расея давала празь нізкія цэны на газ, прэфэрэнцыі або льготныя крэдыты, цяпер «нам паклалі на стол праект „дарожных мапаў“ і сказалі: „астатнія датацыі — толькі пасьля інтэрацыі“».
«Цяпер выбару няма: альбо галодныя бунты і развал эканомікі, альбо субсыдыі ў абмен на страту незалежнасьці, — мяркуе Бабарыка. — Нашая ўнутраная эканамічная бездапаможнасьць прывяла краіну да пагрозы страты сувэрэнітэту». Цалкам чытайце тут.
У польскім Сэйме падтрымалі затрыманых падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі
Камісія замежных спраў польскага Сэйму 17 чэрвеня прыняла заяву ў падтрымку палітвязьняў і рэпрэсаваных у Беларусі.
«Мы заклікаем ўлады ў Менску неадкладна спыніць перасьлед і вызваліць усіх асуджаных і арыштаваных», — напісалі дэпутаты камісіі, адначасова выказваючы салідарнасьць з ахвярамі рэпрэсій ды іх сем’ямі.
У заяве дэпутаты польскага Сэйму папрасілі Міністэрства замежных спраў Польшчы выступіць у абарону рэпрэсаваных асобаў у Беларусі, якія знаходзяцца пад вартай у цяжкіх умовах. У гэтым кантэксьце заява называе імёны чатырнаццаці чалавек: Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Уладзімер Цыгановіч, Аляксандар Арановіч, Дзьмітры Фурманаў, Вяргілій Вушак, Васіль Баброўскі, Арцём Сакаў, Уладзімер Навумік, Аляксандар Кабанаў, Сяргей Пятрухін, Валянцін Троцкі, Яраслаў Кійко.
ТБМ заявіла, што не падтрымае кандыдатаў на прэзыдэнцтва, якія ігнаруюць беларускую мову
Сакратарыят Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) выступіў з заявай з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
«Шэраг асобаў, зь якімі вялікая колькасьць грамадзянаў зьвязвае надзеі на доўгачаканыя перамены, не валодаюць дзяржаўнай беларускай мовай і не выкарыстоўваюць яе падчас збору подпісаў. Узьнікае пытаньне: ці здольныя гэтыя людзі належным чынам выконваць свае абавязкі, калі яны не адпавядаюць кваліфікацыйнаму патрабаваньню, абавязковаму для службовай асобы любога ўзроўню?» — гаворыцца ў заяве. Цалкам чытайце па спасылцы.
«Бесчалавечнае абыходжаньне з апанэнтамі». Беларускія праваабаронцы зьвярнуліся ў ААН
Беларускі Хэльсынскі камітэт і Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьвярнуліся да Найвышэйшага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у правах чалавека і некалькіх спэцыяльных тэматычных дакладчыкаў з просьбай прыняць захады для паляпшэньня актуальнай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Чаго просяць праваабаронцы, чытайце па спасылцы.
56% не задаволеныя тым, як працуе дэмакратыя ў Беларусі, — апытаньне «Ўсходняга партнэрства»
Праект Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» правёў у лютым–сакавіку апытаньне грамадзкай думкі ў Беларусі, Армэніі, Азэрбайджане, Грузіі, Малдове і Ўкраіне. Некаторыя вынікі:
- 46% нэўтральна ставяцца да Эўразьвязу (летась было на 7 адсоткаў больш «нэўтральных»), 38% ставяцца пазытыўна (28% «даволі добра»), 12% — нэгатыўна;
- найвялікшай каштоўнасьцю беларусы называюць «мір, бясьпеку і стабільнасьць» (такіх 58% супраць 49%, якія назвалі правы чалавека, або 39%, якія назвалі індывідуальныя свабоды), і 46% зьвязваюць гэтую каштоўнасьць з Эўразьвязам;
- давер да NATO вырас на 4 адсоткі — да 23% апытаных, але 47% апытаных яшчэ не давяраюць NATO;
- 54% апытаных пазытыўна ставяцца да стасункаў Беларусі і Эўразьвязу, 41% ведае пра фінансавую падтрымку Беларусі Эўразьвязам, 52% лічаць гэтую падтрымку эфэктыўнай;
- 52% перакананыя, што Расея больш за Эўразьвяз падтрымлівае Беларусь (на 8 адсоткаў менш, чым летась);
- 74% давяраюць пагалоскам («word of mouth») — аповедам знаёмых, 57% — расейскамоўным СМІ Беларусі, 52% — тэлевізіі, 49% — інфармацыі з інтэрнэту, 15% — выданьням на замежных мовах;
- 46% заявілі пра давер ураду (мінус 10 адсоткаў за год), 41% — парлямэнту (мінус 12), 39% — рэгіянальным і мясцовым уладам (мінус 8), 26% — палітычным партыям (мінус 6), а пра давер асобна прэзыдэнту не пыталі;
- 56% не задаволеныя тым, як працуе дэмакратыя ў Беларусі (плюс 5); з добрага большасьць адзначае толькі гендэрную роўнасьць (65%); значна менш бачаць у Беларусі нізкую карупцыю (17%), роўнасьць і сацыяльную справядлівасьць (25%), свабоду мэдыя (32%), справядлівыя і вольныя выбары (19%);
- 60% ня маюць аптымізму што да будучыні Беларусі, але 51% аптымістычныя наконт уласнай будучыні (47% — пэсымістычныя).
Эўразьвяз занепакоены атакамі на Бабарыку і застрашэньнем Ціханоўскай
Цяпер, калі Беларусь уваходзіць у кампанію выбараў прэзыдэнта, асабліва важна, каб асноўныя правы і свабоды былі цалкам выкананыя. Такую пазыцыю выказаў амбасадар Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубэль.
«Мы занепакоеныя нядаўнімі дзеяньнямі, распачатымі супраць Віктара Бабарыкі, і заклікаем да поўнага выкананьня законнасьці. Спадзяюся таксама, што праваахоўныя органы расьсьледуюць ананімныя тэлефонныя пагрозы, якія паступілі на адрас патэнцыйнай кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай, і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці», — адзначыў дыплямат.
Ён дадаў, што занепакоены і паведамленьнямі пра выпадкі жорсткага абыходжаньня з боку сілаў правапарадку, а таксама пра дрэнныя ўмовы ўтрыманьня асобаў, арыштаваных за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.
Амбасадар заклікаў улады Беларусі неадкладна вызваліць усіх затрыманых актывістаў і выконваць міжнародныя абавязаньні згодна Канвэнцыі ААН супраць катаваньняў, удзельнікам якой зьяўляецца Беларусь.
Гарадзенец паскардзіўся ў ЦВК на парушэньні пры зборы подпісаў за Лукашэнку на БелАЭС
Сяргей Нікіцін, электразварнік з кампаніі «Гроднапрамбуд», працуе на будаўнічай пляцоўцы БелАЭС вахтавым мэтадам.
Паводле яго, 1 чэрвеня адміністрацыя паінфармавала яго і калегаў аб зборы подпісаў за Лукашэнку. У падпісных лістах ужо былі надрукаваныя імёны і пашпартныя зьвесткі працаўнікоў, а графа зьвестак пра сябра ініцыятыўнай групы не была запоўненая. Подпісы зьбіралі ў працоўны час супрацоўнікі адміністрацыі.
Як сказаў Нікіцін, шмат работнікаў адмовіліся ставіць подпісы за Лукашэнку. Сваю скаргу ў ЦВК ён накіраваў 16 чэрвеня, калі вярнуўся дамоў з вахты. Адказаць яму маюць цягам трох дзён.
Мужчына сьцьвярджае, што так адбываецца ў ягоным БУ-142, а таксама, як яму расказалі іншыя рабочыя, у БУ-134, БУ-210, БУ-211 і БУ-221. У скарзе ў ЦВК ён просіць вынесьці папярэджаньне Аляксандру Лукашэнку або не рэгістраваць яго кандыдатам, калі такія выпадкі былі раней.
Першы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук — беларусам: Перамены робяць людзі
Першы прэзыдэнт незалежнай Украіны 86-гадовы Леанід Краўчук перакананы, што адказнасьць за абраньне ўлады, за тое, як будуць жыць дзеці, унукі і праўнукі, ляжыць на цяперашнім пакаленьні беларусаў. Краўчук — адзін з трох лідэраў, якія падпісалі гістарычныя Белавескія пагадненьні аб ліквідацыі СССР. У інтэрвію Свабодзе ён разважае, чаму ў апошнюю чвэрць стагодзьдзя так па-рознаму разьвіваюцца Беларусь і Ўкраіна, і дае парады беларусам на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах.
Сьцісла:
- Паводзіны Пуціна і яго крамлёўскага атачэньня могуць быць проста нечаканымі, у тым ліку і ў дачыненьні да Беларусі.
- Наколькі я разумею, Беларусь ня мае агрэсіўных намераў ні ў дачыненьні да Расеі, ні да іншых суседзяў. Таму мы зь Беларусьсю заўсёды знаходзім агульную мову.
- Я думаю, што Беларусі трэба мець прабеларускіх кандыдатаў. Ня трэба ні праўкраінскіх, ні прарасейскіх, ні прапольскіх.
- Мы маем інфармацыю, што Беларусь ужо дасягнула вельмі высокага ўзроўню захворваньняў на каранавірус, як і Расея. Але яны надалей лічаць, што гэта ня так страшна, праводзяць парады, рыхтуюцца да парадаў, заражаюцца, хаваюць лічбы і факты.