Праваабаронцам сталі вядомыя прозьвішчы затрыманых паплечнікаў Сяргея Ціханоўскага
Увечары 1 чэрвеня скончыўся трохдзённы тэрмін ад моманту затрыманьня блогера Сяргея Ціханоўскага і 7 ягоных паплечнікаў у Горадні. Усіх іх затрымалі ў межах крымінальнай справы за гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 Крымінальнага кодэксу), яны знаходзяцца ў менскім ізалятары на Акрэсьціна.
Пасьля сканчэньня трох сутак на волю ніхто ня выйшаў, з чаго праваабаронцы «Вясны» робяць выснову, што тэрмін утрыманьня пад вартай падоўжаны да 10 сутак. Цягам гэтага часу ім мусяць прад’явіць абвінавачаньні або вызваліць.
29 траўня у Горадні падчас правядзеньня пікету ў зборы подпісаў грамадзянаў за прэтэндэнтку на найвышэйшую пасаду Сьвятлану Ціханоўскую супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер YouTube канала «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі і яшчэ як мінімум 15 чалавек.
Сьпіс затрыманых у межах крымінальнай справы паводле арт. 364 КК Беларусі:
1. Ціханоўскі Сяргей
2. Разьнічэнка Яўген
3. Фурманаў Зьміцер
4. Навумік Уладзімер
5. Ушак Вяргілій
6. Арановіч Аляксандар (верагодна)
7. Калмыкоў Сяргей
Праваабаронцы ўдакладняюць імя і прозьвішча яшчэ аднаго фігуранта. Таксама высьвятляецца, у межах якой канкрэтна крымінальнай справы затрыманы Арцём Сакаў.
Бабарыка: сабралі амаль 100 тысяч подпісаў, мэта — мільён
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, былы кіраўнік Белгазпрамбанку Віктар Бабарыка заявіў вечарам 1 чэрвеня на Facebook, што за ягонае вылучэньне сабралі амаль 100 тысяч подпісаў, «шчыльна наблізіліся» да гэтых лічбаў.
«Але я ўпэўнены: мы можам значна больш! Нашая мэта — 1 000 000, — піша Бабарыка. — У нас наперадзе яшчэ два тыдні і ўсяго 9 крокаў. Крок — 100 тысяч».
За Бабарыку зьбіраюць подпісы ня толькі на пікетах, але і «ў стылі Uber», як ён гэта называе: абяцаюць, што да таго, хто пакіне заяўку, адрасна прыедуць зьбіральнікі.
Для рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты трэба сабраць 100 тысяч подпісаў. Звычайна патэнцыйныя кандыдаты стараюцца сабраць больш, бо пэўную частку подпісаў адбракоўваюць праз памылкі ў падпісных лістах. Збор подпісаў праходзіць ад 21 траўня да 19 чэрвеня.
Іншыя штабы ў апошнія дні паведамлялі пра такія лічбы: Цапкала — амаль 50 тысяч на 1 чэрвеня, Чэрачань — 41 тысяча на 31 траўня, Канапацкая — 30 тысяч на 31 траўня.
195 затрыманых, 719 сутак арышту, больш за 60 тысяч рублёў штрафаў і — перасьлед беларусаў за травень у лічбах
Травень адзначыўся новай хваляй рэпрэсій над актывістамі, журналістамі, праваабаронцамі і грамадзянамі, якія прыходзілі на мірныя сустрэчы аднадумцаў у шматлікіх гарадах краіны, піша праваабарончы цэнтар «Вясна». Такія фактары, як пачатак выбарчай кампаніі, затрыманьне папулярнага блогера Сяргея Ціханоўскага пацягнулі за сабой акцыі пратэсту, на якія ўлады адказалі шматлікімі затрыманьнямі.
Статыстыка затрыманьняў за травень, паводле інфармацыі, якой валодалі праваабаронцы на 1 чэрвеня:
- У пэрыяд з 6 да 31 траўня па палітычных матывах затрымалі як мінімум 195 чалавек.
- Праваабаронцам вядома пра 217 выпадкаў адвольных затрыманьняў — 18 чалавек за гэты пэрыяд затрымлівалі па 2 ці нават па 3 разы.
- Цягам траўня прайшло каля 155 судоў па палітычна матываваных адміністрацыйных справах у адносінах да як мінімум 132 чалавек. Зь іх больш за 135 судоў — за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП).
- За травень 72 чалавек агулам аштрафавалі на 63 504 рублі.
- Найбольшы штраф атрымаў берасьцейскі актывіст Віталь Казак. Па выніках 2 судоў па 4 пратаколах ён мусіць заплаціць 3780 рублёў (140 базавых велічынь) штрафу за ўдзел у акцыях супраць акумулятарнага завода.
- 69 чалавек былі арыштаваныя на тэрміны ад 2 да 25 сутак, агулам на усіх — 719 сутак.
- Адміністрацыйныя суды за гэты пэрыяд прайшлі ў 22 гарадах краіны, сярод якіх Менск, Віцебск, Гомель, Бабруйск, Магілёў, Ворша, Паставы, Полацак, Наваполацак, Мёры, Шаркаўшчына, Глыбокае, Вялейка, Маладэчна, Слуцак, Горадня, Ліда, Берасьце, Пінск, Мазыр, Жлобін, Мар’іна Горка. Больш за ўсё судоў прайшло ў Менску, Магілёве і Берасьці.
- Некалькі актывістаў, сярод якіх блогеры Сяргей Ціханоўскі, Уладзімер Няронскі, актывісты Юры Ўласаў, Станіслаў Паўлінковіч і журналіст Міхаіл Аршынскі, былі двойчы ці тройчы асуджаныя на новыя «суткі». Не пазьбеглі арыштаў і магілёўскія праваабаронцы «Вясны» Аляксандар Буракоў і Саша Райкан, а таксама журналісты Міхаіл Аршынскі, Зьміцер Лупач і Алесь Асіпцоў. Алесь Асіпцоў 10 сутак зьняволеньня трымаў галадоўку.
«Колькі ж ён будзе нас мучыць?» 78-гадовая лідзянка пра Лукашэнку і Ціханоўскага. ВІДЭА
У Лідзе 30 траўня выстраілася вялікая чарга да пікету патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. У чарзе адна з удзельніц, 78-гадовая жанчына, расказала Свабодзе пра сваё стаўленьне да Лукашэнкі, Ціхноўскіх і затрыманьняў.
Замест «народ супраць Лукашэнкі» — «Крэмль супраць Лукашэнкі». Ці ўдасца кіраўніку Беларусі зламаць сцэнар выбарчай кампаніі?
Беларускі кіраўнік спрабуе перафарматаваць тэму выбарчай кампаніі. Цяперашняя схема «народ супраць Лукашэнкі» павінна ператварыцца ў «Крэмль супраць Лукашэнкі». І ўсе праціўнікі беларускага лідэра аўтаматычна ператвараюцца ў агентаў Масквы, калябарантаў і здраднікаў, разважае ў новым блогу аналітык Свабоды Валер Карбалевіч. Чытайце па спасылцы.
Ці дапаможа Захад Ціханоўскаму?
Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ня будзе Майдана. Як на гэта адрэагуе Захад? Ці будуць на сёлетніх выбарах назіральнікі АБСЭ? Што азначае для Захаду адсутнасьць сёлета на выбарах у Беларусі выразнага празаходняга кандыдата? Якія «чырвоныя лініі» праводзіць Захад на сёлетніх выбарах для дзейнай беларускай улады, за якія дзеяньні яе чакаюць «пугі» і пазбаўленьне «пернікаў»?
Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык, а таксама экспэртка Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Кацярына Шмаціна. Чытайце па спасылцы.
«Пачаўся адваротны адлік, гэта падзеньне», — амэрыканскі паліттэхноляг пра затрыманьне Ціханоўскага і небясьпечнага для ўлады Бабарыку
Беларус Віталь Шкляраў, які працаваў у выбарчых кампаніях Абамы, Сандэрса, Сабчак і грузінскай апазыцыі, расказаў у інтэрвію Свабодзе, чаму галоўны паліттэхноляг Сяргея Ціханоўскага — гэта сам Лукашэнка, чаму лічыць, што ў кіраўніка Беларусі няма паліттэхнолягаў, і якім чынам Віктар Бабарыка стварае самую вялікую пагрозу для ўладаў.
Сьцісла:
- Сяргей Ціханоўскі ня ўпісваецца ў рамкі зразумелага, гэта анамалія, менавіта таму вакол яго ўзьнікае кансьпіралёгія.
- У Ціханоўскага няма ніякай паліттэхналёгіі. Чалавек проста езьдзіць і размаўляе зь людзьмі.
- Посьпех Ціханоўскага часткова абумоўлены каранавірусам і самай цяжкой сытуацыяй у гісторыі незалежнай Беларусі.
- Адміністрацыя прэзыдэнта, якая ня ўмее працаваць і 26 гадоў дзейнічае аднолькава, зрабіла ўсё для таго, каб зьявіўся Ціханоўскі.
- Праблема Лукашэнкі ў тым, што яго каманда не разумее, што такімі паводзінамі яны толькі дадаюць Ціханоўскаму сілы, а людзям настойлівасьці.
- Лукашэнка сваімі сваркамі з Крамлём сам дае зразумець людзям, што цар ужо ня той.
- З усіх кандыдатаў больш за ўсё падобны да Лукашэнкі Бабарыка. І ён — самы моцны ўдар па сыстэме Лукашэнкі.
Бабарыка падаў у ЦВК скаргу на Лукашэнку, прапануе адмовіць яму ў рэгістрацыі кандыдатам
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка 1 чэрвеня падаў у Цэнтральную выбарчую камісію заяву аб парушэньні заканадаўства на выбарах. На сваім сайце ён апублікаваў поўны тэкст звароту.
На што скардзіцца Бабарыка:
- прымус падпісвацца за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты (сьпіс фактаў прымусу ён прыкладае ў дадатках да звароту);
- пагрозы «неспрыяльнымі» наступствамі або абяцаньні «спрыяльных» наступстваў у сувязі з подпісам за вылучэньне Лукашэнкі;
- удзел адміністрацыі ўстановаў у зборы подпісаў з падначаленых;
- заявы Лукашэнкі на Менскім трактарным заводзе 29 траўня, якія «безумоўна зьяўляюцца агітацыяй»;
- паклёп асабіста на яго з боку Лукашэнкі — заявы пра тое, што ён нібыта распаўсюджваў зманлівыя зьвесткі, і намёкі на тое, што ён выкарыстоўваў на выбарчую кампанію расейскія грошы;
- выказваньне Лукашэнкі, што ў Беларусі «Канстытуцыя не пад жанчыну».
Кіраўнік КДБ пра масавыя пікеты: «Нічога дзіўнага не адбываецца»
Нічога дзіўнага і нечаканага на фоне выбарчай кампаніі не адбываецца, заявіў старшыня КДБ Валеры Вакульчык. Ён адзначыў, што літаральна перад самай сустрэчай журналісты пацікавілася ў яго, ці ёсць нейкія асаблівыя ўмовы працы КДБ і службы супрацоўнікаў ва ўмовах падрыхтоўкі да выбараў.
«Нічога экстравагантнага, дзіўнага і нечаканага не адбываецца і не адбылося, — цытуе яго БелТА. — Пра ўсё, што цяпер адбываецца, мы ведалі. Адзінае, часам маюць месца тыя ці іншыя прыватнасьці». Цалкам чытайце тут.
Статкевічу, Урбановічу, Вінярскаму — 15 сутак. Удзельнікаў пікетаў судзяць за «несанкцыянаваныя мерапрыемствы»
Удзень 1 чэрвеня ў Беларусі пачалі судзіць затрыманых у сувязі з пікетамі для збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Хоць самі пікеты законныя, затрыманых судзяць паводле артыкулу за «несанкцыянаванае мерапрыемства» (23.34 КаАП РБ), піша «Вясна».
Лідэра «Народнай грамады» Міколу Статкевіча, лідэра «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча і актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага — пакаралі 15 суткамі арышту кожнага.
Актывіста Вітольда Ашурка зь Бярозаўкі аштрафавалі на 945 рублёў, менскага актывіста Яўгена Гормаша — на 1350 рублёў. Падрабязнасьці з судоў і новыя прысуды чытайце па спасылцы. Абнаўляецца.
«Ня вераць у сумленныя выбары, хочуць пераменаў». Як расейскія агенцтвы пішуць пра падзеі ў Беларусі
Расейскія інфармацыйныя агенцтвы пішуць пра збор подпісаў за прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду ў Беларусі з сымпатыяй да апанэнтаў Лукашэнкі.
Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Дзьмітры Вус падтрымаў сёлетніх «кандыдатаў пратэсту»
Дзьмітры Вус, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, 31 траўня прыйшоў на пікет на менскай Камароўцы і расказаў Свабодзе, што прыйшоў туды падтрымаць Міколу Статкевіча, а таксама «ўсё жывое, што цяпер адбываецца».
«26 гадоў у нас будуецца рынкавы сацыялізм, — разважаў Дзьмітры Вус. — Перадвыбарчая кампанія Лукашэнкі зводзілася да таго, што 500 даляраў мусіць быць у кожнага працаўніка. За 26 гадоў гэта ня зроблена. Пасьля сельская гаспадарка мусіла быць паднятая — усё разбурана. Насельніцтва на мільён стала менш. Прыйшоў падтрымаць здаровы сэнс, каб не было гэткага. Рынкавы сацыялізм, які ён будуе, утопіяй атрымліваецца. Трэба рухацца, нешта новае рабіць». Цалкам чытайце па спасылцы.
«Майданаў у Беларусі ня будзе». Лукашэнка сказаў кіраўніку КДБ, што «ведае, адкуль на нас дзьмуць вятры»
Аляксандар Лукашэнка 1 чэрвеня прыняў з дакладам старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка і загадаў захоўваць пільнасьць у гэты няпросты час. «Мы ведаем, адкуль вятры дзьмуць на нашу беларускую зямлю, — выказаўся Аляксандар Лукашэнка. — На жаль, не з таго боку, адкуль хацелася б. Але мы гатовыя да любых вятроў».
«Заўсёды нас дзялілі на часткі, далучалі кавалкамі то да адной зямлі, то да другой. Вы ведаеце, што да мінулай вайны мы практычна былі падзеленыя. Таму сёньня гэтага дапусьціць нельга», — дадаў Лукашэнка. Цалкам чытайце па спасылцы.
«З Лукашэнкам у нас тое, што трэба». Як беларускія спартоўцы крытыкуюць апанэнтаў улады
На фоне пікетаў у зборы подпісаў за прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду, якія ў выходныя суправаджаліся масавымі затрыманьнямі чальцоў ініцыятыўных групаў, актывізаваліся вядомыя спартоўцы.
Зьвіліся адразу некалькі рэакцый спартоўцаў з асуджэньнем канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Чытайце па спасылцы.
За выказваньне пра «Канстытуцыю не пад жанчыну» на Лукашэнку паскардзіліся ў ЦВК
Уладальніца менскага бару «Сіняя каза» і двух манікюрных салёнаў, жыхарка Менску Ксенія Фёдарава зьвярнулася ў Цэнтральную выбарчую камісію са скаргай на выказваньне Аляксандра Лукашэнкі.
У звароце Фёдарава нагадвае, што Канстытуцыя Беларусі дае жанчынам і мужчынам роўныя правы, ніяк не забараняе жанчынам прэтэндаваць на пасаду кіраўніка дзяржавы. Акрамя таго, Беларусь удзельнічае ў большасьці міжнародных інструмэнтаў абароны правоў чалавека, у тым ліку Канвэнцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі жанчын. Праз гэта, піша Фёдарава, існаваньне «закону не пад жанчыну» наўпрост супярэчыць і міжнароднаму статусу, і абавязкам рэспублікі. Цалкам чытайце па спасылцы.
Адвакат Зікрацкі абяцаў бясплатна дапамагаць рэпрэсаваным падчас выбарчай кампаніі
Вядомы адвакат Сяргей Зікрацкі гатовы бясплатна падтрымаць юрыдычна ў пэрыяд выбараў. Пра гэта ён напісаў у Facebook, адраэгаваўшы на Дэкларацыю за сумленныя выбары ўдзельніка выбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі. Сярод іншага, былы банкір Бабарыка паабяцаў юрыдычную і фінансавую падтрымку тым, каго звольняць ці на каго будуць ціснуць.
«Цалкам падтрымаю яго ў гэтым пачынаньні. Можна па-рознаму ставіцца да розных прэтэндэнтаў, можна па-рознаму ставіцца нават да пытаньня ўдзелу ці байкатаваньня выбараў. Але ў любым выпадку ставіць свой подпіс за аднаго прэтэндэнта, некалькіх або наогул ня ставіць подпісу, ісьці на выбары ці не, галасаваць за аднаго кандыдата або іншага — гэта толькі наш выбар. І ніхто ня мае права пазбавіць такога выбару», — адзначыў адвакат Зікрацкі. Цалкам чытайце па спасылцы.
У Горадні затрымалі апэратара блогера Ціханоўскага
Апэратара Youtube-каналу «Страна для жизни» Арцёма Сакава затрымалі ў Горадні позна ўвечары 31 траўня. Увечары ён напісаў паплечнікам, што ў кватэру, дзе ён знаходзіцца, ломіцца міліцыя. Сакава затрымалі каля 23.00. Дзе ён цяпер, пакуль невядома.
Паплечнікі Ціханоўскага таксама высьвятляюць, дзе знаходзіцца другі апэратар Youtube-каналу «Страна для жизни», Кастусь. Цалкам чытайце па спасылцы.
Абвешчаны збор подпісаў за вызваленьне Ціханоўскага і іншых затрыманых
Кампанія назіраньня «Права выбару» выступіла з заявай з нагоды затрыманьня блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама іншых чальцоў ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі.
«Патрабуем неадкладнага вызваленьня Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых. Патрабуем пакараць усіх вінаватых у арганізацыі правакацыі, скіраванай супраць Сяргея і яго паплечнікаў 29 траўня ў Горадні. Патрабуем спыніць вал рэпрэсій і правакацый. Патрабуем забясьпечыць роўныя магчымасьці для правядзеньня выбарчай кампаніі ўсіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта», — гаворыцца ў заяве, да якой прыкладзены падпісны блянк з патрабаваньнем вызваліць актывістаў.
Бабарыка з камандай на гэтым тыдні зьбіраецца ў рэгіёны
Каманда Віктара Бабарыкі пачынае паездкі па рэгіёнах Беларусі. Заплянаваныя сустрэчы з чальцамі ініцыятыўнай групы і мясцовай прэсай. Першымі на маршруце — абласныя цэнтры: Віцебск, Гомель, Магілёў. Канкрэтныя даты і месцы сустрэчаў будуць паведамленыя дадаткова.
«Адной з мэтаў гэтых паездак зьяўляецца данясеньне ў кожны населены пункт інфармацыі аб нашым бачаньні разьвіцьця і зьмены краіны да лепшага. Але галоўнае, мы хочам пачуць голас рэгіёнаў, малых гарадоў і вёсак — голас кожнага беларуса! Усіх, а ня толькі тых, хто жыве ў сталіцы», — адзначыў Віктар Бабарыка.
«Дастаткова сілаў і сродкаў». Міліцыя абяцае змагацца з парушальнікамі «грамадзкага парадку»
У Беларусі сур’ёзна абвастрылася сытуацыя перад выбарамі прэзыдэнта, заявіў першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.
«Часта мы бачым сплянаваныя падрыхтаваныя акцыі. Больш за тое, сталі паступаць пагрозы ў дачыненьні да старшыняў выбарчых камісій, якія праводзілі выбары ў парлямэнт. Камісіі на цяперашнія выбары яшчэ не сфармаваныя, а пагрозы гэтым людзям і чальцам іх сем’яў ужо паступаюць, — цытуе «Інтэрфакс» міліцэйскага чыноўніка. — У сувязі з гэтым хачу заявіць, што МУС мае дастатковую колькасьць сілаў і сродкаў для таго, каб максымальна эфэктыўна нэўтралізаваць падобныя пагрозы». Матэрыял цалкам — па спасылцы.