За выходныя ў Беларусі затрымалі ня менш за 50 актывістаў, — праваабаронцы
Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць пра дзясяткі затрыманьняў актывістаў па усёй Беларусі. Затрымлівалі найперш падчас пікетаў у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай і актывістаў «Народнай Грамады».
Агулам за выходныя ў пастарункі трапілі ня менш за паўсотню чалавек. Поўны сьпіс затрыманых па гарадах — глядзіце па спасылцы.
Сьвятлана Ціханоўская напісала адкрыты ліст пра затрыманьне мужа і сюжэты БТ
У лісьце згадваецца, што 29 траўня ў Горадні на пікеце па зборы подпісаў за Ствятлану Ціханоўскую быў затрыманы кіраўнік ейнай ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі і іншыя грамадзяне Беларусі, у тым ліку чальцы ініцыятыўнай групы.
«Гэтую правакацыю і наступнае незаконнае затрыманьне і пачатак крымінальнай справы ў дачыненьні да кіраўніка маёй ініцыятыўнай групы я расцэньваю як грубую спробу зацікаўленых асобаў перашкаджаць ажыццяўленьню мной выбарчых правоў», — гаворыцца ў лісьце Ціханоўскай.
Таксама там згадваецца сюжэт дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» пад назвай «Драка на площади в Гродно» — ён, як сьцьвярджаецца ў лісьце, утрымлівае «хлусьню і скажэньне фактаў праз наўмысна прэтэнцыёзную падачу інфармацыі і нарэзкі з сэгмэнтаў відэа».
Ціханоўская разьлічвае на тое, што ў адказ на заявы, паведамленьні і прэтэнзіі, якія яна накіравала ў адпаведныя органы, будуць прынятыя «законныя і разумныя дзеяньні»:
- Міністэрства ўнутраных справаў забясьпечыць абарону чальцоў ініцыятыўных групаў і бясьпеку на пікетах;
- разгледзіць відэадоказы і спыніць перасьлед Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых;
- вызначыць асобу жанчыны, якая ўчыніла правакацыю, і прыцягне яе да адказнасьці;
- тэлеканал «Беларусь-1» абвергне інфармацыю са згаданага сюжэту.
Беларускія праваабаронцы абвясьцілі Сяргея Ціханоўскага палітычным зьняволеным
Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый выдалі заяву з патрабаваньнем да ўладаў Беларусі неадкладна вызваліць блогера Сяргея Ціханоўскага і спыніць крымінальны перасьлед у дачыненьні да яго.
Заяву, апублікаваную на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна», акрамя гэтага цэнтру, падпісалі тры іншыя праваабарончыя арганізацыі: Беларускі Хэльсынскі камітэт, «Прававая ініцыятыва» і Офіс па правах людзей з інваліднасьцю.
Праваабаронцы заявілі, што крымінальны перасьлед Ціханоўскага зьяўляецца палітычнаматываваным, і абвясьцілі Ціханоўскага палітычным зняволеным.
Падпісанты заявы таксама патрабуюць вызваліць і спыніць крымінальны перасьлед у дачыненьні да іншых затрыманых за ўдзел у пікеце 30 траўня 2020 году грамадзян, «калі яны непасрэдна не ўчынялі гвалтоўных дзеяньняў у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі».
Сэлфі з Камароўкі. Менскі пікет 31 траўня ў ФОТА з Instagram
Апоўдні 31 траўня ў Менску выстраілася вялізная чарга да пікетаў для збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Людзі стаялі ад Камароўскага рынку да плошчы Якуба Коласа — некаторыя чакалі па дзьве ці тры гадзіны, каб паставіць подпіс за Ціханоўскую, Цапкалу або Бабарыку. Свабода вяла сямігадзінную жывую трансьляцыю, а многія ў гэты час публікавалі сэлфі ў Instagram.
Кіроўцаў штрафуюць за сыгналы ў падтрымку пікетоўцаў?
Паводле Telegram-каналу «Мая краіна Беларусь», супрацоўнікі ДАІ ў Менску спыняюць кіроўцаў, якія сыгналяць на знак падтрымкі людзей ля пікетаў альтэрнатыўных кандыдатаў на Камароўскім рынку.
Адзін з падпісантаў сьцьвярджае, што яму выпісалі штраф без усялякай праверкі. На фота пратаколу бачны артыкул: ч. 2 арт.18.14 КаАП РБ: «парушэньне асобай, якая кіравала транспартным сродкам, правілаў руху транспартных сродкаў у жылых зонах, карыстаньня гукавымі сыгналамі».
Чэргі да пікетаў у Горадні, Берасьці, Гомлі, Магілёве, Жлобіне, Маладэчне, Віцебску, Лідзе, Стоўпцах, Рэчыцы
Днём 31 траўня людзі выйшлі падпісацца на выбарчыя пікеты альтэрнатыўных кандыдатаў па ўсёй Беларусі.
У Горадню на збор подпісаў прыехаў Таболіч
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Алесь Таболіч асабіста прыехаў на збор подпісаў у Горадню. Паралельна з тым шмат гарадзенцаў стаяць у чарзе да пікету патэнцыйнай кандыдаткі Ціханоўскай.
У Менску затрыманы лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч
Як паведамілі журналістам паплечнікі Урбановіча, на скрыжаваньні вуліц Кульман і Цнянскай (каля Дома быту) невядомыя ў цывільным зацягнулі яго ў мікрааўтобус.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, сёньня ў розных гарадах Беларусі было затрымана каля 20 чалавек, у тым ліку апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч.
На плошчы перад Камароўскім рынкам сёньня праходзяць пікеты для збору подпісаў за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, Валера Цапкалы, Віктара Бабарыкі, Мікалая Казлова і Андрэя Дзьмітрыева. Паводле падлікаў праваабаронцаў, каля Камароўскага рынку сабралася больш за дзьве тысячы чалавек.
Ціханоўская выступіла супраць заклікаў да агрэсіі і гвалту на пікетах па зборы подпісаў
Ад імя патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская апублікавалі ў Telegram заклік да тых, хто прыходзіць на пікеты ейнай ініцыятыўнай групы. Яна падзякавала тым, хто стаіць у доўгіх чэргах, але дадала:
«Я катэгарычна асуджаю любыя спробы з боку правакатараў ператварыць законныя і мірныя мерапрыемствы па зборы подпісаў у мітынгі крыкамі і гармідарам, заклікамі да агрэсіі і гвалту, бойкамі!»
Раней на канале «Страна для жизни» адзначалі, што да пікетаў набліжаецца міліцыя і спэцтэхніка, прасілі не паддавацца на правакацыі.
Пікет за Ціханоўскую ў Берасьці. Фота з вышыні
У Магілёве сотні ахвотных падпісацца да Ціханоўскую. Фота
У Магілёве чарга з ахвотных падпісацца за патэнцыйную кандыдатку ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую расьцягнуся больш, чым на сотню мэтраў. Каб падтрымаць вылучэнку людзі выстойваюць пад дажджом да паўтары гадзіны. Шмат прыежджых з райцэнтраў Магілёўшчыны. Іх прапускаюць без чаргі.
На 31 траўня ў розных гарадах Беларусі на 12:00 анансавалі пікеты па збору подпісаў у падтрымку альтэрнатыўных удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі.
Выбарчы пікет Ціханоўскай выстаўлены ля гандлёвага цэнтру Атрыюм і за 200 мэтраў ад гарвыканкаму. На пляцоўцы зь дзясятак міліцыянтаў у цывільным. Зь некалькіх месцаў некаторыя з іх употай здымаюць на відэакамэру чаргу і падпісантаў. Сытуцыю спакойная.
Побач зь пікетам Ціханоўскай зьбіраюць подпісы за іншых прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта: Мікалая Казлова, Сяргея Чэрачня, Валера Цапкалы.
Сотні людзей ля пікетаў у Маладэчне. Фота
Шмат людзей на пікеце ў Горадні. ФОТА
Сотні людзей на пікеце ў Віцебску. Фота
Як выглядае акцыя ля Камароўскага рынку ў Менску з вышыні. Відэа
Казлоў: «Я ўпэўнены, што мы зьбяромся ня перад Камароўскім рынкам, а на Кастрычніцкай плошчы»
«Я ўпэўнены, што па выніку мы зьбяромся не на плошчы перад Камароўскім рынкам, а на Кастрычніцкай плошчы і вырашым, што нам рабіць далей», — заявіў выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалай Казлоў на пікеце па зборы подпісаў за сваё вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты, паведамляе БелаПАН.
На пытаньне, навошта Казлоў зьбірае подпісы насуперак першапачатковай задумкі кампаніі, палітык сказаў, што павінен выконваць фармальныя патрабаваньні па ўдзелу ў выбарчай кампаніі.
«Калі б у нас была дэмакратычная краіна, нічога гэтага — ні рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, ні збору подпісаў — не спатрэбілася б. Але мы вымушаны дзейнічаць так», — растлумачыў палітык.
Мікалай Казлоў ішоў на выбары разам з лідэрам руху «За Свабоду» Юрасём Губарэвічам і сустаршынём аргкамітэта па стварэньні партыі БХД Вольгай Кавальковай. 10 траўня яны абвясьцілі старт кампаніі «За Беларусь без дыктатуры», у якую трансфармавалася адмененая працэдура па абраньні адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі. Цэнтарвыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўныя групы ўсіх траіх.
Удзельнікі кампаніі заяўлялі, што не плянуюць зьбіраць подпісы за сваё вылучэньне, а зьбіраюцца правесьці сэрыю інфармацыйных пікетаў супраць Лукашэнкі.
«Вясна»: ужо больш за 2000 удзельнікаў акцыі ў цэнтры Менску
Па стане на 13:20 валянтэры праваабарончага цэнтру «Вясна» налічылі больш за 2100 прысутных ля пікетаў альтэрнатыўных удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі ля Камароўскага рынка ў Менску.
Каля тысячы чалавек сабраліся ля пікетаў у цэнтры Гомля. ФОТА
Каля тысячы чалавек сабраліся ў цэнтры Гомля ля ўнівэрсаму «Гомель» ля пікетаў па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую і альтэрнатыўных удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі.
Людзей заклікалі прыйсьці, каб падтрымаць Сяргея Ціханоўскага, якога затрымалі 29 траўня ў Горадні ў выніку штурханіны, якую многія называюць сплянаванай уладамі правакацыяй.
Міліцыянты папярэдзілі прысутных, што іх «дзеяньні падпадаюць пад парушэньне». Людзі пачалі пляскаць у далоні і скандаваць «Ганьба».
У Гомелі цяперашнія акцыі ахрысьцілі «Тапачная рэвалюцыя». Пра гэта абвясьціла Вераніка Мішчанка, якая праводзіць ля ўнівэрмагу пікет у форме свабоднага мікрафону.
У Менску затрымалі Міколу Статкевіча. ВІДЭА
31 траўня раніцай на вуліцы Маякоўскага ў Менску людзі ў цывільным на мікрааўтобусе заблякавалі машыну жонкі Статкевіча Марыны Адамовіч.
«Мы ехалі з дому ў Лошыце на Камароўку. На вуліцы Маякоўскага, парушашючы ўсе правілы дарожнага руху, мікрааўтобус перагадзіў нам дарогу, прымусіў спыніцца. Людзі ў цывільным вырвалі з машыны ключ запальваньня, выцягнулі Міколу і павезьлі ў невядомым кірунку», — распавяла Свабодзе Марына Адамовіч.
Яна зараз знаходзіцца ў РУУС Ленінскага раёна і піша заяву пра выкраданьне Міколы Статкевіча.