Ператрус у «Белгазпрамбанку» прыехалі рабіць на машынах без нумароў. ФОТА
На ператрусы 11 чэрвеня Цапкала адказаў твітам з цытатай Гандзі
Навіну пра ператрусы ў офісе «Белгазпрамбанку» і людзей з атачэньня экс-кіраўніка гэтай фінансавай установы Віктара Бабарыкі іншы прэтэндэнт у прэзыдэнты Валер Цапкала пракамэнтаваў цытатай індыйскага дзеяча Махатмы Гандзі.
«Спачатку яны цябе не заўважаюць, сьмяюцца зь цябе, змагаюцца з табой. А потым ты перамагаеш», — працытаваў ён ў Твітэры аднаго з кіраўнікоў і ідэолягаў нацыянальна-вызвольнага руху Індыі. Цалкам чытайце па спасылцы.
Сьледчы камітэт: пад вартай застаюцца 10 удзельнікаў горадзенскага пікету Ціханоўскай
Цэнтральны апарат Сьледчага камітэту працягвае расьсьледаваць крымінальную справу, заведзеную паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу па факце ўжываньня гвалту да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у Горадні.
Крымінальную справу перакваліфікавалі ў ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Крымінальнага кодэксу. Прад’яўлена абвінавачванне і выбрана мера стрыманьня ў дачыненьні да 10 асобаў, удакладніў Іван Наскевіч.
«Выйшла з унутранай эміграцыі». Чаму жанчыны ідуць да Бабарыкі
Сёлетняя выбарчая кампанія адметная актыўным удзелам у ёй людзей, якія шмат гадоў ігнаравалі палітычную дзейнасьць. Свой выбар тлумачаць актыўныя жанчыны, якія ўпершыню ў жыцьці ўвайшлі ў ініцыятыўную групу і цяпер зьбіраюць подпісы за Віктара Бабарыку — псыхоляг Вольга Андрэева і доктарка Эмілія Мезіна. Удзел жанчын у выбарах-2020 аналізуе гендэрная экспэртка Юлія Міцкевіч.
Артыкул чытайце па спасылцы. Цалкам дыскусію глядзіце на відэа:
«Галасаваў за яго, бо думаў, што за мной сочаць». Былы чыноўнік Менгарвыканкаму расказаў пра атмасфэру працы дзяржслужбоўцаў
Былы супрацоўнік Менгарвыканкаму Яўген Кедрун напісаў адкрыты зварот да дзяржаўных службоўцаў. У ім ён заклікаў былых калегаў перастаць баяцца і слухаць сваё сумленьне. Пра тое, чаго і чаму баяўся на дзяржаўнай службе сам Кедрун, ён расказаў у інтэрвію Свабодзе.
У 2010 годзе Яўген Кедрун пачаў працаваць у аддзеле пратаколу замежных сувязяў Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту. Пасьля трох гадоў працы звольніўся, маючы 7-ю клясу дзяржаўнага службоўца. Спачатку працаваў у IT-індустрыі, пяць гадоў таму паехаў працаваць у ЗША.
У панядзелак у сваім Фэйсбуку ён апублікаваў зварот да дзяржаўных службоўцаў Беларусі. Кедрун распавёў пра атмасфэру страху сярод чыноўнікаў, цкаваньне і прымус з боку начальства. Ён заклікаў былых калегаў запісваць усе супрацьпраўныя крокі, якія іх прымушаюць рабіць, і выкладаць відэа або аўдыё ў Інтэрнэт.
Цытаты са звароту:
- «Самае горшае што зможа адбыцца — вы страціце сваю нізкааплачваную працу».
- «Мне таксама было страшна, я сыходзіў у невядомасьць, але маё жыцьцё зьмянілася ў лепшы бок — зможа і ваша!»
- «Паверце, просты беларускі народ вас падтрымае і не пакіне на вуліцы. Не бойцеся артыкулу ў працоўнай кніжцы — ён ня стане перашкодай для працаўладкаваньня ў прыватным бізнэсе, а хутчэй наадварот».
- «Паглядзіце на мэдыкаў — падчас вірусу яны сталі героямі! Не дзяржава, а менавіта простыя людзі гатуюць ім абеды, дапамагаюць сродкамі абароны і грашыма».
- «Вы таксама зможаце стаць героем сваёй краіны — проста перастаньце баяцца і слухайце сваё сумленьне!».
На супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку» завялі крымінальную справу. Бабарыку не падазраюць
Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Беларусі пацьвердзіў Свабодзе, што ў дачыненьні да былых і цяперашніх супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку», якім кіраваў прэтэндэнт на выбарах прэзыдэнта Віктар Бабарыка, завялі крымінальную справу.
Ахоўнік гаоўнага офісу «Белгазпрамбанку» пацьвердзіў, што там ідзе ператрус: кажа, зранку прыехалі каля 50 чалавек у масках. Паводле Tut.by, ператрус праходзіць таксама ў кампаніі «ПрыватЛізінг» — там каля 10 супрацоўнікаў ДФР.
Фігуранты справы — прадстаўнікі камэрцыйных структур, а таксама былыя і цяперашнія супрацоўнікі банку. Але, як сказалі ў ДФР, былы кіраўнік банку і патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка цяпер ня мае працэсуальнага статусу ў гэтай справе.
«ДФР завёў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 243 (ухіленьне ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры) і паводле ч. 2 арт. 235 (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйных памерах). Цяпер праводзяцца неадкладныя сьледчыя дзеяньні. Дадатковая інфармацыя будзе дадзеная пазьней», — паведамілі Свабодзе ў дэпартамэнце.
Крымінальны кодэкс прадугледжвае пакараньне паводле гэтых артыкулаў да 7 гадоў зьняволеньня.
«Без камэнтароў», — адказалі на запыт Радыё Свабода ў прэсавай службе «Белгазпрамбанку».
«Гэта ціск на мяне». Бабарыка адрэагаваў на ператрус у «Белгазпрамбанку»
У галаўны офіс «Белгазпрамбанку» прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьследаваньняў.
«Людзі ў масках, у якіх на форме напісана ДФР, — так, яны ёсьць, — сказаў парталу Tut.by начальнік аддзелу спэцпраектаў, дабрачыннай і спонсарскай дапамогі Сяргей Прыёмка.
Да дома Валера Цапкалы прыходзіў Дзяржкантроль. Ператрусу не было
Каля менскага дома патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, былога кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў Валера Цапкалы 10 чэрвеня заўважылі прадстаўнікоў Дзяржкантролю, піша Tut.by.
Прадстаўнік штабу расказаў выданьню, што некалькі супрацоўнікаў Камітэту дзяржаўнага кантролю цяпер знаходзяцца каля дома, але «ператрус яшчэ не пачаўся». Сам Цапкала быў на прабежцы, калі прыйшлі прадстаўнікі Дзяржкантролю, а дзе ён цяпер, у штабе ня ведаюць.
Прэсавая служба Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў пакуль недасяжная для камэнтароў. Прэс-сакратар Дзяржкантролю Кірыл Данілаў заявіў Tut.by, што нібыта ня мае інфармацыі пра сваіх супрацоўнікаў ля дома Цапкалы.
Абноўлена, 11.42: Прэсавы сакратар Валера Цапкалы Аляксей Урбан паведаміў Свабодзе, што ля дома Цапкалы ўсё спакойна, ужо нікога з супрацоўнікаў ДФР няма, ператрусу не было.
Раней Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што мае «кампрамат» на Цапкалу:
«Ён, праўда, хітруе. Ня кажа, чаму яго прэзыдэнт звольніў. Але гэта вы ў яго спытайце, чаму я яго звольніў. Хай шчыра раскажа. І яму потым не захочацца ісьці на выбары. Але ён шчыра ня скажа. Трэба — скажам, але мы ня хочам займацца гэтым кампраматам», — сказаў Лукашэнка.
Цапкала пазьней заявіў, што Лукашэнка яго звольніў за тое, што ён выступіў супраць пасадкі Віктара Пракапені і іншых бізнэсоўцаў.
Сьледчы камітэт: пад вартай застаюцца 10 удзельнікаў горадзенскага пікету
Цэнтральны апарат Сьледчага камітэту працягвае расьсьледаваць крымінальную справу, заведзеную паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу па факце ўжываньня гвалту да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у Горадні.
Крымінальную справу перакваліфікавалі ў ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Крымінальнага кодэксу. Прад’яўлена абвінавачванне і выбрана мера стрыманьня ў дачыненьні да 10 асобаў, удакладніў Іван Наскевіч.
Ён таксама расказаў, што ідзе плянавая праца ў фіксацыі супрацьпраўных дзеяньняў, зборы доказаў.
«Колькі чалавек у канчатковым выніку будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці, я пакуль не скажу. Магчыма, іх будзе больш, магчыма, менш, — цытуе яго БелТА. — Расьсьледаваньне паказвае, што ў ініцыятыўнай групе, фігуранты якой у тым ліку прыцягваюцца да крымінальнай адказнасьці, было каля паўсотні судзімых асобаў, больш за дзясятак — неаднаразова. Практычна ўсе зь іх і ёсьць фігурантамі крымінальнай справы».
Ціханоўская прыпыніла збор подпісаў у Менску і абласных цэнтрах, асьцерагаючыся правакацый і затрыманьняў
Як тлумачыць Сьвятлана Ціханоўская, гэта зьвязана з затрыманьнем чальцоў ініцыятыўнай групы (за кратамі ў тым ліку кіраўнік групы і ейны муж, блогер Сяргей Ціханоўскі) і правакацыямі на пікетах.
«У гэтыя дні я баюся рознага кшталту правакацыяў супраць вас, — кажа Ціханоўская пра 12, 13 і 14 чэрвеня. — І паверце, ніводзін сабраны подпіс ня варты таго, каб пацярпелі вы і вашыя сем’і».
Ціханоўская паабяцала працягнуць збор подпісаў у меншых гарадах і здаць столькі подпісаў, колькі зьбяруць.
Блогер Аляксандар Кабанаў, прэс-сакратар групы Ціханоўскай, пацьвердзіў Свабодзе, што зьбіраць подпісы ў Менску і абласных гарадах на пікетах ня будуць да канца тыдня, бо асьцерагаюцца правакацыяў. Ён кажа, што пра пагрозы сабе і непасрэдна Сьвятлане нічога ня ведае.
«Больш увагі ўдзелім рэгіёнам, там бясьпечней», — дадае ён.
Колькі дакладна сабралі подпісаў за вылучэньне Ціханоўскай, Кабанаў цяпер ня можа сказаць, ідзе падлік, але ён мяркуе, што 100 тысяч ужо мусіць быць.
Зборшчыка подпісаў за Ціханоўскую зьмясьцілі на карантын
Зборшчыка подпісаў з ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандра Мілюка зьмясьцілі на карантын як кантакт 1 узроўню ад 8 чэрвеня. Цяпер прадстаўнік ініцыятыўнай групы ня можа зьбіраць подпісы. Пра гэта Свабодзе расказаў актывіст Дзяніс Рудзевіч.
У Менску затрымалі актывістаў «Эўрапейскай Беларусі»
Каля 17 гадзіны ў Першамайскім раёне Менску амапаўцы затрымалі чатырох актывістаў «Эўрапейскай Беларусі», паведаміў тэлеграм-канал грамадзянскай кампаніі. Гэта Міхаіл Бандарэнка, Артур Клімовіч, Арцём Чарняк і Дзьмітрый Казлоў (блогер Шэры кот).
У Telegram-канале «Эўрапейскай Беларусі» зьявіўся здымак плякатаў, зроблены насупраць будынка суду Першамайскага раёну. Аўтары плякатаў патрабуюць свабоды для актывістаў, якія адбываюць адміністрацыйны арышт у ізалятары на Акрэсьціна і ў СІЗА на Валадарскага. На адным з плякатаў напісана «Свабоду ўсім палітычным зьняволеным» і «Стоптаракан». Падрабязнасьці па спасылцы.
Ярмошына расказала пра шантаж пры зборы подпісаў за альтэрнатыўнага кандыдата
На адным з прадпрыемстваў нібыта пагражалі нявыплатай заробку за адмову ставіць подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата. Пра гэта заявіла журналістам старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, піша БелТА.
«У Цэнтральную камісію па фактах звальненьня не зьвярталіся. Тым не менш мы днямі атрымалі ананімную заяву, яна тычылася альтэрнатыўнага кандыдата. Работнікі прыватнага прадпрыемства сказалі, што сябра ініцыятыўнай групы, яна ж галоўны бухгалтар і жонка ўладальніка прадпрыемства, адназначна заявіла, што калі подпісы не будуць пастаўлены, то яны не атрымаюць заробак», – паведаміла Лідзія Ярмошына.
За месяц беларускіх актывістаў пакаралі арыштамі больш як на 1000 сутак
Праваабарончы цэнтар «Вясна» агучыў агульныя лічбы «сутак» і штрафаў, якімі пакаралі актывістаў з 6 траўня да 9 чэрвеня. Паводле стану на 10 чэрвеня, у Беларусі з 6 траўня:
- 90 чалавек атрымалі агулам 1093 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага перасьледу.
- 102 чалавекі атрымалі штрафы агульным памерам каля 86 000 рублёў.
На актывістаў працягваюць складаць пратаколы і судзіць за выказваньне свайго меркаваньня ці нават проста за прысутнасьць на мірных акцыях і пікетах па зборы подпісаў, адзначаюць праваабаронцы.
Не назіраю супастаўнага з Лукашэнкам прэтэндэнта — украінскі палітоляг
Як выглядае беларуская выбарчая кампанія з Кіеву? Ці не раздражняюцца ва Ўкраіне няспыннымі спасылкамі Лукашэнкі на «жахі» Майдану? Які вынік беларускіх выбараў будзе адпавядаць нацыянальным інтарэсам Украіны? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да ўкраінскага палітоляга, дырэктара Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўгена Магды. Чытайце інтэрвію па спасылцы.
«У шоку, што людзей за сустрэчы адпраўляюць на суткі». Што казаў Ціханоўскі сёньня ў судзе
10 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе прайшло судовае паседжаньне па апэляцыйнай скарзе блогера Сяргея Ціханоўскага, якую ён падаў яшчэ ў траўні, калі яму далі чарговыя 15 сутак арышту, паведамляе Tut.by.
Ціханоўскі падчас суду абурыўся тым, што за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве асудзілі ня толькі яго, але і тых, хто хацеў зь ім сустрэцца. «Ім цікавы я як мэдыйная асоба, але я ў шоку, што гэтых людзей цяпер асуджаюць, даюць ім суткі. Лічу, усё гэта робіцца выключна з палітычных матываў. Адбываецца запалохваньне людзей», — заявіў блогер. Цалкам чытайце па спасылцы.
У Горадні прайшоў пікет за Лукашэнку. Пасьля яго затрымалі журналістаў «Белсата»
Пікет для збору подпісаў за прэтэндэнта ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку пачаў працаваць у цэнтры Горадні на Савецкай вуліцы 10 чэрвеня. Раней вулічных пікетаў за Лукашэнку у горадзе ня бачылі. Пікет пад чырвона-зялёнымі дзяржаўнымі сьцягамі прайшоў пры падтрымцы «Белай Русі», БРСМ, Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Пасьля пікету каля 19-й гадзіны восем чалавек у цывільным затрымалі журналістаў «Белсата» Сяргея Кавалёва і Зьмітра Міцкевіча, якія перад гэтым вялі стрым з збору подпісаў. Глядзіце фота з пікету па спасылцы.
Лукашэнка трэці раз з пачатку лета згадаў пра Майдан. Кажа, «ня будзе»
Аляксандар Лукашэнка 10 чэрвеня на нарадзе з удзелам кіраўніка сваёй адміністрацыі Ігара Сергеенкі, старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай і кіраўніка спраў прэзыдэнта Віктара Шэймана папрасіў старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну даць справаздачу «аб тым, што адбываецца».
«Я ўсё бачу, — перадае БелТА словы Лукашэнкі, адрасаваныя Ярмошынай. — Галоўнае, вы не хвалюйцеся. У патрэбны час у патрэбным месцы мы прывядзем усіх у пачуцьці. Перавароту ў краіне ня будзе. Майдану — тым больш».
Падобную заяву Лукашэка рабіў 1 чэрвеня, калі прыняў з дакладам старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка, і 4 чэрвеня, паабяцаўшы «нагадаць», як расстрэльвалі дэманстрантаў ва Ўзбэкістане. Цалкам чытайце па спасылцы.
«Паглядзела яго ролік, падумала — клясны чувак!» Актывісткі кампаніі Ціханоўскіх расказваюць пра сябе
9 чэрвеня Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ 8 яго паплечнікам прад’явілі афіцыйныя абвінавачваньні. Яшчэ прыкладна столькі ж сяброў ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай цяпер адбываюць адміністратыўны арышт.
Збор подпісаў за вылучэньне Ціханоўскай працягваецца па ўсёй краіне. Толькі ў Менску выстаўлена больш за дзесяць пікетаў. Свабода паразмаўляла з трыма шараговымі актывісткамі кампаніі Ціханоўскіх і даведалася, чаму яны не спыняюцца. Тры гісторыі жанчын, якія ўпершыню ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі апазыцыйнага ўладам кандыдата, чытайце па спасылцы.
Лукашэнка заявіў, што за адмову падпісацца за апазыцыянэраў звальняюць з працы
«У апошні час, упэўнены і вам гэтак жа, як і мне, паступаюць скаргі ад людзей па ходзе так званай гэтай выбарчай кампаніі, — заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас нарады 10 чэрвеня. — Што мяне абурае асабліва — у Менску, іншых гарадах, гэта характэрна для гарадоў, прыватныя кампаніі звальняюць людзей. Пры тым, баюся сказаць масава, але досыць шмат. Я наконт гэтага адпаведную заяву ўжо рабіў. Мала таго, звальняюць людзей. Тых, хто не аддаў подпіс за альтэрнатыўных так званых кандыдатаў: ты там за Пятрова, Сідарава ня расьпісаўся — сыходзь». Цалкам чытайце па спасылцы.