Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Бабарыка заявіў, што на пасадзе прэзыдэнта найперш вярнуў бы Канстытуцыю 1994 году

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Віктар Бабарыка 16 чэрвеня даў інтэрвію польскаму выданьню Rzeczpospolita.

«Неабходна было б правесьці канстытуцыйную рэформу і вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году, — адказаў Віктар Бабарыка. — Прэзыдэнт павінен кіраваць ня больш за два тэрміны, і кіраўнікі павінны мяняцца. Таксама ня можа быць улады адной асобы, многія органы павінны кіраваць дзяржавай. Я б абапіраўся не на загады, а на ініцыятыву людзей. Трэба наняць мудрых людзей, якія падкажуць, што рабіць».

Бабарыка таксама выказаўся пра іншую рэч з 1990-х: дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы з Расеяй». На пытаньне пра рэалізацыю дамовы 1999 году ён спытаў: «Ці ведае сьвет бізнэсу праект дамовы, якая ня страціла б актуальнасьці праз 20 гадоў»?

На думку Бабарыкі, ніхто не прымушаў беларускі бок падпісваць цяперашнія «дарожныя мапы», гэта проста «стан беларускай эканомікі»: Беларусь цягам 26 гадоў просіць Расею аб крэдытах і саступках у цане на энэргарэсурсы.

«Мы дзейнічалі так, быццам хтосьці ўсё нам вінен, — разважаў Бабарыка. — Я лічу, што нам ніхто нічога ня вінен, і мы мусім будаваць уласную эканоміку».

Чым адкажа Расея за «Белгазпрамбанк»

Наколькі абгрунтаваныя чуткі пра тое, што «Газпром» спыніць пастаўкі газу ў Беларусь з 1 ліпеня? Як на гэта адрэагавалі б заходнія партнэры «Газпрому»? Ці дойдзе справа да нацыяналізацыі «трубы»?

Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Наше мнение» Валерыя Касьцюгова і палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.

Сьцісла:

Дракахруст:

  • Прыкметна, што ўжо не тэлеграм-каналы, а кіраўнік «Газпрому» Мілер сказаў пра неабходнасьць вяртаньня Беларусьсю запазычанасьці ў 165 мільёнаў даляраў.
  • Цікава будзе паглядзець, як будуць сябе паводзіць (асабліва пасьля візыту ў Менск расейскага міністра Лаўрова, які, магчыма, прывязе некаторыя прапановы) фэдэральныя расейскія тэлеканалы.
  • Дэ-факта адбываецца нацыяналізацыя, дэ-факта адбіраюць камэрцыйны актыў. А з другога боку, камэрцыйны актыў такой даволі таксычнай арганізацыі, а менавіта «Газпрому».​

Касьцюгова:

  • Існуюць пэўныя тонкасьці. Нагадаю, што ў Беларусі няма кантракту з «Газпромам» — цэны ўзгаднілі Мілер і Сямашка.
  • У Расеі вялікі, я б сказала нават, вельмі вялікі выбар інструмэнтаў уплыву на Беларусь. Галоўнае — тое, што і Беларусь як дзяржава вінная Расеі вялікія грошы, і беларускія прадпрыемствы, асабліва дарагія сэрцу Аляксандра Лукашэнкі. І гэты інстумэнт рэпутацыйна для Расеі абсалютна бясьпечны.
  • Беларусь можа, не дачакаўшыся адказу ад «Газпрому», разьвязаць яму рукі, нацыяналізаваць «трубу» (і «Белтрангаз», і Ямал-Эўропа).
  • Мне падаецца, значнасьць тэлебачаньня вельмі скарацілася, і «Хросныя бацькі» (сэрыял супраць Лукашэнкі, паказаны Масквой у 2010 годзе — рэд.) ідуць па іншых каналах.

Навумчык:

  • У Беларусі таксама ёсьць мэханізму ўплыву на Маскву, хаця і не ў такім шырокім дыяпазоне, як у Масквы на Менск. Напрыклад, падыходзіць час працягваньня альбо скасаваньня арэнды Расеяй вайсковых аб’ектаў у Вялейцы і Ганцавічах — іх страта была б для Расеі даволі адчувальнай.
  • Нельга выключыць, што Масква правакуе Менск забраць газавую «трубу» — каб потым адказаць «зялёнымі чалавечкамі», увесьці ў Беларусь расейскія танкавыя карпусы. Але гэта створыць для Пуціна прынцыпова іншую сытуацыю. І вось у такім выпадку Лукашэнка зможа разьлічваць на падтрымку Захаду.

Чытаць, глядзець або слухаць цалкам >>

Яшчэ адзін фігурант «справы Ціханоўскага»? Слуцкага блогера Няронскага перавялі ў СІЗА пасьля 40 дзён арышту

Блогера Ўладзімера Няронскага, які завёў YouTube-канал «Слуцк для жизни», трымалі пад адміністрацыйным арыштам 40 дзён, а пасьля зьмясьцілі ў менскі сьледчы ізалятар № 1. Яго вінавацяць у парушэньні трох артыкулаў крымінальнага кодэксу.

На Ціханоўскага завялі новую крымінальную справу

На Сяргея Ціханоўскага завялі новую крымінальную справу за перашкоду выбарам, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».

Паводле крымінальнага артыкула 191 Ціханоўскаму пагражае да 5 гадоў турмы. Менавіта па гэтым артыкуле старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына прасіла Сьледчы камітэт правесьці праверку дзеяньняў і выказваньняў Ціханоўскага падчас пікетаў. У іх яна пабачыла пагрозу для сябе. Цалкам чытайце па спасылцы.

Арыштант з камэры на Акрэсьціна, дзе сядзеў Севярынец: «У яго ўсё забралі, нават зубную шчотку»

Свабода знайшла чалавека, які сядзеў у ізалятары на Акрэсьціна разам з Паўлам Севярынцам і ўжо выйшаў на волю. Наш суразмоўца пракамэнтаваў заяву прэсавай службы МУС пра тое, што правы Паўла Севярынца ў ізалятары не парушаюцца.

Раней у інтэрнэце зьявіліся зьвесткі, што ў Паўла Севярынца адабралі ўсе рэчы і не перадаюць яму перадач з дому. У тым ліку на гэта скардзілася жонка палітыка Вольга. Цалкам чытайце па спасылцы.

Ганна Севярынец: Можа, мой верш адкладзе на 15 хвілін рашэньне страляць

Настаўніца, пісьменьніца і дасьледчыца літаратуры Ганна Севярынец расказвае пра невядомыя дэталі звальненьня са смалявіцкай гімназіі за верш «Я за вас не галасавала ніколі», хвалю салідарнасьці і прапановы працы. Вялікае інтэрвію з Ганнай Севярынец чытайце па спасылцы.

Сьцісла:

  • Можа, гэта адкладзе хаця б на 15 хвілін апошняе рашэньне страляць, і нехта пасьпее сысьці, альбо гэта будуць тыя пераломныя 15 хвілін, калі кінуць зброю тыя, хто павінен страляць.
  • Я праводжу 29 кастрычніка ўрокі памяці. І як я дзецям потым патлумачу, калі нешта здарыцца такое, а я нічога не сказала?
  • Думаю, што тут паўстала пытаньне нават не самазахаваньня дырэктара, а захаваньня гімназіі.
  • Я маю падтрымку з усіх бакоў, а ён са сваім выбарам застаўся адзін на адзін, і я зь вялікім спачуваньнем думаю пра яго.
  • Я адразу атрымала прапановы супрацы зь іншымі ўстановамі адукацыі, праўда, з прыватнымі.
  • Хачу, каб хваля салідарнасьці падзялілася на ўсіх настаўнікаў, якія маюць сілу супраціву. У гэтым жніўні шмат каму з маіх калегаў давядзецца рабіць гэты складаны выбар.

«Каб мы не аддалі краіну разгільдзяям і тым, якія абяцаюць зь верталёта грошы раскідваць», — Лукашэнка пра выбары

16 чэрвеня падчас наведваньня горадзенскага прадпрыемства «Гродна Азот» Аляксандар Лукашэнка сярод іншага выказаўся пра будаўніцтва БелАЭС, каранавірус, выбары і заробкі беларусаў. Гаворачы пра эпідэмію каранавірусу ў Беларусі, Лукашэнка заявіў, што «не такія каранавірусы ў нашай гісторыі былі, але мы жывыя. Галоўнае — захаваць сваю зямлю, свой кавалак зямлі для сябе і для нашых дзяцей».

«І выбары мы правядзем, вы не хвалюйцеся. Што, у нас першыя выбары? Галоўнае, каб мы краіну ня страцілі. Каб мы не аддалі краіну разгільдзяям і тым, якія абяцаюць зь верталёта грошы раскідваць: інвэстары прыйдуць і нам чагосьці прынясуць. Інвэстары прыйдуць з-за мяжы, але скажуць: падаткі плаціць ня будзем, дайце танную сыравіну, і зарплата ў людзей будзе 300 даляраў», — цытуе Лукашэнку БелТА. Цалкам чытайце па спасылцы.

Што казалі на пікеце ў Бабруйску

15 чэрвеня ў Бабруйску прайшоў выбарчы пікет, які наведаў прэтэндэнт у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Вось што казалі людзі, які трапілі ў стрым Радыё Свабода.

Хто пагражае Ціханоўскай

Сьвятлана Ціханоўская сёньня паведаміла, што ёй тэлефанавалі з пагрозамі — каб падумала пра лёс дзяцей і не здавала подпісы за вылучэньне ў прэзыдэнты.

Абмяркоўваюць аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык. Сьцісла чытайце па спасылцы, цалкам глядзіце дыскусію на відэа:

На выбарах у Беларусі бессэнсоўна казаць, хто там рука, нага ці вусы Масквы — украінская экспэртка

Як выглядае беларуская выбарчая кампанія з Кіева? Які вынік беларускіх выбараў будзе адпавядаць нацыянальным інтарэсам Украіны?

З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да паліталягіні, экспэрткі ўкраінскага Фонду грамадзкай дыпляматыі Аляксандры Рэшмедзілавай. Чытайце інтэрвію па спасылцы.

Бабарыка абагнаў Лукашэнку ў пошукавых запытах Google

Зьвесткі пра Валера Цапкалу часьцей шукаюць праз Google жыхары Горадзенскай вобласьці, а пра Віктара Бабарыку — Менскай вобласьці. Свабода паглядзела на папулярнасьць пошукавых запытаў па-расейску напярэдадні выбараў.

Запыт «Бабарыка» у Google стаў папулярнейшы ад запыту «Лукашэнка» ў Беларусі на 13 чэрвеня. Папулярнасьць запытаў Google ацэньвае баламі ад 1 да 100. Калі ўзяць чацьвярых асноўных прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзыдэнты па рускамоўных запытах, то папулярнасьць выглядае так:

  • Бабарыка — 100 балаў
  • Лукашэнка — 59 балаў
  • Цапкала — 15 балаў
  • Ціханоўская — 5 балаў

Глядзіце ўсе графікі і чытайце па спасылцы.

«Цяперашні кашмар цяжка было перажыць». Актывіст расказвае пра ўмовы на Акрэсьціна

16 чэрвеня пасьля 15 сутак адміністрацыйнага арышту зь менскага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна выйшаў лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч. Ён расказаў, што робіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, калі затрымліваюць актывістаў выбарчай кампаніі.

Паводле Ўрбановіча, справамі ў ЦІПе ў гэтыя дні кіравалі не міліцыянты, а невядомыя супрацоўнікі ў цывільным. Ён кажа, што сам сядзеў у такой камэры, дзе вады было па шчыкалатку, а матрацы адабралі, каб вязьні не маглі адпачыць. Урбановіч згадаў, як папрасіў анучу, каб выцерці з падлогі ваду, але ахоўнікі яму адмовілі і ў гэтым: «Здымай штаны і выцірай». Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

«Гаворка пра жыцьцё дзяцей і жанчын». Жонка Цапкалы падтрымала Ціханоўскую, якой пагражалі невядомыя

Вераніка і Валер Цапкалы
Вераніка і Валер Цапкалы

Вераніка Цапкала, жонка прэтэндэнта на прэзыдэнцтва Валера Цапкалы, выказала падтрымку Сьвятлане Ціханоўскай, якая атрымала ананімныя пагрозы адносна сябе і дзяцей.

«Сьвятлана, як мама, як жанчына, я вас падтрымліваю і знаходжуся на вашым баку. Зараз я зьвяртаюся да праваахоўных органаў і прашу дапамогі ў расьсьледаваньні гэтага абуральнага выпадку. Я веру, што мы жывём у краіне, дзе няма месца страху, маніпуляцыям, асабліва калі гаворка пра жыцьцё дзяцей і жанчын. Я зьвяртаюся да вас, калі ласка, дапамажыце», — заявіла Вераніка Цапкала.

Чытаць цалкам

«Толькі так я магу дапамагчы мужу». Ціханоўская заявіла, што будзе працягваць кампанію, нягледзячы на пагрозы

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская падала 16 чэрвеня частку сабраных подпісаў у Савецкую раённую камісію па выбарах прэзыдэнта ў Гомлі. Яна заявіла, што будзе працягваць удзел у выбарчай кампаніі, бо «толькі так я магу дапамагчы мужу».

Раней 16 чэрвеня патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты прыслала Свабодзе відэазварот, у якім заявіла аб пагрозах, якія ёй паступаюць у сувязі з удзелам у выбарах.

Гомель быў першым горадам, дзе Ціханоўская спрабавала здаць подпісы. Нумар, зь якога тэлефанавалі, быў з украінскім кодам.

Днём раней Ціханоўская сказала Свабодзе, што за яе вылучэньне кандыдаткай у прэзыдэнты сабралі 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі.

Штаб Дзьмітрыева заявіў, што сабраў 100 тысяч подпісаў за вылучэньне ў прэзыдэнты. А што ў іншых?

Сяргей Вазьняк, кіраўнік ініцыятыўнай групы лідэра кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева, паведаміў на Facebook 16 чэрвеня, што за вылучэньне Дзьмітрыева кандыдатам у прэзыдэнты сабралі неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў.

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

Звычайна патэнцыйныя кандыдаты намагаюцца сабраць больш за мінімальна неабходныя 100 тысяч, бо частку падпісных лістоў у выбарчай камісіі могуць адхіліць праз памылкі. Так зьбіраецца зрабіць і штаб Дзьмітрыева — здаць 105–110 тысяч. Збор подпісаў трывае да 19 чэрвеня ўключна.

Пра тое, што сабралі звыш 100 тысяч подпісаў, неабходных для вылучэньня кандыдата, заяўлялі таксама штабы Аляксандра Лукашэнкі, Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы, Сьвятланы Ціханоўскай і Ганны Канапацкай.

Штаб Натальлі Кісель заявіў, што сабраў 108 тысяч подпісаў, але кандыдатка зьнялася з выбараў пасьля скандалу з прызнаньнем парушэньняў падчас збору подпісаў.

«Няма чаго там стаяць». На радзіме Лукашэнкі не далі зьбіраць подпісы старшыні «Руху за свабоду»

Юрась Губарэвіч на пікеце па зборы подпісаў на Камароўскім рынку ў Менску, 14 чэрвеня
Юрась Губарэвіч на пікеце па зборы подпісаў на Камароўскім рынку ў Менску, 14 чэрвеня

Па словах старшыні Александрыйскага сельсавету Мікалая Стаякова, які прыйшоў паглядзець на пікет апазыцыянэра, Губарэвіч сам зразумеў, што «няма чаго там стаяць».

Чыноўнік паведаміў, што зьбіраць подпісы ў месцы, дзе гэта хацеў рабіць Юрась Губарэвіч, заканадаўствам не забараняецца.

16 чэрвеня старшыня руху «За свабоду» і патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Юры Губарэвіч разам зь сябрамі сваёй ініцыятыўнай групы прыехаў на радзіму Аляксандра Лукашэнкі з выбарчым пікетам. Сабраць подпісы, аднак, у Губарэвіча не атрымалася. Пікет хутка быў акружаны групай мясцовых жыхароў, якія настойліва прасілі апазыцыянэра сысьці.

Чытаць цалкам

Пад Пухавічамі затрымалі блогера Сяргея Пятрухіна

Аўтара каналаў «Народны рэпарцёр» і «Youtube-дэпутаты» Сяргея Пятрухіна затрымалі пад Пухавічамі 16 чэрвеня, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Пятрухін знаходзіўся ў вёсцы ў Пухавіцкім раёне ў доме сваёй сяброўкі. Каб затрымаць блогера, туды прыехалі два буса з міліцыянтамі і з самага ранку сачылі за домам. Перад затрыманьнем яны паведамілі Пятрухіну, што забіраюць яго на «неадбытыя суткі».

Куды менавіта павезьлі Пятрухіна — пакуль невядома.

Сяргей Пятрухін, красавік 2019
Сяргей Пятрухін, красавік 2019

Напярэдадні ў Берасьці затрымалі паплечніка Пятрухіна блогера Аляксандра Кабанава, які зьяўляецца прэс-сакратаром ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Кабанаў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС Берасьця. Прычыны затрыманьня невядомыя.

Аляксандар Кабанаў, архіўнае фота
Аляксандар Кабанаў, архіўнае фота

Па ўсёй Беларусі назіральнікам забараняюць сачыць за праверкай подпісаў

Раённыя тэрытарыяльныя камісіі па ўсёй Беларусі адхіляюць заявы назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» на права прысутнічаць і назіраць за сапраўднасьцю здадзеных подпісаў, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Чытаць цалкам

«Гэта перадвыбарчая агонія». Маці і муж расказваюць пра арышт жанчыны, якая зьбірала подпісы за Віктара Бабарыку

Сьвятлана Купрэева, сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі і каардынатар па адным з раёнаў Менску, цяпер у СІЗА КДБ. Учора ўвечары ў кватэры яе маці апісалі і арыштавалі маёмасьць. Ці прад’яўлена абвінавачаньне Сьвятлане, сваякі ня ведаюць.

Сьвятлана Купрэева — дачка беларускага паэта і пісьменьніка Міколы Купрэева. Была блізкай сяброўкай жонкі Віктара Бабарыкі Марыны, якая загінула ў 2017 годзе, хросная маці ягонай дачкі.

Свабода пагутарыла са сваякамі Сьвятланы. Чытайце матэрыял па спасылцы.

«Дзень і ноч раскладваем падпісныя лісты». Ініцыятыўная група Сьвятланы Ціханоўскай надалей працуе

Каля двух дзясяткаў каардынатараў і актывістаў знаходзяцца за кратамі, сама Сьвятлана Ціханоўская заяўляе пра званкі з пагрозамі, якія ёй паступаюць у сувязі з удзелам у выбарах. Яна пакуль не прыняла канчатковага рашэньня аб далейшых дзеяньнях. Як сказала Свабодзе каардынатарка кампаніі Ціханоўскай у Менску Вольга Паўлава, у сталіцы збор подпісаў працягваецца.

«Мы надалей працуем, зьбіраем подпісы на Камароўцы штодня, — кажа Вольга. — З 12-й да 20-й гадзіны. Усе ахвочыя могуць паставіць свае подпісы. Адзінае — мы зараз стараемся ўсіх папярэджваць, што на гэты момант мы зьбіраем подпісы з гораду Менску і Менскага раёну. Папярэджваем людзей, што калі яны з раённага цэнтру, то мы ня зможам падаць іхны подпіс у камісію. Мы проста ня маем рэсурсаў, каб падаць сабраныя подпісы ва ўсе гарады. Усё, што мы змаглі, разьмеркавалі па раёнах. У нас няма вольных каардынатараў, якія змогуць дапамагчы перадаць сабраныя подпісы». Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG