Просты крок да «бяскроўнай рэвалюцыі». Ярашук заклікаў беларусаў выходзіць з афіцыйных прафсаюзаў
Лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук заклікаў працоўных беларусаў масава выходзіць з афіцыйных прафсаюзаў. Ён лічыць, што такі крок — «унікальная магчымасьць спрыяць зьдзяйсьненьню бяскроўнай рэвалюцыі ў краіне».
«Мы не заклікаем выйсьці на плошчу, абвесьціць страйк або праводзіць акцыі пратэсту. Але калі за гэтыя 1,5 месяцы да выбараў з прафсаюзаў выйдзе некалькі сотняў тысяч чалавек, па легітымнасьці ўлады і пэрсанальна Лукашэнку будзе нанесены моцны ўдар», — зазначыў Ярашук. Цалкам чытайце тут.
Бабарыка гатовы да затрыманьня, ужо запісаў відэазвароты і мае гатовыя сцэнары да 9 жніўня
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка заявіў, што гатовы да затрыманьня і запісаў відэазвароты. Пра гэта ён распавёў у інтэрвію РБК.
Відэазвароты — гэта заявы пра тое, што дзеяньні, якія будуць рабіцца без Бабарыкі — узгодненыя зь ім.
«Каб людзі разумелі, што гэта не рэакцыя на нечаканасьць, гэта дакладнае разуменьне, што гэты сцэнар пачынае рэалізоўвацца, не хвалюйцеся, мы да гэтага былі гатовыя. Мы „на аддаленцы“ прывыклі працаваць, вось лічыце, што, калі што, гэта будзе размова з народам „па аддаленцы“. І ў нас такія сцэнары ёсьць і да 9 жніўня, і далей. Усё ёсьць. Што рабіць — мы ведаем. Не гаворым пра гэта мы не таму, што баімся, а таму што пакуль гэта бессэнсоўна», — сказаў Бабарыка. Цалкам чытайце тут.
Кіраўніка магілёўскай філіі «Белгазпрамбанку» абвінавачваюць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры
Кіраўніка філіі «Белгазпрамбанку» ў Магілёве Сяргея Кармызава абвінавачваюць у крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры, паведаміў 13 чэрвеня дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1».
Сяргей Кармызаў — удзельнік ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, былога кіраўніка «Белгазпрамбанку». Кармызава затрымалі 12 чэрвеня пасьля ператрусаў у галоўным офісе «Белгазпрамбанку» і шэрагу прыватных кампаній, у людзей, зьвязаных з Бабарыкам. Акрамя яго, затрымалі каардынатара ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі па Магілёўскай вобласьці Ўладзімера Дударава. Цалкам чытайце па спасылцы.
Ціханоўскага зьмясьцілі ў карцар
Як стала вядома праваабаронцам арганізацыі «Вясна», Сяргей Ціханоўскі цяпер знаходзіцца ў карцары ў сьледчым ізалятары №1 і прабудзе там да 19 чэрвеня. Пра гэта даведаліся, калі спрабавалі перадаць яму перадачу. Афіцыйная прычына пакараньня невядомая.
Сьвятлана Ціханоўская едзе ў турнэ па Беларусі, каб асабіста здаць подпісы
Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская зьбіраецца самастойна аб’ехаць усе рэгіёны Беларусі, каб здаць подпісы за сваё вылучэньне. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Страна для жизни».
Турнэ па краіне зьвязанае з адсутнасьцю каардынатараў ініцыятыўнай групы ў многіх раёнах Беларусі. Паводле закону, подпісы ў тэрытарыяльныя камісіі павінны здаваць менавіта яны. Некаторых каардынатараў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай затрымалі.
Арганізатара пікета Ціханоўскай абвінавачваюць у парушэньні грамадзкага парадку
Пастаўчаніну Андрэю Новікаву 12 чэрвеня прадʼявілі абвінавачаньне ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Паводле крымінальнага артыкула 342 яму пагражае да трох гадоў турмы
Міліцыя канфіскавала больш за 400 цішотак з надпісам ПСІХОЗ%
Супрацоўнікі Савецкага РАУС Менску 12 чэрвеня канфіскавалі ў кур‘ера крамы symbal.by Максіма Блізьнюковіча 419 цішотак з надпісам ПСІХОЗ%. Пра гэта паведаміў уладальнік крамы Павал Белавус у сваім Фэйсбуку.
Лукашэнка і ўлады ані разу не назвалі прозьвішча Бабарыкі, кажучы пра справу «Белгазпрамбанку»
У пятніцу, 12 красавіка, Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Сьледчага камітэту і афіцыйныя тэлеканалы паведамілі, што да справы «Белгазпрамбанку» датычны і былы кіраўнік. Але яго імя падчас гэтых выступаў не прагучала ані разу.
Расейскія акцыянэры назвалі незаконным прызначэньне в. а. старшыні ўправы «Белгазпрамбанку»
«Газпромбанк» і «Газпром», якія зьяўляюцца акцыянэрамі ААТ «Белгазпрамбанк» з долямі 49,818% кожны, заявілі пра незаконнасьць прызначэньня выканаўцы абавязкаў старшыні ўправы беларускага банку. Пра гэта расейскія кампаніі паведамляюць у супольнай заяве ў пятніцу.
Бабарыка пракамэнтаваў абвінавачаньні ў датычнасьці да крымінальных злачынстваў. ВІДЭА
Увечары 12 чэрвеня падчас жывой трансьляцыі патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Віктар Бабарыка пракамэнтаваў абвінавачаньні ў датычнасьці да крымінальных спраў, заведзеных Дзяржкантролем.
Ён заявіў, што перадаў сваім сябрам Дзьмітрыю і Віктару 100 тысяч даляраў і 100 тысяч эўра, а таксама аблігацыі на суму 200 тысяч эўра і 100 тысяч эўра, на выпадак непрадбачаных сытуацый, бо ён банкір і не захоўвае грошы ў адным кашы. Ён сказаў, што грошы задэкляраваныя, зь іх сплачаны падаходны падатак і ён зьбіраўся адлюстраваць іх у дэклярацыі ў выпадку рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнта.
Партыя БНФ заклікала Генпракуратуру і СК даць ацэнку «зьняважлівым ды пагрозьлівым» заявам Лукашэнкі
Разам з ігнараваньнем небясьпекі для людзей выбараў падчас пандэміі каранавірусу ўлады ігнаруюць «мінімальныя нормы права, маралі і прыстойнасьці», ужываючы гвалт у дачыненьні да апанэнтаў ад старту выбарчай кампаніі, гаворыцца ў заяве БНФ. У БНФ лічаць, што дзеяньні Лукашэнкі (якія, чытайце па спасылцы) «скіраваныя на распальваньне нянавісьці і варожасьці ў грамадзтве, запалохваньне выбарнікаў і ўсіх, хто выступае супраць цяперашняга аўтарытарнага рэжыму».
У сувязі з гэтым сойм Партыі БНФ заклікае Генпракуратуру і Сьледчы камітэт
- неадкладна прыняць захады дзеля забесьпячэньня законнасьці падчас правядзеньня выбарчай кампаніі,
- вызваліць затрыманых удзельнікаў выбарчай кампаніі ды спыніць іх крымінальны перасьлед,
- даць належную прававую ацэнку зьняважлівым ды пагрозьлівым выказваньням Аляксандра Лукашэнкі.
Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці Бабарыкі да злачынстваў
Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю 12 чэрвеня заявіў, што мае доказы датычнасьці былога старшыні праўленьня Белгазпрамбанку Віктара Бабарыкі да супрацьпраўнай дзейнасьці, піша БелТА.
«Не магу сабе ўявіць, што тое, што чынілася ў банку намесьнікамі, магло быць невядомым кіраўніку. Магу пацьвердзіць, што цяпер у нас ёсьць пераканаўчыя доказы ягонай датычнасьці да дадзенай супрацьпраўнай дзейнасьці», — сказаў старшыня КДК Іван Церцель.
На гэты момант затрыманыя 15 чалавек. Бальшыня затрыманых супрацоўнічаюць са сьледзтвам, даюць прызнальныя паказаньні.
«Апроч таго, яны выдаюць сродкі, якія, на іх думку, былі атрыманыя злачынным шляхам. Да прыкладу, учора намі падчас сьледчых мерапрыемстваў вынятыя больш за 4 мільёны даляраў, выяўленыя і забраныя каштоўныя паперы на суму звыш 500 тысяч даляраў, выяўленыя і далучаныя да матэрыялаў так званыя дыґіпасы (інструмэнт, які дазваляе кіраваць рахункамі ў замежных банках)», — сказаў Церцель. Цалкам чытайце па спасылцы.
«Нягоднік», «рыльца ў пушку», «адна шайка-лейка». Лукашэнка атакаваў Бабарыку, па справе «Белгазпрамбанку» затрымалі 15 чалавек
Па справе «Белгазпрамбанку» затрыманыя прыкладна 15 чалавек, заявіў Аляксандар Лукашэнка 12 чэрвеня падчас наведваньня Полацку, паведамляе БелТА.
«Што мяне ўразіла: гэты нягоднік, інакш не назаву: я, маўляў, ні пры чым, да мяне прэтэнзій ніхто ня мае, гэта яны там... — выказаўся Лукашэнка пра былога кіраўніка «Белгазпрамбанку», прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку. — Слухайце, яны ўсе былі ня толькі ў яго намесьнікамі. Гэта адна шайка-лейка. Мы гэта бачым з 2016 году. Мы гэта бачылі. Навошта ж ты на іх валіш сёньня? Ты быў кіраўніком, яны ў цябе намесьнікамі. І ўсё, што там тварылася, магло без кіраўніка адбывацца? Не». Усе заявы Лукашэнкі чытайце па спасылцы.
Цапкала: «Падзеі вакол кандыдатаў і іх прыхільнікаў расцэньваю як спробу ціску»
Справу супраць супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку» і зьняволеньне Сяргея Ціханоўскага Валер Цапкала «расцэньвае як спробу ціску».
«Але мы справімся і будзем ісьці далей, паколькі бачым, як шмат выдатных людзей, сапраўдных грамадзянаў і патрыётаў у нас вераць, — заяўляе Цапкала. — Вас жа, суайчыньнікаў, я прашу задумацца толькі пра адно.
Мы, прэтэндэнты на найвышэйшую пасаду, жылі і працавалі ў гэтай краіне, і ўсё ў нас было добра, ніякіх пытаньняў з боку органаў або праблемаў з законам не ўзьнікала, але як толькі мы вырашылі прапанаваць альтэрнатыўныя шляхі разьвіцьця Беларусі і паўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, так адразу знайшліся скрынкі з „кампраматам“ і пытаньні з боку праваахоўнікаў. Вось такое супадзеньне! Па-мойму, усё зразумела без камэнтароў». Цалкам чытайце тут.
Ціханоўскі на судзе ў Гомлі: «Уладу ў Беларусі захапіў дыктатар Лукашэнка»
Суд Гомельскай вобласьці 12 чэрвеня разгледзеў скаргу Сяргея Ціханоўскага на 15-суткавы арышт.
«Я сваю скаргу падтрымліваю, хачу дадаць, што ў нас у Беларусі дыктатар Лукашэнка захапіў усе галіны ўлады і забараняе грамадзянам выкарыстоўваць тыя правы, якія нам дае Канстытуцыя. Фабрыкуюцца крымінальныя справы, законы не выконваюцца, мяне судзяць, у нас дзейнічае сваволя. Гэта ня быў мітынг, гэта было інтэрвію, я задаваў пытаньні людзям паасобку, на камэру», — заявіў блогер на працэсе.
Судзьдзя Васіль Бягун пакінуў у сіле рашэньне суду Савецкага раёну аб 15-суткавым арышце Ціханоўскага. Цалкам чытайце па спасылцы.
Лукашэнка заявіў, што за яго сабралі паўтара мільёна подпісаў
Падчас паездкі ў Полацак 12 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што за яго вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты сабралі ўжо 1,5 мільёна подпісаў.
«Я калісьці, сустракаўшыся з кіраўніком сваёй ініцыятыўнай групы, папрасіў, каб мы працягвалі зьбіраць подпісы, хоць іх там ужо паўтара мільёна подпісаў сабрана, — казаў Лукашэнка. — Дзякуй людзям, якія падпісаліся. Я тады прасіў зьбіраць подпісы не таму, што нам чагосьці не хапае, там подпісаў. Мы атрымліваем агромісты масіў інфармацыі зьнізу пра тое, што адбываецца там, зьнізу». Цалкам чытайце па спасылцы.
Сайт Лукашэнкі напісаў, што яго на выбарах падтрымаў Сі Цьзіньпін. Кітайскае агенцтва пра гэта ня піша
Кіраўнікі Беларусі і Кітаю 11 чэрвеня правялі тэлефонную размову. Пра яе вынікі ў афіцыйных паведамленьнях у Менску і Пэкіне напісалі па-рознаму.
Другі тэкст не абвяргае першы. Але калі зь першага можна зрабіць выснову, што кіраўнік Кітаю падтрымлівае Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах, то з другога зразумела, што падтрымка тычыцца барацьбы з пандэміяй.
Ці дазволена крытыкаваць уладу? Казус Ганны Севярынец
Ганну Севярынец звальняюць з працы ў гімназіі. Наўрад ці гэта для кагосьці стала нечаканым. Хутчэй зьдзіўляе тое, што яе так доўга трывалі.
Але больш за ўсё тут адметная і паказальная матывацыя рашэньня дырэктара гімназіі. Тэзіс пра тое, што работнік дзяржаўнай, бюджэтнай установы ня мае права крытыкаваць уладу, — ідэя таталітарная, узятая з канцэпту карпарацыйнай дзяржавы, піша ў новым блогу аналітык Свабоды Валер Карбалевіч. Чытайце па спасылцы.
Што кажуць пра выбары, Лукашэнку і яго апанэнтаў вяскоўцы на Палесьсі. Фота, відэа
Бездарожжа. Два разы на тыдзень — аўтакрама. Тры разы на тыдзень — маршрутка ў «горад». Хуткай дапамозе трэба дабірацца да хворых 60 кілямэтраў. «Нас называюць індзейцамі, бо тут дзікі край», — сьмяюцца жыхары зарэчнай зоны Лоеўскага раёну.
Пра выбары яны ведаюць. Пра альтэрнатыўных кандыдатаў — нешта чулі. «Нам толькі аднаго кандыдата паказваюць», — кажуць вяскоўцы. Рэпартаж Свабоды з палескіх вёсак чытайце па спасылцы.
Праваабаронцы запатрабавалі ад уладаў спыніць ціск на ўдзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі
Праваабарончая супольнасьць Беларусі выступіла з заявай, у якой запатрабавала ад уладаў спыніць ціск і запалохваньне людзей у сувязі зь іх удзелам у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.
«Выбарчая кампанія ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі ад самага свайго пачатку праходзіць у атмасфэры страху, пагрозаў і запалохваньня. Ідуць затрыманьні і арышты актывістаў ініцыятыўных групаў вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты і простых выбарнікаў, якія ўдзельнічаюць у мірных пікетах», — кажуць у заяве праваабаронцы. Цалкам чытайце тут.