Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

«Хто заслужыў — аддзячылі, астатнім паціснулі руку». Група Натальлі Кісель завяршыла збор подпісаў

Прэтэндэнтка на прэзыдэнцкую пасаду, прадпрымальніца Натальля Кісель сабрала больш за 108 тысяч подпісаў, паведаміў Свабодзе кіраўнік яе ініцыятыўнай групы Сяргей Штода. На гэтым кампанія збору подпісаў спыняецца, удакладніў ён.

«Няма сэнсу траціць нэрвы, час і сродкі», — патлумачыў рашэньне Сяргей Штода, старшыня каардынацыйнай рады Асацыяцыі грузаперавозчыкаў «Рэгіён 8». Цалкам чытайце па спасылцы.

Любы сур’ёзны кандыдат на гэтых выбарах будзе дамагацца падтрымкі з боку Расеі, — палітоляг

Кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі заяўляе, што цяпер стварыліся спрыяльныя геапалітычныя ўмовы для ўмяшаньня Расеі ў беларускія выбары, адказвае на пытаньне, ці не зьяўляецца «пагроза Расеі» страшылкай улады, і заяўляе, што калі гэтая прэзыдэнцкая кампанія пойдзе паводле жорсткага сцэнару, то гэта будзе азначаць крызіс вонкавай легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі. Чытайце інтэрвію па спасылцы.

«Зьмены ў Беларусі не наступяць цяпер», — Дэйвід Марплз

Прафэсар гісторыі Дэйвід Марплз — спэцыяліст у пытаньнях Беларусі, Украіны і Малдовы, працуе ва Ўнівэрсытэце Альбэрты ў Эдмантане. Свабода пагаварыла з канадзкім палітолягам пра чаканьні ад беларускай выбарчай кампаніі.

Сьцісла:

  • Вынік выбараў-2020 «прадвызначаны».
  • Сьвятлана Ціханоўская не ўяўляе сур’ёзнай пагрозы для Лукашэнкі.
  • «Слабы Лукашэнка» як прэзыдэнт у Менску больш прымальны для Масквы, чым «непрадказальны» Бабарыка.
  • Маштаб вулічнай актыўнасьці беларусаў пакуль не ўяўляе сур’ёзнай пагрозы для Лукашэнкі.
  • Захад наўрад ці рэзка адрэагуе на чарговую «элегантную перамогу» Лукашэнкі, калі ў кампаніі ня будзе сьмяротных ахвяраў.

Чытаць цалкам >>

Партыя «Справядлівы сьвет» заявіла, што Лукашэнка даў устаноўку фальсыфікаваць вынікі выбараў

Партыя левых «Справядлівы сьвет», былая Партыя камуністаў Беларусі, заклікала праваахоўныя органы строга прытрымлівацца закону і адмовіцца ад правакацый і сілавых дзеяньняў у дачыненьні да людзей, якія заяўляюць пра сваю «грамадзянскую пазыцыю законнымі сродкамі ў ходзе мірных акцый».​

У звароце да чальцоў выбарчых камісій усіх узроўняў «Справядлівы сьвет» ад імя свайго лідэра Сяргея Калякіна заклікала, «нягледзячы на ціск вэртыкалі ўлады», адкрыта і сумленна падлічыць галасы выбарнікаў, бо любыя фальсыфікацыі зьяўляюцца крымінальным злачынствам.

Партыя таксама зьвярнулася да грамадзян з просьбай фіксаваць усе факты парушэньня закону прадстаўнікамі ўлады і зьвяртацца ў сродкі масавай інфармацыі, выбарчыя камісіі і органы пракуратуры.

Канапацкая заявіла, што сабрала 100 тысяч подпісаў за вылучэньне кандыдаткай у прэзыдэнты. Хто яшчэ?

«Вялікая падзяка сябрам маёй ініцыятыўнай группы і майго штабу, — піша Ганна Канапацкая, якая называе сябе «адзіным апазыцыйным прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта». — Асобная падзяка кіраўніцтву апазыцыйных партый и рухаў за падтрымку. Бяз вашай дапамогі было б цяжка. Толькі разам мы зможам адстаяць нашу незалежнасьць ад крамлёўскай агрэсіі і гібрыднага аншлюсу. Жыве Беларусь!»

Якія партыі і рухі падтрымалі Канапацкую, яна не ўдакладніла. Раней партыі і рухі, якія ладзілі праймэрыз па вылучэньні «адзінага кандыдата», адхілілі Канапацкую ад удзелу, бо «публічная дзейнасьць і выказваньні Канапацкай не былі накіраваныя на ўмацаваньне даверу».

Раней пра збор звыш 100 тысяч подпісаў абвясьцілі ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Мяркуючы па ранейшых заявах, неўзабаве могуць заявіць пра збор 100 тысяч групы Сяргея Чэрачня, Натальлі Кісель і Андрэя Дзьмітрыева.

Затрыманых у справе Ціханоўскага беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі

Праваабарончая супольнасьць Беларусі выступіла з заявай па факце прад’яўленьня абвінавачваньня Сяргею Ціханоўскаму і сямі ўдзельнікам пікету 29 траўня ў Горадні, у якой прызнала затрыманых палітвязьнямі, паведамляе «Вясна». Чытайце артыкул па спасылцы.

Пасьля затрыманьня сябра групы Ціханоўскай зьніклі 1500 подпісаў

Алега Баброўскага з ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай затрымалі каля Камароўскага рынку ў Менску раніцай 7 чэрвеня за паркоўку ў забароненым месцы. Праваахоўнікі забралі і аўтамабіль Баброўскага, у якім быў рыштунак для збору подпісаў, а таксама падпісныя лісты, як чыстыя, так і запоўненыя.

Як сказалі Свабодзе сябры ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, актывіста на судзе 8 чэрвеня прызналі вінаватым у непавазе да суду і прысудзілі яму 20 сутак арышту, а таксама штраф. «Сабраныя подпісы нам не вярнулі, — сказала Свабодзе сяброўка ініцыятыўнай групы Марыя Мароз. — Аўтамабіль Алега таксама не аддалі». Цалкам чытайце па спасылцы.

Эўразьвяз заклікаў вызваліць Сяргея Ціханоўскага і заявіў, што ад выбараў будзе залежыць лёс адносінаў зь Менскам

Прэс-сакратар Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пітэр Стана пракамэнтаваў пазыцыю Эўразьвязу адносна абвінавачваньняў, вылучаных супраць Сяргея Ціханоўскага і іншых актывістаў у Беларусі.

«З улікам адвольнага характару затрыманьня і крымінальнага перасьледу Сяргея Ціханоўскага ЭЗ па-ранейшаму заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Сяргея Ціханоўскага і зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў, вылучаных супраць яго і іншых актывістаў. Безумоўна, гэта датычыць таксама іншых абвінавачаных і затрыманых актывістаў». Цалкам чытайце па спасылцы.

Чым скончыцца перасьлед Сяргея Ціханоўскага?

Улады дзейнічаюць паводле прынцыпу: ня трэба, каб нас паважалі, галоўнае — каб баяліся. Сяргею Ціханоўскаму выставілі абвінавачаньні, да дня галасаваньня ён будзе заставацца за кратамі. Нічога нечаканага. Наўрад ці хто спадзяваўся на яго вызваленьне. Не для таго яго арыштоўвалі з такім скандалам у Горадні, разважае аналітык Свабоды Валер Карбалевіч у новым блогу. Чытайце па спасылцы.

Бабарыка заклікаў ісьці ў выбарчыя камісіі і падаваць заявы на парушэньні пры зборы подпісаў

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка абвясьціў 9 чэрвеня пра стварэньне новай грамадзянскай ініцыятывы «Честные люди», накіраванай на «вольны ўдзел у справядлівых выбарах».

У суполках ініцыятывы ў сацыяльных сетках ён абяцае разьмяшчаць зьвесткі пра інструмэнты і альгарытмы таго, як такіх выбараў дамагчыся. Ужо разьмешчаныя форма для заяўкі на ўдзел у выбарчай камісіі і форма для падачы зьвестак аб парушэньні заканадаўства пры зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатаў. Цалкам чытайце па спасылцы.

Юрысты патлумачылі, чаму «справу Ціханоўскага» трэба закрыць

«Прававая ініцыятыва» разабрала артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх вінавацяць Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў. Юрысты арганізацыі сфармулявалі 4 пытаньні адносна крымінальных спраў, распачатых за інцыдэнт 29 траўня на пікеце ў Горадні:

  1. Ці быў сход незаконным?
  2. Ці было парушэньне грамадзкага парадку?
  3. Ці была арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзел у іх?
  4. Ці было відавочнае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням міліцыі?

Як на гэтыя пытаньні адказалі самі юрысты, чытайце ў артыкуле па спасылцы. Выснова, да якой яны прыйшлі па выніках аналізу: «У дзеяньнях Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых адсутнічае склад злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Крымінальная справа павінна быць спыненая»

«У нас ня толькі лёзунгі». Апазыцыя прадставіла 14 рэформаў для Беларусі пасьля Лукашэнкі

Некалькі апазыцыйных партый і арганізацый прадставілі сёньня ў Менску «Рэанімацыйны пакет рэформаў». Гэта вынік калектыўнай працы для распрацоўкі першачарговых зьменаў пасьля зьмены ўлады ў Беларусі.

Праца над гэтым пакетам рэформаў вялася некалькі гадоў. Сёлета сем палітычных арганізацый аб’ядналі свае намаганьні і выбралі найбольш важныя сфэры рэфармаваньня. Чытайце артыкул з апісаньнем усіх прапановаў апазыцыі па спасылцы.

Інваліда, які хадзіў да будынку міліцыі ў Горадні падтрымаць Ціханоўскага, пакаралі штрафам

Сябра Беларускага Нацыянальнага кангрэсу Мікалая Саляніка аштрафавалі на 1080 рублёў за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» 8 чэрвеня. Суд прызнаў яго вінаватым у тым, што ён 29 чэрвеня выступаў на Савецкай плошчы падчас пікету для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую з рупарам. Падрабязнасьці тут.

«Падчас ператрусу забралі два кубкі». Што вядома пра арыштаванага апэратара Ціханоўскага

Арцёму Сакаву, які працаваў апэратарам арыштаванага блогера Сяргея Ціханоўскага, прад’явілі абвінавачаньне па артыкуле 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Яго затрымалі ў Горадні 31 траўня каля 23.00. Пазьней перавялі ў Менск.

Маці Арцёма жыве ў Карме Гомельскай вобласьці. У яе прайшоў ператрус. «Ня ведаю, што яны шукалі... Але забралі толькі два кубкі з лягатыпам „Страна для жизни“. Сьледчы з намі не зьвязваўся. Адзінае, што паведаміў, што Арцёма ўзялі пад варту», — сказала яна Свабодзе. Цалкам чытайце па спасылцы.

Ярмошына не пабачыла пагрозаў у абяцаньні Лукашэнкі «нагадаць» пра расстрэлы дэманстрантаў

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына адказала на ліст менчука, які прасіў не рэгістраваць Аляксандра Лукашэнку кандыдатам у сувязі з тым, што ён «наўпрост ці ўскосна гаварыў пра ўжыванне гвалту да іншадумцаў, прыводзячы прыклады Ўзбэкістану і Таджыкістану з масавымі расстрэламі».

У сваім адказе Ярмошына заявіла, што Лукашэнка як гарант Канстытуцыі «абавязаны прымаць усе меры, у тым ліку і сілавыя, для абароны дзяржаўнага ладу і правапарадку, пра што ён эмацыйна выказаўся». «Вашыя здагадкі пра пагрозы суб’ектыўныя і не грунтуюцца на зьмесце дадзеных выступаў», — адзначыла яна, назваўшы ацэнкі выступу «беспадстаўнымі». Цалкам чытайце па спасылцы.

«Усё шыта белымі ніткамі». Што ўдзельнікі прэзыдэнцкай гонкі кажуць пра «справу Ціханоўскага»

Кіраўнік ініцыятыўнага штабу Сьвятланы Ціханоўскай Сяргей Ціханоўскі і ягоныя паплечнікі знаходзіцца за кратамі праз абвінавачаньне ў крымінальнай справе. Што думаюць пра гэта іншыя прэтэндэнты ў кандыдаты на прэзыдэнты, высьвятляла Свабода. Чытайце па спасылцы.

Праваабаронца: Ёсьць падставы для прызнаньня абвінавачаных у «справе Ціханоўскага» палітвязьнямі

Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч лічыць, што падзеі ў Горадні 29 траўня былі ня чым іншым, як рэалізацыяй права на свабоду мірных сходаў, выказваньня сваіх думак. Ніякіх гвалтоўных дзеяньняў удзельнікі пікетаў не рабілі, грамадзкага парадку не парушалі. Таму ёсьць усе падставы для прызнаньня палітычнымі зьняволенымі ўсіх тых, хто цяпер утрымліваецца пад вартай і абвінавачаны паводле артыкулу 342 КК. Цалкам чытайце па спасылцы.

Дзевяць арыштаваных у «справе Ціханоўскага». Сьпіс

Блогеру Сяргею Ціханоўскаму і яго сямі паплечнікам, затрыманым 29 траўня ў Горадні, прад’яўвілі абвінавачаньні. Яны застаюцца пад сьледзтвам за кратамі ў менскім СІЗА №1. Яшчэ аднаго актывіста затрымалі 4 чэрвеня.

Арыштаваныя:

  1. Сяргей Ціханоўскі
  2. Яўген Разьнічэнка
  3. Зьміцер Фурманаў
  4. Уладзімер Навумік
  5. Вяргілій Ушак
  6. Аляксандар Арановіч
  7. Васіль Баброўскі
  8. Арцём Сакаў
  9. Уладзімер Кніга

Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 6 яго паплечнікаў абвінавацілі паводле часткі 1 артыкулу 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Згодна з артыкулам, могуць прысудзіць штраф, арышт, абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў.

Аднаму з затрыманых (каму, не ўдакладняецца) выставілі таксама абвінавачаньне паводле артыкулу 364 КК (гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў). Гэты артыкул прадугледжвае пакараньні ад арышту да абмежаваньня волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьня волі на тэрмін да 6 гадоў. Цалкам чытайце па спасылцы.

Стала вядомым імя дзявятага чалавека ў «справе Ціханоўскага»

Гарадзенец Уладзімер Кніга знаходзіцца ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага. Паводле якога крымінальнага артыкулу ён праходзіць у справе, пакуль невядома.

Горадзенскага валянтэра, які дапамагаў ініцыятыўнай групе ў зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую, Уладзімера Кнігу, затрымалі падчас пікету ў Горадні 4 чэрвеня. Ён дапамагаў прывозіць рэчы на пікет, ставіць палатку, сачыў, каб падчас збору не было правакацый. 8 чэрвеня стала вядома, што ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага. Падрабязнасьці па спасылцы.

Цапкала: Лукашэнка ня бог, ня цар і нават не герой

Амаль дзьве гадзіны Валер Цапкала адказваў на пытаньні жыхароў Віцебску. Сустрэча зь ім праходзіла ўвечары 8 чэрвеня каля бізнэс-цэнтру «Марка-сіці», дзе зьбіраюць подпісы ініцыятыўныя групы альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта.

Паслухаць стваральніка Парку высокіх тэхналёгій сабраліся каля трохсот чалавек. Што пачула Свабода ў Віцебску, чытайце ў рэпартажы па спасылцы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG