Канапацкая адказала Лукашэнку: «Певень, мабыць, добра кукарэкае, але яйкі ўсё ж такі нясе курыца»
Палітык, прэтэндэнтка на прэзыдэнцкае крэсла Ганна Канапацкая адказала на словы Лукашэнкі пра тое, што жанчына ня можа быць прэзыдэнтам Беларусі: «Сучасная беларуска — ужо не тая кухарка, якая толькі «варыць баршчы».
«Калі дзеючы кіраўнік сьцьвярджае, што „унас Канстытуцыя не пад жанчыну“, ён дэманструе не толькі няведаньне Канстытуцыі, пры гэтым зьяўляючыся яе гарантам, але і, самае галоўнае, — рэцыдыў непавагі да сваіх грамадзянаў», — піша Ганна Капапацкая ў Фэйсбуку.
Канапацкая зьвяртае ўвагу на «грэблівы, на мяжы з дыпляматычным скандалам» упамін пра прэзыдэнтку сяброўскай Літвы Далі Грыбаўскайтэ.
«Хачу нагадаць, што спадарыня прэзыдэнтка двойчы абіралася сваім народам на свабодных і сумленных выбарах, і па завяршэньні другога тэрміну ня прыдумляла спосабаў застацца ва ўладзе даўжэй, у адрозьненьне ад лідэра Беларусі і некаторых яго бліжэйшых «сяброў».
Канапацкая прыводзіць і словы Маргарэт Тэтчэр: «Певень, можа быць, добра кукарэкае, але яйкі ўсё ж такі нясе курыца».
Па ўсёй Беларусі новыя затрыманьні актывістаў і блогераў 31 траўня
Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні актывістаў апазыцыі, блогераў і прыхільнікаў Сяргея і Сьвятланы Ціханоўскіх у розных гарадах Беларусі. На сёньня ў розных гарадах Беларусі на 12:00 анансавалі пікеты па збору подпісаў у падтрымку альтэрнатыўных удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі.
«Сэнатарка» Ільіна выдаліла пост з крытыкай пікету Ціханоўскай ў Горадні. Яна атрымала сотні крытычных камэнтароў
Чалец Савету Рэспублікі ад Менску Марына Ільіна выдаліла свой пост у Фэйсбуку з крытыкай пікету з удзелам Сяргея Ціханоўскага ў Горадні.
Ільіна, якая ўзначальвае менскую гімназію №10, апублікавала ў фэйсбуку допіс, у якім абурылася пікетам з удзелам Сяргея Ціханоўскага ў Горадні 29 траўня.
«Калі чалавек імкнецца ў вялікую палітыку, то ён павінен перш за ўсё думаць пра бясьпеку тых акцый, якія ён праводзіць. Я думала, што пікеты можна выкарыстоўваць не толькі для збору подпісаў, але і для зносін ініцыятывай групы з патэнцыяльнымі выбаршчыкамі. Чаму некаторыя ініцыятыўныя групы так выбарачна маюць зносіны з народам. Я не хачу паўтарэньня сцэнарыяў масавых беспарадкаў як ва Украіне падчас перадвыбарнай кампаніі. Я хачу спакойна хадзіць па горадзе і адпускаць сваіх дзяцей бяз боязі», — напісала «сэнатарка» Ільіна.
Ільіна атрымала больш за тысячу камэнтароў — пераважна крытычных.
Шэраг дзяржаўных службоўцаў выступілі 30 траўня з крытыкай пікету Сьвятланы Ціханоўскай ў Горадні, падчас якога быў затрыманы яе муж Сяргей Ціханоўскі.
Выбарчыя пікеты альтэрнатыўных кандыдатаў у Менску і Берасьці. УЖЫВУЮ
Свабода вядзе жывыя відэастрымы зь Менску і Берасьця, дзе людзі ідуць да выбарчых пікетаў прэтэндэнткі на кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Яе мужа, папулярнага блогера Сяргея Ціханоўскага, затрымалі 29 траўня ў Горадні падчас выбарчага пікету.
«Казаў, што яму загадалі». Што вядома пра міліцыянта, які ўпаў на пікеце Ціханоўскай у Горадні
Жыхары Горадні апазналі міліцыянта, які аказаўся на зямлі падчас патасоўкі на пікеце Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні 29 траўня. Ён раней прымаў удзел у іншых «палітычных» справах.
Як выявілася, міліцыянтам на зямлі аказаўся старшы ўчастковы інспэктар грамадзкага пункту аховы парадку №2 (Ленінскі раён Горадні) старшы лейтэнант міліцыі Ўладзімер Казлоўскі.
Чытаць далей>>>
Галоўнае за суботу, 30 траўня
- Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Святлана Ціханоўская паведаміла, што яна падае скаргі ў ЦВК і МУС на перашкоды ў зборы подпісаў у яе падтрымку і на арышт кіраўніка яе ініцыятыўнай групы, яе мужа Сяргея Ціханоўскага.
- МУС паведаміў пра крымінальную справу за гвалт супраць міліцыянтаў пасьля затрыманьня ў Горадні Ціханоўскага з паплечнікамі.
- Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 7 затрыманых перавезьлі на Акрэсьціна, траіх выпусьцілі.
- Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Віктар Бабарыка заявіў пра шматлікія парушэньні на цяперашнім этапе выбарчай кампаніі і пра тое, што ў сувязі з гэтым магчымасьць сумленных выбараў пад пагрозай. Адказваючы на пытаньне пра затрыманьне Сяргея Ціханоўскага, Барабыка сказаў, што даступныя матэрыялы паказваюць, што гэта была правакацыя і затрыманьне незаконнае.
- Сотні людзей прыйшлі ў цэнтар Ліды, каб падтрымаць вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзыдэнты.
- Каля дома жанчыны, якую ў інтэрнэце называюць «правакатаркай» з сустрэчы Ціханоўскага, дзяжурыць міліцыя.
- Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта, былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій Валер Цапкала заявіў, што на Плошчу заклікаць ня будзе, але калі яна зьявіцца — пойдзе.
Цапкала: На Плошчу клікаць ня буду. Але калі яна зьявіцца — пайду
Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта, былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій Валер Цапкала выказаўся на пікеце ў Гомелі пра Плошчу, падлік галасоў, рознакаляровыя бюлетэні, сваіх магчымых апанэнтаў і кампрамат на яго, пра які казаў Аляксандар Лукашэнка.
Бабарыка: магчымасьць сумленных выбараў пад пагрозай
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Віктар Бабарыка заявіў пра шматлікія парушэньні на цяперашнім этапе выбарчай кампаніі і пра тое, што ў сувязі з гэтым магчымасьць сумленных выбараў пад пагрозай. Адказваючы на пытаньне пра затрыманьне Сяргея Ціханоўскага, Барабыка сказаў, што даступныя матэрыялы паказваюць, што гэта была правакацыя і затрыманьне незаконнае.
МУС паведамляе пра крымінальную справу за гвалт супраць міліцыянтаў пасьля затрыманьня Ціханоўскага з паплечнікамі
Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што сьледчыя пачалі крымінальную справа за гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
Цапкала расказаў, за што яго звольніў Лукашэнка, і асудзіў затрыманьне Ціханоўскага
Патэнцыйны прэтэндэнт па пост прэзыдэнта Валер Цапкала на пікеце ў Сьветлагорску выказаўся пра затрыманьне Сяргея Ціханоўскага, закіды кіраўніка дзяржавы, а таксама падпісаўся за вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай.
У Лідзе зьбіраюць подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую. УЖЫВУЮ
Сотні людзей прыйшлі ў цэнтар Ліды, каб падтрымаць вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзыдэнты. Яе мужа, папулярнага блогера Сяргей Ціханоўскага, затрымалі 29 траўня ў Горадні падчас выбарчага пікету.
На гэтых выбарах засталася толькі адна ідэя, адзін лёзунг, адна праграма
«Людзі разумеюць, што ніякія прыгожыя праграмы рэформаў, ніякія геапалітычныя ўстаноўкі і разумныя праекты законаў ня маюць сэнсу, пакуль ня вырашана галоўнае пытаньне — „хто заўгодна, абы ня ён“», — піша ў сваім блогу Віталь Цыганкоў.
Лукашэнка пачаў сваю выбарчую кампанію з затрыманьня апанэнтаў
Галоўная выснова з спэцапэрацыі па затрыманьні Сяргея Ціханоўскага ў Горадні палягае ў тым, што Лукашэнка ўзяў курс на сілавы сцэнар правядзеньня кампаніі прэвэнтыўна, задоўга да 9 жніўня. Ня стаў чакаць, ува што выльецца народнае абуджэньне. Каб спыніць у зародку ўсялякія надзеі на перамены.
Сьцісла
- 29 траўня падчас наведваньня МТЗ Лукашэнка акрэсьліў сваю тактыку падчас выбарчай кампаніі.
- У піяраўскім пляне ягоная тактыка арыентаваная на зьневажэньне, ачарненьне ўсіх апанэнтаў.
- Лукашэнка адкрытым тэкстам назваў Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыку прарасейскімі кандыдатамі. Упершыню так адкрыта ён разыгрывае «крамлёўскую карту», выстаўляючы сябе абаронцам беларускай незалежнасьці ад падступнай Расеі.
- Затрыманьне Ціханоўскага адбылося ў выглядзе добра падрыхтаванай спэцапэрацыі, якую Лукашэнка агучыў загадзя.
- Арышт блогера сьведчыць пра тое, што Лукашэнка ўзяў курс на сілавы сцэнар правядзеньня кампаніі.
У Горадні працягваюцца затрыманьні. Ужо прынамсі 12 чалавек у міліцыі
У Горадні затрымалі Дзьмітрыя Рудзянкова. А 12-й гадзіне ён паехаў у цэнтар гораду забраць свой аўтамабіль, які напярэдадні пакінуў там пасьля затрыманьня Сяргея Ціханоўскага.
Што адбываецца ў Горадні пасьля затрыманьня Ціханоўскага. ВІДЭА
У жывым відэаўключэньні з Горадні карэспандэнты Свабоды расказваюць, што адбываецца ў горадзе пасьля затрыманьня напярэдадні блогера Сяргея Ціханоўскага і яго прыхільнікаў.
30 траўня ў Горадні затрымалі Дзьмітрыя Рудзянкова. А 12-й гадзіне ён паехаў у цэнтар гораду забраць свой аўтамабіль, які напярэдадні пакінуў там пасьля затрыманьня Сяргея Ціханоўскага. Дзьмітры пасьпеў паведаміць «Вясьне», што на паркоўцы дзяжурыць АМАП. Жыхар Горадні ня выйшаў на сувязь з праваабаронцамі – быў затрыманы.
Паводле зьвестак «Вясны», агулам у Горадні 29 і 30 траўня затрымалі Сяргея Ціханоўскага, Зьмітра Фурманава, Мікалая Саляніка, Яўгена Рэзьнічэнку, Руслана Джыоева, Станіслава Бакіноўскага, Вяргілія Ушака і яшчэ чатырох чалавек, пра якіх пакуль няма зьвестак.
Лукашэнка пачаў сваю выбарчую кампанію з затрыманьня апанэнтаў
Галоўная выснова з спэцапэрацыі па затрыманьні Сяргея Ціханоўскага ў Горадні палягае ў тым, што Лукашэнка ўзяў курс на сілавы сцэнар правядзеньня кампаніі прэвэнтыўна, задоўга да 9 жніўня. Ня стаў чакаць, ува што выльецца народнае абуджэньне. Каб спыніць у зародку ўсялякія надзеі на перамены, піша палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.
Сьцісла
- 29 траўня падчас наведваньня МТЗ Лукашэнка акрэсьліў сваю тактыку падчас выбарчай кампаніі.
- У піяраўскім пляне ягоная тактыка арыентаваная на зьневажэньне, ачарненьне ўсіх апанэнтаў.
- Лукашэнка адкрытым тэкстам назваў Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыку прарасейскімі кандыдатамі. Упершыню так адкрыта ён разыгрывае «крамлёўскую карту», выстаўляючы сябе абаронцам беларускай незалежнасьці ад падступнай Расеі.
- Затрыманьне Ціханоўскага адбылося ў выглядзе добра падрыхтаванай спэцапэрацыі, якую Лукашэнка агучыў загадзя.
- Арышт блогера сьведчыць пра тое, што Лукашэнка ўзяў курс на сілавы сцэнар правядзеньня кампаніі.
Святлана Ціханоўская сёньня падасьць скаргі ў ЦВК і МУС
Патэцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Святлана Ціханоўская паведаміла Свабодзе, што яна сёньня падасьць скаргі ў ЦВК і МУС на перашкоды ў зборы подпісаў у яе падтрымку і арышт кіраўніка яе ініцыятыўнай групы.