Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Затрымалі старшыню магілёўскай філіі «Белгазпрамбанку»

Раніцай 12 чэрвеня стала вядома пра затрыманьне Сяргея Кармызава — кіраўніка магілёўскай філіі «Белгазпрамбанку» і сябра ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Затрыманьне Свабодзе пацьвердзілі ў выбарчым штабе патэнцыйнага кандыдата.

У прыёмнай філіі «Белгазпрамбанку» ў Магілёве неафіцыйна пацьвердзілі, што ў іх ёсьць праблемы, але камэнтаваць нешта адмовіліся.

Раней у гэты ж дзень стала вядома пра затрыманьне Ўладзімера Дударава — каардынатара ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, былога кіраўніка «Белгазпрамбанку». У штабе Бабарыкі таксама паведамілі, што юрыдычная служба штабу знайшла адваката для затрыманага ўчора Дударава, і той прыступіў да парцы.

Затрымалі магілёўскага каардынатара ініцыятыўнай групы Бабарыкі, экс-намесьніка старшыні гарвыканкама

У Магілёве затрымалі каардынатара ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі па Магілёўскай вобласьці Ўладзімера Дударава. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў мясцовым выбарчым штабе Бабарыкі. Сьледчы камітэт пакуль не камэнтуе затрыманьне.

Уладзімер Дудараў да мінулага году працаваў намесьнікам старшыні Магілёўскага гарвыканкаму, курыраваў пытаньні будаўніцтва і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Летась сышоў з пасады.

Некалькі гадоў таму сілавікі ўжо мелі да яго пытаньні, калі ён перарабіў кватэру ў двухузроўневую. Справа дайшло да суду, рэгістрацыя нерухомасьці была прызнаная несапраўднай. Пасьля гэтага яго не турбавалі.

Хто яго затрымаў цяпер і зь якой прычыны, невядома. У Сьледчым камітэце карэспандэнту Свабоды адмовілі ў камэнтары пра затрыманьне.

У магілёўскім штабе Бабарыкі Свабодзе паведамілі, што Дудараў знаходзіцца ва Ўпраўленьні барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю, цяпер прадстаўнікі штабу едуць туды высьвятляць падрабязнасьці.

Нямецкі аналітык пра тое, чаму «прыціснулі» Бабарыку і Ціханоўскага

На пытаньні Радыё Свабода пра выбарчую кампанію ў Беларусі адказаў Ёрг Форбрыг, дырэктар па Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе нямецкага фонду Маршала.

Сьцісла:

  • Ні афіцыйныя заявы, ні падрыхтоўка пакуль што ня сьведчаць пра тое, што гэтыя выбары будуць менш сфальшаваныя, чым у мінулым. Аднак ёсьць адрозьненьне ў іх кантэксьце і атмасфэры.
  • Іронія ў тым, што калі падтрымка Лукашэнкі ўнутры Беларусі пачала слабець, яна ўзмацнілася сярод краін Захаду.
  • Крэмль ведае, што якім бы складаным і дарагім саюзьнікам ні быў Лукашэнка, ён найлепшы варыянт для Расеі, каб прадухіліць любыя дэмакратычныя зьмены і рэарыентацыю Беларусі ў бок Эўропы.
  • Рост эканамічных праблем наўрад ці памяняе хаду будучых выбараў.
  • Вылучэньне Бабарыкі і Цапкалы — пакуль што самы ясны знак таго, што прынамсі некаторыя часткі беларускіх кіраўнічых колаў робяцца незадаволенымі.
  • Калі дзяржава ня здолела знайсьці адказу на пандэмію, грамадзянская супольнасьць мабілізоўвала людзей і рэсурсы і паказала выдатную здольнасьць дзейнічаць.
  • Рэжым Лукашэнкі зразумеў зь мінулага, што масіўны паліцэйскі гвалт у дзень выбараў можа выклікаць жорсткі адказ Захаду. Таму рэжым спрабуе здушыць выклікі ў зародку.

Бабарыка: Было б вельмі прыемна, каб за мяжой нас пазнавалі па беларускай мове

Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, былы старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка ў онлайн-інтэрвію на партале Tut.by выказаўся за раўнапраўнае вывучэньне ў Беларусі трох моваў — беларускай, расейскай і ангельскай.

«Я мару, каб большая частка беларусаў размаўляла як мінімум на трох мовах, — сказаў ён. — З майго пункту гледжаньня, самае правільнае — пабудова сыстэмы адукацыі, дзе тры мовы ў роўнай ступені пачынаюць ўводзіцца зь першай клясы. Трэба рыхтаваць выкладчыцкі склад, ўзмацняць яго».​

Ганьне Севярынец не працягнулі кантракт у гімназіі. За верш пра Колю

Ганна Севярынец працуе ў Смалявіцкай раённай гімназіі, выкладае беларускую і расейскую мову і літаратуру. Кажа, што дачыненьні з кіраўніцтвам заўсёды былі добрыя.

«Як дырэктар навучальнай установы я прымаю рашэньне, працягваць ці не працягваць кантракт, — адказаў Радыё Свабода дырэктар Смалявіцкай раённай гімназіі Дзяніс Дубаневіч на просьбу пракамэнтаваць сытуацыю з Ганнай Севярынец. — Больш нічога на гэты конт камэнтаваць ня буду».

Верш Ганны Севярынец «А я за вас не галасавала ніколі» быў апублікаваны на сайце Радыё Свабода 6 чэрвеня.

Ператрусамі па прэтэндэнтах на прэзыдэнцтва

Ці выведуць крымінальныя справы і ператрусы з выбарчай кампаніі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу? Ці будуць яны зарэгістраваныя? Які плян уладаў адносна гэтых прэтэндэнтаў? Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Дзьмітры Гурневіч, Юры Дракахруст і Сьвятлана Калінкіна.

Правяраем, наколькі лёгка знайсьці месца, дзе зьбіраюць подпісы за Лукашэнку

Вясковец сьцьвярджае, што за падтрымку Ціханоўскіх яго пільнуе міліцыя, пагражаюць забраць дзяцей

Сяргей Маслаў жыве ў вёсцы Вазьнясенск пад Чачэрскам Гомельскай вобласьці. У сям’і чацьвёра дзяцей, малодшая дачка мае інваліднасьць. За ўдзел у акцыі падтрымкі Ціханоўскага ў Гомлі вясковец адбыў 15 сутак. Цяпер па выходных ня можа выбрацца з хаты, каб паставіць подпіс у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай.

«За мной палюе міліцыя. Дом па нядзелях, калі ў Гомлі праходзіць збор подпісаў, — у аблозе. Мяне затрымліваюць, міліцыянты ходзяць з маім здымкам па суседняй вёсцы і пытаюцца — ці бачылі мяне», — расказаў Свабодзе Сяргей Маслаў. Ён сьцьвярджае, што за падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага яму нават пагражаюць забраць дзяцей. Чытайце гісторыю Сяргея Маслава па спасылцы.

«Могуць пагражаць ёй, мужу, шантажаваць дзецьмі і нават лёсам адваката», — Ірына Халіп пра Сьвятлану Ціханоўскую

Журналістка «Новой газеты», жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Ірына Халіп прапануе з паразуменьнем паставіцца да рашэньня Сьвятланы Ціханоўскай часова прыпыніць збор подпісаў у Менску і абласных гарадах.

На думку Ірыны Халіп, на рашэньні Сьвятланы Ціханоўскай маглі паўплываць спэцслужбы, «почырк» якіх журналістка зазнала падчас выбарчай кампаніі 2010 году і за тыя месяцы 2011 году, што прабыла ў СІЗА КДБ і пад хатнім арыштам. Чытайце інтэрвію з Ірынай Халіп па спасылцы.

«Я кароў вяду, а за мной сочаць». Як зьбіраюць подпісы Ганцэвіч, Дзьмітрыеў, Чэрачань, Таболіч

Як справы са зборам подпісаў у прэтэндэнтаў у кандыдаты, пра якіх радзей пішуць СМІ: фэрмэра Юрыя Ганцэвіча, лідэра «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева, старшыні БСДГ Сяргея Чэрачня, музыкі Алеся Таболіча? Як ідуць іх кампаніі і на што яны спадзяюцца? Чытайце ў матэрыяле Свабоды па спасылцы.

«Альбо мы зробім нашу рэвалюцыю надзеі мірна, без крыві, альбо „Чаўшэску“» — вялікае інтэрвію зь Віктарам Бабарыкам

Віктар Бабарыка верыць, што яго зарэгіструюць кандыдатам на прэзыдэнта, верыць у сумленныя выбары і сумленны падлік галасоў. Абараняць свае гонар і годнасьць ня будзе — да яго «не прыліпае». Не заклікае на плошчу, але дакладна будзе з народам. Ён за мірную рэвалюцыю надзеі, але ўзгадвае лёс кіраўніка Румыніі Чаўшэску, якога расстралялі пасьля трыбуналу.

Былы банкір даў вялікае інтэрвію Свабодзе за некалькі гадзін да таго, як КДК абвясьціў, што супраць былых і дзейных супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку» заведзеныя крымінальныя справы па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў. Чытайце па спасылцы.

Што вядома пра «Белгазпрамбанк» і прыватныя кампаніі, дзе адбыліся ператрусы

З раніцы 11 чэрвеня да «Белгазпрамбанку» прыехалі 50 чалавек у масках, там пачаўся ператрус. У дачыненьні да былых і цяперашніх кіраўнікоў завялі крымінальную справу па двух артыкулах: ухіленьне ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры; легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры.

«Белгазпрамбанкам» на працягу 20 гадоў кіраваў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка. Па стане на 15 гадзін 11 чэрвеня ён не зьяўляецца фігурантам крымінальнай справы. Глядзім, што вядома пра «Белгазпрамбанк» і прыватныя кампаніі, у якіх адбыліся ператрусы. Чытайце ў матэрыяле па спасылцы.

«Мітатворчасьць» ці не? Што Бабарыка казаў пра рэпрэсіі раней і сёньня

На прэс-канфэрэнцыі 20 траўня прэтэндэнт у прэзыдэнты Віктар Бабарыка назваў «мітатворчасьцю» масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, але пасьля заявіў, што трэба было дакладней фармуляваць пытаньне.

На прэс-канфэрэнцыі 11 чэрвеня ён пагадзіўся з тым, што паводле аднаго азначэньня, якое ён не прымае, рэпрэсіі ў Беларусі адбываюцца. Карэспандэнт БелаПАН спытаў Бабарыку, ці гатовы ён абараніць чальцоў сваёй каманды ў выпадку масавых рэпрэсіяў. Што адказаў Бабарыка, чытайце ў матэрыяле па спасылцы.

Колькі кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі траплялі ў турму?

Свабода прыгадала, хто з зарэгістраваных кандыдатаў у прэзыдэнты трапляў у турму за сваю палітычную дзейнасьць.

Траціна кандыдатаў сядзела ў турме. Разам ім прысудзілі столькі гадоў, колькі Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе. З 21 кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі, якія выстаўлялі свае кандыдатуры на выбары пасьля зьмены Канстытуцыі ў 1996 годзе, сямёра апынуліся за кратамі. Агулам на ўсіх ім прысудзілі 26 гадоў зьняволеньня.

Чытайце матэрыял цалкам і глядзіце інфаграфіку па спасылцы.

Пачатак брутальнай спэцапэрацыі супраць асноўных апанэнтаў

Звычайна ў Беларусі кандыдатаў у прэзыдэнты садзілі за краты пасьля выбараў. Сёлета, мяркуючы па ўсім, традыцыя можа быць парушана: яны могуць там апынуцца яшчэ да выбараў, разважае з новым блогу аналітык Свабоды Валер Карбалевіч. Чытайце па спасылцы.

«Лукашэнку цяпер вельмі страшна». Што пішуць ва Ўкраіне пра выбары ў Беларусі

Запуск БелАЭС, асаблівая мадэль барацьбы беларускіх уладаў з пашырэньнем каранавірусу, нечакана актыўная прэзыдэнцкая кампанія і зьмена ўраду напярэдадні выбараў — гэтыя тэмы найчасьцей сёньня абмяркоўваюцца ва ўкраінскіх СМІ.

У той жа час украінскія журналісты і аналітыкі пакуль не ацэньваюць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі з пункту гледжаньня іхнай будучай палітыкі ў кантэксьце ўкраінска-расейскага канфлікту. Найчасьцей яны аналізуюць шанцы Аляксандра Лукашэнкі ўтрымаць уладу на наступныя пяць гадоў. Падрабязны агляд украінскай прэсы чытайце па спасылцы.

Бабарыка дае прэс-канфэрэнцыю пасьля ператрусу ў «Белгазпрамбанку». УЖЫВУЮ

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты і былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка днём 11 чэрвеня склікаў тэрміновую прэс-канфэрэнцыю ў сувязі з крымінальнай справай, якую распачалі супраць былых і дзейных супрацоўнікаў ягонага былога банку. Свабода вядзе жывую трансьляцыю.

«Прамога кампрамату на мяне няма»,— Бабарыка заявіў пра цынізм дзеньняў уладаў

Каманда Віктара Бабарыкі перад прэсавай канфэрэнцыяй правяла кароткі стрым са свайго штабу, які знаходзіцца на вуліцы Харужай у Менску. У гэты час у Белгазпрамбанку і іншых кампаніях, зьвязаных зь яго сябрамі, праходзяць ператрусы.

«Сёньня пачалі адбывацца дзеяньні, якія паказваюць з поўнай яснасьцю, што прадстаўнікі сёньняшняй улады рэальна гатовыя выкарыстоўваць любыя сродкі для недапушчэньня ў нашай краіне сумленных выбараў. Увесь цынізм гэтых дзеяньняў палягае ў тым, што яны накіраваныя не на мяне, яны накіраваныя на маіх сяброў, на людзей, зь якімі я працаваў. Чаму гэта зроблена? Таму што прамога кампрамату на мяне няма, і ёсьць вялікая надзея, што людзей запужаюць, прымусяць гаварыць няпраўду, агаворваць сябе і іншых людзей», — заявіў Бабарыка падчас стрыму. Цалкам чытайце па спасылцы.

Натальля Кісель пракамэнтавала заяву кіраўніка сваёй ініцыятыўнай групы пра незаконны збор 100 тысяч подпісаў

Прэтэндэнтка ў кандыдаты на прэзыдэнты Натальля Кісель паведаміла Свабодзе, што яна ня ведае пра парушэньні ў зборы подпісаў, у якіх прызнаўся кіраўнік ейнай ініцыятыўнай групы Сяргей Штода.

“У мяне ёсьць справаздачы, ёсьць справаздачы ў “Вайбэры”, прысланыя каардынатарамі. Гэты скрыншот выкладзены на маёй асабістай старонцы ў “Фэйсбуку” ў адкрытым доступе, пра тое, якую справаздачу далі людзі, колькі было сабрана ў якіх рэгіёнах. Там 108 тысяч. Пра парушэньні ў зборы подпісаў у мяне ніякіх фактаў няма, няма пацьвярджэньня парушэньням, пра якія пачалі гаварыць СМІ», — сказала Свабодзе Натальля Кісель. Цалкам чытайце па спасылцы.

«Кентаўр», «Кампары», «ПрыватЛізінг». У Менску прайшлі ператрусы ў прыватных кампаніях

У менскіх офісах страхавой кампаніі «Кентаўр» і вытворцы сродкаў гігіены «Кампары» прайшлі ператрусы, паведамляе Tut.by.

Ператрус праводзяць супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.

У офісе «Кентаўра» на момант публікацыі (13.16) пацьвердзілі, што «ператрус ідзе проста цяпер».

У офісе кампаніі «Кампары» таксама вобшук. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў дырэктар Анатоль Булава, ён уваходзіць у ініцыятыўную групу прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі.

Раней супрацоўнікі ДФР прыйшлі зь ператрусам у галаўны офіс «Белгазпрамбанку», якім да таго 20 гадоў кіраваў Бабарыка.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG