Што рабіць, калі на пікеце пачынаюцца затрыманьні? Парады праваабаронцаў
Другі тыдзень па ўсёй краіне ідуць зборы подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду кіраўніка дзяржавы, і не заўсёды пікет заканчваецца мірна. Напрыклад, у Горадні затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага.
Што рабіць, калі вы прыйшлі на пікет і пачаліся затрыманьні, якія правы ёсьць у вас у гэты момант, ці можна супраціўляцца, калі затрымліваюць людзі ў цывільным?
Бабарыка: ня бачу ніякіх перадумоваў да адзінай валюты з Расеяй, прабачце за недастаткова дакладны адказ
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка ў інтэрвію расейскай газэце «Московский комсомолец» выказаўся пра адзіную валюту Беларусі і Расеі, пасьля патлумачыў, што яго ня так зразумелі.
«Калі гэта эканамічна мэтазгодна, то чаму б і не, — адказаў Бабарыка расейскаму выданьню. — У гэтым сэнсе добры прыклад — манэтарная палітыка Эўразьвязу з эўра. Я ўвогуле лічу, што мультывалютнасьць — гэта эканамічна неэфэктыўная гісторыя. У бачнай пэрспэктыве колькасьць валютаў будзе зьмяншацца».
Бабарыка позна вечарам 2 чэрвеня напісаў на Facebook, што ў матэрыялах беларускай газэты «Наша ніва» цытата была «вырваная з кантэксту» і «цалкам скажае маю пазыцыю ў пытаньні пабудовы незалежнай Беларусі». Ён папрасіў прабачэньня за «недастаткова выразны і адназначны адказ на вельмі важнае для нас пытаньне».
«Са свайго боку я яшчэ раз хачу сказаць: сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі — непарушная каштоўнасьць. У цяперашні момант я ня бачу ніякіх перадумоваў нават для абмеркаваньня пытаньня аб адзінай валюце», — патлумачыў ён.
Усьлед за Бабарыкам АГП запатрабавала ад ЦВК адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі кандыдатам
Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) запатрабавала ад Цэнтравыбаркаму вынесьці папярэджаньне Аляксандру Лукашэнку, які балятуецца на шосты тэрмін, «за арганізацыю правакацый» і адмовіць яму ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.
Як сьцьвярджаецца ў заяве, 29 траўня падчас выступу на МТЗ у Менску Аляксандар Лукашэнка апісаў сцэнар, паводле якога празь некалькі гадзін арганізавалі правакацыю «з удзелам людзей у форме супрацоўнікаў міліцыі» супраць блогера Сяргея Ціханоўскага і яго каманды ў Горадні.
«Гэта сьведчыць аб тым, што правакацыя была падрыхтаваная загадзя, а Аляксандру Лукашэнку былі вядомыя яе дэталі. Аляксандар Лукашэнка сам балятуецца ў прэзыдэнты, зьяўляецца зацікаўленай асобай, пры гэтым ня грэбуе наладжваць правакацыі супраць сваіх апанэнтаў», — піша АГП.
Бацька затрыманага каардынатара штабу Ціханоўскай па Горадні: «Мы для іх ніхто»
Аляксандар Фурманаў — бацька Дзьмітрыя, пэнсіянэр, жыве ў Горадні. Дзьмітры Фурманаў — каардынатар каманды Сьвятланы Ціханоўскай па Горадзенскай вобласьці.
Абодва прысутнічалі на Савецкай плошчы, калі былі затрыманьні. Па словах Аляксандра, сына схапілі адначасна зь Ціханоўскім. Аднекуль прыбеглі хлопцы ў цывільным адзеньні і «выкралі» яго з-за стала, дзе ён зьбіраў подпісы, разам з крэслам, на якім сядзеў.
«Подленька», — кажа пра такое затрыманьне Аляксандар.
Апэратара, які здымаў Сяргея Ціханоўскага, з Акрэсьціна перавялі на «Валадарку», ён трымае галадоўку
Чалавека, які здымаў момант затрыманьня блогера Сяргея Ціханоўскага на камэру каналу «Страна для жизни», завуць Вяргілій Ушак. У хуткім часе пасьля затрыманьня Ціханоўскага Ушака таксама затрымалі, і цяпер яго прозьвішча фігуруе ў сьпісе асобаў, адносна якіх, паводле паведамленьня прэсавай службы МУС, заведзеная крымінальная справа аб учыненьні гвалтоўных дзеяньняў адносна супрацоўніка міліцыі. Хоць дзяўчына Вяргілія Надзея, якая жыве разам зь ім у Менску, абсалютна перакананая, што ніякага гвалту не было, тым больш з боку яе хлопца.
ЦВК афіцыйна пацьвердзіў дыскрымінацыю беларускай мовы
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына адказала гарадзенскім праваабаронцам на іх зварот наконт дыскрымінацыі беларускай мовы.
Эўразьвяз патрабуе вызваліць Ціханоўскага і Статкевіча
«Апошнія падзеі ў Беларусі ўзьнялі сур’ёзныя пытаньні адносна павагі ўладамі правоў чалавека і асноўных свабодаў сваіх грамадзянаў», — заявіў у інтэрвію Радыё Свабода Пэтэр Стана, прэс-сакратар кіраўніка зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Жазэпа Барэля.
Эўрапейскія палітыкі мяркуюць, што блогер Сяргей Ціханоўскі, прадстаўнік апазыцыі Мікалай Статкевіч, а таксама іншыя грамадзкія актывісты, затрыманыя падчас мірных акцыяў, «павінны быць неадкладна вызваленыя, а крымінальны і адміністрацыйны перасьлед супраць іх спынены». Цалкам чытайце па спасылцы.
«Хочам прапанаваць усім прэтэндэнтам аб’яднацца». Прадстаўнік штабу Ціханоўскай расказаў пра далейшы плян дзеяньняў
Каардынатар па Берасьцейскай вобласьці Аляксандар Кабанаў у размове са Свабодай расказаў пра пляны каманды Сьвятланы Ціханоўскай.
«Збор подпісаў працягваецца, пікеты ставяцца, сябры ініцыятыўнай групы працуюць, — кажа Аляксандар Кабанаў. — Мы цяпер рыхтуем заяву. Гэта будзе зварот да сілавікоў, да Лукашэнкі, да людзей. На тэму ўсіх правакацый, на тэму ўмяшаньня ў выбарчы працэс. Таксама мы рыхтуем зварот да міжнародных структур. Мы выйшлі на сувязь з Эўрапарлямэнтам, са спэцдакладчыкам па Беларусі. Мы будзем перадаваць ім усе факты парушэньняў». Гутарку з Аляксандрам Кабанавым цалкам чытайце па спасылцы.
«Яны выскачылі з аўтобуса і бралі ўсіх спрэс», — дзяўчына маладзёна, затрыманага па «справе Ціханоўскага»
«Яны выскачылі з аўтобуса і бралі ўсіх спрэс. Яны не разьбіралі. Узялі 17-гадовага. Узялі тых, хто бліжэй, бо ведалі, што народ пачне адбіваць гэтых людзей. Яны бралі тых, каго можна было за 2 сэкунды дацягнуць да аўтобуса і закінуць туды», — дзяўчына затрыманага па «справе Ціханоўскага» Сяргея Калмыкова расказала Свабодзе пра затрыманьне і ператрус у іхнай кватэры. Чытайце па спасылцы.
«Хачу на свае вочы ўсё ўбачыць». Менскі прадпрымальнік патрабуе ўключыць яго ў выбарчую камісію
36-гадовы Аляксандар Паравы хоча ўвайсьці ў склад участковай выбарчай камісіі на прэзыдэнцкіх выбарах. Каб пераканацца, што просты грамадзянін Беларусі можа лічыць галасы выбарцаў.
«Я лічу, што ў нас абсалютна непразрыстыя выбары, я ня ўпэўнены, як на іх лічаць галасы і мой голас. Я хачу на свае вочы ўсё бачыць, хаця б на тым участку, у камісію якога буду падавацца. Я хачу забясьпечыць празрыстасьць, каб асабіста сказаць, што я прызнаю вынік галасаваньня. Бо цяпер атрымліваецца, што мы прызнаём тое, чаго ніхто з нас асабіста ня бачыў, а нейкія людзі падлічылі, закрыўшы сьпінамі ўсе бюлетэні пры падліку, каб назіральнікам нічога не было бачна. Вось чаму іду ў склад камісіі, а не назіральнікам».
Гісторыю Аляксандра цалкам чытайце па спасылцы.
«Масква зацікаўленая кампрамэтаваць Лукашэнку ў вачах Захаду». Польскі аналітык пра беларускія выбары
Ян Максімюк размаўляе пра беларускую выбарчую кампанію з Камілем Клысіньскім, галоўным спэцыялістам у пытаньнях Беларусі, Украіны і Малдовы з Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў у Варшаве.
Сьцісла:
- Збор подпісаў сьведчыць пра вялікую незадаволенасьць у грамадзтве.
- Дзяржаўная прапаганда стала анахранічнай.
- Пакуль што Лукашэнка дзейнічае эфэктыўна.
- Найбольшая пагроза Лукашэнку — з боку Ціханоўскага.
- Масква зацікаўленая ў сілавым варыянце вырашэньня беларускіх выбараў.
Ціханоўскі — «беларускі Навальны». Расейскі блогер Варламаў расказаў пра выбары ў Беларусі, даў ацэнкі кандыдатам
Папулярны расейскі блогер Ільля Варламаў выпусьціў на Youtube паўгадзіннае відэа пра выбары ў Беларусі пад загалоўкам «Канец эпохі Лукашэнкі: пратэсты, затрыманьні Ціханоўскага і беларускі Майдан».
Чаму мы пра гэта пішам: Ільля Варламаў мае паўтара мільёна падпісчыкаў на Youtube, многія ягоныя відэа набіраюць звыш мільёна праглядаў, ён ня раз прыяжджаў у Беларусь, у сваіх відэа расказваў пра плюсы і мінусы Менску як «гораду з савецкай паштоўкі», крытыкаваў раён «Маяк Менску» і хваліў «Новую Баравую». Што сказаў Варламаў у відэа пра беларускія выбары, чытайце па спасылцы.
У кватэрах затрыманых у «справе Ціханоўскага» прайшлі ператрусы
Увечары 1 чэрвеня ператрус правялі ў кватэры аднаго з затрыманых Уладзімера Навуміка, канфіскавалі ноўтбук і флэш-карты. Праваабаронцам вядома таксама пра ператрусы ў Яўгена Разьнічэнкі, Сяргея Калмыкова, Васіля Баброўскага.
Невядомыя людзі забралі адну з машын, на якіх у Горадню прыехала каманда Ціханоўскага. Уладальнік машыны Ўладзімер Кузьняцоў напісаў заяву пра згон аўто. Цалкам чытайце па спасылцы.
«Яна ня мела іншага выйсьця». Знаёмая ўдзельніцы затрыманьня Ціханоўскага расказвае пра ціск міліцыі на асуджаных за прастытуцыю
Блогера Сяргея Ціханоўскага затрымалі ў Горадні ўвечары 29 траўня. За некалькі хвілін да затрыманьня ў кадры стрыму трапіла жанчына ў масцы, якая настойліва патрабавала ад Ціханоўскага адказаць на яе пытаньні. Пасьля таго, як блогер адмовіўся размаўляць зь ёй, зьявіліся міліцыянты. Неўзабаве ўсчалася штурханіна, у выніку якой адзін зь міліцыянтаў упаў на асфальт, а Сяргея Ціханоўскага і шэраг яго паплечнікаў затрымаў АМАП.
Жанчыну, якая патрабавала ад Ціханоўскага адказаў, карыстальнікі інтэрнэту знайшлі ў той жа вечар. Пад акаўнтамі Алены К. у сацсетках адразу ж зьявілася мноства крытычных камэнтароў. Карыстальнікі інтэрнэту таксама знайшлі фатаздымкі Алены на так званых «сайтах для дарослых». Са Свабодай зьвязалася Натальля, якая сьцьвярджае, што ведае Алену. А таксама разумее, чаму тая стала ўдзельніцай гісторыі з затрыманьнем Сяргея Ціханоўскага. Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.
Як выглядалі чэргі да пікетаў у розных гарадах Беларусі. ВІДЭА
Практычна па ўсёй Беларусі людзі становяцца ў шматгадзінныя чэргі да пікетаў, каб падпісацца за прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду.
У Віцебску прыхільнікаў Ціханоўскага аштрафавалі агулам на 2430 рублёў
У Віцебску 1 чэрвеня прайшлі суды над прыхільнікамі блогера Сяргея Ціханоўскага. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні з выкарыстаньнем плякату «Свабоду Ціханоўскаму!» і выявы перакрэсьленага таракана.
Вынікі судоў:
- Алег Баразна — штраф 1080 рублёў.
- Эдуард Плюсьнін — штраф 540 рублёў
- Аляксей Саламаненка — штраф 810 рублёў.
Былы міліцыянт заявіў, што яго прынялі за аднаго зь «людзей у цывільным» і закідалі ў сацсетках пагрозамі
Нараджэнец Пінску, які працуе ў Менску кухарам, 22-гадовы Ягор Пузынін расказаў Tut.by, што яго памылкова пазналі як аднаго з удзельнікаў затрыманьняў на пікеце Сяргея Ціханоўскага ў Горадні.
Паводле Пузыніна, у адным з Telegram-каналаў зьявіліся зьвесткі пра тое, што ён быў адным зь міліцыянтаў у цывільным адзеньні. Пасьля ягоныя сацсеткі завалілі абразамі і пагрозамі, «за дзесяць хвілін прыйшло звыш ста паведамленьняў». Акрамя яго, сьцьвярджае Пузыкін, пісалі і ягоным знаёмым, яго маці.
Яшчэ 30 траўня ён разам з маці падаў заяву ў міліцыю — кажа, «справай заняўся СК», распачаў крымінальную справу.
Цапкала выказаў стаўленьне да акумулятарнага заводу, «Табакерак» і нацыянальнай сымболікі
Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Валер Цапкала 1 чэрвеня пабываў у Берасьці разам з жонкай Веранікай і сустрэўся з гараджанамі на сваім пікеце на вуліцы Савецкай.
Адной з цэнтральных тэм сустрэчы стаў акумулятарны завод, які будуецца пад Берасьцем. На думку Валера Цапкалы, для ўсіх шкодных вытворчасьцяў варта адводзіць прамысловую «зону адчужэньня» ўдалечыні ад населеных пунктаў.
Аплядысмэнты ў прысутных выклікала пазыцыя прэтэндэнта да кіёскаў «Табакерка»: «Усё ... адразу ж зьнесьці... Мы за спорт і здаровы лад жыцьця ці за „Табакеркі“?!»
Выказаўся Цапкала і пра дзяржаўную сымболіку:
«Першае, што я зраблю — гэта дазволю карыстацца дзьвюма сымболікамі. Хто хоча — хай вывешвае бел-чырвона-белы з акна. Хто хоча — вывешвае цяперашні беларускі сьцяг. Калі ўладальнік запраўкі зьяўляецца прыхільнікам бел-чырвона-белай сымболікі — стаў. Іншы ўладальнік запраўкі хоча паставіць чырвона-зялёны сьцяг — стаў. Другое, што я прапаную, — гэта правесьці грамадзкую дыскусію ў гэтым пытаньні, у якой я буду цалкам знаходзіцца ў кільватэры. Гэта значыць, я ня буду ўмешвацца. А пасьля абмеркаваньня правядзём рэфэрэндум».
ЦВК акрэдытавала 557 назіральнікаў на выбары, дамінуюць праўладныя вылучэнцы
На прэзыдэнцкія выбары акрэдытавалі 557 нацыянальных назіральнікаў, паведамляецца на сайце Цэнтарвыбаркаму. За апошні тыдзень іх колькасьць узрасла больш як на 200 чалавек, у абсалютнай масе за кошт праўладных арганізацый.
Ад грамадзян, якія падавалі заявы на акрэдытацыю ў якасьці назіральнікаў, зарэгістравалі 28 чалавек, ад працоўных калектываў — 2, ад палітычных партый — 35, ад грамадзкіх аб’яднаньняў — 492.
З палітычных партый найбольшая колькасьць назіральнікаў зарэгістраваная ад Камуністычнай партыі Беларусі — 29. Ад Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды — 3, ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці — 2, ад Партыі БНФ — 1.
Сярод грамадзкіх аб’яднаньняў найбольшая колькасьць назіральнікаў акрэдытавалі ад БРСМ — 131. Ад Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі — 113, «Белай Русі» — 85, Беларускага саюзу жанчын — 51.
Ад Беларускага Хэльсынскага камітэту акрэдытавана 39 назіральнікаў, ад Беларускага аб’яднаньня вэтэранаў — 41, ад Беларускага фонду міру — 16, ад БНФ «Адраджэньне» — 1.
У гэтай кампаніі Лукашэнка ўжо не зьяўляецца самым прарасейскім палітыкам, — палітоляг
Палітоляг Валер Булгакаў расказвае, які ўдар нанесьлі па сыстэме сваім вылучэньнем Цапкала і Бабарыка, зазначае, што эліты прадчуваюць канец палітычнай эпохі Аляксандра Лукашэнкі, і прадказвае, якім будзе выбарчы слоган кіраўніка дзяржавы.
Сьцісла:
- Зыходзячы з розных супярэчлівых заяваў Віктара Бабарыкі, я не сумняюся, што ён мог бы падпісаць тую самую 31-ю дарожную мапу.
- Вылучэньне Цапкалы і Бабарыкі — сур’ёзны ўдар па сыстэме кансалідаванага аўтарытарызму Лукашэнкі.
- Назіраецца разрыў, разлом сярод элітаў, бо яны адчуваюць блізкі заход палітычнай эпохі Лукашэнкі.
- Ня думаю, што ў маштабах краіны фэномэн Ціханоўскага можа стварыць электаральную рэвалюцыю.
- Цяпер Лукашэнка прэзэнтуе сябе як палітыка, які ня дасьць Беларусі быць паглынутай з Усходу.