Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Юрысты пра «вінаватасьць» Бабарыкі: такія заявы недапушчальныя і груба парушаюць правы чалавека

Правы затрыманых па «справе „Белгазпрамбанку“» і патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі парушаюцца, пішуць юрысты «Прававой ініцыятывы».

Чаму гэта незаконна?

Як адзначаюць у «Прававой ініцыятыве», Бабарыка знаходзіцца на свабодзе, яго не выклікалі на допыты, зь ім не праводзілася ніякіх сьледчых дзеяньняў. Сам Бабарыка лічыць, што ператрусы і затрыманьні ў «Белгазпрамбанку» зьяўляюцца рэйдарскім захопам з боку беларускай дзяржавы і ўсе гэтыя дзеяньні накіраваныя супраць яго.

Кіраўнік «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава адзначае, што службовыя асобы і дзяржаўныя тэлеканалы парушаюць прэзумпцыю невінаватасьці, выказваючы падобныя абвінавачваньні ў СМІ да суда.

«Прынцып прэзумпцыі невінаватасьці, замацаваны ў артыкуле 26 Канстытуцыі і ў артыкуле 16 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, сьцьвярджае, што ніхто ня можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна ня будзе даказаная і ўсталяваная судовым прысудам. То бок да набыцьця моцы судовага прысуду чалавек лічыцца невінаватым. Прэзумпцыя невінаватасьці мае асноўнае значэньне для абароны правоў чалавека: ускладае абавязкі даказваньня на абвінавачваньне і забясьпечвае, каб сумненьні ішлі на карысьць абвінавачанага», — кажа Фёдарава.

Праваабаронца падкрэсьлівае, што ўсе дзяржаўныя органы ўлады абавязаныя ўстрымлівацца ад прадказаньня вынікаў судовага разьбіральніцтва, у тым ліку не сьцьвярджаць пра вінаватасьць. Паводле міжнародных стандартаў, СМІ таксама мусяць устрымлівацца ад падачы навінаў «такім чынам».

«Як мы бачым у гэтай справе, і кіраўнік КДК, і прэс-сакратар прэзыдэнта, у тым ліку прэзыдэнт, неаднаразова рабілі заявы, у якіх сьцьвярджалася пра датычнасьць да злачынстваў Віктара Бабарыкі і вінаватасьці затрыманых па справе „Белгазпрамбанку“. Такія заявы недапушчальныя і груба парушаюць правы чалавека».

Чытаць цалкам

Гайдукевіч пацьвердзіў плян Кісель зьняцца на яго карысьць

Патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнта Натальля Кісель 15 чэрвеня зьнялася з выбараў, заявіўшы, што плянавала зьняцца з выбараў на карысьць Алега Гайдукевіча. Ён пацьвердзіў Tut.by, што сапраўды абмяркоўваў са штабам Кісель такое рашэньне.

Алег Гайдукевіч
Алег Гайдукевіч

«Так, гэта праўда. Мы абмяркоўвалі гэта. Першапачаткова плянавалася, што да канца збору подпісаў мы сустрэнемся і Натальля здыміцца на маю карысьць. Тым больш, што ў яе ініцыятыўнай групе ёсьць чальцы Лібэральна-дэмакратычнай партыі», — сказаў Гайдукевіч.

Ён дадаў, што быў ня супраць такога варыянту. Пры гэтым выбарчае заканадаўства Беларусі, не прадугледжвае працэдуры перадачы падпісных лістоў іншым кандыдатам. Гайдукевіч падкрэсьліў, што плян «зьняцца на карысьць іншага кандыдата» мае выключна маральны аспэкт.

«Зразумела, што па законе нельга перадаць сабраныя подпісы іншаму кандыдату, зьняцца — гэта проста маральна падтрымаць, агітаваць за кандыдата», — сказаў Гайдукевіч.

Алег Гайдукевіч зьняўся з выбараў яшчэ 26 траўня. Ён заявіў, што здымаецца з выбараў на карысьць Аляксандра Лукашэнкі.

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнем грамадзяніна Расеі, валянтэра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай

Беларускія праваабаронцы заявілі аб прызнаньні Андрэя Новікава палітвязьнем і запатрабавалі ягонага недакладнага вызваленьня і спыненьня крымінальнага перасьледу супраць яго, гаворыцца ў заяве, якую публікуе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Андрэй Новікаў — валянтэр ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Ён грамадзянін Расеі, але ўжо шмат гадоў жыве ў Беларусі, жанаты, мае двух непаўналетніх дзяцей.

Новікава затрымалі 6 чэрвеня ў вёсцы Прусы за ўдзел у пікеце для збору подпісаў, які прыраўнялі да „несанкцыянаванага масавага мерапрыемства“. Затрымлівала яго цэлая група супрацоўнікаў міліцыі. Спачатку яго адвезьлі ў Паставы, каб скласьці пратакол паводле арт. 23.34 КаАП, а потым перавезьлі ў Менск у ІЧУ (адміністрацыйную турму) на завулку Акрэсьціна.

Севярынца ў турме на Акрэсціна яшчэ двойчы асудзілі на 15 сутак арышту, яго жонка заявіла пра катаваньні

«Забралі ўсе рэчы, у тым ліку зубную шчотку, цёплую вопратку, сродкі гігены, а таксама ўжо два разы адпраўлялі ў КПЗ, дзе вельмі халодна, — піша Вольга Севярынец. — Паша просіцца, каб перадалі перадачу хоць нейкую, але мы ня можам гэтага зрабіць, бо перадачы не прымаюць.

Я вельмі прашу, калі неяк можна паўплываць на тое, што зь ім робяць, дапамажыце, бо яго там заб'юць».

Першыя 15 сутак Севярынцу прысудзілі 8 чэрвеня. Судзьдзя палічыў, што Севярынец 7 чэрвеня ўдзельнічаў у несанкцыянаванай вулічнай акцыі ў Менску, каля Камароўскага рынку, дзе ішоў легальны збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Таксама Севярынца вінавацілі ў «непадпарадкаваньні патрабаваньням міліцыі».

Севярынец сказаў, што гэта беззаконьне — асуджаць за дазволены пікет падчас выбарчай кампаніі.

Кісель адмовілася ад удзелу ў выбарах, кіраўнік яе групы раней прызнаў парушэньні пры зборы подпісаў

Асацыяцыя грузаперавозьнікаў «Рэгіён 8» апублікавала ліст аб завяршэньні ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі 2020 году — патэнцыйная кандыдатка Натальля Кісель здымаецца з выбараў.

Сапраўднасьць ліста пацьвердзіла Свабодзе сама Натальля Кісель.​ Кіраўнік яе ініцыятыўнай групы Сяргей Штода сказаў, што ў іх ад пачатку не было плянаў удзельнічаць у «выбарчым цырку». Ставілася задача адцягнуць галасы ад Лукашэнкі на сябе, «жраць сыстэму знутры».

«Выпячваць сябе на пікетах, як Павал Севярынец ды іншыя палітычныя актывісты, і потым сядзець па турмах, — гэта ня самая эфэктыўны мэтад змаганьня ў сёньняшніх умовах», — заявіў Штода.

Ініцыятыўная група, як сьцьвярджаецца, сабрала 108 тысяч подпісаў. «Рэгіён 8» заяўляе, што не падтрымлівае ані ўладу, ані апазыцыю, а сабраныя подпісы перадасьць у штабы Гайдукевіча (які раней зьняўся з выбараў), Губарэвіча, Лукашэнкі («упэўненыя: пераможа на выбарах»), Цапкалы, Дзьмітрыева, Канапацкай і Ціханоўскай. Законы не прадугледжваюць працэдуры перадачы падпісных лістоў іншым кандыдатам.

10 чэрвеня Сяргей Штода прызнаў, што ў зборы подпісаў удзельнічалі ня толькі сябры іх ініцыятыўнай групы, што ёсьць парушэньнем выбарчага заканадаўства. Штода нецэнзурна аблаяў карэспандэнта «Нашай нівы», запатрабаваў, каб ён зьмяніў публікацыю пра ягоныя ранейшыя заявы. Кісель заяўляла, што пра парушэньні падчас збору ў яе «ніякіх фактаў няма».

На каардынатара ініцыятыўнай групы Ціханоўскай у Наваполацку склалі адразу тры пратаколы

15 чэрвеня міліцыя затрымала каардынатара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай у Наваполацку Яўгена Вільскага. Актывіст паведаміў праваабаронцам, што яго затрымалі раніцай каля аўтамабіля. У міліцыі на Яўгена Вільскага склалі адразу тры адміністрацыйныя пратаколы, пасьля чаго адпусьцілі. Суд прызначылі на 25 чэрвеня.​

Тым часам 60-гадовы сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Алег Баброўскі, якага затрымалі 7 чэрвеня і арыштавалі на 20 дзён, аб’явіў галадаваньне.

Блогера Пальчыса асудзілі на 15 сутак арышту за «несанкцыянаваную акцыю» ля Камароўкі

«Я быў прыхільнікам непапулярнай у большасьці думкі, што лепш гэтыя выбары ігнараваць, каб не дапусьціць разгрому, — тлумачыць сваё стаўленьне да цяперашніх выбараў Эдуард Пальчыс. — Таму я мінімум 15, а можа і 30 дзён буду адпачываць, чытаць кнігі і займацца ўнутраным разьвіцьцём, пакуль іншым давядзецца штосьці рабіць і, магчыма, зарабіць свае суткі гэтым летам».

Пальчыс кажа, што ў апошнія гады шмат новых людзей зацікавіліся палітыкай.

«Але яны не прызнаюць пэўнай рэальнасьці. Ня бачаць, наколькі рэжым гатовы парушаць свае ж правілы гульні. Я схадзіў на легальны пікет, нічога не рабіў, мікрафон ня браў, і вось вынік. Тым, хто спадзяецца, што яны проста паставяць свой подпіс, прагаласуюць і пойдуць, і нейкія цудоўныя ружовыя мары, то каб яны не чакалі цудаў і лёгкага варыянта, калі свабода сама ўпадзе ім у рукі«, — кажа Эдуард Пальчыс.

Максім Урбановіч заявіў пра зьдзекі ў турме на Акрэсьціна

Першы сакратар «Маладога Фронту» днём 15 чэрвеня выйшаў на волю пасьля арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, расказаў пра «зьдзекі, шантаж, бязьмежжа» — «такога не было нават у горшыя часы». «Калі зімой бывае, што „марозяць“, то цяпер „душаць хату“ хлёркай».

У камэры ягонага брата, лідэра «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча, таксама вылівалі на падлогі нейкую вадкасьць. «Усё, казалі, палітычнае», — тлумачыць Максім.

Да 15 сутак арышту. Працягваюцца суды за перадвыбарчыя пікеты. Абнаўляецца

У панядзелак, 15 чэрвеня працягнуліся суды над удзельнікамі збораў подпісаў за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты. Як піша «Вясна», Эдуарду Пальчысу — 15 дзён арышту, ужо зьняволенаму Ўладзімеру Цыгановічу праз Skype — яшчэ 15 дзён. Матэрыял абнаўляецца, чытайце па спасылцы.

Якія ідэі засталіся ў беларускага аўтарытарызму? Ніякіх, апроч утрыманьня ўлады. Піша Віталь Цыганкоў

У сёньняшняга беларускага аўтарытарызму імя Аляксандра Лукашэнкі няма ні ідэі, ні пэрспэктывы, ні рэформаў, ні нацыянальнай культуры, ні хаця б захапленьня мінулым. Гэта безыдэйная, сумная, шэрая аўтакратыя.

Рост дабрабыту быў, але скончыўся 10 гадоў таму, і зараз беларусы зарабляюць менш, чым у 2010-м; «асаблівы шлях» скасавалі, замест яднаньня славянскіх народаў прыйшлі нармалізацыя адносінаў з Захадам і сваркі з Масквой. Нацыянальная ідэя, нягледзячы на працу цэлых інстытутаў, так і не прыдумана.

Што ж засталося, што можа «апраўдаць» беларускі аўтарытарызм у вачах гісторыі і ўласнага насельніцтва? Нічога. Толькі «стабільнасьць» — сынонімам чаго ёсьць слова «самазахаваньне».

Чытаць далей >>

АГП заклікала Ярмошыну не рэгістраваць Лукашэнку кандыдатам

Палітычная рада Аб’яднанай грамадзянскай партыі запатрабавала ад Цэнтравыбаркаму не рэгістраваць кандыдатам на выбарах Аляксандра Лукашэнку, які заявіў, што адмовіцца падпарадкавацца волі народу, калі народ абярэ іншага прэзыдэнта, — напісана ў заяве.

Асноўныя палажэньні заявы:​

  • Злоўжываньне ўладай — крымінальнае злачынства, яно не застанецца без пакараньня, усе саўдзельнікі будуць прыцягнутыя да адказнасьці.
  • Афіцэры мусяць памятаць пра прысягу беларускаму народу і афіцэрскі гонар, пра тое, што павагу да сябе цяжка набыць, але лёгка страціць.
  • Выказваецца салідарнасьць зь Сяргеем Ціханоўскім, Віктарам Бабарыкам, Валерыем Цапкалам, супраць якіх дзейны рэжым разгарнуў процізаконную кампанію перасьледу.
  • Ад Генэральнай пракуратуры патрабуецца праверыць дзеяньні грамадзяніна Лукашэнкі на прадмет парушэньняў, прадугледжаных арт. 342, 357, 361, 424, а таксама падрыхтоўкі да дзеяньняў, прадугледжаных арт. 382 Крымінальнага кодэксу, бо ў яго заявах ўтрымліваюцца антызаконныя заклікі.
  • Ад Камітэту дзяржаўнай бясьпекі АГП патрабуе вынесьці Лукашэнку афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці дзеяньняў, якія пагражаюць нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку заклікаў да незаконнага ўжываньня зброі супраць цывільных асобаў, што можа выклікаць масавыя беспарадкі, заявы аб намеры незаконна прысвоіць паўнамоцтвы ў выпадку абраньня іншага кандыдата, адмовы ад перадачы ўлады.
  • Ад Цэнтравыбаркаму АГП патрабуе вынесьці прэтэндэнту на статус кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнку папярэджаньне за вышэйзгаданыя дзеяньні і адмовіць яму ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты, бо падобныя паводзіны недапушчальныя для чалавека, які мусіць служыць народу, чыю волю ён загадзя адмаўляецца прызнаваць.

Расейскія мэдыі: на выбарах у Беларусі адназначна прымальнага для Расеі кандыдата няма

Расейскія сродкі масавай інфармацыі паведамляюць сваім чытачам падрабязнасьці выбарчай кампаніі ў Беларусі. Публікацыі пераважна носяць інфармацыйна-азнаямленчы характар зь пералікам прэтэндэнтаў, радзей сустракаюцца спробы аналізу.

  • Газэта «Коммерсантъ» у артыкуле «Кандыдаты ў казематы», прыводзіць меркаваньне праўладнага экспэрта Пётры Пятроўскага, які лічыць, што Расея зацікаўленая ў пагаршэньні дачыненьняў Беларусі з Захадам, каб пагоршыць беларускія пазыцыі на перамовах з Расеяй.
  • Часопіс «Огонёк» у артыкуле «Беларускія горкі» таксама пералічае ўдзельнікаў перадвыбарчай гонкі ў Беларусі і пераказвае асноўныя апошнія падзеі. Сярод іншага расказваецца пра адзіны пікет збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку ў Менску, які называецца «спэктаклем», бо туды падвозілі на аўтобусах людзей.
  • Выданьне «Газета.ру» падрабязна расказвае сваім чытачам пра Сяргея Ціханоўскага, а таксама Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу. Апошнія два, на думку выданьня, змагаюцца за стварэньне ў Беларусі эфэктыўнай дзяржавы.

Чытаць далей >>

Канапацкая растлумачыла сваё выказваньне пра Бабарыку і «пэдафілію»

Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Ганна Канапацкая на Facebook зноў выказалася пра іншага пра іншага ўдзельніка выбараў банкіра Віктара Бабарыку. Яна падтрымлівае думку пра Бабарыку як «праект Газпрому» і «хадзячае мяса ў разборках Крамля».

«Калі ў інтэрвію „Белсату“ я казала, што „мэнэджар Газпрому“ ня можа быць прэзыдэнтам нашай краіны, як пэдафіл ня можа быць выхавальнікам у дзіцячым садку, менавіта бясконцую наіўнасьць і даверлівасьць беларусаў я і мела на ўвазе, а ня схільнасьць да сэксуальных вычварэньняў аднаго з кандыдатаў у кандыдаты з „таго боку“, — піша Канапацкая. — Бо мы для іх „людзі-эльфы“, і яны гэтага нават не хаваюць».

На думку Канапацкай, з колькасьці адмоўных камэнтароў на ейнай старонцы на Facebook можна зрабіць выснову, што «група падтрымкі чалавека Мілера» (Аляксей Мілер — кіраўнік расейскай кампаніі «Газпром») складае «каля 80 чалавек».

У справе «Белгазпрамбанку» кіраўнік БТ Эйсмант убачыў «замежнае ўмяшаньне»

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант заявіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1», што за справай «Белгазпрамбанку» стаіць «нешта большае, чым проста фінансавыя справы Бабарыкі і яго калегаў».

Гаворачы пра крымінальную справу ў дачыненьні да кіраўніцтва «Белгазпрамбанку», які да нядаўняга часу ўзначальваў прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка, кіраўнік БТ ня выключыў «замежнага ўмяшаньня ў беларускія справы».

«Можна зрабіць выснову, што за ўсёй гэтай гісторыяй стаіць нешта большае, чым проста фінансавыя справы Бабарыкі і яго калегаў. Паводле той інфармацыі, якуюмы маем, назіраюцца спробы замесьці сьляды, што, напэўна, лягічна. Відавочна, што справа ідзе да абнародаваньня куды больш сур’ёзных фактаў у куды больш сур’ёзных катэгорыях. Напрыклад, факт умяшаньня замежнай дзяржавы ў беларускія ўнутраныя справы», — заявіў Эйсмант, не назваўшы пры гэтым самую «замежную дзяржаву».

Страх, запалохваньні, ціск. Пяць высноваў праваабаронцаў пра мінулы тыдзень выбарчай кампаніі

Беларускі Хэльсынскі камітэт і Праваабарончы цэнтар «Вясна» у рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падсумавалі падзеі чарговага тыдня выбарчай кампаніі з 8 па 14 чэрвеня.

Як і ў папярэдніх справаздачах, канстатавана, што сёлетняя кампанія выбараў прэзыдэнта дзяржавы праходзіць у «атмасфэры страху, запалохваньня выбарцаў і ціску на актывістаў ініцыятыўных групаў».​

Назіральнікі таксама адзначаюць, што у большасьці беларускіх СМІ тэма пандэміі COVID-19 як інфармацыйная нагода адсунулася на другі плян у параўнаньні з навінамі выбарчай кампаніі.

Што адбываецца вакол выбараў >>

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі адказаў, як сабралі 1,5 млн подпісаў і ці быў прымусовы збор

Што напісаў Орда, сьцісла:

  • «Нягледзячы на тое, што агітацыя афіцыйна яшчэ не праводзіцца, ужо сёньня мы чуем ад патэнцыйных кандыдатаў вельмі шмат абяцаньняў, не падмацаваных абсалютна нічым рэальным».
  • Абяцаньні эканамічных рэформаў ад апанэнтаў Лукашэнкі абернуцца «стратай працы для сотняў тысяч людзей, закрыцьцём многіх прадпрыемстваў, перадзелам уласнасьці».
  • «Нельга грэць рукі» на эканамічных праблемах, бо «ёсьць цяжкасьці» ў працы многіх прадпрыемстваў, але вінаватая ў іх пандэмія каранавірусу.
  • «Асобныя рэсурсы, не саромеючыся, проста даюць каманду „фас“, і група адмыслова навучаных людзей накідваецца ў сацыяльных сетках на тых, хто выказваецца за захаваньне дзейнага курсу нашай краіны. Ня грэбуюць нічым: шантаж, пагрозы, абразы проста за межамі ўсяго чалавечага».
  • Подпісы за Лукашэнку зьбіраюць ня толькі на дзяржаўных, але і на прыватных прадпрыемствах, і подпісы зьбіраюць, «як правіла, самі работнікі гэтых прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у нашую ініцыятыўную групу», робяць гэта нібыта «на абедзе, да і пасьля працы».
  • 50% подпісаў за Лукашэнку сабралі нібыта «на месцы жыхарства людзей» — «тут таксама хтосьці будзе казаць пра нейкі прымус?»
  • Што да тых, хто заяўляе аб прымусовым уключэньні ў ініцыятыўную групу Лукашэнкі, «натуральна, пасьля праверкі ўсе прозьвішчы і імёны аказваюцца выдуманымі, як і факт прымусовага ўключэньня ў групу».

На Статкевіча, які адбывае адміністрацыйны арышт, склалі новы пратакол

Пратакол складзены на падставе ч. 3 арт. 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Палітыку інкрымінуюць разьмяшчэньне 8 траўня ў тэлеграм-канале STATKEVICH інфармацыі пра час і месца «масавага мерапрыемства» да атрыманьня дазволу Менгарвыканкаму. Тады ён праінфармаваў, што 14 траўня адбудзецца падача ў Цэнтравыбаркам сьпісаў яго ініцыятыўнай групы і камандаў «кандыдатаў пратэсту».​

Мікалая Статкевіча затрымалі 31 траўня людзі ў цывільным, калі ён накіроўваўся на пікет да менскага Камароўскага рынку. Суд пастанавіў арыштаваць яго на 15 содняў. Статкевіч прызнаны вінаватым паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Портнікаў: «Майдан заўсёды найперш за незалежнасьць, а Плошча супраць дыктатуры, таму іх вынікі розныя»

Як выглядае беларуская выбарчая кампанія з Кіева? Ці ўяўляецца магчымай Плошча-2020 і яе перамога? Які вынік беларускіх выбараў будзе адпавядаць нацыянальным інтарэсам Украіны?

З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да Віталя Портнікава, публіцыста, палітоляга, палітычнага аглядальніка ўкраінскай службы Радыё Свабода. Чытайце вялікае інтэрвію па спасылцы.

Каля 40 праваахоўнікаў у цывільным: выбарчыя пікеты ля Камароўкі ў Менску. Фотагалерэя

Без Ціханоўскай. Ля Камароўкі працягваюцца выбарчыя пікеты. УЖЫВУЮ

14 чэрвеня ў Беларусі працягваецца збор подпісаў за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі. Да канца збору подпісаў засталося менш за тыдзень. Свабода вядзе жывую трансьляцыю з Камароўскага рынку ў Менску, дзе праходзяць пікеты ў зборы подпісаў за прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG